Праязджаючы мiма канавы, брат убачыў пад плотам мярцвяна-бледны, пакрыты потам, скрыўлены твар памiраючага. Абедзве жанчыны сядзелi моўчкi, iх калацiлi дрыжыкi.
За паваротам брат спынiўся. Мiс Элфiнстон была вельмi бледная; яе невестка плакала i забылася нават пра свайго Джорджа. Брат таксама быў шакiраваны i разгублены. Крыху ад'ехаўшы ад шашы, ён зразумеў, што другога выйсця няма, як зноў паспрабаваць яе перасекчы. Ён рашуча павярнуўся да мiс Элфiнстон.
- Мы ўсё ж павiнны там праехаць, - сказаў ён i зноў павярнуў понi.
Другi раз за гэты дзень дзяўчына пераканалася, што яшчэ мае сiлы. Брат кiнуўся наперад i спынiў нейкага каня, запрэжанага ў кеб, каб мiс Элфiнстон магла праехаць. Кеб зачапiўся колам i абламаў крыло каляскi. У наступны момант паток падхапiў iх i панёс. Брат, з чырвонымi рубцамi на твары i руках ад бiча фурмана, якi кiраваў кебам, ускочыў у каляску i ўзяў лейцы.
- Цэлься ў чалавека ззаду, - сказаў ён, перадаючы рэвальвер мiс Элфiнстон, - калi ён будзе надта напiраць... Не, цэлься лепш у яго каня.
Ён паспрабаваў праехаць правым краем i перасекчы дарогу. Але не ўдалося, давялося змяшацца з патокам i рухацца па цячэннi. Разам з натоўпам яны пакiнулi Чыпiнг-Барнет i ад'ехалi амаль на мiлю ад цэнтра горада, перш чым iм удалося прабiцца на другi бок дарогi. Вакол быў нечуваны шум, даўка, але ў горадзе i за горадам дарога некалькi разоў разгалiноўвалася, i натоўп крыху паменшаў.
Яны накiравалiся на ўсход праз Хадлi i тут па абодвух баках дарогi ўбачылi мноства людзей, якiя пiлi прама з ракi i бiлiся з-за месца каля вады. Яшчэ далей, з пагорка паблiзу Iст-Барнета, яны бачылi, як удалечынi паволi, без гудкоў, адзiн за адным рухалiся побач два цягнiкi; не толькi вагоны, але нават тэндары з вугалем былi аблеплены народам. Магчыма, гэтыя цягнiкi запаўнялiся пасажырамi яшчэ да Лондана, таму што з-за панiкi пасадка на цэнтральных вакзалах была абсалютна немагчымай.
Неўзабаве яны спынiлiся адпачыць: усе трое стамiлiся ад перажытых хваляванняў. Яны адчувалi першыя прыступы голаду, ноч была халодная, нiхто з iх не адважыўся заснуць. У прыцемках мiма iх стаянкi праходзiлi бежанцы, ратуючыся ад невядомай небяспекi, - яны iшлi ў той бок, адкуль прыехаў брат.
XVII
'ГРАМАВЕРЖАЦ'
Калi б марсiяне хацелi толькi разбурэння, то яны маглi б тады ж, у панядзелак, знiшчыць усё насельнiцтва Лондана, пакуль яно цiха расцякалася па блiжэйшых графствах. Не толькi па дарозе к Барнету, але i па дарозе к Эджуэру i Ўолтхем-Эбi, i на ўсход к Саўсэнду i Шубэрынесу, на поўдзень ад Тэмзы, к Дзiлю i Бродстэрсу iмкнуўся такi ж дзiкi натоўп. Калi б гэтай чэрвеньскай ранiцай хто-небудзь, падняўшыся на паветраным шары ў асляпляльную нябесную сiнь, зiрнуў на Лондан зверху, то яму падалося б, што ўсе паўночныя i ўсходнiя дарогi, якiя разыходзяцца ад гiганцкага клубка вулiцаў, спярэшчаныя чорнымi кропкамi; кожная кропка - гэта чалавек, ахоплены смяртэльным страхам i адчаем. У канцы папярэдняга раздзела я перадаў аповед свайго брата пра дарогу цераз Чыплiнг-Барнет, каб паказаць чытачам, як успрымаў паблiзу гэты рой чорных кропак адзiн з бежанцаў. Нi разу яшчэ за ўсю гiсторыю не рухалася i не пакутавала разам такое мноства людзей. Легендарныя полчышчы готаў i гунаў, вялiзныя орды азiятаў падалiся б толькi кропляю ў гэтым патоку. Гэта быў стыхiйны масавы рух, панiчныя, масавыя ўцёкi, усеагульныя i жахлiвыя, без усялякага парадку, без пэўнай мэты; шэсць мiльёнаў людзей, бяззбройных, без запасаў харчу, iмкнулiся кудысьцi на злом галавы. Гэта было пачаткам падзення цывiлiзацыi, гiбелi чалавецтва.
Прама пад сабою паветраплавальнiк убачыў бы сетку доўгiх шырокiх вулiцаў, дамы, цэрквы, плошчы, скрыжаваннi, сады, ужо бязлюдныя, распасцёртыя, нiбы вялiзная карта, запэцканая ў той частцы, дзе абазначаны паўднёвыя раёны горада. Над Iлiнгам, Рычмандам, Уiмблдонам быццам якоесьцi злавеснае пяро накапала чарнiльныя кляксы. Няспынна, нястрымна кожная клякса пашыралася i расцякалася, распаўзаючыся ва ўсе бакi i хутка перавальваючыся цераз узгоркi ў якi-небудзь адкрыты роў, - так расплываецца чарнiльная пляма на прамакальнай паперы.
Далей, за блакiтнымi ўзгоркамi, што падымаюцца на поўдзень ад ракi, расхаджвалi марсiяне ў сваёй зiхатлiвай бранi, спакойна i метадычна выпускаючы ў той або iншы раён ядавiтае воблака газу; затым яны рассейвалi газ струменямi пары i няспешна займалi заваёваную тэрыторыю. Яны, магчыма, не iмкнулiся ўсё вынiшчыць, хацелi толькi выклiкаць поўную дэмаралiзацыю i, такiм чынам, зламаць усякае супрацiўленне. Яны ўзрывалi парахавыя склады, пераразалi тэлеграфныя правады i псавалi ў розных месцах чыгуначнае палатно. Яны як бы падразалi чалавецтву падкаленную жылу. Вiдаць, яны не спяшалiся пашырыць зону сваiх дзеянняў i ў гэты дзень не пайшлi далей цэнтра Лондана. Магчыма, што значная колькасць лонданскiх жыхароў заставалася ў сваiх дамах у панядзелак ранiцою. Дакладна вядома, што многiя з iх былi задушаны чорным газам.
Да палудня лонданскi Пул меў дзiвоснае вiдовiшча. Параходы i другiя судны яшчэ стаялi там, i за пераезд прапаноўвалiся вялiкiя грошы. Кажуць, што многiя кiдалiся ў ваду да суднаў, iх адштурхоўвалi бусакамi, i яны танулi. Каля гадзiны дня пад аркамi моста Блэкфваер паказалiся тонкiя струменьчыкi чорнага газу. У той жа момант увесь Пул ператварыўся ў арэну страшэннага перапалоху, барацьбы i звалкi; мноства лодак i катэраў стоўпiлася ў паўначнай арцы Моста Таўэр, i матросы i грузчыкi адчайна адбiвалiся ад натоўпу, якi напiраў з берага. Некаторыя нават спускалiся ўнiз па апорах маставых...
Калi праз гадзiну за Вестмiнстэрам паявiўся першы марсiянiн i накiраваўся ўнiз па рэчцы, за Лаймхаўзам плавалi толькi абломкi.
Я ўжо ўспамiнаў пра пяты цылiндр. Шосты ўпаў каля Ўiмблдона. Брат, ахоўваючы сваiх спадарожнiц, якiя спалi ў калясцы на лузе, бачыў зялёную ўспышку агню далёка за пагоркамi. У аўторак, усё яшчэ спадзеючыся выехаць морам, яны прадаўжалi прабiрацца з натоўпам бежанцаў да Колчэстара. Чуткi пра тое, што марсiяне ўжо захапiлi Лондан, пацвердзiлiся. Iх заўважылi каля Хайгента i нават каля Нiсдона. Мой брат убачыў iх толькi на наступны дзень.
Неўзабаве натоўп бежанцаў выгаладаўся, патрэбны былi харчы. Галодныя людзi не цырымонiлiся з чужой маёмасцю. Фермеры вымушаны былi са зброяй у руках абараняць свае жывёльныя двары, гумны i яшчэ не сабраны з палёў ураджай. Некаторыя бежанцы, як i мой брат, павярнулi на ўсход. Былi сярод iх такiя смельчакi, якiя ў пошуку харчу вярталiся назад у бок Лондана. Гэта былi галоўным чынам жыхары паўночных прадмесцяў, якiя ведалi пра чорны газ толькi па чутках. Гаварылi, што каля паловы членаў урада сабралася ў Бiрмiнгеме i што вялiкая колькасць выбуховых рэчываў была падрыхтавана для закладкi аўтаматычных мiн графства Мiдлена.
Брат чуў таксама, што мiдленская чыгуначная кампанiя аднавiла, выправiла пашкоджаннi, прычыненыя ў першы дзень панiкi, i цягнiкi зноў iдуць на поўнач ад Сент-Олбенса, каб паменшыць наплыў бежанцаў у вакольныя графствы. У Чыпiнг-Онгары вiсела аб'ява, што ў паўночных гарадах ёсць вялiкiя запасы мукi i што ў блiжэйшыя суткi хлеб будзе размеркаваны памiж галадаючымi. Але гэта паведамленне вымусiла брата памяняць свой план: яны ўвесь дзень рухалiся на ўсход i нiдзе не бачылi абяцанай раздачы хлеба. Ды i нiхто гэтага не бачыў. Гэтай ноччу на Прымроз-Хiле ўпаў сёмы цылiндр. Ён упаў у час дзяжурства мiс Элфiнстон. Яна дзяжурыла ноччу папераменна з братам i бачыла, як цылiндр падаў.
У сераду, пасля начлегу ў пшанiчным полi, трое бежанцаў дасягнулi Чэлмсфарда, дзе некалькi жыхароў, якiя назвалiся камiтэтам грамадскага харчавання, адабралi ў iх понi i не выдалi нiчога ўзамен, але паабяцалi даць долю пры раздзеле понi на другi дзень. Па чутках, марсiяне былi ўжо каля Эпiнга; гаварылi, што парахавыя заводы ва Ўолтхем-Эбi разбурылiся пры няўдалай спробе ўзарваць аднаго з марсiянаў.
На царкоўных званiцах былi ўстаноўлены вартавыя пасты. Брат, на шчасце, як выяснiлася пазней, вырашыў iсцi пешшу да мора, не чакаючы выдачы харчовых прыпасаў, хоць усе трое былi вельмi галодныя. Апоўднi яны прайшлi цераз Цiлiнгхем, якi здаваўся вымерлым; толькi некалькi марадзёраў мышкавалi па дамах у пошуку яды. За Цiлiнгхемам яны раптам убачылi мора i вялiзнае скопiшча ўсялякiх суднаў на рэйдзе.
Баючыся падымацца ўверх па Тэмзе, маракi накiроўвалiся да берагоў Эсекса - к Гарвiчу, Уолтану i Клэктану, а потым к Фаўлнесу i Шубэры, дзе забiралi на борт пасажыраў. Судны стаялi ў вялiкiм серпападобным залiве, берагi якога гублялiся ў тумане каля Нэйза. Каля самага берага стаялi невялiкiя рыбацкiя шхуны: англiйскiя, шатландскiя, французскiя, галандскiя i шведскiя; паравыя катэры з Тэмзы, яхты, маторныя лодкi; далей вiднелiся больш буйныя судны - вугальшчыкi, грузавыя параходы, пасажырскiя, нафтаналiўныя акiянскiя параходы, стары белы транспарт, прыгожыя, шэрыя з белым, параходы, курсiруючыя памiж Саўгемптанам i Гамбургам. На працягу ўсяго берага да Блэкуотэра тоўпiлiся лодкi - лодачнiкi вялi гандаль з пасажырамi; i так амаль да самага Молдана.