Iван Мiкалаевiч зiрнуў скоса i недаверлiва, але ўсё ж прабурчаў:
- Слава богу! Знайшоўся хоць адзiн нармальны сярод iдыётаў, найпершы з якiх - балбес i бездар Сашка!
- Хто гэта Сашка-бездар? - пацiкавiўся доктар.
- А вось ён, Рохiн! - адказаў Iван i тыцнуў брудным пальцам у Рохiна.
Той успыхнуў ад абурэння.
'Гэта ён мне заместа дзякуй, - горка падумаў ён, - за тое, што я рашыў дапамагчы яму! На самай справе брыдота!'
- Тыповы кулачок па сваёй псiхалогii, - загаварыў Iван Мiкалаевiч, якому прыспiчыла выкрыць Рохiна, - i прытым кулачок, якi старанна маскiруецца пад пралетарыя. Паглядзiце на яго посную фiзiяномiю i параўнайце з тымi крыклiвымi вершамi, якiя ён выдумляе да святаў! Хэ-хэ-хэ... 'Узвейцеся!' ды 'развейцеся!,'... а вы ў нутро яму зiрнiце - што ён там думае... вы ахнеце! i Iван Мiкалаевiч злавесна засмяяўся.
Рохiн цяжка соп, быў чырвоны i думаў толькi пра тое, што ён прыгрэў у сябе на грудзях змяю, што ён рашыў дапамагчы таму, хто напавер аказаўся лютым ворагам. I галоўнае, што нiчога не зробiш: не будзеш жа сварыцца з вар'ятам?!
- А чаму вас, скажыце, прывезлi да нас? - спытаўся доктар пасля таго, як уважлiва выслухаў выкрыццё.
- Ды чорт iх ведае, дурняў! Схапiлi, звязалi нейкiмi анучамi i павалаклi на грузавiку!
- Дазвольце спытацца, а чаму вы ў рэстарацыю прыйшлi ў адной бялiзне?
- А што тут такога, - адказаў Iван, - пайшоў я купацца на Маскву-раку, ну i свiснулi маё адзенне, а гэтыя рызманы пакiнулi! Не голым жа мне па Маскве iсцi? Надзеў, што было, таму што спяшаўся ў рэстарацыю да Грыбаедава.
Доктар запытальна паглядзеў на Рохiна, i той пахмура прамармытаў:
- Рэстарацыя гэтак называецца.
- Ага, - сказаў доктар, - а чаму вы спяшалiся? Спатканне якое?
- Кансультанта я лаўлю, - адказаў Iван Мiкалаевiч i трывожна азiрнуўся.
- Якога кансультанта?
- Вы Берлiёза ведаеце? - спытаўся Iван шматзначна.
- Гэта... кампазiтар? Iван засмуцiўся.
- Якi кампазiтар? А, ды не! Кампазiтар - гэта супадзенне з прозвiшчам Мiшы Берлiёза!
Рохiну не хацелася нiчога гаварыць, але даводзiлася тлумачыць.
- Сакратара МАССАЛIТа Берлiёза сёння вечарам зарэзала трамваем на Патрыярхавых.
- Не гавары пра тое, чаго не ведаеш! - раззлаваўся на Рохiна Iван. - Я, а не ты быў там! Ён яго знарок пад трамвай прыстроiў!
- Папхнуў?
- Ды пры чым тут 'папхнуў'? - злаваўся на агульную бесталковасць Iван. Яму i папiхаць не трэба! Ён гэтакiя штукi можа вытварыць, што толькi трымайся! Ён зараней ведаў, што Берлiёз трапiць пад трамвай!
- А хто-небудзь, акрамя вас, бачыў гэтага кансультанта?
- Вось у тым i бяда, што толькi я i Берлiёз.
- Так. I якiя ж меры вы прынялi, каб затрымаць забойцу? - тут доктар завярнуўся i кiнуў позiрк на жанчыну ў белым халаце, якая сядзела збоч за столiкам. Тая дастала лiст з шуфлядкi i пачала запаўняць пустыя мясцiны ў графах.
- Меры вось якiя. Узяў я на кухнi свечачку...
- Вось гэту? - спытаўся доктар i паказаў на паломаную свечку, якая ляжала побач з iконкай на стале перад жанчынаю.
- Гэтую i...
- А навошта iконка?
- Ага, i iконка... - Iван пачырванеў, - iконка больш за ўсё i спалохала, ён зноў пальцам паказаў на Рохiна, - але справа ў тым, што ён, кансультант, ён, скажам шчыра... знаецца з нячыстаю сiлаю... i проста так яго не зловiш.
Санiтары чамусьцi выцягнулi рукi па швах i не спускалi вачэй з Iвана.
- Ага, - працягваў Iван, - знаецца! Тут факт бясспрэчны. Ён асабiста з Понцiем Пiлатам размаўляў. Ды не глядзiце вы гэтак на мяне! Праўду гавару! Усё бачыў - i балкон, i пальмы! Быў, адным словам, у Понцiя Пiлата, я ручаюся.
- Ну, ну...
- Ну, значыць, я iконку на грудзi прычапiў i пабег...I тут гадзiннiк ударыў двойчы.
- Эге, - усклiкнуў Iван i ўстаў з канапы, - дзве гадзiны, а я з вамi час марную! Я прашу прабачэння, дзе тэлефон?
- Прапусцiце да тэлефона, - загадаў доктар санiтарам.
Iван схапiў слухаўку, а жанчына тым часам спыталася ў Рохiна:
- Жанаты ён?
- Халасцяк, - спалохана адказаў Рохiн.
- Сябра прафсаюза?
- Ага.
- Мiлiцыя? - закрычаў Iван у слухаўку. - Мiлiцыя? Таварыш дзяжурны, загадайце зараз жа, каб выслалi пяць матацыклiстаў з кулямётамi лавiць замежнага кансультанта. Што? Заязджайце па мяне, я сам з вамi паеду... Гаворыць паэт Iван Бяздомны з вар'яцкага дома... Якi ваш адрас? - шэптам спытаўся Бяздомны ў доктара, прыкрыўшы слухаўку далонню, а потым зноў закрычаў у слухаўку: - Вы слухаеце? Алё!.. Бесталач! - раптам зароў Iван i ляпнуў слухаўку аб сцяну. Потым ён завярнуўся да доктара, падаў руку, суха сказаў 'да пабачэння' i сабраўся iсцi.
- Злiтуйцеся, куды ж вы хочаце iсцi, - загаварыў доктар, гледзячы Iвану ў вочы, - апоўначы, у адной бялiзне... Вы сябе дрэнна адчуваеце, застаньцеся ў нас!
- Прапусцiце, - сказаў Iван санiтарам, якiя заступiлi дзверы. - Прапусцiце вы цi не? - страшным голасам крыкнуў паэт.
Рохiн затрымцеў, а жанчына нацiснула на кнопачку ў стале, i на яго блiскучую паверхню выскачыла блiскучая каробачка i запаяная ампула.
- Ах, так?! - дзiка i зацкавана прамовiў Iван i азiрнуўся. - Ну ладна! Бывайце... - i галавою ён кiнуўся ў акно. Пачуўся ўдар, але спецыяльнае шкло вытрымала, i праз iмгненне Iван выкручваўся ў руках у санiтараў. Ён хрыпеў, спрабаваў кусацца, крычаў:
- Дык вось якiя вы шкельцы ў сябе завялi!.. Пусцi!.. Пусцi, кажу!
Шпрыц блiснуў у руках у доктара, жанчына адным узмахам разарвала рукаў талстоўкi i ўчапiлася ў руку з нежаночаю сiлаю. Запахла эфiрам, Iван аслаб у руках у чатырох чалавек, i спрытны доктар выкарыстаў гэты момант, укалоў iголку ў Iванаву руку. Iвана патрымалi яшчэ некалькi хвiлiн, потым паклалi на канапу.
- Бандыты, - закрычаў Iван i ўсхапiўся з канапы, але яго пасадзiлi. Як толькi адпусцiлi, ён зноў падхапiўся, але назад ужо сеў сам. Ё? памаўчаў, дзiкавата азiрнуўся, потым нечакана пазяхнуў, потым злосна ўсмiхнуўся.
- Упяклi ўсё ж, - сказаў ён, пазяхнуўшы яшчэ раз, нечакана прылёг, галаву паклаў на падушку, кулак па-дзiцячы пад шчаку, замармытаў ужо сонным голасам, нязлосна: - Ну што ж, добра... самi ж за ўсё i расплацiцеся. Я папярэдзiў, а там як хочаце! Мяне ж зараз найбольш цiкавiць Понцiй Пiлат... Пiлат... - i ён заплюшчыў вочы.
- Ванну, сто семнаццатую асобную i пост да яго, - загадаў доктар, надзяваючы акуляры.
Тут Рохiн зноў здрыгануўся: нячутна адчынiлiся белыя дзверы, за iмi быў вiдаць калiдор, асветлены сiнiмi начнымi лямпачкамi. З калiдора выехала на гумавых колах канапа, на яе пераклалi зацiхлага Iвана, i дзверы за iмi замкнулiся.
- Доктар, - шэптам спытаў уражаны Рохiн, - ён што, сапраўды хворы?
- Вядома, - адказаў доктар.
- I што ж гэта з iм? - спалохана спытаў Рохiн.
