вар'ята. Ваш паратунак цяпер толькi ў адным - у поўным спакоi. I вам абавязкова трэба застацца тут.
- Але яго патрэбна злавiць! - з мальбою ўсклiкнуў Iван.
- Добра, але нашто ж самому бегаць? Запiшыце на паперы пра ўсе вашы падазрэннi i абвiнавачаннi гэтага чалавека. Няма нiчога прасцей, чым пераслаць вашу заяву куды трэба, i калi, як вы мяркуеце тут, ён злачынец, гэта высветлiцца даволi хутка. Але адна ўмова: не ператамляйцеся i старайцеся менш думаць пра Понцiя Пiлата. Цi мала чаго можна нарасказваць! Не ўсяму ж трэба верыць.
- Зразумеў! - рашуча заявiў Iван. - Прашу выдаць мне паперу i пяро.
- Выдайце яму паперу i кароценькi аловак, - загадаў Стравiнскi поўнай жанчыне, а Iвану сказаў: - Але сёння пiсаць не раю.
- Не, не, сёння, абавязкова сёння! - устрывожана ўскрыкнуў Iван.
- Ну добра, толькi не напружвайце голаву. Не атрымаецца сёння, атрымаецца заўтра.
- Ён уцячэ!
- Ды не, - упэўнена сказаў Стравiнскi, - ён нiкуды не ўцячэ, ручаюся. I памятайце, што тут вам памогуць, а без гэтага ў вас нiчога не выйдзе. Вы чуеце мяне? - раптам шматзначна сказаў Стравiнскi i ўзяў за абедзве рукi Iвана Мiкалаевiча. Ён трымаў за рукi, глядзеў проста ў вочы i паўтараў: - Вам тут памогуць... вы чуеце мяне?.. Вам тут памогуць... вам тут памогуць... Вам палягчае. Тут цiха, усё спакойна... Вам памогуць...
Iван Мiкалаевiч нечакана пазяхнуў, твар яго падабрэў.
- Ага, ага, - цiха сказаў ён.
- Ну вось i слаўна! - як i звычайна сказаў прафесар, закончыўшы гаворку, устаў. - Да пабачэння! - ён пацiснуў Iвану руку i ўжо на выхадзе завярнуўся да таго, з бародкаю, i сказаў: - Ага, i кiсларод паспрабуйце... i ванны.
Праз некалькi iмгненняў перад Iванам не было нi Стравiнскага, нi свiты. За рашоткаю ў акне пад паўдзённым сонцам красаваўся радасны i вясновы бор на другiм беразе, а блiжэй паблiсквала рака.
Раздзел 9
КАРОЎЕЎСКIЯ ШТУЧКI
Мiканор Iванавiч Босы, старшыня жыллёвага кааператыва дома No 302-бiс на Садовай вулiцы ў Маскве, дзе жыў нябожчык Берлiёз, быў у вялiкiм клопаце, пачынаючы з учарашняе ночы з серады на чацвер.
Апоўначы, як мы ведаем, прыехала ў дом камiсiя, у якой удзельнiчаў Жаўдыбiн, выклiкала Мiканора Iванавiча, паведамiла яму пра смерць Берлiёза i разам з iм накiравалася ў кватэру No 50.
Там былi апячатаны рукапiсы i рэчы нябожчыка. Нi Грунi, прыходзячай хатняй работнiцы, нi легкадумнага Сцяпана Багданавiча ў гэты час у кватэры не было. Камiсiя аб'явiла Мiканору Iванавiчу, што рукапiсы нябожчыка забяруць для разгляду, што жылплошча нябожчыка, гэта значыць тры пакоi (былыя ювелiршыны кабiнет, гасцёўня i сталоўка), пераходзяць у распараджэнне жыллёвага таварыства, а рэчы нябожчыка будуць захоўвацца на гэтай жылплошчы, пакуль не з'явяцца спадкаемцы.
Вестка пра Берлiёзаву гiбель разляцелася па ўсiм доме з нечуванаю хуткасцю, i з сямi гадзiн ранiцы ў чацвер Босаму пачалi тэлефанаваць, а потым i асабiста з'яўляцца з заявамi, у якiх былi прэтэнзii на жылплошчу нябожчыка. За тры гадзiны Мiканор Iванавiч атрымаў гэтакiх заяў трыццаць дзве штукi.
У заявах былi просьбы, грозьбы, паклёпы, даносы, абяцаннi зрабiць рамонт за свой кошт, указаннi на невыносную цеснату i немагчымасць жыць болей у адной кватэры з бандытамi. У лiку ўсяго iншага было забойчае па сваiх мастацкiх вартасцях апiсанне крадзяжу пельменяў, якiя паклалi проста ў кiшэню ў кватэры No 31, два абяцаннi скончыць жыццё самагубствам i адно прызнанне ў тайнай цяжарнасцi.
Мiканора Iванавiча выклiкалi ў пярэднi пакой у яго кватэры, бралi за рукаў, нешта шапталi, падмiргвалi i абяцалi не застацца ў даўгу.
Пакуты гэтыя цягнулiся да пачатку першай гадзiны дня, пакуль Мiканор Iванавiч проста не ўцёк са сваёй кватэры ў памяшканне ўпраўлення, але, калi ўбачыў, што i там яго падпiльноўваюць, уцёк i адтуль. Сяк-так адбiўшыся ад тых, хто iшоў следам па пятах цераз заасфальтаваны двор, Мiканор Iванавiч знiк у шостым пад'ездзе i ўзышоў на пяты паверх, дзе i знаходзiлася гэтая паганая кватэра No 50.
Пасля таго як адсопся на пляцоўцы, тоўсты Мiканор Iванавiч пазванiў, але яму нiхто не адчынiў. Ён пазванiў яшчэ раз i пачаў пад нос бурчаць i лаяцца. Але i тады яму не адчынiлi. Цярпенне ў Мiканора Iванавiча лопнула, ён дастаў з кiшэнi звязак дублiкатаў ключоў, якiя належалi домакiраўнiцтву, уладарнаю рукою адамкнуў дзверы i зайшоў.
- Гэй, работнiца! - крыкнуў Мiканор Iванавiч у прыцемку пярэдняга пакоя. Як цябе? Груня, цi што? Цябе няма?
Нiхто не адгукнуўся.
Тады Мiканор Iванавiч зняў з дзвярэй кабiнета пячатку, выняў з партфеля складны метр i ступiў у кабiнет. Ступiць-то ён ступiў, але ўражана спынiўся ў дзвярах i аж скалануўся.
За сталом нябожчыка сядзеў незнаёмы чалавек, худы грамадзянiн у клятчастым пiнжачку, у жакейскай шапачцы i ў пенснэ... адным словам, той самы.
- Вы хто будзеце, грамадзянiн? - спалохана спытаўся Мiканор Iванавiч.
- А-а! Мiканор Iванавiч, - закрычаў дрыготкiм тэнарком незнаёмы грамадзянiн, падхапiўся, прывiтаў старшыню гвалтоўным i нечаканым поцiскам рукi. Прывiтанне гэта зусiм не ўзрадавала Мiканора Iванавiча.
- Я прашу прабачэння, - загаварыў ён падазрона, - хто вы такi будзеце? Вы - асоба афiцыйная?
- Эх, Мiканор Iванавiч! - прыязна ўсклiкнуў незнаёмы. - Якое мае значэнне, афiцыйная асоба альбо неафiцыйная? Усё гэта залежыць ад таго, з якога пункту гледжання глядзець на прадмет, усё гэта, Мiканор Iванавiч, даволi хiстка i часова. Сёння я неафiцыйная асоба, а заўтра, глядзiш, афiцыйная! А бывае i наадварот, Мiканор Iванавiч. I як яшчэ бывае!
Разважаннi гэтыя нi ў якой ступенi не задаволiлi старшыню домакiраўнiцтва. Ён быў ад прыроды чалавек насцярожаны i таму прыйшоў да вываду, што чалавек, якi распiнаецца перад iм, i ёсць якраз асоба неафiцыйная, а дакладней валацуга.
- Ды хто вы такi? Як ваша прозвiшча? - усё суровей дапытваўся старшыня i нават пачаў наступаць на незнаёмага.
- Прозвiшча маё, - суровасць нiяк не збянтэжыла грамадзянiна, - ну, скажам, Кароўеў. Ды цi не хочаце чарачку, Мiканор Iванавiч? Па-свойску! Га?
- Прабачце! - Мiканор Iванавiч ужо абураўся. - Якiя тут чарачкi? (Трэба прызнацца, хаця гэта i непрыемна, што Мiканор Iванавiч быў ад прыроды чалавек грубаваты.) - На палавiне нябожчыка сядзець не дазволена! Вы што тут робiце?
- Ды вы прысядзьце, Мiканор Iванавiч, - крычаў грамадзянiн. Ён зусiм не разгубiўся, круцiўся, прапаноўваў старшынi крэсла.
Мiканор Iванавiч даволi люта адапхнуў крэсла i закрычаў:
- Хто вы такi, нарэшце?
- Я, майце ласку ведаць, перакладнiк пры асобе чужаземца, якi мае рэзiдэнцыю ў гэтай кватэры, - адрэкамендаваўся незнаёмы Кароўеў i грукнуў абцасам рыжага неваксаванага чаравiка.
Мiканор Iванавiч разявiў рот. Наяўнасць нейкага чужаземца, ды яшчэ з перакладнiкам, у гэтай кватэры была яму неверагодным сюрпрызам, i ён запатрабаваў тлумачэння.
Перакладнiк ахвотна растлумачыў. Замежны артыст пан Воланд быў прыязна запрошаны дырэктарам Вар'етэ Сцяпанам Багданавiчам Лiхадзеевым пажыць у час сваiх гастроляў, прыкладна тыдзень, на яго кватэры, пра што ён яшчэ ўчора напiсаў Мiканору Iванавiчу просьбу прыпiсаць чужаземца часова, пакуль сам Лiхадзееў з'ездзiць у Ялту.
- Нiчога ён мне не пiсаў, - здзiўлена сказаў старшыня.
- А вы паглядзiце ў сваiм партфелi, Мiканор Iванавiч, - соладка прапанаваў Кароўеў.
Мiканор Iванавiч пацiснуў плячыма, расшпiлiў партфель i знайшоў у iм пiсьмо Лiхадзеева.
- Як жа я пра яго забыў? - тупа глядзеў на распячатаную капэрту i мармытаў Мiканор Iванавiч.
- Бывае i не такое, бывае, Мiканор Iванавiч! - затрашчаў Кароўеў. Няўважлiвасць, няўважлiвасць, i ператомленасць, i павышаны цiск, дарагi Мiканор Iванавiч! Я сам жахлiва няўважлiвы. Як-небудзь пры чарцы я раскажу вам некалькi фактаў з мае бiяграфii, i ў вас жывот забалiць ад рогату.
- Калi ж Лiхадзееў едзе ў Ялту?
- Ды ён паехаў, паехаў! - закрычаў перакладнiк. - Ён, ведаеце, iмчыць ужо, iмчыць! Ён ужо чортведама дзе! - I тут перакладнiк замахаў рукамi, як млын крыламi. Мiканор Iванавiч заявiў, што яму трэба ўбачыць
