прасцей за ўсё было кiнуцца пад трамвай на той вулiцы, куды выходзiў мой завулак. Здалёк я бачыў гэтыя напоўненыя святлом, абледзянелыя скрынкi i чуў iх мярзотны скрыгат на марозе. Але, дарагi мой сусед, уся штука ў тым, што страх валодаў кожнаю клетачкаю майго цела. I гэтак жа, як i сабакi, я баяўся трамвая. Так, горшай за маю хваробу ў гэтым будынку няма, запэўнiваю вас.

- Але ж вы маглi паведамiць ёй, - сказаў Iван, спачуваючы бедалагу, акрамя таго, у яе ж вашы грошы? Яна ж iх, вядома, захавала?

- Не сумнявайцеся, вядома захавала. Але вы, вiдаць, мяне не разумееце? Альбо, правiльней, я страцiў былую здольнасць апiсваць што-небудзь. Мне, дарэчы, не надта гэтага шкада, бо мне болей гэта не спатрэбiцца. Перад ёй бы легла, - госць свята паглядзеў у начную цемру, - легла б пiсьмо з вар'яцкага дома. Хiба ж можна пасылаць пiсьмы, калi ў цябе такi адрас? Душэўнахворы? Вы жартуеце, мой дарагi! Не, зрабiць яе няшчаснаю, на гэта я няздольны.

Iван не змог запярэчыць, але маўклiвы Iван спачуваў госцю, перажываў за яго. А той кiваў ад пакутлiвых успамiнаў галавою ў чорнай шапачцы i гаварыў:

- Бедная жанчына. Дарэчы, у мяне ёсць спадзяванне, што яна забыла пра мяне!

- Але ж вы можаце вылечыцца... - нясмела сказаў Iван.

- Я невылечны, - спакойна адказаў госць, - калi Стравiнскi гаворыць, што верне мяне да жыцця, я яму не веру. Ён гуманны чалавек i проста хоча суцешыць мяне. Не гавару, што мне не палягчэла намнога. Ага, дзе я спынiўся? Мароз i гэтыя лятучыя трамваi. Я ведаў, што клiнiка гэтая ўжо адчынiлася, i праз увесь горад пяшком пайшоў да яе. Вар'яцтва! За горадам я, мабыць, замёрз бы, але выратавала выпадковасць. Нешта сапсавалася ў машыне, я падышоў да шафёра, гэта было кiламетры чатыры за заставаю, i, на маё здзiўленне, ён паспагадаў мне. Машына ехала сюды. I ён павёз мяне. Я адкупiўся толькi тым, што адмарозiў пальцы на левай назе. Але iх вылечылi. I вось чацвёрты месяц я тут. I ведаеце, я зразумеў, што тут даволi добра. Не трэба на многае замахвацца, дарагi мой сусед, дальбог! Я вось, напрыклад, хацеў аб'ехаць увесь зямны шар. Але, аказваецца, мне гэта не суджана. Я бачу толькi маленькi кавалачак гэтага шара. Думаю, што гэта не сама лепшае, што ёсць на iм, але, паўтараю, што гэта не так ужо i дрэнна. Вось прыйдзе лета да нас, на балконе заўецца плюшч, як абяцае Праскоўя Фёдараўна. Ключы далi мне прастору. А ноччу будзе поўня. А, яна ўжо пайшла! Свяжэе. Ноч перавалiла за поўнач. Мне пара.

- Скажыце, а што было далей з Iешуа i Пiлатам, - папрасiў Iван, - я хачу ўсё ведаць.

- Ай, не, не, - хваравiта перасмыкнуўся i адказаў госць, - я не магу без дрыжыкаў успамiнаць мой раман. А ваш знаёмы з Патрыярхавых зрабiў бы гэта лепш за мяне. Дзякуй за гаворку. Да сустрэчы.

I пакуль Iван успеў апамятацца, рашотка з цiхiм звонам зачынiлася, i госць знiк.

Раздзел 14

СЛАВА ПЕЎНЮ!

Не вытрымалi нервы, як гаворыцца, i Рымскi не дачакаўся, пакуль скончаць складаць пратакол, уцёк у свой кабiнет. Ён сядзеў за сталом i пачырванелымi вачыма глядзеў на магавы чырвонцы, якiя ляжалi перад iмi. Фiндырэктар адчуваў, што сыходзiць з глузду. Звонку чуваць быў роўны гул. Публiка плынню вырывалася з Вар'етэ на вулiцу. Да надзвычай абвостранага фiндырэктаравага слыху раптам данёсся залiвiсты свiст мiлiцэйскага свiстка. Сам па сабе ён нiколi не абяцае нiчога прыемнага. А калi ён паўтарыўся i да яго далучыўся другi, больш уладны i працяглы, а потым магутны рогат i быццам нейкае галёканне, фiндырэктар зразумеў, што на вулiцы адбылося яшчэ нешта скандальнае i брыдотнае. I што гэта, як бы табе не хацелася адмахнуцца, знаходзiцца ў сама цеснай сувязi з мярзотным сеансам, якi вытварыў чорны маг i яго памочнiкi. Чуйны фiндырэктар нi ў чым не памыляўся.

Як толькi ён зiрнуў у акно, якое выходзiла на Садовую, твар у яго скрывiўся, i ён не прашаптаў, а прашыпеў:

- Я гэта ведаў!

У яркiм святле магутных вулiчных лiхтароў ён убачыў на ходнiках ўнiзе пад сабой жанчыну ў адной сарочцы i панталонах фiялетавага колеру. На галаве ў жанчыны, праўда, быў капялюшык, а ў руцэ парасон.

Вакол гэтай жанчыны, якая была зусiм разгубленая i то прысядала, то парывалася некуды бегчы, хваляваўся натоўп, з тым самым рогатам, ад якога ў фiндырэктара па плячах праходзiў мароз. Каля панi мiтусiўся нейкi грамадзянiн, здзiраў з сябе летняе палiто i ад хвалявання нiяк не мог справiцца з рукавом, у якiм заблыталася рука.

Крык i трубны рогат пачулiся i з другога месца, канкрэтна - ад левага пад'езда. Рыгор Данiлавiч павярнуў туды галаву i ўбачыў другую панi, у ружовай бялiзне. Тая скочыла з бруку на ходнiкi i спрабавала схавацца ў пад'ездзе, але натоўп заступаў ёй дарогу, i бедная ахвяра сваёй легкадумнасцi i прагi да строяў, абманутая фiрмай паганага Фагота, хацела зараз толькi аднаго правалiцца скрозь зямлю. Мiлiцыянер кiраваўся да няшчаснае i свiдраваў паветра свiстком, а за мiлiцыянерам спяшалiся нейкiя вясёлыя маладыя людзi, i ад iх чулiся той самы рогат i галёканне.

Вусаты лiхач падляцеў да першае раздзетае i з ходу спынiў старога кастлявага каня. Вусачоў твар радасна ўхмыляўся.

Рымскi стукнуў сябе кулаком па галаве, плюнуў i адскочыў ад акна.

Ён пасядзеў нейкi час за сталом, прыслухаўся да вулiцы. Свiст у розных месцах дасягнуў найбольшай сiлы, а потым пачаў ацiхаць.

Скандал, на здзiўленне Рымскага, лiквiдавалi неспадзявана хутка.

Настаў час дзейнiчаць, даводзiлася выпiваць горкую чашу адказнасцi. Апараты былi адрамантаваны ў час трэцяга аддзялення, трэба было тэлефанаваць, паведамляць пра здарэнне, прасiць дапамогi, выкручвацца, звальваць усё на Лiхадзеева, выгароджваць самога сябе i гэтак далей. Цьфу ты, чорт! Два разы засмучаны дырэктар клаў руку на слухаўку i два разы здымаў яе. I раптам у мёртвай цiшынi кабiнета апарат сам ударыў звонам проста ў твар фiндырэктару, той здрыгануўся i ўтрупеў. 'Аднак у мяне здорава разгулялiся нервы', - падумаў ён i падняў слухаўку. I адразу адхiснуўся ад яе i стаў бялейшы за паперу. Цiхi i адначасна ласкавы i вульгарны жаночы голас шапнуў у слухаўку:

- Не тэлефануй, Рымскi, нiкуды, а то будзе табе дрэнна.

Слухаўка адразу ж апусцела. Адчуваючы мурашкi на спiне, фiндырэктар паклаў слухаўку i чамусьцi азiрнуўся на акно за плячыма. Скрозь рэдкiя i яшчэ слаба ўкрытыя зеленню кляновыя галiны ён убачыў поўню, якая бегла ў празрыстым воблачку. Рымскi чамусьцi прыкiпеў позiркам да галiн, глядзеў на iх, i чым болей глядзеў, тым мацней i мацней яго апаноўваў жах.

З намаганнем фiндырэктар адвярнуўся нарэшце ад месячнага акна i ўстаў. Нiякае гаворкi пра тое, каб тэлефанаваць. Цяпер фiндырэктар думаў толькi пра адно - каб як хутчэй пайсцi з тэатра.

Ён прыслухаўся: будынак тэатра маўчаў. Рымскi зразумеў, што ён даўно адзiн на ўсiм другiм паверсе, i дзiцячы неадольны жах апанаваў яго ад гэтае думкi. Ён аж скалануўся ад думкi, што зараз яму давядзецца iсцi па парожнiх калiдорах i сыходзiць унiз па лесвiцы. Ён лiхаманкава схапiў са стала гiпнатызёрскiя чырвонцы, схаваў iх у партфель, кашлянуў, каб крышку падбадзёрыць сябе. Кашаль атрымаўся слабы i хрыплаваты.

I тут яму здалося, што з-пад дзвярэй у кабiнет пацягнула раптам гнiлаватай вiльгаццю. Дрыжыкi прайшлi па спiне ў фiндырэктара. Але сэрца ўпала зусiм, калi ён пачуў, што ў дзвярным замку цiха паварочваецца ангельскi ключ. Фiндырэктар учапiўся за партфель вiльготнымi халоднымi рукамi i адчуваў, што калi яшчэ хоць крышку прадоўжыцца гэты шоргат, то ён не вытрымае i дзiка закрычыць.

Нарэшце дзверы паддалiся нечыiм намаганням, адчынiлiся, i ў кабiнет нячутна ўвайшоў Варэнуха. Рымскi як стаяў, гэтак i сеў у крэсла, таму што ногi самi падагнулiся. Набраў у грудзi паветра, усмiхнуўся нейкай жабрачай усмешкаю i цiха сказаў:

- Божа, як вы мяне напалохалi!

Сапраўды, гэтае нечаканае з'яўленне магло напалохаць каго хочаш, але яно было i вялiкаю радасцю. Паказаўся хоць адзiн кончык у гэтай заблытанай справе.

- Ну, гавары ж хутчэй! Ну! Ну! - прахрыпеў Рымскi, чапляючыся за гэты кончык. - Што ўсё гэта абазначае?!

- Прабач, калi ласка, - глухiм голасам адазваўся Варэнуха i зачынiў дзверы, - я думаў, што ты ўжо пайшоў.

I Варэнуха, не зняўшы шапкi, падышоў i сеў у крэсла насупраць стала.

Трэба сказаць, што ў адказе Варэнухi прамiльгнула нешта дзiўнае, што адразу кальнула фiндырэктара, у

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату