пад'езда. Скрозь лабавое шкло цьмяна вiднелася аблiчча грака.

Ужо збiралiся садзiцца, як Маргарыта адчайна ўскрыкнула:

- Божа, я згубiла падкову!

- Сядайце ў машыну, - сказаў Азазела, - i пачакайце мяне. Я зараз вярнуся, толькi разбяруся, у чым справа. - I ён вярнуўся ў пад'езд.

А справа была ў тым: крыху раней, да выхаду Маргарыты i майстра з iх праважатымi, з кватэры No 48, якая была пад ювелiршынай кватэрай, на лесвiцу выйшла сухенькая жанчына з бiтонам i сумкаю ў руках. Гэта была тая самая Анечка, якая ў сераду разлiла, на бяду Берлiёза, алей ля круцёлкi.

Нiхто не ведаў, ды, пэўна, нiколi i не даведаецца, чым займалася гэтая жанчына ў Маскве i за што яна iснавала. Вядома пра яе было толькi тое, што яе кожны дзень можна было ўгледзець то з сумкаю, то з бiтонам, а то i з сумкаю i з бiтонам адначасна - альбо ў нафталаўцы, альбо на базары, альбо ля варот дома, альбо на лесвiцы, а часцей за ўсё на кухнi ў кватэры No 48, дзе i жыла Анечка. Акрамя таго, а нават i найбольш было вядома, што дзе не з'яўлялася б альбо не знаходзiлася Анечка - там адразу ўсчынаўся скандал, акрамя ўсяго, мела яна мянушку 'Чума'.

Чума-Анечка прачыналася чамусьцi надзвычай рана, а сёння наогул успаролася нi свет нi зара, а палове першае. Павярнуўся ключ у дзвярах, Анеччын нос высунуўся з iх, а потым высунулася i ўся яна цалкам, грукнула за сабой дзвярыма i ўжо наважылася рушыць кудысьцi, як на верхняй пляцоўцы грукнулi дзверы, нехта паляцеў унiз, наскочыў на Анечку, адкiнуў яе ўбок гэтак, што яна ўдарылася патылiцай аб сцяну.

- Куды гэта цябе чорт нясе ў адных падштанiках? - завiшчала Анечка, ухапiлася за патылiцу.

Чалавек у адной бялiзне, з чамаданчыкам у руцэ i ў кепцы, з заплюшчанымi вачыма адказаў Анечцы дзiкiм сонным голасам:

- Калонка! Купарвас! Адна пабелка колькi каштавала! - I, заплакаўшы, раўнуў: - Прэч!

Тут ён кiнуўся бегчы, але не ўнiз, а назад - угору, туды, дзе было выбiта нагою эканамiста шкло ў акне, i праз акно дагары нагамi вылецеў на двор. Анечка i пра патылiцу забылася, ахнула i кiнулася да акна. Яна легла жыватом на пляцоўку, высунула голаў праз акно, чакала, што ўбачыць на асветленым лiхтаром асфальце чалавека з чамаданам, якi забiўся насмерць. Але на асфальце на дварэ зусiм нiчога не было.

Заставалася меркаваць, што сонная i дзiўная асоба паляцела з дому як птушка i не пакiнула пасля сябе нiякага следу. Анечка перахрысцiлася i падумала: 'Ну, сапраўды, кватэра нумар пяцьдзесят! Не дарэмна людзi гавораць!.. Ай ды кватэрка!..'

Не паспела яна так падумаць, як дзверы зноў ляпнулi, i другi хтосьцi пабег зверху. Анечка прытулiлася да сцяны i ўбачыла, як нейкi даволi салiдны грамадзянiн са свiнячым тварам, як здалося Анечцы, шмыгнуў паўз яе i гэтаксама, як i першы, вылецеў з дома праз акно i не думаў забiвацца аб асфальт. Анечка забылася ўжо, чаго выйшла, куды збiралася iсцi, засталася на лесвiцы, хрысцiлася, вохкала, размаўляла сама з сабой.

Трэцi, без бародкi, з круглым паголеным тварам, у талстоўцы, выбег зверху праз нейкi час i гэтаксама вылецеў праз акно.

Трэба з гонарам сказаць, што Анечка была надзвычай цiкаўная i вырашыла пачакаць, цi не здарацца новыя дзiвосы. Дзверы наверсе зноў адчынiлiся, i цяпер зверху сыходзiла цэлая кампанiя, але не бягом, а звычайна, як i ўсе людзi. Анечка адбегла ад акна, сышла да сваiх дзвярэй, хуценька адамкнула i схавалася за iмi, а ў пакiнутай шчылiнцы засвяцiлася яе цiкаўнае вока.

Хтосьцi хворы не хворы, але белы з твару, зарослы шчэццю, у чорнай шапачцы i ў нейкiм халаце сыходзiў зверху няцвёрдаю хадою. Яго клапатлiва вяла пад руку нейкая кабетка ў чорнай расе, як здалося Анечцы ў прыцемку. Кабетка не то босая, не то ў нейкiх празрыстых, мабыць, замежных, туфлях, зусiм парваных. Цьфу ты! Што ў туфлях? Ды кабетка ж голая! На самай справе раса накiнута проста на голае цела! 'Ай ды кватэрка!' У душы ў Анечкi ўсё аж звiнела ад радасцi, ад прадчування, як яна раскажа пра ўсё ўбачанае суседзям.

Следам за дзiўнаю кабеткаю iшла зусiм голая, з чамаданчыкам у руцэ, а ля чамаданчыка ўвiваўся вялiзны чорны кот. Анечка ледзь нешта не пiскнула, працерла вочы.

Апошнiм iшоў маленькага росту кульгавы чужаземец з крывым вокам, без пiнжака, у белай фрачнай камiзэльцы i пад гальштукам. Уся гэтая кампанiя паўз Анечку пайшла ўнiз. Але нешта ўпала на пляцоўку.

Анечка паслухала, пакуль крокi зацiхлi, як змяя, выслiзнула з-за дзвярэй, бiтон паставiла ля сценкi, упала жыватом на пляцоўку i пачала мацаць рукамi. У руках у яе апынулася сурвэтка з нечым цяжкiм. Вочы ў Анечкi палезлi на лоб пасля таго, як яна разгарнула сурвэтку. Анечка падносiла да самых вачэй каштоўнасць, i вочы ў яе гарэлi зусiм воўчым агнём. У галаве ў Анечкi круцiлася завiруха:

'Ведаць нiчога не ведаю!.. Да пляменнiка? Цi распiлаваць яе на кавалкi?.. Каменьчыкi можна павыкалуплiваць...I па адным каменьчыку: адзiн на Пятроўку, другi на Смаленскую. I - ведаць нiчога не ведаю, i чуць нiчога не чула!'

Анечка схавала знаходку за пазуху, схапiла бiтон i ўжо збiралася нырнуць назад у кватэру, адкласцi сваё падарожжа ў горад, але перад ёю вырас, д'ябал яго ведае адкуль, той самы з белаю грудзiнаю i без пiнжака i цiха шапнуў:

- Аддавай падкоўку i сурвэтку.

- Якую яшчэ падкоўку-сурвэтку? - спыталася Анечка i даволi ўдала прытварылася. - Я нiякае сурвэткi не бачыла. Вы, грамадзянiн, п'яны, цi што?

Белагруды моўчкi цвёрдымi, як поручнi ў аўтобусе, i гэтакiмi самымi халоднымi пальцамi сцiснуў Анечку за горла гэтак, што зусiм перакрыў ёй паветра. Бiтон упаў на падлогу. Распрануты чужаземец крыху патрымаў Анечку без паветра i зняў пальцы з шыi. Анечка хлебанула паветра i ўсмiхнулася:

- А, падкоўку? - загаварыла яна. - Зараз! Дык гэта ваша падкоўка? А я гляджу, ляжыць у сурвэтцы... Знарок падабрала, каб нiхто не падняў, а то потым i след прастыне!

Чужаземец атрымаў сурвэтку i падкоўку, пакланiўся Анечцы, моцна пацiснуў ёй руку i пачаў дзякаваць з моцным акцэнтам:

- Я вельмi ўдзячны вам, мадам. Падкоўка мне - дарагая як памяць, i дазвольце вам за тое, што збераглi яе, уручыць дзвесце рублёў. - I ён дастаў грошы з камiзэлькi i аддаў iх Анечцы.

Тая адчайна ўсмiхалася i толькi ўскрыквала:

- Ах, дзякуй вам вялiкi! Мерсi, мерсi!

Шчодры чужаземец у адзiн мах пераскочыў цераз цэлы лесвiчны пралёт унiз, але перш чым канчаткова змыцца, крыкнуў знiзу ўжо без акцэнту:

- Ты, ведзьма старая, калi чужую рэч падымеш, у мiлiцыю яе аддавай, а не хавай за пазуху!

Анечка чула ў галаве звон i мiтусню ад усiх гэтых здарэнняў на лесвiцы i доўга яшчэ па iнерцыi працягвала крычаць:

- Мерсi! Мерсi! Мерсi!

А чужаземца даўно i след прастыў.

Не было на дварэ i машыны, Азазела вярнуў Маргарыце Воландаў падарунак, развiтаўся i спытаў, цi зручна ёй сядзець, а Гела з прыцмокам пацалавалася з Маргарытаю, кот таксама пацалаваў руку, праважатыя памахалi рукою майстру, якi мёртва i нерухома прытулiўся ў кутку сядзення, махнуў граку, i адразу расталi ў паветры, каб нават i па лесвiцы не хадзiць. Грак уключыў фары, выехаў у вароты паўз мёртва заснулага чалавека ў падваротнi. I агнi вялiкае чорнае машыны знiклi сярод iншых агнёў на бяссоннай i шумнай Садовай вулiцы.

Праз паўгадзiны ў падвале маленькага домiка ў адным з Арбацкiх завулкаў, у першым пакоi, дзе ўсё было як i да страшнае асенняе ночы мiнулага года, за сталом, якi не быў засланы аксамiтным настольнiкам, пад лямпаю з абажурам, ля якой стаяла вазачка з ландышамi, сядзела Маргарыта i плакала ад перажытага ўзрушэння i ад шчасця. Сшытак, скручаны агнём, ляжаў перад ёй, а побач высiўся стос некранутых сшыткаў. Домiк маўчаў. У суседнiм маленькiм пакойчыку на канапе, накрыты бальнiчным халатам, ляжаў i моцна спаў майстар. Яго роўнае дыханне было нячутным.

Маргарыта наплакалася, узялася за некранутыя сшыткi i знайшла тое месца, што перачытвала перад спатканнем з Азазелам пад Крамлёўскаю сцяною. Маргарыце не хацелася спаць. Яна гладзiла рукапiс, як гладзяць любiмага ката, пакручвала ў руках, аглядала з розных бакоў, спыняла позiрк то на тытульным аркушы, то на апошняй старонцы. Да яе раптам прыйшла жахлiвая думка, што ўсё гэта варажба, што вось

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату