якая пачынала лысець, i пачаў размову. Размаўлялi па-грэцку.

Пiлат сказаў, што ён разабраў справу Iешуа Га-Ноцры i зацвердзiў смяротны прысуд.

Такiм чынам, да смяротнага пакарання, якое павiнна адбыцца сёння, асуджаны тры разбойнiкi: Дзiсмас, Гестас, Вар-раван i, акрамя гэтага, Iешуа Га-Ноцры. Першыя двое, якiя ўздумалi падбухторваць народ да бунту супраць кесара, узяты з боем рымскаю ўладаю, але лiчацца за пракуратарам, i таму размовы пра iх быць не можа. Апошнiя ж, Вар-раван i Га-Ноцры, схоплены мясцоваю ўладаю i асуджаны Сiнедрыёнам.

Адпаведна з законам, аднаго з гэтых двух злачынцаў трэба будзе вызвалiць у гонар надыходзячага сёння вялiкага свята Пасхi.

Дык вось, пракуратар жадае ведаць, каго з двух злачынцаў збiраецца вызвалiць Сiнедрыён: Вар-равана цi Га-Ноцры? Каiфа схiлiў галаву i тым самым даў знак, што пытанне зразумеў i адказаў:

- Сiнедрыён просiць адпусцiць Вар-равана.

Пракуратар добра ведаў, што гэтак яму адкажа першасвятар, але задача яго была ў тым, каб паказаць, што адказ гэты выклiкае ў яго вялiкае здзiўленне.

Пiлат i зрабiў гэта з вялiкiм майстэрствам. Бровы на пагардлiвым твары паднялiся, пракуратар здзiўлена паглядзеў проста ў вочы першасвятару.

- Прызнаюся, гэты адказ мяне здзiвiў, - мякка загаварыў пракуратар, баюся, цi няма тут недаразумення.

Пiлат растлумачыў. Рымская ўлада не спрабуе замахвацца на правы духоўнай мясцовай улады, першасвятару гэта добра вядома, але тут яўная памылка. I ў выпраўленнi гэтае памылкi рымская ўлада зацiкаўлена.

На самай справе: злачынствы Вар-равана i Га-Ноцры зусiм непараўнальныя з-за цяжару зробленага. Калi другi яўна ненармальны чалавек, уся вiна якога ў несусветных выдумках, якiя бянтэжаць народ у Ершалаiме i ў iншых мясцовасцях, то злачынствы першага намнога цяжэйшыя. Мала таго што ён заклiкаў да паўстання, дык ён яшчэ забiў вартаўнiка, калi яго паспрабавалi затрымаць. Вар-раван намнога небяспечнейшы, чым Га-Ноцры.

У вынiку ўсяго сказанага пракуратар просiць першасвятара перагледзець рашэнне i пакiнуць на волi таго з двух асуджаных, хто менш шкодны, а такiм, без сумнення, з'яўляецца Га-Ноцры. Ну?

Каiфа проста ў вочы паглядзеў Пiлату i сказаў цiхiм, але цвёрдым голасам, што Сiнедрыён уважлiва азнаёмiўся са справай i другi раз паведамляе, што збiраецца вызвалiць Вар-равана.

- Як? Нават пасля майго хадайнiцтва? Хадайнiцтва таго, вуснамi якога гаворыць рымская ўлада? Першасвятар, паўтары трэцi раз!

- I трэцi раз мы паведамляем, што вызваляем Вар-равана, - цiха сказаў Каiфа.

Усё было скончана, гаварыць больш не было пра што. Га-Ноцры адыходзiў назаўсёды, i страшны, люты пракуратараў боль няма каму вылечыць; ад яго няма сродку, акрамя смерцi. Але не гэтая думка ўразiла зараз Пiлата. Усё тая ж незразумелая туга, што прыходзiла на балконе, працяла ўсю яго iстоту. Ён паспрабаваў вытлумачыць яе, i тлумачэнне было дзiўнае: здалося, што ён пра нешта не дагаварыў з асуджаным, а можа, нечага не даслухаў да канца.

Пiлат адагнаў гэтую думку, i яна адляцела ў адно iмгненне, як i прыляцела. Яна паляцела, а туга засталася невытлумачанай, бо не магла ж быць тлумачэннем кароткая, як маланка, другая думка: 'Несмяротнасць... прыйшло бяссмерце...' Чыё бяссмерце прыйшло? Гэтага не зразумеў пракуратар, але думка пра гэтае загадкавае бяссмерце прымусiла яго пахаладзець на санцапёку.

- Добра, - сказаў Пiлат, - няхай будзе па-вашаму. Тут ён азiрнуўся, акiнуў позiркам бачны яму свет i здзiвiўся перамене, якая адбылася. Знiк цяжкi ад руж куст, знiклi кiпарысы, якiя акружалi верхнюю тэрасу, i гранатавае дрэва, i белая статуя ў зелянiне ды i сама зелянiна. Паплыла замест гэтага ўсяго нейкая барвовая гушча, у ёй загайдалiся водарасцi i паплылi кудысьцi, а разам з iмi i сам Пiлат. Цяпер яго нёс, душыў i палiў сама страшны гнеў, гнеў ад бяссiлля.

- Цесна мне, - прамовiў Пiлат, - цесна мне.

Ён халоднаю вiльготнаю рукою рвануў спражку з каўняра плашча, i тая ўпала на пясок.

- Сёння душна, аднекуль iдзе навальнiца, - адазваўся Каiфа, ён не зводзiў вачэй з пачырванелага пракуратаравага твару i прадбачыў усе пакуты, якiя ў яго яшчэ наперадзе. 'Вой, якi страшны месяц нiсан у гэтым годзе!'

- Не, - сказаў Пiлат, - гэта не таму, што душна, а цесна мне з табой, Каiфа, - Пiлат прыплюшчыў вочы, усмiхнуўся i дадаў: - Беражы сябе, першасвятар.

Цёмныя вочы першасвятара блiснулi, i ён, не горш чым толькi што пракуратар, зрабiў здзiўленым твар.

- Што я чую, пракуратар? - з годнасцю i спакойна адказаў Каiфа. - Ты пагражаеш мне пасля вынесенага прысуду, якi табою ж i зацверджаны? Мы прывыклi да таго, што рымскi пракуратар выбiрае словы, перш чым што-небудзь сказаць. Каб не пачуў нас хто, iгемон?

Пiлат мёртвымi вачыма паглядзеў на першасвятара, аскалiўся ўсмешкаю.

- Што ты, першасвятар? Хто можа пачуць нас тут зараз? Хiба ж я падобны на юнага валацугу-калеку, якога сёння тут пакараюць? Хiба я хлопчык, Каiфа? Ведаю, што гавару i дзе гавару. Ачэплены сад, ачэплены палац гэтак, што i мыш не праскочыць нi ў якую шчылiну! Ды не толькi мыш, не пранiкне i гэты, як яго... з горада Карыяфа. Дарэчы, ты ведаеш такога, першасвятар? Ага... калi б гэтакi пранiк сюды, то ён горка пашкадаваў бы, я думаю, ты верыш? Дык ведай жа, што не будзе табе з гэтага часу, першасвятар, спакою! Нi табе, нi народу твайму, - i Пiлат паказаў направа ўдалечыню, туды, дзе ў вышынi ззяў храм, гэта я табе гавару - Пiлат Панцiйскi, коннiк Залатая Пiка!

- Ведаю, ведаю! - бясстрашна адказаў чорнабароды Каiфа. Ён падняў руку ўгору i працягваў: - Ведае i народ юдэйскi, што ты ненавiдзiш яго лютай нянавiсцю i шмат пакуты ты яму прынясеш, але зусiм ты яго не загубiш! Бог яго абаронiць! Пачуе нас, пачуе нас усемагутны кесар, уратуе ад губiцеля Пiлата!

- Не-е! - усклiкнуў Пiлат, i з кожным словам яму рабiлася лягчэй i лягчэй: не трэба было болей прытварацца i выбiраць словы. - Занадта шмат ты скардзiўся кесару на мяне, i цяпер прыйшоў мой час, Каiфа! Цяпер паляцiць вестка ад мяне, i не намеснiку ў Анцiахiю, i не ў Рым, а проста на Капрэю, самому iмператару, вестка пра тое, як вы адкрытых бунтаўшчыкоў хаваеце ў Ершалаiме ад смерцi.I не вадой з Саламонавай сажалкi, як я хацеў вам на карысць, напаю я тады Ершалаiм! Не, не вадой! Успомнi, як мне давялося з-за вас здымаць са сцен шчыты з вензелямi iмператара, перакiдаць войскi, давялося, бачыш, самому прыехаць, глядзець, што тут у вас творыцца! Успомнiш мае словы, першасвятар. Убачыш ты не адну кагорту ў Ершалаiме, не адну! Прыйдзе да сцен горада цалкам легiён Фульмiнтана, падыдуць арабскiя коннiкi, тады пачуеш ты i горкi плач i стогны! Успомнiш ты тады выратаванага Вар-равана i пашкадуеш, што адправiў на смерць фiлосафа з яго мiрнай пропаведдзю!

Твар першасвятара пакрыўся плямамi, вочы гарэлi. Ён, як i пракуратар, аскалiўся ўсмешкаю i адказаў:

- Цi верыш ты, пракуратар, сам таму, што гаворыш? Не, не верыш! Не мiр, не мiр прынёс нам гэты спакуснiк народа ў Ершалаiм, i ты, коннiк, добра гэта разумееш. Ты хацеў таму яго выпусцiць, каб ён затлумiў народ, з веры паздзекаваўся i павёў народ пад рымскiя мячы! Але я, першасвятар юдэйскi, пакуль жывы, не дам веру на глум i не пушчу народ пад мячы! Ты чуеш, Пiлат? i тут Каiфа грозна падняў руку: - Прыслухайся, пракуратар!

Каiфа замоўк, i пракуратар пачуў зноў быццам марскi шум, якi падкочваўся пад самыя сцены сада Iрада Вялiкага. Гэты шум паднiмаўся знiзу да ног i ў твар пракуратару. А за плячыма ў яго, там, за крыламi палаца, чулiся трывожныя трубныя сiгналы, цяжкi хрумст соцень ног, жалезнае пагрукванне, - тут пракуратар зразумеў, што рымская пяхота ўжо выступае, згодна з яго загадам iдзе на страшны бунтаўшчыкам i разбойнiкам перадсмяротны парад.

- Ты чуеш, пракуратар? - цiха паўтарыў першасвятар. - Няўжо ты скажаш мне, што ўсё гэта, - тут першасвятар падняў абедзве рукi, i цёмны башлык упаў з галавы Каiфы, - зрабiў няшчасны разбойнiк Вар- раван?

Пракуратар тыльным бокам рукi выцер мокры, халодны лоб, паглядзеў на зямлю, потым прыплюшчана ў неба, убачыў, што распалены шар вiсiць над самай галавой, а цень Каiфы сцялася ля львiнага хваста, i сказаў цiха i раўнадушна:

- Ужо поўдзень. Мы загаварылiся, а трэба працягваць.

Ён далiкатна папрасiў прабачэння ў першасвятара, запрасiў яго прысесцi на лаўку ў цянi ад магнолii,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату