меў на галаве кепку казырком назад.
«А, чорт! Ну гэта трэба праверыць. Толькі трэба крыху пачакаць, пакуль ты не зоймешся сваёй справаю ўпрытык».
Я выйшаў на сярэдзіну двара і прысеў там за купаю бітай цэглы, трымаючы ліхтар напагатове.
Цярпенне маё было ўзнагароджана. Ішлі хвіліны, і не ведаю, колькі іх там праплыло. І раптам ці не ў байніцы «маёй» падазронай трэцяй вежы, здаецца, міргнуў на імгненне агеньчык, а пасля адтуль даляцелі глухія ўдары чагосьці цвёрдага аб камень. «Можа, ломам? І чаму тады, падчас інцыдэнту, бурылі таксама тут?»
Красціся ў той бок было вельмі нязручна. Ногі небяспечна падварочваліся на камянях.
Вось і цёмная дзірка ўвахода. Нясе брыдкай тхланню, нібы са спрадвеку не чышчанай прыбіральні. Я слізнуў у вежу. Сапраўды, аднекуль удары. І зверху, і нібыта аддаецца знізу.
«Прабівае нехта мур? Нашто?»
Прамень майго ліхтара ўпаў на мур — так, свежыя адколіны на цэгле. І ўдары, глухія, нібы з самой сцяны, адразу заглухлі.
Я павёў ліхтаром угару, па слупе абваленай вінтавой лесвіцы, туды, дзе люк, што вядзе ў ніжні ярус вежы. Люк чарнеў непрагляднай цемрай.
І раптам адтуль упаў мне ў вочы нясцерпна яркі сноп святла. Асляпіў.
Я адступіў ад яго хутчэй машынальна, але, па дурасці, ліхтара не згасіў. І тут жа на тое месца, дзе я толькі што стаяў, глуха вухнуўшы, упала вялікая каменная брыла са слядамі свежаадбітай цамянкі.
Зноў ляціць угору святло майго ліхтарыка. І зноў адтуль, у адказ, меч святла. Дуэль ліхтароў. Зноў я, нібы прадчуваючы нешта, адскочыў. І тут жа нешта дзынкнула ў сценку. Ледзь не па тым месцы, дзе толькі што была мая галава. Павёў туды ліхтарык — мокрая пляма на камені, а ўнізе падрузгатаная пляшка і — з жахлівай яснасцю — этыкетка з надпісам «Ласітэ».
Грукат недзе наверсе. Ніжэй і ніжэй. Цішыня.
Нягледзячы на цішыню, лезці туды аднаму наверх было б шаленствам. І я, нясолана сербануўшы, выбраўся вонкі.
Поўня ўжо была досыць высока. Няпэўнае святло яе скрала брыдоту запушчанага двара з гноем і купамі камення. І, наадварот, падкрэсліла ўсю пачварную веліч гэтых муроў і вежаў. Няроўныя муры, вежы, як гранчатыя скалы, цёмная палоса галерэі.
Мне захацелася быць у першым лепшым месцы, абы не тут.
І я пайшоў.
«Ласітэ». «Кропелька» па-латышску. Адкуль у Лапатухі, калі гэта быў Лапатуха, латышская паляўнічая гарэлка? Ды яшчэ й рэдкая».
Хацелася яшчэ раз акінуць позіркам увесь гэты чыгунна-чорны гмах. Пры месячным святле. Я азірнуўся. Там, дзе падала святло, чэрнь была з адлівам у блакітнае. У зацемненых месцах, у нішах і на галерэі, панавала безвыходная цемра, так што раптам уставала перад вачыма своеасаблівая рэльефнасць гэтай махіны.
І тут я не паверыў сваім вачам. У цёмным правале галерэі, ад вонкавых сходаў, што вялі на яе, павольна паўзлі два цені, цьмяна-светлы і чорны.
Ногі мае прыкіпелі да месца. Цені, сапраўдныя цені, ішлі па гульбішчы. Аслупянеўшы, я прастаяў на месцы невядома колькі. І толькі потым кінуўся да шырокіх, месцамі павыбіваных сходаў. Забыўшыся на магчымую небяспеку, забыўшыся на ўсё, акрамя адзінай думкі: убачыць, праверыць, схапіць.
Узляцеў. Нічога. Толькі дымнае святло блукала аркадамі. І цемра ляжала пад скляпеннямі. І нічога болей. Ані душы, хаця выйсці ім не было куды, акрамя сходаў, якімі ўзбег я.
Нічога і нікога.
«Чорт пабірай, — думаў я, ідучы да плябаніі, — значыць, усе яны мелі нейкую рацыю, калі гаварылі. І Мультан, і іншыя, і даўні паэт. Вось вам і паршывы беларускі рамантызм?! Ці гэта ўжо я супрычасціўся да мясцовага вар'яцтва?
У ноч, калі чорныя дрэвы ціха дрыжаць ад жаху,
Па галерэях праходзіць дама з чорным манахам.
Халера б вас пабрала! Усіх!»
…Заўтрашні дзень прыйшоў ясны і сонечны, у рэдкім пошуме маладой, свежазялёнай лістоты. У «маю» вежу адправіліся і Сташка з кампаніяй, і Мультан з мультаняняткамі, і нават сам старшыня Альшанскі.
І поўны канфуз. Ніхто б не паверыў мне, каб не свежыя адколіны ўнізе, святлейшая колерам, незапыленая цэгла. Але ўсё астатняе было ўсім, чым хочаш, толькі не тым, што яшчэ ноччу я бачыў на свае вочы. На доле грувасцілася гара каменных асколкаў, друзу, цамянкавага пылу. Велізарная каменная брыла, цэлы валун, заторкнула, нібы корак бутэльку, лесвічны люк і небяспечна вісела над галавой. Відаць, абурыліся перакрыцці другога, а можа, і трэцяга ярусаў. Разбіраць гэты хаос знізу было смерці падобна. Зверху доступу туды не было.
— Ну вось, — уставіў свае тры грошы Альшанскі. — А хтосьці казаў, што гэты будынак на вякі.
— Так, — сказаў я. — Калі яму ніхто не дапамагае ўпасці. А хто ведае, ці не дапамаглі гэтым перакрыццям сёння ўначы?
— А чорт яго, — дыскантам сказаў Мультан і дадаў басам: — Падобна на тое, што і дапамаглі…
— Тут бульдозерам расчышчаць, — па-блазенску сказаў Генка.
— Угм, — сказаў Альшанскі. — Каб быў такі бульдозер, што лазіць па сценах.
— І каб нехта вам дазволіў гнаць на помнік культуры будьдозер, — кінуў я. — Хаця… гэта часам дазваляюць. Тут вось што, тут трэба ўваход заваліць. А то Стась або Васілёк Шубайла могуць палезці і…
— Гэтых шалапутаў вёска ведае, — сказаў Альшанскі. — І пра здарэнне вёска ведае. Завалім.
— Адкуль вёска ведае? — спытаў Генка.
— Гэ-а, голубе, — кінуў Мультан, — на тое яна і вёска. Ты толькі што тут чарку збярэшся хільнуць, а ў Альшанах будуць ужо казаць, што ты дзве гадзіны як казлы дзярэш. Вось жа ведае аднекуль Ганчаронак, Вячорка і іншыя. А між тым у іх… як гэта… ну, калі мяне тут не было, бо я пад Менскам свінні пасвіў.
— Алібі, — сказаў Альшанскі.
— Во-во. Яны ж зноў у Езна ездзілі.
— Правільна, — сказаў старшыня. — Нарад быў.
Мы выйшлі праз браму, і адразу стала нібы лягчэй дыхаць. Я сказаў пра гэта.
— А вы падзякуйце ўсім, хто тут стагоддзямі гной капіў, — кінуў Шаблыка. — І панскаму, і чатырохногаму калгаснаму.
— Ён не пра тое, — сказаў «каўбой». — Маральна, як кажуць, тут стала лягчэй дыхаць. Жывыя людзі. Жывуць, смяюцца, працуюць. А нехта калі, часам, і ў вуха дасць, то й тое лягчэй.
Зноў трэ было пераводзіць размову на іншае. І я, як заўсёды, зрабіў гэта няспрытна:
— Чаму гэта, Нічыпар Сяргеевіч, у вас прозвішча такое? Вы што, з тых Альшанскіх?
— Гэ-э, не абражайце, — сказаў здаравенны, як конь, старшыня. — Што, я падобен?
— Ды звонку не.
— Па-вулічнаму яны «Шаўцы», — умяшаўся прыгорблены дзед Мультан.
— Так, — сказаў той. — Але, самі ведаеце, паны часам свае прозвішчы прыгонным давалі, каб адрозніць. Ну і дзеля смеху давалі. Дакументаў не было. Ну й вёска з часам звыкнула.
Археолагі на чале са Сташкай накіраваліся на сваю Белую Гару (дай ім бог, каб ім там болей пашанцавала, чым гусітам на Белай Гары і сербам на Косавым полі), а мы пайшлі міма млына да вёскі. І тут зноў нарваліся на сцэну з «Барыса Гадунова». Ля грэблі сядзеў у атачэнні сваіх псоў увесь белы, напудраны мукою, як П'еро, Людзвік Лапатуха ў славутай сваёй кепцы і, заўважыўшы нас, пачаў, невядома ў каго, торкаць пальцам:
— Жывы? — Мяне аж прамарозіла, калі я ўспомніў начную брылу каменя. — У цябе ж кроў з грудзей. Як у Ганчаронка. Як у фурмана. Сам бачыў у іх, сам… Уваскрос? Пярэварацень. Ваўкалака.
— Што гэта з ім? Нашто на нас?
Мы ўжо мінулі яго, і тады Альшанскі крэкнуў і паклікаў да сябе мажную румяную кабетку.
— Наш загадчык медпункта. Ану, растлумачце, Агатка, што то такое Лапатуха. А то ён, Косміч,