вар'яцкай жорсткасці і злосці на тварах. Віселі шчыты з Квінсленда і з вострава Сандэй, аўстралійскія травяныя бранзалеты, фецішы афрыканскіх жрацоў, злавесныя ўборы ўдзельнікаў мужчынскіх саюзаў з Новай Гвінеі.

Агідныя рытуальныя маскі з Саламонавых астравоў (чорны яшчар, што надзеў старажытнагрэчаскі шлем), калебасы для вапны, тупазлосныя бажкі з астравоў Адміралцейства, кінжалы з ракавін і касцей казуара, цыноўкі і палотнішчы тапы, індыйскія анкі і яванскія крысы.

І паўсюль морды, выскаленыя, вірлавокія, ікластыя.

— Не страшна вам тут?

— На рабоце часам бывае страшней, — крыху жоўчна і з'едліва сказаў ён, абводзячы разумнымі вачыма сваю калекцыю. — А гэта? Гэта ўсё мае бадзянні. І за кожнай рэччу — гісторыя, выпадак, жах або смех. І таму яны мне — не рэчы. Яны мне — кавалкі жыцця.

Мы прайшлі ў маленькі лялечны кабінецік, пафарбаваны ў шэра-блакітны колер і, ясна ж, без усякіх масак.

— Ну расказвайце.

І я пачаў расказваць. Увогуле, пра ўвесь гэты куток, нібы яшчэ з самай вайны заражаны нейкім вірусам невядомага шаленства, пра дзівацтвы многіх яго насельнікаў, пра ненатуральны ледзяны подых даўно мінулай вайны на некаторых жыхароў, пра вар'яцтва Лапатухі і пра свае начныя кашмары.

Ён рабіўся ўсё больш і больш сур'ёзным, відавочна змрачнеў.

— Не магу зразумець вашых сімптомаў. Нагадвае сярэдневяковую беларускую пану, трызненне наяве. Але не тое. І яшчэ нешта падобнае давялося мне бачыць у трыццаць пятым годзе, у паўночна- заходняй Індыі. Чулі вы, вядома, пра ўсе палюсы зямлі: і геаграфічныя, і магнітныя, і холаду, і гарачыні. А вось пра полюс біялагічнай недаступнасці, мабыць, не чулі?

— Не.

— І мала хто з цывілізаваных людзей чуў. Лічаныя адзінкі. Акрамя навакольных жыхароў.

— А гэта што?

— А гэта вялізны кавалак прасторы, скалы ды непраходны трапічны лес на берагах ракі Нарбада. Джунглі — гэта стрыжаны англійскі газон у параўнанні з тым зялёным пеклам. З пачатку гісторыі гомо сапіенс туды ані разу не ступіла чалавечая нага. Уявіце, з часоў аўстралапітэка.

— Як то? Чаму?

— Там, як кажуць, з пачатку дзён найвялікшая на зямлі, на многія дзесяткі кіламетраў уздоўж і ўпоперак, калонія дзікіх пчол. Пчаліны мегалаполіс ледзь, скажам, не як той мегалаполіс, што ад Нью-Йорка да Вашынгтона. І пчолы там нейкай асаблівай расы. Хмары, процьма нясметная полчышчаў, легіёны. Аж занадта. Бо ўкус адной пчалы — вельмі балесны, рана часам тыднямі не зажывае; пяток укусіць — паралюш, бывае — часовы, а бывае, й не. А калі ўжо большая колькасць пакусае — канец немінучы.

— Гэта бывае, — сказаў я. — Што мы ведаем пра яды? Вынайшлі вось вучоныя ўніверсальную процізмяіную сываратку. Хоць кобра кусай, хоць гюрза — нічога табе не будзе.

— Вось-вось. А чаму не ўжываюць? Здаецца, панацэя такая, уратаванне для ўсіх людзей. Аж не. Таму што такі, застрахаваны ад усіх змей, немінуча памірае ад першага ж укусу звычайнай пчалы. Вось і разбярыся, што лепей. Дзіўна, што гэтыя пчолы зусім не чапаюць жывёл. І жыве іх там мноства. Малавывучаных, а то й не вядомых навуцы. Некаторых бачылі. Выносіць іх адтуль часам на навакольныя палі ды ў джунглі. Але яны і назад адразу выбіраюцца. Ведаюць, дзе яны ў поўнай бяспецы. Але выносіць адтуль не толькі жывёл, часам і насенне розных нікім не бачаных раслін. І вось за адной з іх, калі толькі раз на многа год прарасце яна па-за межамі пчалінага рэгіёну, палююць усе жыхары. Сушаць, адвар п'юць, і тады ў іх таксама розныя… трызненні ды праявы. Але дзе Нарбада і дзе Альшанка? Я не разумею, што ў вас такое. І таму асабліва баюся… Вось што, ці не падлячыцца вам? У мяне. І я б за вамі асабіста прыглядаў. І сябар у мяне там у клініцы малады, таленавіты. Ён вас у два месяцы паставіць на ногі.

— Не.

— Тады хаця адпачніце, — «божа, на каго ж з кандацьераў ён падобны?» — Месяцы два на моры. Вада, сонца, соль. І ніякіх думак. Вы проста ператаміліся з гэтымі сваімі гістарычнымі пошукамі, з гэтай справай… І вось што, вы ўсё думаеце, што гэта глупства…

Ён глядзеў пранізліва:

— Глядзіце, гэта страшна. І каб вы ведалі гэта і не манкіравалі сваім здароўем, а лекаваліся — паедзем заўтра са мной. Паглядзіце, што гэта такое. Ну і абследаванні некаторыя зробім. Гэта занадта важлівая штука — здароўе, гэта адзіна вартая рэч — розум. А мы, аднак, гэтага не цэнім.

— Добра, — хутчэй каб адвязацца, сказаў я.

Крыху адпачнуўшы, я ўрэшце вырашыў зайсці да Хілінскага і амаль не здзівіўся, што гэтыя двое цалкам дарослых людзей (ён і Шчука) сядзяць у паўцемры і разглядаюць праз эпідыяскоп слайды.

— Сядай, зараз скончым, — сказаў Адам. Слайды былі з «маіх» мясцін. Кладна. Дарога на Альшаны. Замак. Касцёл.

— Дзе гэта вы іх настругалі? — спытаў я, калі запалілі святло.

— Ды даўно ўжо, гады два як зняў, — сказаў Хілінскі, і я чамусьці не паверыў яму. Асабліва таму, што каля брамы замка не відаць было ахоўнай дошкі.

«Ой, круціш ты, Адам Пятровіч», — толькі й падумаў я.

Калі на стале з'явілася кава і тое, што да кавы, часам спажыўнае, а часам і не дужа, і мы ўжылі і тэго і другэго (ці овэго?), як кажуць браты-палякі, Шчука адкінуўся на спінку крэсла:

— Расказвай.

Я расказаў. На гэты раз нічога не скрываючы, аж да недарэчнасцей, да маіх начных кашмараў, да размовы ў леснічоўцы і да ўчарашняга нападу ў балацявіне. Відаць, раздражненне прарывалася ў маім голасе, таму што Шчука раптам сказаў:

— Лічыш, што мы тут «гаў!» ловім? І што мы ўвогуле, як шведы спяваюць: «Паліцыя, паліцыя — бульбянае пюрэ».

— Я толькі раз чуў, як спявалі шведы. Імчалі ў турысцкім аўтобусе. І спявалі, на жаль, не пра пюрэ, а па-расейску: «І-ван І-ва-на-вітш, І-ван І-ва-на-вітш энд містэр Шчука тоже э-ро-тыч-ный».

— Брэшаш.

— Ясна, што брашу. Спявалі: «Энд бе-ло-рус он тоже э-ро-тыч-ный».

— Добра, добра, не злуй… Та-ак, пачынае рабіцца горача. І канцэпцыі адзінай пакуль няма. З'ехаў бы ты адтуль, хлопец.

— Яшчэ чаго?! — абурыўся я. — Нехта вінаваты, а з'язджаць павінен я. У вас няма канцэпцыі, а я адказвай.

— Канцэпцыі няма. Затое, як мяркую, падазроных шмат.

— Вось і паспрабавалі б найбольш падазроных абмежаваць у дзеяннях. Паслаць некуды. А то дойдзе да гэтых вашых, як іх — пісталетаў, рэвальвераў, — тады позна будзе.

— Бывае, даходзіць і да пісталетаў.

Шчука раздражняў мяне. З гэтым яго падвойным хобі: чытаць дэтэктывы і здзекавацца з іх, і яшчэ ведаць назубок усю, якая ёсць і была на зямлі, зброю. Аж да шасцістрэльнага (круціліся рулі, а не барабан) рэвальвера бельгійскай сістэмы Марыет, вырабу 1837 г. І таму я быў несправядлівы:

— Рэвальверы… Слухайце, а вы ўмееце з імі абыходзіцца?

Пакасіўся на мяне:

— Не сумнявайцеся.

— Тады нічога, а то, бывае, пальне, сам не думаючы.

— Вы затое многае думаеце. І плачаце: «Ох, курку забілі», — нечакана суха працадзіў Хілінскі. — А я не плачу. Затое я ведаю іншае. Курцы, можа, пакуль і трэба быць засмажанай, а вось наконт твайго «абмежавання ў дзеяннях» — дык я вось ведаю, што абмяжоўваць не трэба, што чалавеку ні ў якім разе не трэба сядзець у турме, хай сабе і некалькі дзён.

— І такім?

— А раз ужо сеў — гэта няшчасце. І наш агульны позор, — ён чамусьці сказаў па-расейску «позор», а не «ганьба». Мабыць, так здалося мацней.

— Ну добра ўжо, досыць, — сказаў Шчука. — Я, уласна, чакаў цябе вось чаму.

Ён дастаў з блакнота малы квадрацік паперы:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату