як вы казалі, па частках, мусілі напраўду моцна паўплываць на агульнае развіццё і назапашванне ведаў. А таму я мяркую, што мы можам вытлумачыць відавочнае адставанне ўсіх дасягненняў старажытнаегіпецкай навукі ад сучасных, асабліва ад дасягненняў янкі, надзвычайнай цвёрдасцю егіпецкіх чарапоў.
Мушу прызнацца, пачціва сказаў граф, што я згубіў вашую думку. Скажыце, калі ласка, якія дасягненні навукі вы маеце на ўвазе?
Тут уся нашая кампанія хорам пачала падрабязна расказваць пра палажэнні фрэналогіі
Выслухаўшы нас да канца, граф пераказаў некалькі анекдотаў, з якіх мы зразумелі: слава прататыпаў Галя і Шпурцгайма
Тут я спытаў у графа, ці ўмелі яго землякі вылічваць час зацьменняў. Ён досыць пагардліва ўсміхнуўся і адказаў, што ўмелі.
Гэта крыху мяне збянтэжыла, але я працягваў распытваць яго пра астранамічную навуку егіпцянаў, пакуль адзін з нашае кампаніі, які дагэтуль ні разу не адкрыў рота, не шапнуў мне на вуха, што па гэтым пытанні мяне нашмат лепей пракансультуе Пталямей (і хто гэта такі?), а яшчэ нейкі Плутарх у працы De facie lunae
Тады я спытаў мумію пра запальвальныя шкельцы, лінзы і ўвогуле пра вытворчасць шкла, але не паспеў нават скончыць пытанне, як маўклівы ўдзельнік зноў ціха крануў мяне за локаць і дзеля ўсяго святога папрасіў лепш зірнуць у працы Дыядора Сіцылійскага. Граф жа замест адказу пацікавіўся, ці маем мы мікраскопы, якія дазволілі б нам выразаць камеі, што рабілі егіпцяне. Пакуль я думаў, што адказаць на гэтае пытанне, маленькі доктар Зубдамус даў вельмі незвычайнага маху:
А паглядзіце на нашую архітэктуру! усклікнуў ён да вялікага абурэння абодвух падарожнікаў, якія пачалі шчыкаць яго амаль да сінякоў, але без ніякае карысці. Паглядзіце на фантан, што на Боўлінг-Грын у Нью-Ёрку! захоплена працягваў ён. Ці, калі ён занадта велічны для сузірання, успомніце на імгненне Капітолій у Вашынгтоне!
І добры маленькі доктар пачаў вельмі падрабязна апісваць усе элементы будынку, які толькі што згадаў. Ён патлумачыў, што адзін партал упрыгожаны не менш як дваццаццю чатырма калонамі пяці футаў у дыяметры на адлегласці дзесяці футаў адна ад адной.
Граф адказаў, што ён, на жаль, не можа цяпер прыгадаць дакладныя памеры любога значнага будынка ў горадзе пад назвай Азнак, закладзеным калісьці ў цемры часу і руіны якога пры жыцці графа ўсё яшчэ можна было пабачыць у шырокай пустэльні на ўсходзе ад Фіваў. Аднак калі гаварыць пра парталы, то яму прыгадваецца, што адзін такі, прыбудаваны да пасрэднага палацу ў Карнаку (гэта штосьці накшталт прыгараду), складаўся са ста сарака чатырох калонаў трыццаці сямі футаў па акружнасці на адлегласці дваццаці пяці футаў адна ад адной. З боку Ніла да палацу можна было падехаць па алеі даўжынёй дзве мілі, утворанай сфінксамі, статуямі і абеліскамі вышынёй дваццаць, шэсцьдзесят і сто футаў. Сам палац, наколькі ён памятае, быў дзве мілі ў даўжыню і штосьці каля сямі па акружнасці. Муры яго былі ўсярэдзіне і звонку багата распісаныя іерогліфамі. Ён не можа дакладна сказаць, ці змясцілі б сцены гэтага палаца пяцьдзясят ці шэсцьдзесят Капітоліяў доктара, але ён упэўнены, што з некаторымі цяжкасцямі туды можна было б увапхнуць іх штук дзвесце-трыста. І ўсё ж палац у Карнаку быў досыць нязначным будынкам. Тым не менш ён, граф, з усёй шчырасцю не можа адмовіць фантану на Боўлінг-Грын у арыгінальнасці, раскошнасці і выбітнасці, як казаў пра яго доктар. Нічога такога, ён вымушаны адзначыць, ніколі не бачылі ні ў Егіпце, ні дзе-небудзь яшчэ.
Я спытаў у графа, што ён можа сказаць пра нашыя чыгункі.
Нічога асаблівага, адказаў ён. Яны досыць ненадзейныя, нядбайна зробленыя і нязграбна пакладзеныя. Іх нельга нават параўноўваць, скажам, з шырокімі, роўнымі, наўпростымі дарогамі з жалезнымі латакамі, па якіх егіпцяне транспартавалі вялікія храмы і цэльныя абеліскі вышынёй сто пяцьдзясят футаў.
Я згадаў пра нашыя вялізныя механічныя сілы.
Ён пагадзіўся, што нешта пра гэта чуў, але пацікавіўся, якім чынам я справіўся б з задачай падняць пяты арак хаця б аднаго з невялікіх палацаў Карнаку.
Я вырашыў не пачуць гэтае пытанне і пацікавіўся, ці ўяўляе ён, што такое артэзіянскі калодзеж, але ён проста падняў бровы, тым часам як містэр Глідан пачаў мне люта падміргваць і зашаптаў, што, маўляў, адзін такі быў зусім нядаўна знойдзены інжынерамі, якія рабілі свідравіну, шукаючы ваду ў Вялікім Аазісе
Я ўспомніў пра нашую сталь, але чужаземец толькі задраў нос і пацікавіўся, ці можна з дапамогай нашай сталі выконваць каменярэзныя працы такія, як на абелісках, што, дарэчы, былі зробленыя выключна меднымі разакамі.
Гэта настолькі нас збянтэжыла, што мы вырашылі разнастаіць свае нападкі і звярнуцца да метафізікі. Быў прынесены асобнік Даела
Але граф толькі і сказаў, што вялікія рухі ў яго час здараліся ледзь не кожны дзень. Што ж да прагрэсу, то некаторы час ён прыносіў-такі пэўныя нязручнасці, але надта далёка не пайшоў.
Тады мы загаварылі пра каштоўнасці і значнасць дэмакратыі і паспрабавалі, хоць і з сурёзнымі цяжкасцямі, уразіць графа тымі разумнымі перавагамі, якімі мы карысталіся, галасуючы як душа пажадае і не маючы над сабой караля.
Граф слухаў нас з відавочнай цікавасцю: выглядала, што нашыя словы яго добра павесялілі. Калі мы скончылі, ён зазначыў, што калісьці даўно ў іх адбывалася нешта падобнае да гэтага. Трынаццаць егіпецкіх правінцыяў вырашылі раптам зрабіцца свабоднымі і паказаць прыўкрасны прыклад усяму чалавецтву. Яны склікалі сваіх мудрых мужоў і зляпілі самую выштукаваную канстытуцыю, якая толькі магчымая. Некаторы час яны някепска спраўляліся, вось толькі сама-надзейнасць іх была надзвычайнай. Калі гэтыя трынаццаць штатаў абядналіся з астатнімі пятнаццаццю ці дваццаццю, усё скончылася, выліўшыся ў такую гнюсную і невыносную дэспатыю, якая толькі магла існаваць на Зямлі.
Я спытаў, як звалі іх узурпатара.
Наколькі памятаў граф, яго звалі Натоўп.
Не ведаючы, што казаць далей, я ўзвысіў голас і пашкадаваў, што егіпцяне не ведалі пáры.
Граф паглядзеў на мяне са здзіўленнем, але прамаўчаў. А маўклівы джэнтльмен з усяе моцы пхнуў мяне локцем у рэбры і прашаптаў, што я ўжо дастаткова паказаў свае здольнасці, здзівіўшыся толькі, як нават такі дурань, як я, можа не ведаць, што сучасны паравы рухавік заснаваны на вынаходніцтве Герона, апісаным Саламонам дэ Ко
Параза нашая падавалася непазбежнай, але, на шчасце, доктар Зубдамус, сабраўшыся з думкамі, прыйшоў нам на дапамогу і пацікавіўся, ці могуць егіпцяне скласці нашым сучаснікам сурёзную канкурэнцыю ў такім важным пытанні, як адзенне.
Граф зірнуў на штрыпкі сваіх панталонаў, потым узяў адну з фалдаў фрака, паднёс яе да самых вачэй і разглядаў так некалькі хвілінаў. Калі ён урэшце выпусціў яе, яго ўсмешка спакваля распаўзлася ад вуха да вуха, аднак не магу прыгадаць, каб ён штосьці адказаў.