яйкi, хоць ён i прасiўся, малiўся, скуголiў.

Значна 'iнтэлiгентней' гулялi ў яйкi дзяўчынкi. Яны рабiлi з пясочку пагорачкi i па чарзе скочвалi яйкi ўнiз. Яйка коцiцца няроўна - то нечакана ўлева зверне, то ўправа крутнецца - вось чыё яйка 'знойдзе' iншае, тое i перамагае. Цiкава, ажно дух захапляе! Бывала, i мы, меншыя, далучалiся да дзяўчынак...

Быў i яшчэ адзiн абавязковы для дзяцей 'рытуал' - пажачкi. Гэта значыцца кожнае дзiця на Вялiкдзень павiнна было зайсцi ў кожную хату па фарбаванае яйка. Нiхто, канешне, у карак не гнаў, можна i не iсцi, але каму ж не хочацца мець як мага болей прыгожых яек - гэта ж цэлае багацце! Сапраўды носiшся з iмi, як курыца з яйкам.

Дарослыя пра пажачкi ведалi, таму прыкiдвалi, колькi дзяцей у вёсцы, каб кожнаму хапiла.

Заскокваеш да каго-небудзь у хату, смарганеш носам i абавязкова, як i 'дзяўблi' бацькi, кажаш:

- Хрыстос уваскрос!

А потым, каб атрымаць яйка, неабходна яшчэ сказаць:

- Не дасi яечка - здохне авечка, не дасi кока - вылезе вока!

Карацей, за яйка трэба i 'папрацаваць'.

Я быў вельмi цiхi, сцiплы, сарамлiвы, ды i гадкоў мне было, можа, з пяць усяго. Я заходзiў у хату i стаяў цiхенька ля парога, апусцiўшы галаву. Дарослыя разумелi, якi з мяне 'аратар', i давалi яйка, не дамагаючыся ад мяне гэтых пацераў.

Заскочыў я гэтак да Кухаронкавых i стаю як слупок.

- А што трэба сказаць? - пытаюцца ў мяне.

Я сцiснуўся ў камячок i стаю, як пружына ўвесь...

- Не хочаш гаварыць, не атрымаеш яйка! Ну?

Я як даўся ў дзверы, ды на двор, ды ходу, а мне ўслед крычаць:

- Куды ты?! Пастой! На яйка!

А мой i след прастыў...

Дурненькi я, дарэмна пакрыўдзiўся, людзi ж хацелi пачуць ад дзiцяцi святочныя прыказкi.

ЭХ, ПРАКОЦIМСЯ!

Да Жукоўскiх з Менска прыехаў iх старэйшы сын Iван. Не проста прыехаў, а на грузавiку - уладкаваўся недзе ў Менску працаваць шафёрам. Форсу, гонару таго, як кажуць, без фiгi не да носа! Ды i было чым ганарыцца - пасля вайны шафёр - больш значная шышка, чым сёння мiнiстр. Машыну мы бачылi першы раз у жыццi, i таму, калi Iван, ад'язджаючы ў Менск, прапанаваў нашай хеўры пракацiцца ў кузаве, мы ажно зараўлi (прабачце, запiшчалi) ад захаплення. Калi машына набiрала хуткасць i вецер пачаў паласкаць нашыя твары, мы адчулi нешта незвычайнае, у нас быццам выраслi крылы, i, не згаворваючыся, мы запелi штосьцi без слоў: 'Ля-ля-ля', - i ў такт нашым крыкам пачалi выстукваць па кабiне. Машына рэзка затармазiла i прыпынiлася. Вылез з кабiны Iван i запытаўся:

- Ну што, зайцы, так мала пракацiлiся? Вылазьце!

Нас быццам з вару апусцiлi ў ледзяную ваду, настолькi змянiўся наш настрой. Нiчога не разумеючы, мы пасаскоквалi на зямлю i з вялiкiм жалем глядзелi ўслед ад'язджаючай машыне. Праехалi мы ўсяго метраў з пяцьдзесят. Дамоў сунулiся як пабiтыя...

Нам тады ў галаву не магло прыйсцi, што стуканне па кабiне азначае просьбу супынiць машыну. Прыехалi!

ДУРНЫ ЖАРТ

Аднойчы вярталiся мы з арэхаў дамоў i раптам спынiлiся як укопаныя. На мяжы, на ўскраi вёскi, спала дзяўчына. Спала спакойным, казачным сном, прыгожа нахiлiўшы ўбок галаву, раскiдаўшы доўгiя валасы. Гэтую дзяўчынку мы ведалi, яна прыехала на лета да сваякоў у нашу вёску з Ленiнграда. Яе звалi Аня. Сонечны пяшчотны дзень, цiшыня i спакой, водар лясоў i траў паспрыялi гэтай прыгожай дзяўчынцы, якой было, можа, год з чатырнаццаць, заснуць глыбокiм сном. Яе твар упрыгожвала ледзь бачная, бесклапотная ўсмешка, якая адлюстроўвала чысцiню i светласць гэтай дзявочай душы...

Мы стаялi, зачараваныя, i любавалiся ёю.

Раптам Тонiк Сiнкевiч, таксама меўшы ўжо гадоў з чатырнаццаць за плячыма, выйшаў наперад, таямнiча прыклаў палец да сваiх вуснаў, паказваючы гэтым, што зараз адкрые нам страшэнную тайну, i прыцiшана сказаў, закацiўшы вочы ўгару:

- Мая!

Так мы яму i паверылi! I нават не таму, што Тонiк быў цыбаты, нязграбны, грубы, а перад намi ляжаў ледзь не анёл, а таму, што нiхто нi разу не бачыў iх разам, нават размаўляючы. А ў вёсцы - усё як на далонi.

Далей здарылася нечаканае i страшнае. Тонiк падышоў да дзяўчынкi, нахiлiўся над ёй i як зараве дзiкiм ровам. Нават мы ад нечаканасцi перапужалiся. А што казаць пра дзяўчынку? Бедная Аня. Яна ўсхапiлася, вочы дзiкiя, нiчога не разумее. А Тонiк стаiць над ёй i рагоча, аж хiстаецца. Нiхто з нас, значна меншых, не смяяўся з Тонiкавага 'жарту'.

Добра, калi гэты спалох не адбiўся на далейшым здароўi цi псiхiцы Анi. Лёс жа Тонiка быў сумны. Ён адслужыў у войску, чалавек увогуле быў добры, але спiўся i памёр ад гарэлкi ў маладым узросце.

ПЕРШЫ ЗАРОБАК

Сталейшая мая сястра Жэня была, як кажуць, на выданнi. Ды i прыгожая была i, нягледзячы на голад, даволi 'круглая' - маладосць брала сваё. З гэтай нагоды ў наш закуток нярэдка зазiралi хлопцы - проста так, выпадкова: 'Iшоў тут, дай, думаю, зайду'...

Заходзiў да нас i К. (не буду называць прозвiшча). Вось гэты К. аднойчы мне i кажа цiхенька на вуха:

- За кожнае мацюковае слова буду плацiць па дваццаць капеек...

У мяне загарэлiся вочы - ого, аж дваццаць капеек за слова! (Потым, пасля рэформы, дваццаць капеек ператварылiся ў дзве, а зараз сам чорт не разбярэцца з грашыма.) Я пачаў напружана ўспамiнаць тыя мацерныя словы, якiя, канешне ж, чуў ад сталейшых хлопцаў, ад дарослых. Успомню такое слова - шапчу К. на вуха. Ён, каб усе чулi, хвалiць мяне:

- Малайчына! Харошае слова! - спраўна плацiў грошы i рагатаў з задавальненнем, забаўляўся.

Але лексiкон мой быў небагаты ў гэтай галiне, i запас 'харошых' слоў хутка вычарпаўся, а 'зарабiць' хацелася, i я пачаў шаптаць розныя словы, але не мацюковыя. Тады К. глядзеў на мяне сурова i таксама, каб усе чулi, невыпадкова казаў:

- Ты што мацюкаешся! Як табе не сорамна? Ану ўспамiнай харошыя словы!

Цяжка было мне, пяцiгадоваму, разабрацца - што да чаго. На жаль, першыя заробленыя мае грошы былi бруднымi.

ФIГА

У Будах у Кухаронкаў было ўсё - i хата, i свiран, i жорны, i iншыя розныя будынкi i прыстасаваннi. Быў у iх i цудоўны сад, праўда, надзейна агароджаны, а шкада...

Вось прыехаў аднойчы да iх нейкi важны госць, якога спачатку частавалi ў хаце, а потым Барыс, малодшы сын Кухаронкавых, якому было гадоў каля дваццацi, павёў гэтага госця ў сад.

Мы, хлапчукi, заўсёды 'пры справе', без нас нiдзе не абысцiся, i тут мы не падкачалi. Барыс з госцем у сад, а мы праз адчыненыя варотцы - следам, авось, думаем, што i перападзе, авось перад госцем не выгане. Цыкнуў на нас Барыс, а выганяць не стаў, бо надта ўжо быў заняты гэтай персонай.

- Калi ласка, вось гэты яблычак пакаштуйце!..

- А вось гэты, дык такi налiўны, ажно семкi бачны!..

- А цяпер вось гэты, ён як мёд... - i гэтак далей. Водзiць ад яблынькi да яблынькi, усё сцелецца дарожкай перад госцем.

Мы, як тыя сляпыя шчаняты, увесь час скуголiлi ззаду:

- Дай, Барыс, яблычак! Дай, Барыс, яблычак! Дай, Барыс, яблычак! Дай! Дай! Дай!

Здавалася, ён не звяртаў на нас увагi, трымаў марку, але мы, мусiць, яго так 'дасталi', што ён рэзка павярнуўся i з шалёнай злосцю выставiў нам фiгу:

- Наце яблычак!

Паколькi я быў самы першы, фiга трапiла прама мне ў нос. Барысаў агромнiсты кулак, складзены ў такую фiгуру, быў, здавалася, большым за маю галаву, закрываў сабой i сад, i ўвесь свет. Не па-дзiцячы горкую крыўду адчуў я тады...

Крыўда тая даўно ператварылася ў вялiкi жаль, бо Барыс, пасля таго як ажанiўся, не ладзiў з жонкай i застрэлiўся з ружжа. Даруй яму, Божа!

ЗА ШТО?

Пасля вайны нас у мамы было толькi пяцёра, да вайны - аж дзевяць. Я - самы маленькi. Мама i тата ад цямна да цямна - у калгасе, а мы - самапасам. Мяне, чатырохгадовага, адвялi ў суседнюю вёску да сваякоў - усё ж маме спакайней i лягчэй будзе. У гэтай сям'i жыла i дзяўчынка Соня, якая ўжо хадзiла ў першы клас. I вось тут я ўбачыў першую ў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×