прыпозненыя госцi снедалi, аздобленыя велюравымi фiранкамi; пры гэткiм асвятленнi нават яйкi, вараныя ўсмятку, выглядалi як нешта заганнае, а пачцiвыя твары хатнiх гаспадынь, калi на iх падала гэтае святло, здавалiся распуснымi; кельнеры ў фраках з вачыма, поўнымi разумення, былi падобныя да Вельзевулаў, пасланцаў самога Асмадэя; а гэта ж былi звычайныя члены прафсаюзаў, якiя захоплена чыталi пасля працы перадавiцы сваёй прафсаюзнай газеты; тут можна было падумаць, што яны хаваюць свае капыты пад умела сканструяванымi артапедычнымi апаратамi; хiба з iх белых, жоўтых i чырвоных iлбоў не павырасталi зграбныя рожкi? Здавалася, што i цукар у пазалочаных цукроўнiцах - гэта не цукар; пераўтварэннi адбывалiся тут: вiно было ўжо не вiно, хлеб - ужо не хлеб, усё пад уплывам святла рабiлася складнiкам таемных заганаў; тут рабiлася святое дзейства, а iмя божышча не дазвалялася вымаўляць уголас, яго можна было толькi згадваць у думках.

- Што ж табе, хлопча, расказаць?

Яго ўспамiны нiколi не лучылiся са словамi i вобразамi, а толькi з пэўнымi рухамi. Бацька - гэта была яго хада, гарэзлiвая дуга, якую апiсвала яго правая нага, робячы кожны крок, хутка - гэтак, што цёмна-блакiтная стужка, падшытая ўнiзе ў калашыне нагавiцаў, паказвалася на хвiлю, калi ён ранiцой праходзiў каля лаўкi Грэца да Кронэравай кавярнi; мацi - гэта была складаная i пакорлiвая фiгура, якую выпiсвалi яе рукi, калi яна сашчэплiвала iх на грудзях, заўсёды перад тым, як яна вымаўляла якое-небудзь глупства: 'Якi благi гэты свет', 'як мала ў iм чыстых сэрцаў'; яна ўсё гэта крэслiла рукамi ў паветры, перш чым выказаць у словах, Ота - гэта былi яго ногi, што маршыруюць, калi ён праходзiць у ботах праз сенцы i далей, па вулiцы; 'вораг- вораг', - рытмiчна выстуквалi на плiтках тратуара яго ногi, тыя самыя ногi, што яшчэ не так даўно выстуквалi iншы рытм: 'брат-брат'. Бабуля - рух, якi яна рабiла ўсе семдзесят гадоў i якi цяпер, як ён бачыў шмат разоў штодзень, дакладна паўтарала яго дачка; рух, якому больш як сто гадоў, якi застаўся жыць у пакаленнях i якi кожны раз абуджаў у iм страх; яго дачка Рут нiколi не бачыла сваёй прабабкi, адкуль жа ўзяўся ў яе гэты рух? Нiчога не ведаючы, яна адкiдала валасы рукою з iлба тым самым жэстам, што i яе прабабка.

Фэмель бачыў i сябе самога - як ён нахiляўся па бiту для лапты, шукаючы сваю сярод iншых; як ён круцiў у левай руцэ мячык, пакуль той не ляжа ў далонь так, каб яго можна было дакладна кiнуць туды, куды ён хоча, - так высока, каб час падзення мячыка супаў дакладна з тым часам, што быў яму патрэбны, каб зручна таксама i левай рукой перахапiць бiту i стукнуць па мячыку з усёй сiлы абедзвюх рук - каб мячык ляцеў як найдалей, аж за мету.

Ён бачыў сябе, як ён стаiць на прыбярэжным лузе, у парку, у садзе, нахiляецца, выпроствае, б'е. Усё залежала толькi ад разлiку; iншыя былi дурнi: не ведалi, што час падзення мячыка можна разлiчыць, што з дапамогай таго самага секундамера можна вызначыць, колькi часу трэба, каб зручна перахапiць бiту, i што ўсё астатняе - гэта толькi пытанне каардынацыi i трэнiроўкi; ён штодня па абедзе практыкаваўся рабiць гэта на лузе, у парку, у садзе; iм было невядома, што iснуюць формулы, якiя можна выкарыстаць, вагi, на якiх можна ўзважыць мячыкi. Толькi крыху фiзiкi, крыху матэматыкi i практыкаванняў; але ж яны з пагардаю ставiлiся да абодвух прадметаў, якiя тут былi патрэбныя; яны з пагардаю ставiлiся да трэнiровак, гультаявалi, практыкавалiся з дапамогай сумнiцельных сентэнцый, плавалi ў чоўне па каламутнай вадзе, нават Гёльдэрлiн быў для iх невядома чым; нават такое слова, як 'лот', ператваралася ў iх вуснах у нейкую неверагодную лухту: лот - гэта ж зусiм ясна: леска, кавалак волава; яго закiдалi ў ваду, фiксавалi, калi грузiла дакраналася да дна; потым леску выцягвалi i мералi па ёй глыбiню вады; але калi яны казалi 'кiнуць лот', гэта гучала як кепская iгра на аргане; яны не ўмелi нi гуляць у лапту, нi чытаць Гёльдэрлiна. Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае.

Яны круцiлiся перад самай лiнiяй, хацелi не даць яму як след стукнуць, крычалi: 'Ну, Фэмель, давай, бi!'; iншая група неспакойна чакала каля меты, два хлопцы - ужо далёка за пляцоўкаю, там, дзе звычайна падалi пасланыя iм мячыкi, якiх усе баялiся; найчасцей iх знаходзiлi ўжо на вулiцы - там, дзе акурат тады, у тую летнюю суботу 1935 года запененыя гнядыя конi выходзiлi з брамы бровара; далей быў вiдзён чыгуначны насып, а манеўровы паравоз пускаў, нiбы дзiця, белыя аблокi пары ў паўдзённае неба; справа каля моста на верфi шыпелi ацэтыленавыя газарэзкi; рабочыя ў звышурочныя гадзiны нешта зварвалi на параходзе, што будаваўся для 'Сiлы праз Радасць'; блакiтнаватыя i срэбныя iскры сыкалi, а кляпальныя малаткi... малаткi выбiвалi такт; у прыватных гародчыках пастаўленыя нядаўна пудзiлы беспаспяхова супрацьстаялi вераб'ям; бледныя тварам пенсiянеры з пагаслымi пiпкамi чакалi i не маглi дачакацца першага чысла наступнага месяца - толькi ўспамiны пра рухi, што Фэмель тады рабiў, выклiкалi ў ягоным уяўленнi тыя вобразы, словы i фарбы: 'Ну, Фэмель, давай!' было схаванае за формуламi; i вось мячык ляжаў ужо ў руцэ так, як трэба, пальцы i далонь лёгка прытрымлiвалi яго: мячык павiнен быў сустрэць як найменшае супрацiўленне; бiта была ўжо ў другой руцэ - самая доўгая ў параўнаннi з астатнiмi (нiкога не турбавалi законы рычага); яе верхняя частка была абкручаная лейкапластырам. Хуценька зiрнуць на гадзiннiк: тры хвiлiны i трыццаць секунд да свiстка настаўнiка гiмнастыкi - i ён усё яшчэ не мог адказаць на пытанне - як гэта здарылася, што хлопцы з гiмназii Прынца Ота, не супрацiўляючыся, згадзiлiся, каб iх настаўнiк гiмнастыкi судзiў рашаючую гульню? Настаўнiка звалi Бернгард Вакера, але яны клiкалi яго Бен Вакс, з выгляду ён быў меланхалiчны, трохi тлуставаты, пра яго казалi, нiбыта ён платанiчна кахае хлопцаў; яму вельмi даспадобы былi пiрожныя з крэмам i фiльмы-меладрамы, у якiх дужыя хлопцы-бландзiны пераплывалi рэкi, а потым ляжалi на лузе са сцяблiнкаю ў роце, заглядаючы ў блакiтнае неба i чакаючы прыгодаў; Бен Вакс больш за ўсё любiў копiю галавы Антонiя, што стаяла ў ягоным пакоi сярод фiкусаў i палiц з лiтаратурай пра фiзiчную культуру; ён лашчыў гэтую галаву, удаючы, што абцiрае пыл; Бен Вакс, якi называў сваiх улюбёнцаў мiлымi хлопчыкамi, астатнiх жа - шыбенiкамi.

- Ну, давай ужо, шыбенiк, - сказаў Бен Вакс; ён быў успацелы, у яго трэслася пуза, а ў роце тырчаў свiсток.

Але да свiстка заставалiся яшчэ тры хвiлiны i тры секунды, на трынаццаць секунд раней, чым трэба; калi ён стукне зараз, у наступнага гульца яшчэ будзе магчымасць зрабiць свой удар, а Шрэла, якi чакае свайго вызвалення на меце, будзе павiнен яшчэ раз уцякаць; яны ж змогуць яшчэ раз шпурнуць мячыкам яму ў твар, у ногi альбо па нырках; Фэмель ужо тры разы бачыў, як яны гэта робяць: нехта з каманды працiўнiка трапляў у Шрэлу, пасля мячык забiраў Нэтлiнгер, якi гуляў у адной з iм i Шрэлам камандзе, i кiдаў мячык працiўнiку проста ў рукi, а той шпурляў яго Шрэле проста ў твар, - Бен Вакс жа стаяў побач i свiсцеў, калi траплялi ў Шрэлу, свiсцеў, калi Нэтлiнгер спакойна кiдаў мячык працiўнiку ў рукi, свiсцеў, калi Шрэла, кульгаючы, спрабаваў ухiлiцца; гульня была iмклiвая: мячык лётаў то ў адзiн, то ў другi бок - цi толькi ён адзiн заўважаў гэта? I не заўважаў нiхто з тых шматлiкiх гледачоў у стракатых шапачках i са стракатымi сцяжкамi, што, разгарачаныя ад напружання, чакалi канца гульнi? За дзве хвiлiны i пяцьдзесят секунд да фiнальнага свiстка лiк у гульнi быў 34:29 на карысць гiмназii Прынца Оты - i, можа, у тым, што бачыў хiба што толькi ён адзiн, была прычына, што каманда працiўнiка згадзiлася, каб судзiў гульню Бен Вакс, iхнi настаўнiк гiмнастыкi.

- Ну давай, бi, шыбенiк, праз дзве хвiлiны дам свiсток.

- Даруйце, але - праз дзве i пяцьдзесят секунд, - адказаў Фэмель, а пасля гэтых слоў падкiнуў высока мячык, перахапiў iмгненна бiту i стукнуў; па сiле ўдару, па тым, як спружынiла рукаятка, ён адчуў: гэта будзе зноў адзiн з яго легендарных удараў; ён прыжмурыўся, каб спраўней прасачыць за палётам мячыка, але так i не змог яго згледзець: пачулася глыбокае 'а-а-ах!' з натоўпу гледачоў, i гэты воклiч шырыўся, рос, нiбы воблака; ён убачыў, як да яго, кульгаючы, наблiжаецца Шрэла - павольна, на твары жоўтыя плямы, a пад носам крывавы пiсяг; суддзi падлiчвалi: сем, восем, дзевяць; астатнiя гульцы каманды наўмысна-павольна праходзiлi паўз раз'юшанага Бена Вакса; гульня была выйграная, выйграная пераканаўча; Фэмель нават забыўся выбегчы ў поле, каб здабыць яшчэ i дзесятае ачко; 'отаўцы' ўсё яшчэ шукалi мячык, поўзаючы на карачках далёка на другiм баку вулiцы ў траве пад мурам бровара; у фiнальным свiстку Бена Вакса выразна чулася яго раздражнёнасць. '38:34 на карысць гiмназii Людвiга!' - абвясцiлi суддзi. Гучнае 'а-а-ах!' перарасло ва 'ўра!' i бушавала над пляцоўкай; ён жа ўзяў сваю бiту, загнаў рукаяткай у траву, потым перамясцiў рукаятку, надаўшы бiце патрэбны вугал нахiлу, а пасля нацiснуў на яе нагой у тым, слабейшым, месцы нiжэй ад рукаяткi, дзе бiта найвузейшая; таварышы па камандзе, здзiўленыя, абступiлi яго i збянтэжана маўчалi; яны бачылi ў гэтым нейкi знак - што славуты Фэмелеў кiй быў паламаны; мярцвяна- бела выглядалi трэскi ў месцы палому; i ўжо хлопцы пачалi тузаць адзiн аднаго, каб займець памятку, кавалак таго дрэва альбо адарваць шматок таго лейкапластыру; Фэмель спалохана паглядзеў на гэтыя разгарачаныя, дурнаватыя твары, у гэтыя заварожаныя вочы, што блiшчалi ад хвалявання, - i ён адчуў танную гаркату славы, тут, летнiм вечарам 14 лiпеня 1935 года, у суботу, на ўскрайку прадмесця, на патаптаным лужку, куды Бен Вакс мiж тым гнаў шасцiкласнiкаў гiмназii Людвiга - каб яны пазбiралi сцяжкi,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×