- Выбiраць не даводзiлася. Не такi ўжо ён i благi. Яго завуць Пiтэрс.

Пасля кароткай паўзы Майет азваўся:

- А мяне - Майет.

- Смешнае прозвiшча. Мяне завуць Корал. Корал Маскер.

- Танцуеце?

- Так. У вар'етэ.

- Амерыканка?

- Не. Чаму вы так падумалi?

- Па вашым вымаўленнi. Адчуваецца амерыканскi акцэнт. Бывалi там калi-небудзь?

- Цi бывала я там? Вядома, была. Шэсць прадстаўленняў на тыдзень i два ранiшнiкi. Сад Загараднага клуба, Лонг-Айлэнд, Палм-Бiч, Клуб халасцякоў на Рыверсайд-Драйв. Разумееце, калi не гаворыш па- амерыканску, няма нiякiх шанцаў удзельнiчаць у ангельскай музычнай камедыi.

- Вы - разумная дзяўчына, - сказаў Майет сур'ёзна, кiнуўшы думкi пра Экмана i Стэйна.

- Давайце паходзiм, - прапанавала дзяўчына, - мне холадна.

- Вам не спiцца?

- Не магу заснуць пасля пераезду цераз Ла-Манш. Надта замерзла. Дый яшчэ гэты мярзотнiк увесь час лапае мае ногi.

- Чаму вы не дадзiце яму аплявуху?

- Мы ж яшчэ да Кёльна не даехалi? Навошта мне ўвязвацца ў скандал? Нам яшчэ ехаць разам да Будапешта.

- Вы туды едзеце?

- Гэта ён туды едзе. Я еду да канца.

- Я гэтаксама. Па справах.

- Ну, нiхто з нас не падарожнiчае дзеля забавы, праўда? - сказала яна, крыху спахмурнеўшы. - Я звярнула на вас увагу, калi цягнiк адыходзiў. Мне здалося, што я вас некалi ведала.

- Хiба мы з вамi сустракалiся? А як звалi вашага знаёмага?

- Адкуль я ведаю? Я не запамiнаю прозвiшчаў выпадковых знаёмых. На пошце iх ведаюць пад другiм прозвiшчам.

Майет адчуў спакойную ўпартасць i рашучасць у тым, як яна з маўклiвай пакорлiвасцю аднеслася да падману. Дзяўчына прыцiснулася да акна тварам, злёгку пасiнелым ад холаду. Яна была падобная на хлапчука, якi зайздросна разглядвае розныя цiкавыя рэчы ў краме: сцiзорыкi з мноствам лёзаў, цацкi з сакрэтамi, бомбы, якiя ўзрываюцца смуродам, булачкi, якiя пiшчаць, - але перад яе вачыма была толькi цемра i адлюстраванне iх твараў.

- Як вы лiчыце, у вагоне пацяплее: мы ж едзем на поўдзень? - спытала яна, нiбыта думала, што мы наблiжаемся да краiн з трапiчным клiматам.

- Мы едзем не так далёка на поўдзень, каб адчуць якую-небудзь iстотную рознiцу ў тэмпературы паветра. Я памятаю, як у Канстанцiнопалi ў красавiку iшоў снег. У Басфоры дзьмуць вятры з Чорнага мора. Яны ўтвараюць завiхрэннi вакол рагоў вулiц. А ўвесь гэты горад - адны вуглы.

- Спадзяюся, што ў грымёрных цёпла. На сцэну даводзiцца выходзiць амаль голай - спасу няма ад холаду. Мне б хацелася выпiць чаго-небудзь гарачага! Яна крыху прысела i прыцiснулася збялелым тварам да акна. - Мы пад'язджаем да Кёльна. Як будзе па-нямецку 'кава'?

Выраз яе твару ўстрывожыў Майета. Ён пабег уздоўж вагона i зачынiў адзiнае адчыненае акно ў калiдоры.

- Што з вамi? Вам дрэнна?

Яна адказала павольна, вочы ў яе былi прыплюшчаныя:

- Зараз лепей. Вы зачынiлi акно, i стала душна. Але зараз мне зусiм добра. Дакранiцеся да мяне. - Корал падняла руку, ён дакрануўся да яе сваёй шчакой, i яго ўразiла, якая яна гарачая.

- Паслухайце, вяртайцеся ў сваё купэ, а я пайду i прынясу вам каньяку. Вы захварэлi.

- Уся бяда ў тым, што я не магу сагрэцца. Мне было горача, а цяпер iзноў стала холадна. Я не хачу вяртацца туды. Застануся лепей тут.

- Вазьмiце маё футра, - неахвотна сказаў Майет, але не паспеў ён абмежаваць гэтую зробленую супраць волi прапанову словамi накшталт 'часова' цi 'пакуль не сагрэецеся', як яна асунулася на падлогу.

Ён узяў яе рукi i пачаў расцiраць, з бездапаможнай трывогай углядаючыся ў яе твар. I раптоўна адчуў пiльную неабходнасць дапамагчы ёй. Сачыць, як яна танцуе на сцэне, цi чакаць яе на ярка асветленай вулiцы каля тэатральнага пад'езда, - там яна была б яму толькi цацка ў любоўнай гульнi, але тут, у калiдоры вагона, ён адчуў да яе, бездапаможнай i хворай, пакутлiвы жаль. Яна не скардзiлася на холад, а проста нагадала пра яго як пра непазбежнае лiха. I раптоўна ён зразумеў, з якой безлiчы непазбежных бед складаецца ўсё яе жыццё. Тут ён пачуў мерныя крокi - ён i раней заўважыў, што незнаёмы хадзiў туды-сюды па калiдоры мiма свайго купэ, - i пайшоў яму насустрач.

- Вы доктар? Тут дзяўчына самлела.

Незнаёмы спынiўся i спытаў абыякава:

- Дзе яна?

Глянуўшы цераз плячо Майета, незнаёмы ўбачыў дзяўчыну. Яго абыякавасць раззлавала Майета.

- Яна сапраўды вельмi хворая, - настойлiва папярэдзiў ён.

- Добра, я зараз пагляджу яе.

Здавалася, што ён рыхтуецца да нейкага цяжкага выпрабавання. Аднак яго нерашучасць прайшла, калi ён схiлiўся над дзяўчынай. Ён абыходзiўся з ёй мякка, асцярожна - гэта была безаблiчная мяккасць, уласцiвая спрактыкаваным урачам. Паслухаў яе сэрца, потым прыўзняў ёй павекi. Дзяўчына ўжо апрытомнела, але ў яе свядомасцi ўсё пераблыталася. Ёй здавалася, што гэта яна схiлiлася над незнаёмым з доўгiмi, няроўна падстрыжанымi вусамi. Яна адчула раптоўны жаль да яго, заўважыўшы трывогу на яго твары. Але ён быў спрактыкаваны ўрач, яе хваляванне прайшло, калi яна злавiла яго мяккi погляд. Дакрануўшыся рукой да яго твару, яна падумала: 'ён, вiдаць, хворы' i на iмгненне забылася на тое, як дзiўна падаюць ценi, нiбыта лямпачка знаходзiцца на падлозе.

- Хто вы? - спытала дзяўчына, намагаючыся прыпомнiць, як так здарылася, што ёй давялося дапамагаць яму. 'Нiколi не бачыла, каб каму-небудзь так патрэбна была мая дапамога', - падумала яна.

- Доктар.

Корал разгублена глянула на яго i тут усё адразу зразумела: гэта яна ляжыць на падлозе, на калiдоры, а незнаёмы схiлiўся над ёю.

- Я самлела? Мне было так холадна.

Яна ясна адчула, як павольна i цяжка рухаецца цягнiк. Праз вокны промнi святла слiзгалi па твары доктара i асвятлялi за iм маладога жыда. 'Майет. Мяў'. I задаволеная, раптам усмiхнулася сабе. Здавалася, што на iмгненне ўсю адказнасць за тое, што здарылася, яна пераклала на плечы другога. Цягнiк здрыгануўся i спынiўся, i Майета адкiнула ўбок, да сценкi. Доктар не рушыў з месца - яго толькi пагойдвала ў такт з рухам экспрэса. Ён углядаўся ў твар дзяўчыны, пальцам правяраючы пульс, i сачыў за ёй з трывогай, ледзь стрымлiваючы свае пачуццi, але яна разумела, што яго пачуццi не датычацца яе, i ён да яе ставiцца абыякава. У думках яна выказала гэта наступнымi словамi: 'Калi б у мяне былi нават такiя ножкi, як у Мiстангет, ён i на iх не звярнуў бы анiякай увагi'.

- Што са мною? - спытала яна, але гучныя галасы, якiя даносiлiся з платформы, i тупат людзей у блакiтнай форме не дазволiлi ёй пачуць поўнасцю яго адказу, акрамя апошнiх слоў: '...гэта быў проста мой чалавечы i ўрачэбны абавязак'.

- Падрыхтуйце пашпарты i багаж, - загадаў голас з акцэнтам.

Майет узяў у яе сумачку, сказаўшы:

- Я дагледжу вашы рэчы.

Яна аддала сваю сумачку i з дапамогай доктара села на адкiдное месца каля сценкi.

- Ваш пашпарт?

Доктар адказаў павольна, падбiраючы словы, i яна ўпершыню звярнула ўвагу на яго акцэнт.

- Мой багаж у першым класе. Я не магу пакiнуць гэту даму. Я доктар.

- У вас ангельскi пашпарт?

- Так.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×