Лем Станислав

Альбатрос (на белорусском языке)

Станiслаў Лем

Альбатрос

Пераклад: Максiм Валошка

Абед быў з шасцi страў - не лiчачы дадатковых. Столiкi-бары з вiном цiхенька кацiлiся па шкляных дарожках. Над кожным сталом высока зверху гарэла лямпа-кропка. Суп з чарапахi падавалi пры лiмонным святле. Рыбу - пры белым з блакiтнаватым адценнем. Куранятак залiла барва з шаўкова-шэрым, цёплым адценнем. На чорнай каве, на шчасце, не сталася цёмна - Пiркс быў падрыхтаваўся ўжо да самага горшага. Гэткi абед знясiлiў яго. Ён дакляраваў сам сабе, што з гэтага дня будзе харчавацца толькi на нiжняй палубе - у бары. Гэтая зала была вiдочна не для яго. Увесь час мусiў памятаць пра локцi. У дадатак - убраннi i строi!

Зала была ўвагнутая - берагi вышэй, а цэнтр апушчаны ледзь не на палову яруса. Яна была падобная на вялiзную залацiста-крэмавую талерку, поўную самых яркiх пiрожных на свеце. Каляныя, паўпразрыстыя сукенкi жанчын шамацелi за спiной Пiркса. Тут цудоўна бавiлi час. Гучала музыка. Снавалi кельнеры сапраўдныя кельнеры, кожнага з iх можна было прыняць за фiларманiчнага дырыжора. 'Трансгалактык' гарантуе: сярод абслугi - нiякiх аўтаматаў, iнтымнасць, далiкатнасць, шчырая чалавечая зычлiвасць - уся абслуга жывая. I ўсе - вiртуозы сваёй справы.

Пiркс пiў каву, палiў цыгарэту i стараўся адшукаць у зале такое месца, за якое можна было б зачапiцца позiркам. Цiхае месцейка, самы раз для адпачынку. Суседка, якая сядзела разам з iм за адным столiкам, iмпанавала яму. На яе дэкальтаваных грудзях чарнеўся пляскаты, шурпаты каменьчык. Не нейкi там хрызапар або халцэдон. Незямны, пэўна што з Маркса. Каменьчык гэты, вiдаць, варты быў цэлага маёнтка - ён падобны на кавалак каменя з бруку. Кабеты не павiнны мець гэтулькi грошай.

Пiркс не абураўся. Не здзiўляўся. Ён назiраў. Паступова ў яго ўзнiкла жаданне размяць косцi. Цi не схадзiць на шпацырную палубу?

Ён устаў, ледзь прыкметна кiўнуў галавой i выйшаў. Iдучы памiж гранёнымi калонамi, абкладзенымi нейкай люстраной масай, Пiркс убачыў сваё адлюстраванне, - з-пад вузла гальштука вiдаць быў гузiк. А зрэшты, хто яшчэ носiць гэтыя самыя гальштукi? Ён паправiў каўнерык ужо ў калiдоры. Зайшоў у лiфт. Паехаў на самы верх - на вiдарысную палубу. Лiфт цiхенька адчынiўся. Тут не было нiводнай жывой душы. Гэта яго ўсцешыла. Трэцяя частка ўвагнутай столi над палубай, застаўленай шарэнгамi лежакоў, здавалася вялiзным чорным акном, адчыненым насустрач зорам. Лежакi з гурбамi коўдраў пуставалi. Толькi на адным з iх хтосьцi ляжаў, накрыўшыся амаль з галавой, - той дзiвакаваты стары, якi прыходзiў абедаць на гадзiну пазней за ўсiх i еў адзiн у пустой зале, захiнаючы твар сурвэткай, калi адчуваў на сабе чый-небудзь позiрк.

Пiркс лёг. Нябачныя пашчы клiматызатараў пасылалi на галерэю палубы парывiстыя патокi ветру, здавалася, што дзьме проста з чорных глыбiняў неба. Канструктары, паслугамi якiх карыстаўся 'Трансгалактык', ведалi сваю справу. Ляжак быў удалы - бадай, больш удалы, чым крэсла пiлота, хоць яно i было сканструявана на аснове дакладных матэматычных разлiкаў. Пiрксу стала холадна. Дзеля гэтага якраз i былi прымеркаваныя коўдры. Ён захутаўся ў iх, нiбыта нырнуў у пух.

Нехта кiраваўся сюды. Па лесвiцы, а не ў лiфце. Суседка па столiку. Колькi ёй можа быць гадоў? На ёй была ўжо iншая сукенка. А мо гэта зусiм iншая кабета? Яна ўлеглася праз тры лежакi ад яго. Разгарнула кнiгу. Вецер шамацеў старонкамi. Пiркс пазiраў проста перад сабой. Вельмi выразна быў бачны Паўднёвы Крыж. Абрэзаны рамай акна свяцiўся кавалачак Малога Магеланава Воблака, светлая плямка на чорным фоне. Ён падумаў, што палёт будзе доўжыцца сем дзён. За гэты час шмат што можа здарыцца. Ён знарок зашавялiўся. Тоўстая, складзеная ў чатыры столкi папера зашамацела ў нагруднай кiшэнi. Яму добра жылося на свеце - месца другога навiгатара ўжо чакала яго, ён ведаў дакладны маршрут: з Паўночнай Зямлi самалётам да Еўразii i далей, у Iндыю. Бiлетаў заставалася яшчэ цэлая кнiжачка - яе можна было чытаць, кожны бланк iншага колеру, падвойны, з адрыўнымi талонамi, залатымi беражкамi - усё, што 'Трансгалактык' выдаваў пасажырам, проста ззяла серабром альбо золатам. Пасажырка на трэцiм лежаку была надта пекная. Бадай, усё-ткi тая самая. Сказаць ёй што-небудзь - альбо лепей не варта? Бо ён ужо нiбыта назваўся ёй. Гэта сапраўднае няшчасце мець гэткае кароткае прозвiшча - не паспееш пачаць, а яно ўжо скончылася. 'Пiркс' гучыць зусiм як 'iкс'. Горш за ўсё бывае падчас тэлефонных размоў. Сказаць што- кольвечы? Што?

Ён зноў пачаў пакутаваць. На Марсе ён уяўляў сабе гэтае падарожжа зусiм iначай. Арматоры з Зямлi заплацiлi яму за пералёт - у iх, здаецца, былi нейкiя справы з 'Трансгалактыкам', i з iх боку гэта не было прыгожым жэстам. А ён, хоць i налётаў ужо амаль тры мiльярды, нiколi яшчэ не быў на чымсьцi такiм, што нагадвала 'Тытан'. Грузавыя караблi маюць зусiм iншы выгляд! Сто восемдзесят тысяч тон масы спакою, чатыры рэактары галоўнага ходу, хуткасць руху 65 кiламетраў у секунду, тысяча дзвесцi пасажыраў толькi ў аднамесных i двухмесных каютах з ваннымi, нумары люкс, гарантаваная пастаянная гравiтацыя, за выключэннем старту i пасадкi, найвышэйшы камфорт, найвышэйшая безаварыйнасць, сорак два чалавекi экiпажу i дзвесцi шэсцьдзесят абслугi. Керамiка, сталь, золата, паладый, хром, нiкель, iрыдый, пластык, карарскi мармур, дуб, чырвонае дрэва, серабро, крышталь. Два басейны. Чатыры кiназалы. Васемнаццаць станцый прамой сувязi з Зямлёй - толькi для пасажыраў. Канцэртная зала. Шэсць галоўных палуб, чатыры аглядныя, аўтаматычныя лiфты, заказ бiлетаў на ўсе ракеты ў межах Сонечнай сiстэмы на год наперад. Бары. Залы для забаў. Унiверсальная крама. Вулiчка рамеснiкаў - дакладная копiя нейкага зямнога завулка ў старым квартале горада: з вiнным склепам, газавымi лiхтарамi, месяцам, глухой сцяной i кошкамi, якiя шпацыруюць па ёй. Аранжарэя. I д'ябал ведае што яшчэ. Трэба ляцець цэлы месяц, каб паспець абысцi ўсё гэта хоць бы раз.

Суседка працягвала чытаць. Цi варта кабетам фарбаваць валасы ў гэткi колер? У нармальнага чалавека ён выклiкае... Але ёй, ёй гэткi колер быў якраз да твару. Пiркс падумаў, што, калi б ён трымаў у руцэ запаленую цыгарэту, патрэбныя словы адразу ж знайшлiся б. Палез у кiшэню.

Партабак, якi ён даставаў - нiколi раней ён не меў партабака, а гэты атрымаў у падарунак ад Бомана, на памяць, i насiў у знак дружбы, - гэты партабак нiбыта стаў крыху цяжэйшым. Толькi крышку. Але ён гэта адразу адчуў. Павялiчвалася паскарэнне?

Пiркс прыслухаўся. Ага.

Рухавiкi працавалi на вялiкай магутнасцi. Звычайны пасажыр гэтага зусiм не заўважыў бы: машынная зала 'Тытана' была адасоблена ад пасажырскай часткi корпуса чатырма iзаляцыйнымi пераборкамi.

Пiркс выбраў сабе бледную зорачку ў самым куточку аконнай рамы i не зводзiў з яе вачэй. Калi яны проста набiраюць хуткасць, зорачка не зрушыцца з месца. А калi яна здрыганецца...

Зорачка здрыганулася. I паволi - надзвычай марудна - паплыла ўбок.

'Паварот вакол вялiкай восi', - падумаў ён.

'Тытан' ляцеў па 'касмiчным тунелi', у якiм на трасе не было нiчога - нi пылу, нi метэарытаў, нiчога, акрамя пустэчы. Наперадзе, на адлегласцi тысяча дзевяцьсот кiламетраў ад яго, iмчаў лоцман 'Тытана', задача якога была забяспечыць свабодны шлях гiганту. Навошта? На ўсякi выпадак - хоць шлях i так быў свабодны. Ракеты дакладна вытрымлiвалi расклад руху, 'Трансгалактыку' быў гарантаваны палёт без перашкод па выдзеленым адрэзку парабалы на падставе пагаднення, заключанага Аб'яднаным Астранавiгацыйным таварыствам. Нiхто не мог заняць яго трасу. Метэарытныя зводкi паступалi цяпер загадзя, за шэсць гадзiн - з той пары як тысячы аўтаматычных зондаў сталi патруляваць сектары за арбiтай Урана, ракетам практычна перастала пагражаць якая-небудзь небяспека звонку. Пояс, на арбiтах якога памiж Зямлёй i Марсам насiлiся мiльярды метэарытаў, меў сваю патрульную службу, да таго ж ракетныя трасы праходзiлi па-за плоскасцю эклiптыкi, у якой круцiцца вакол Сонца грымлiвы метэарытны пояс. Прагрэс - нават з таго часу, калi Пiркс лётаў на патрульнай ракеце, быў вялiкi.

Словам, 'Тытан' не меў жаднай патрэбы лавiраваць - ён не мог сустрэць нiякiх перашкод, бо iх проста не iснавала. I ўсё-такi карабель рабiў паварот. Цяпер Пiрксу не трэба было нават глядзець на зорнае неба - ён адчуваў гэта ўсiм целам. Калi б ён захацеў, то, ведаючы хуткасць карабля, яго масу i хуткасць перамяшчэння зорак, ён мог бы вылiчыць крывiзну траекторыi.

'Штосьцi здарылася, - падумаў Пiркс. - Але што?'

Пасажырам нiчога не паведамлялi. Хiба што хаваюць штосьцi? Пiркс вельмi дрэнна разбiраўся ў парадках, што панавалi на пасажырскiх караблях люкс. Затое ён ведаў, што можа здарыцца ў машынным аддзяленнi, у рулявой рубцы... Гэта не надта вялiкая гаспадарка. У выпадку аварыi карабель захаваў бы ранейшую хуткасць альбо збавiў бы яе. Аднак 'Тытан'?..

Гэта доўжылася ўжо чатыры хвiлiны. Значыць, ракета збочыла амаль на 45 градусаў. Цiкава.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×