Нехта зачынiў дзверы. Мiндэл дакрануўся да пляча Пiркса.

- Трымайцеся за што-небудзь. Зараз будзе больш за два.

Пiркс хiтнуў галавой. Два жэ - гэта для яго нiчога не значыла, але ён разумеў, што зараз не час выхваляцца сваёй вынослiвасцю. Паслухмяна ўзяўся за падлакотнiк крэсла, у якiм сядзеў пажылы тэлеграфiст, i зноў чытаў праз яго плячо:

'Альбатрос чатыры Тытану кропка на працягу гадзiны не пратрымаюся на палубе кропка аварыйны люк зацiснула пэнкаючымi шпангоўтамi кропка тэмпература ў рулявой рубцы 81 кропка пара паступае ў рубку кропка паспрабую разрэзаць браню на носе i выйсцi кропка канец'.

Мiндэл выхапiў у яго з рук спiсаны бланк i пабег у другi пакой. Калi ён адчыняў дзверы, падлога крыху здрыганулася, i ўсе адчулi, што iх целы набрынялi цяжарам.

Увайшоў камандор - ён ступаў з вiдочным высiлкам. Сеў у сваё крэсла. Хтосьцi падаў яму вiсячы мiкрафон. У руках ён трымаў скамячаны лiсток апошнюю радыёграму з 'Альбатроса'. Камандор выпрастаў лiсток i доўга пазiраў на яго.

- 'Тытан' Марс - Зямля 'Альбатросу-4', - прамовiў ён нарэшце. - Будзем каля вас праз пяцьдзесят хвiлiн. Падыдзем курсам восемдзесят чатыры коска пятнаццаць кропка восемдзесят адзiн коска два кропка пакiдайце карабель. Пакiдайце карабель. Мы знойдзем вас. Так, знойдзем вас. Трымайцеся. Канец.

Чалавек у расшпiленым кiцелi, якi быў замянiў маладога сувязiста, раптам ускочыў i паглядзеў на камандора, якi падышоў да яго. Тэлеграфiст зняў з галавы слухаўкi, аддаў iх камандору, а сам пачаў рэгуляваць назойлiва хрыплiвы рэпрадуктар. Раптам усе здранцвелi.

У кабiне стаялi людзi, якiя лёталi ўжо шмат год, але гэткага нiхто з iх яшчэ не чуў. Той, чый голас чуўся з рэпрадуктара, змешаны з працяглым шумам, нiбыта адгароджаны сцяной агню, крычаў:

- Альбатрос - усiм - раствор - рулявая рубка - тэмпература - немагчыма экiпаж да канца - бывайце - праводка...

Голас перапынiўся, i стаў чутны толькi шум.

З рэпрадуктара даносiлася нейкае рыпенне. Было цяжка ўстаць, аднак усе паднялiся, згорбiўшыся, абапiраючыся на металiчныя сцены.

- 'Балiстычны восем' Месяцу Галоўнаму, - пачуўся моцны голас. - Iду да 'Альбатроса-4'. Дайце мне дарогу праз сектар 67, iду поўным ходам, манеўраваць пры абыходах не магу. Прыём.

Некалькi секунд панавала маўчанне.

- Месяц Галоўны да ўсiх у сектарах 66, 67, 68, 46, 47, 48 i 96. Аб'яўляю сектары закрытымi. Усе караблi, якiя не iдуць поўным ходам да 'Альбатроса-4', павiнны неадкладна застопарыць i паставiць рэактары на халасты ход, а таксама запалiць пазiцыйныя агнi. Увага, 'Парыў'! Увага, 'Тытан' Марс - Зямля! Увага, 'Балiстычны восем'! Увага, 'Кобальд сем нуль два'! Да вас звяртаецца Месяц Галоўны! Адкрываю вам вольную дарогу да 'Альбатроса-4'. Усякi рух у сектары вядучага радыуса пункта SOS прыпыняецца. Пачынайце тармазiць у нанапарсеку ад пункта SOS. Сачыце, каб тармазныя агнi ў аптычным радыусе 'Альбатроса' былi патушаныя, бо яго экiпаж ужо мог пакiнуць карабель. Хай пашанцуе. Хай пашанцуе. Канец.

А зараз адгукнуўся 'Парыў' - марзянкай. Пiркс услухоўваўся ў пiшчанне сiгналаў:

'Парыў Марс - Месяц да ўсiх хто iдзе на дапамогу Альбатросу чатыры кропка ўвайшоў у сектар Альбатроса кропка праз 18 хвiлiн буду ля яго кропка ў мяне перагрэўся рэактар коска пашкоджана сiстэма ахалоджвання кропка пасля выратавальных работ мне патрэбна медыцынская дапамога кропка пачынаю тармазiць поўным заднiм ходам кропка канец'.

- Вар'ят, - прамовiў нехта, i тады ўсе, хто стаяў да гэтага часу нiбыта статуi, пачалi шукаць вачыма таго, хто гэта сказаў. Пачулася кароткае, гнеўнае мармытанне.

- 'Парыў' з'явiцца першы, - сказаў Мiндэл i зiрнуў на камандора.

- Яму самому патрэбна будзе дапамога. Праз сорак хвiлiн...

Ён змоўк. Рэпрадуктар усё хрыпеў i хрыпеў. Раптам праз трэск пачулася:

- 'Парыў' Марс - Месяц да ўсiх, хто iдзе на дапамогу 'Альбатросу-4'. Знаходжуся ў аптычным радыусе 'Альбатроса'. 'Альбатрос' дрэйфуе прыблiзна па элiпсе Т-348. Карма напалiлася да вiшнёвага колеру. Сiгнальных агнёў няма. 'Альбатрос' не адказвае на пазыўныя. Спыняюся i распачынаю выратавальныя аперацыi. Канец.

У другiм пакоi адгукнулiся зумеры. Мiндэл i яшчэ адзiн мужчына выйшлi. У Пiркса ад напружання здранцвелi ўсе мышцы. Божа! Як хацелася яму быць там! Вярнуўся Мiндэл.

- Што там? - спытаўся камандор.

- Пасажыры пытаюцца, калi можна будзе танцаваць, - адказаў Мiндэл. Пiркс нават не пачуў гэтага. Ён пазiраў у рэпрадуктар.

- Ужо хутка, - спакойна адказаў камандор. - Уключыце мне аптычную сувязь. Мы падыходзiм. Праз некалькi хвiлiн павiнны ўбачыць iх. Калега Мiндэл, дайце другое папярэджанне - мы будзем тармазiць на фарсажы.

- Ёсць, - адказаў Мiндэл i выйшаў.

Рэпрадуктар загуў, i пачуўся голас:

- Месяц Галоўны 'Тытану' Марс - Зямля, 'Кобальду сем нуль два'! Увага! Увага! Увага! 'Балiстычны восем' заўважыў у цэнтры сектара 65 аб'ект свяцiльнасцю мiнус чатыры. 'Парыў' i 'Альбатрос' не адказваюць на пазыўныя. Iснуе магчымасць выбуху рэактара на 'Альбатросе'. Для захавання бяспекi пасажыраў 'Тытан' Марс - Зямля павiнен застопарыць i неадкладна адгукнуцца. 'Балiстычны восем' i 'Кобальд сем нуль два' дзейнiчаюць далей згодна са сваiм рашэннем. Паўтараю: 'Тытан' Марс - Зямля павiнен...

Усе пазiралi на камандора.

- Калега Мiндэл, - сказаў ён. - Застопарым у нанапарсеку?

Мiндэл пазiраў на цыферблат свайго гадзiннiка.

- Не, камандор. Мы ўваходзiм у аптычную зону. Спатрэбiлася б шэсць жэ.

- Тады зменiм курс.

- Усё роўна будзе ў крайнiм выпадку тры, - прамовiў Мiндэл.

- Цяжка.

Камандор устаў, падышоў да мiкрафона i пачаў гаварыць:

- 'Тытан' Марс - Зямля Месяцу Галоўнаму. Не магу застопарыць, у мяне надта вялiкая хуткасць. Мяняю курс абыходным манеўрам на палове магутнасцi рухавiкоў i выходжу курсам дзвесце два з сектара 65 у сектар 66. Прашу адкрыць мне шлях. Прыём.

- Прымiце паўтор, - звярнуўся ён да мужчыны, якi раней сядзеў побач з iм. Мiндэл штосьцi крычаў па ўнутраным тэлефоне. Няспынна гулi зумеры. На насценных табло ўспыхвалi агеньчыкi. Раптам нiбыта пацямнела - гэта кроў адхлынула ад вачэй. Пiркс шырока расставiў ногi. 'Тытан' тармазiў на павароце. Карабель ледзь прыкметна вiбраваў, чулася працяглае, на высокай ноце гудзенне рухавiкоў.

- Сядайце! - крыкнуў камандор. - Мне не патрэбны тут героi! Зараз тры жэ!

Усе селi на падлогу, дакладней, павалiлiся на яе. Яна была ўкрыта тоўстым слоем пенапласту.

- Ну i ну! Зараз усё там патаўчэцца! - прамармытаў чалавек, якi сядзеў побач з Пiрксам. Камандор пачуў гэта.

- Страхавое таварыства заплацiць, - адказаў ён са свайго крэсла.

Здаецца, было больш за тры жэ - Пiрксу цяжка было паднесцi руку да твару. Усе пасажыры ляжалi, напэўна, у каютах, але што рабiлася на кухнях, у сталоўках! Ён уявiў сабе аранжарэю. Гэтага ж нiводнае дрэва не вытрымае. А ўнiзе? Цэлыя вагоны разбiтай парцэляны! Неблагое вiдовiшча!

Рэпрадуктар адгукнуўся:

- 'Балiстычны восем' да ўсiх. Знаходжуся ў аптычнай зоне 'Альбатроса'. Ён - у хмары. Карма перагрэлася. Перапыняю тармажэнне i пасылаю ў прастору атрады для пошуку экiпажа 'Альбатроса'. 'Парыў' не адказвае на пазыўныя. Канец.

Паскарэнне змяншалася. Хтосьцi з'явiўся ў дзвярах i нешта крыкнуў. Ужо можна было ўстаць. Усе рушылi ў тыя дзверы, што вялi ў галоўную рулявую рубку. Пiркс увайшоў апошнi. Экран восем на шаснаццаць метраў займаў усю пярэднюю сцяну - увагнуты, вялiзны, як у кiнатэатры для гiгантаў. Усе агнi ў рубцы былi патушаныя. У прасторы, на чорным з зоркамi фоне, нiжэй галоўнай восi 'Тытана', у левым квадранце, тлела тоненькая рысачка, якая заканчвалася распаленым вiшнёвым вугельчыкам, падобным на агеньчык

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×