цыгарэты. Яна была ядром бледнага, крыху сплюшчанага пухiра, ад якога ва ўсе бакi разыходзiлiся танклявыя вострыя парасткi; праз гэта шарападобнае воблака ўсё больш выразна прабiвалася святло найбольш яркiх зорак. Раптам усе тарганулiся наперад - нiбыта хацелi ўвайсцi ў экран. Зусiм нiзка, у правым нiжнiм кутку, блiснула памiж сапраўдных зорак белая кропачка - i стала хуценька мiргаць. Гэта быў 'Парыў'.

'У рэактары Альбатроса пачалася непадуладная нам ланцуговая рэакцыя кропка маю страты людзей кропка ёсць абгарэлыя кропка прашу дактароў кропка перадатчык пашкоджаны выбухам кропка пацёк рэактар кропка гатоў да катапульты рэактара калi не спыню яго працяканне кропка', - расшыфроўваў Пiркс мiрганне кропкi.

'Альбатроса' ўжо не было бачна. Пасярод зорак вiсеў цяжкi бурштынава-бела-буры клуб дыму, выпучаны зверху грывастым нарастам. Ён апускаўся ўсё нiжэй, перабiраўся ў нiжнi левы вугал экрана - 'Тытан' прайшоў над iм, пракладваючы новы курс з сектара катастрофы.

У глыбiню цёмнага пакоя з дзвярэй радыёрубкi ўпала доўгая палоска святла. Быў чутны глас 'Балiстычнага':

- 'Балiстычны восем' Месяцу Галоўнаму. Застопарыў у цэнтральнай частцы сектара 65. 'Парыў' у нанапарсеку пада мной сiгналiзуе аптычна пра страты людзей i пра пацёклы рэактар, гатовы да катапульты рэактара, выклiкае лекарскую дапамогу. Пошукам экiпажа 'Альбатроса' перашкаджае заражэнне вакуума радыёактыўным воблакам з тэмпературай на паверхнi звыш 1200 градусаў. Знаходжуся ў аптычнай зоне 'Тытана' Марс - Зямля, якi рухаецца каля мяне поўным ходам, выходзячы ў сектар 66. Чакаю з'яўлення 'Кобальда сем нуль два' для правядзення сумесных мераў выратавання. Канец.

- Усе на свае месцы! - пачуўся моцны голас. Адначасна ўспыхнулi сiгнальныя агнi ў рулявой рубцы. Запанаваў рух, людзi iшлi каля сцен у тры бакi, Мiндэл аддаваў загады, стоячы ля размеркавальнага пульта; адначасова гулi некалькi зумераў. Нарэшце зала апусцела, i акрамя камандора, Мiндэла i Пiркса застаўся толькi малады тэлеграфiст, якi стаяў у кутку насупраць экрана i пазiраў на бэмбаль дыму, якi паступова рассейваўся, усё больш расплываўся i знiкаў.

- А, гэта вы, - сказаў камандор 'Тытана', нiбыта толькi зараз убачыў Пiркса, i падаў яму руку, - цi адгукаецца 'Кобальд'? - спытаўся ён у чалавека, якi з'явiўся ў дзвярах радыёрубкi.

- Так, камандор, iдзе зваротным.

- Добра.

Яны пастаялi хвiлiну, пазiраючы на экран. Апошнi шматок брудна-шэрай хмары знiк. Экран быў зноў повен чыстай, зорнай цемры.

- Хто-небудзь уратаваўся? - спытаўся Пiркс, нiбыта камандор 'Тытана' мог ведаць больш за яго самога. Але той быў першы, а першы павiнен ведаць усё.

- Мабыць, у iх заела дроселi, - адказаў камандор. Ён быў на галаву нiжэйшы за Пiркса. Валасы меў як з волава - было невядома, цi то ссiвеў, цi заўсёды былi гэткiя.

- Мiндэл, - кiнуў камандор iнжынеру, якi iшоў мiма, - зрабiце ласку, дайце адбой. Няхай танцуюць. Вы ведалi 'Альбатрос'? - спытаўся ён, звяртаючыся да Пiркса.

- Не.

- Заходняя кампанiя. Дваццаць тры тысячы тон. Што там?

Радыётэлеграфiст наблiзiўся i падаў яму спiсаны бланк. Пiркс прачытаў першыя словы: 'Балiстычны' да...'

Пiркс адступiўся на крок. Аднак цяпер ён замiнаў людзям, якiя штохвiлiнна праходзiлi праз рулявую рубку, i таму ён стаў ля самай сцяны ў кутку. Прыбег Мiндэл.

- Як 'Парыў'? - спытаўся ў яго Пiркс. Мiндэл выцiраў хусцiнкай успацелы лоб. Пiрксу здалося, што яны ўжо былi знаёмыя - яшчэ з даўняй даўнiны.

- Не найгорш, - засоп Мiндэл. - Дасталося ад выбуху. Сiстэма ахалоджвання рэактара выйшла са строю - гэтая брыдота заўсёды ляцiць першая. Маюцца апёкi першай i другой ступенi. Лекары ўжо там.

- З 'Балiстычнага'?

- Ага.

- Камандор! Месяц Галоўны! - загукаў нехта з дзвярэй радыёрубкi, i камандор выйшаў. Пiркс стаяў насупраць Мiндэла, якi машынальна дакрануўся да сваёй апухлай шчакi i схаваў хусцiнку ў кiшэню.

Пiркс хацеў далей распытваць Мiндэла - але той нiчога ўжо не сказаў яму, толькi хiтнуў галавой i пайшоў у радыёрубку. Рэпрадуктар гаварыў дзесяццю галасамi, караблi з пяцi сектараў дапытвалiся пра 'Альбатроса', пра 'Парыў', Месяц Галоўны загадаў нарэшце, каб усе змоўклi, i спрабаваў аднавiць графiк руху ракет, якi быў парушаны ў 65 сектары. Камандор сядзеў побач з тэлеграфiстам i нешта пiсаў. Нечакана тэлеграфiст зняў слухаўкi i адклаў iх нiбыта яны сталi ўжо непатрэбныя яму. Ва ўсякiм разе так здалося Пiрксу. Ён падышоў да яго ззаду. Хацеў спытацца, што з людзьмi 'Альбатроса' - цi ўдалося iм выбрацца. Радыётэлеграфiст адчуў яго прысутнасць, узняў галаву i зiрнуў Пiрксу ў твар. Пiркс нiчога ў яго не спытаўся. Ён выйшаў з залы праз дзверы з надпiсам: 'ТОЛЬКI ДЛЯ ЗОРНАГА ПЕРСАНАЛУ'.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×