выгнаць з думак вобраз, што не даваў яму спакою. Ён адчуў амаль непераможнае жаданне выкрыкнуць на поўны голас брудныя словы лаянкi. Або разбегчыся i выцяцца галавою аб сцяну, або перакулiць стол i шпурнуць чарнiлiцу праз акно - зрабiць што-небудзь гвалтоўнае, аглушальнае, балючае, каб пазбавiцца ад пакутлiвых успамiнаў.

Найгоршы вораг, разважаў ён, - гэта твае ўласныя нервы. Кожную хвiлiну ўнутранае напружанне магло выявiцца ў вонкавых сiмптомах. Яму прыгадаўся адзiн чалавек, якога ён спаткаў на вулiцы пару тыдняў таму: зусiм звычайны на выгляд чалавек, сябра Партыi трыццацi пяцi або сарака гадоў, даволi высокi i худы, з партфелем пад пахай. Памiж iмi заставалася колькi метраў, калi левая палова твару чалавека сутаргава перасмыкнулася. Той самы рух паўтарыўся яшчэ раз у той момант, калi яны размiнулiся: гэта быў кароткi, амаль незаўважны рух, сутарга, iмгненная, як пстрычок фотаапарата, але вiдавочна хранiчная. Ён згадаў, што тады падумаў: небарака, тваё становiшча безнадзейнае! I самае жахлiвае ў гэтым было тое, што хутчэй за ўсё той чалавек рабiў гэты рух зусiм несвядома. Найвялiкшай жа небяспекай было размаўляць праз сон. Наколькi ён ведаў, засцерагчыся ад гэтага не было нiякай магчымасцi.

Ён уздыхнуў i стаў пiсаць далей:

Я ўвайшоў з ёй у падваротню, прайшоў праз заднi двор i трапiў у нейкую кухню ў падвальным паверсе дома. Ля сцяны стаяў ложак, стол i на iм цьмяная лямпа. Яна...

Яму зрабiлася гiдка. Захацелася плюнуць. Адначасова з думкай пра жанчыну яму прыгадалася Кэтрын, яго жонка. Ўiнстан быў жанаты - цi, прынамсi, быў калiсьцi жанаты; магчыма, ён быў жанаты яшчэ i цяпер, бо, наколькi ён ведаў, яго жонка не памерла. Яму здалося, што ён зноў удыхае цёплы, задушлiвы пах кухнi ў падвальным паверсе, пах клапоў, бруднай бялiзны i агiднай таннай, але ўсё ж прывабнай парфумы. Жанчыны з Партыi нiколi не карысталiся парфумай, гэта ўвогуле немагчыма было сабе ўявiць. Толькi пролы карысталiся парфумай. У ягоным уяўленнi гэты пах быў чамусьцi звязаны з распустай.

Калi ён пайшоў з гэтай жанчынай, гэта было яго першай правiннасцю за амаль два гады. Зносiны з прастытуткай былi, вядома ж, забароненыя, але гэта быў адзiн з тых законаў, якi час ад часу можна было наважыцца парушыць. Гэта было небяспечна, але гэта не было справай жыцця i смерцi. Быць заспетым з прастытуткай значыла пяць гадоў лагераў прымусовай працы, але не болей, калi не дапушчана iншых правiннасцяў. А гэта ўжо было вельмi проста, калi абладзiць так, каб цябе не заспелi за справай. У бедных кварталах было шмат жанчын, якiя гатовыя прадацца. Некаторых нават можна мець за бутэльку джыну, зрэшты, забароненага для пролаў. Партыя нават схiлялася цiшком да таго, каб спрыяць прастытуцыi як сродку разняволення iнстынктаў, якiя немагчыма цалкам заглушыць. Да найбруднейшае распусты ставiлiся спакойна, пакуль яна была неперыядычнай i не прыносiла радасцi i калi ў ёй бралi ўдзел толькi жанчыны прыгнечаных i пагарджаных класаў. З другога боку, недаравальным злачынствам была распуста мiж сябрамi Партыi. Усё ж - хоць i гэта было адно са злачынстваў, у якiх нязменна прызнавалiся абвiнавачаныя пад час вялiкiх чыстак, - цяжка было сабе ўявiць, што гэткае сапраўды магло адбывацца.

Мэтай Партыi было не толькi не дапусцiць заснаваных на вернасцi сувязяў памiж мужчынамi i жанчынамi, якiя яна, магчыма, была б няздольная кантраляваць. Яе сапраўдным, патаемным намерам было пазбавiць палавы акт усялякае радасцi. Не так само каханне, як эротыка разглядалася як нешта варожае, i ў шлюбе, i па-за iм. Усе шлюбы памiж сябрамi Партыi адбывалiся толькi з дазволу адмысловае камiсii, i гэты дазвол не даваўся - хоць гэты прынцып i не быў дакладна вызначаны, - калi пара пакiдала ўражанне, што яны маюць адно да аднаго нейкую фiзiчную цягу. Адзiнай прызнанай мэтай шлюбу было нараджэнне дзяцей для служэння Партыi. Палавы акт лiчыўся неiстотнай i даволi непрыемнай справай, накшталт клiзмы. I гэтае палажэнне не было выразна акрэслена, яно ўскосна прышчаплялася кожнаму сябру Партыi яшчэ з маленства. Iснавалi нават арганiзацыi, накшталт Антысексуальнага Саюза Моладзi, якiя выступалi за поўную бясшлюбнасць абодвух полаў. Усе дзецi мусiлi быць зачатыя шляхам штучнага апладнення (у навамоўi - штучнаплод) i выхаваныя ў дзяржаўных установах. Ўiнстан вельмi добра ведаў, што ўсё гэта было не надта сур'ёзна, але гэта не пярэчыла агульнай партыйнай iдэалогii. Партыя iмкнулася знiшчыць палавы iнстынкт або, калi яго немагчыма было знiшчыць, перакруцiць i апаганiць. Ён не ведаў, чаму так было, але здавалася натуральным, што так павiнна быць. I што да жанчын, дык тут намаганнi Партыi мелi поўны поспех.

Ён зноў падумаў пра Кэтрын. Прайшло ўжо пэўна дзевяць, дзесяць - амаль адзiнаццаць гадоў, як яны рассталiся. Было дзiўна, як рэдка ён пра яе думаў. Ён мог цэлымi днямi нават не згадваць, што ён быў жанаты. Яны пражылi разам толькi месяцаў пятнаццаць. Партыя не дазваляла разводаў, але дапускала расстанне ў выпадку бяздзетнага шлюбу.

Кэтрын была высокая бялявая жанчына, яна мела зграбную постаць i далiкатныя рухi. У яе быў адважны арлiны твар, якi можна было назваць высакародным, пакуль не заўважыш, што за iм абсалютна нiчога няма. Ужо на самым пачатку свайго жыцця з Кэтрын ён прыйшоў да думкi - можа, таму, што ён ведаў яе блiжэй, чым iншых людзей, - што яна найдурнейшая, найзвычайнейшая i найпусцейшая iстота, якую ён толькi бачыў у жыццi. У яе ў галаве не было нiякiх думак, адны толькi лозунгi, i не iснавала нiводнага глупства, якое яна не прыняла б з радасцю, калi б толькi Партыя яго ёй падсунула. Ён цiшком даў ёй мянушку 'жывы гуказапiс'. I ўсё ж ён здолеў бы з ёй пражыць, калi б не адна рэч - палавое жыццё.

Калi ён да яе дакранаўся, здавалася, што яна ўздрыгвала i дранцвела. Калi ён яе абдымаў, яму здавалася, што ён абдымае драўляную ляльку. I калi яна тулiла яго да сябе, у яго ўзнiкала дзiўнае пачуццё, быццам адначасова яна з усяе моцы адпiхвае яго ад сябе. Уражанне гэтае ўзнiкала з-за напружанасцi яе мускулаў. Звычайна яна ляжала, заплюшчыўшы вочы, не супрацiўлялася i не дапамагала, а толькi падпарадкоўвалася. Спачатку Ўiнстану было надзвычай няёмка, а з цягам часу зрабiлася агiдна. Але i тады ён здолеў бы вытрымаць супольнае з ёй жыццё, калi б толькi яны дамовiлiся, што будуць жыць кожнае само па сабе. Але, надзiва, якраз Кэтрын была супраць. Яна казала, што яны мусяць, калi гэта магчыма, нарадзiць дзiця. Такiм чынам, палавы акт адбываўся рэгулярна раз на тыдзень, выключаючы выпадкi, калi ён быў немагчымы. Звычайна ўжо ранiцай адпаведнага дня яна нагадвала яму пра гэта, як пра нешта, што павiнна абавязкова адбыцца ўвечары i пра што нельга забыцца. Дзеля гэтага ў яе было два азначэннi: 'зрабiць дзiця' i 'выканаць наш партыйны абавязак'. Неўзабаве ў Ўiнстана развiлося пачуццё сапраўднага страху, калi наблiжаўся прызначаны дзень. Але, на шчасце, дзiця так i не з'явiлася на свет, i ўрэшце яна адмовiлася ад спробаў. Неўзабаве пасля гэтага яны рассталiся.

Ўiнстан цiха ўздыхнуў. Пасля зноў узяў пяро i напiсаў далей у дзённiку:

Яна кiнулася ў ложак i адразу, без нiякага папярэджання, самым брыдкiм i агiдным чынам, якi толькi можна сабе ўявiць, задрала спаднiцу. Я...

Ён уявiў сабе, як ён стаiць у цьмяным святле лямпы, ноздры раздзiрае пах клапоў i таннай парфумы, а душу поўнiць пачуццё прыгнечанасцi i абурэння, i нават у гэты момант яго мучыць думка пра белае цела Кэтрын, якое гiпнатычная сiла Партыi ператварыла ў лёд. Чаму так павiнна быць заўсёды? Чаму ён не мог мець сваёй жанчыны замест гэтай бруднай валтузнi раз на некалькi гадоў? Але сапраўднае каханне было амаль неверагодным. Жанчыны з Партыi былi ўсе аднолькавыя. Устрыманне было iм прышчэплена гэтаксама глыбока, як i вернасць Партыi. Праз стараннае ранняе выхаванне, праз спартовыя гульнi i халодную ваду, праз усю тую бязглуздзiцу, што ўбiвалася iм у галовы ў школе, у Шпiёнах i ў Саюзе Моладзi, праз лекцыi, парады, песнi, партыйныя лозунгi i вайсковую музыку - праз усё гэта натуральныя пачуццi былi выкаранены. Розум казаў яму, што мусiлi быць выключэннi, але сэрца не верыла ў гэта. Жанчыны, як i хацела Партыя, былi абсалютна непахiсныя. Яму вельмi хацелася, нават больш, чым быць каханым, знесцi гэтыя муры цноты, хай сабе хоць адзiн раз у жыццi. Акт палавога злiцця, выкананы з радасцю, быў паўстаннем. Палавое жаданне было думзлачынствам. Нават калi б ён абудзiў Кэтрын - калi б толькi гэта ў яго магло атрымацца, - гэта лiчылася б спакушэннем, хоць яна i была яго жонкай.

Але трэба было скончыць тую гiсторыю. Ён напiсаў:

Я запалiў лямпу ярчэй. Калi я ўбачыў яе на святле...

Пасля прыцемкаў слабое святло парафiнавай лямпы здалося яму вельмi яркiм. Упершыню ён мог як след разгледзець жанчыну. Ён зрабiў крок да яе i спынiўся, поўны жадання i жаху. Ён пакутлiва ўсведамляў небяспеку, якую ён на сябе навёў, прыйшоўшы сюды. Было цалкам магчыма, што, калi ён будзе выходзiць, яго схопiць патруль; можа, у гэты момант яны ўжо чакалi пад дзвярыма. Калi б ён зараз пайшоў адсюль, нават не зрабiўшы таго, дзеля чаго прыйшоў!..

Трэба было дапiсаць да канца, трэба было выспаведацца. Пад поўным святлом лямпы ён раптам заўважыў, што жанчына старая. Слой пудры на твары быў такi густы, што, здавалася, мог адвалiцца, як маска з кардону. У яе валасах былi сiвыя пасмы. Але самае жахлiвае было тое, што яе разяўлены рот быў агiднай чорнай адтулiнай - у яе зусiм не было зубоў. Ён паспешлiва запiсаў крывымi лiтарамi:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×