само. Гэта было падобна на тое, як плыць супраць вады, калi цячэнне цягне цябе назад, як бы зацята ты з iм нi змагаўся, а пасля раптам павярнуцца i паплыць за вадой. Не змянiлася нiчога, апроч тваёй пазiцыi, ва ўсялякiм разе, адбылося тое, чаго трэба было чакаць. Цяпер ён ужо i не ведаў, нашто ён узбунтаваўся. Усё было проста, апроч...!

Усё магло быць праўдай. Гэтак званыя законы прыроды былi бязглуздзiцай. Закон прыцягнення быў бязглуздзiцай. 'Калi б я захацеў, - казаў О'Браэн, - я мог бы ўзняцца над падлогай, як мыльная бурбалка'. Ўiнстан расшыфраваў гэтую фразу: 'Калi ён падумае, што ён узнiмаецца над падлогай, а я ў той самы час падумаю, што бачу, як ён гэта робiць, дык гэта на самай справе адбудзецца'. I раптам, як кавалак карабля, што ўсплыў пасля крушэння, у галаву ўварвалася думка: 'Так не можа быць. Мы гэта сабе ўяўляем. Гэта галюцынацыя'. Ён адразу ж адкiнуў гэтую думку. Памылка была вiдавочная. Мелася на ўвазе, што недзе па- за свядомасцю ёсць 'рэальны' свет, дзе адбываюцца 'рэальныя' рэчы. Але як мог iснаваць такi свет? Якiя веды мы можам мець пра штосьцi, калi толькi не праз нашу свядомасць? Усё адбываецца толькi ў свядомасцi. Усё, што адбываецца ў свядомасцi, адбываецца на самай справе.

Яму было няцяжка пазбавiцца ад гэтай памылковай думкi, не было нiякай небяспекi, што ён паддасца ёй. Аднак ён падумаў, што яна не павiнна была прыйсцi яму ў галаву. Розум павiнен схавацца за глухi мур, як толькi з'яўляецца небяспечная думка. Працэс гэты мусiць быць аўтаматычны, iнстынктыўны. На навамоўi гэта называлася стопзлачын.

Ён узяўся практыкавацца ў стопзлачыне. Ён выбраў два сказы - 'Партыя кажа, што Зямля плоская' i 'Партыя кажа, што лёд цяжэйшы за ваду' - i пачаў практыкавацца ў тым, каб не бачыць або не разумець аргументаў, што пярэчаць гэтым сцверджанням. Гэта было няпроста. Гэта патрабавала глыбокага ўмення разважаць i iмправiзаваць. Напрыклад, арыфметычная праблема, узнятая сцверджаннем 'Двойчы два - пяць', была вышэйшая за яго iнтэлектуальныя магчымасцi. Тут патрабаваўся яшчэ i пэўны разумовы атлетызм, здольнасць у пэўны момант ужываць найскладнейшыя лагiчныя прыёмы, а ў наступны момант не заўважаць найгрубейшых лагiчных памылак. Дурасць гэтаксама патрэбная, як i разумнасць, i дасягнуць яе таксама цяжка.

I ўвесь гэты час нейкай часткай мозгу ён не пераставаў думаць адно: як хутка яны яго расстраляюць? 'Усё залежыць ад вас', - казаў О'Браэн, але ён ведаў, што ён не наблiзiць гэта нiякiм свядомым учынкам. Можа, гэта адбудзецца праз дзесяць хвiлiн, а можа, i праз дзесяць гадоў. Яны маглi гадамi трымаць яго ў адзiночнай камеры, маглi паслаць яго ў лагер прымусовай працы, маглi вызвалiць яго на нейкi час, як яны часам рабiлi. Было цалкам магчыма, што, перш чым яго расстраляюць, увесь спектакль яго арышту i допытаў будзе разыграны зноў. Пэўным было толькi тое, што смерць заўсёды заспявала неспадзеўкi. Паводле традыцыi - не выказанай словамi, усе пра гэта ведалi, хоць нiхто пра гэта i не казаў, - яны заўсёды забiвалi ззаду: заўсёды стралялi ў патылiцу без папярэджання, пад час пераводу з адной камеры ў другую.

Аднаго дня - хоць, можа, слова 'дзень' тут не надта пасавала, бо з гэткай жа верагоднасцю гэта магла быць i ноч; карацей кажучы, аднойчы - яго ахапiлi дзiўныя, шчасныя летуценнi. Яму мроiлася, што ён iдзе па калiдоры, чакаючы кулi ў патылiцу. Ён ведаў, што праз хвiлiну яна яго дагонiць. Усё было вырашана, прыладжана, узгоднена. Не было болей нiякiх сумненняў, нiякiх пярэчанняў, нiякага болю, нiякага страху. Яго цела было здаровае i дужае. Ён iшоў лёгка i радасна, ён уяўляў сабе, што гуляе пад сонейкам на вольным паветры. Ён быў ужо не ў вузкiх белых калiдорах Мiнiстэрства Любовi, ён iшоў прасторным, на кiламетр ушыркi, праходам, залiтым сонцам, тым самым праходам, якi ён бачыў у трызненнi, выклiканым лекамi. Ён iшоў па Залатой Краiне, па сцежцы, што вяла праз луг, сям-там паточаны кратавiннем. Ён адчуваў пад нагамi пругкi дзiрван, пяшчотныя сонечныя промнi лашчылi твар. На краi поля павольна калыхалiся вязы, а недзе за ўсiм гэтым цякла рачулка, а ў ёй у зялёных затоках пад нiцымi вербамi плавалi маленькiя рыбкi.

I раптам ён ускочыў, працяты жахам. Спiна ў яго ўкрылася халодным потам. I ён пачуў свой адчайны крык:

- Джулiя! Джулiя! Джулiя, каханая! Джулiя!

На нейкi момант у неадольнай галюцынацыi яму прымроiлася, што яна побач з iм. Здавалася, што яна не проста з iм, а ўнутры яго. Яна нiбы запоўнiла сабою кожную клетачку яго цела. У гэтую хвiлiну ён кахаў яе значна болей, чым тады, калi яны былi разам i на волi. I яшчэ ён ведаў, што яна жывая i чакае ад яго дапамогi.

Ён лёг на ложак i паспрабаваў супакоiцца. Што ён нарабiў! Колькi гадоў дадаў ён да свайго рабства гэтай хвiлiнай слабасцi!

Праз нейкi момант ён пачуе грукат ботаў у калiдоры. Яны не пакiнуць гэтага выбуху пачуццяў без пакарання. Цяпер яны даведаюцца, калi толькi не ведалi гэтага раней, што ён парушае пагадненне, заключанае з iмi. Ён падпарадкоўваўся Партыi, але ён усё яшчэ ненавiдзеў Партыю. Раней ён хаваў ерэтычныя думкi пад маскай добранадзейнасцi. Цяпер ён адступiўся на крок: у думках ён здаўся, але спадзяваўся захаваць чыстай душу. Ён ведаў, што не меў рацыi, але ён палiчыў за лепшае не мець рацыi. Яны зразумеюць гэта - О'Браэн гэта зразумее. Усё гэта выявiлася ў адзiным неразумным выкрыку.

Яму прыйдзецца пачынаць усё спачатку. Можа, на гэта пойдуць гады. Ён правёў рукою па твары, спрабуючы прызвычаiцца да новых абрысаў. Шчокi былi парэзаны глыбокiмi барознамi, скулы тырчалi, нос прыплюснуўся. Апроч гэтага, з таго часу, як ён апошнi раз глядзеўся ў люстэрка, яму выдалi новы зубны пратэз. Было вельмi цяжка захоўваць непранiкальнасць твару, калi не ведаеш, як твой твар выглядае. Ва ўсялякiм разе, простага кантролю над тварам было недастаткова. Упершыню ён зразумеў, што, калi хочаш захаваць таямнiцу, ты мусiш хаваць яе i ад самога сябе. Мусiш ведаць заўсёды, што яна з табой, але пакуль не надыдзе патрэба, яна не павiнна ўсплываць у тваёй свядомасцi нi ў якай выразнай форме. Адгэтуль ён мусiў не толькi правiльна думаць, але i правiльна адчуваць, i правiльна марыць. I ўвесь гэты час ён мусiў трымаць сваю нянавiсць замкнёнай унутры сябе, як нейкi цвёрды шарык, якi быў бы часткай яго i разам з тым не быў бы звязаны з рэштай цела, накшталт кiсты.

Аднойчы яны вырашаць яго расстраляць. Немагчыма сказаць, калi гэта адбудзецца, але за некалькi секунд перад тым можна здагадацца. Заўсёды ззаду, калi вядуць па калiдоры. Дзесяцi секундаў было б дастаткова. За гэты час свет унутры яго мог бы перавярнуцца. I тады раптам, не кажучы нi слова, не прыпыняючы хады, не мяняючы выразу твару - раптам ён скiне камуфляж i - бабах! - стрэляць батарэi яго нянавiсцi. Нянавiсць ахопiць яго, як нястрымнае разлютаванае полымя. I амаль у той самы момант - бабах! - грымне стрэл, занадта позна цi занадта рана. Яны выб'юць яму мазгi, так i не выправiўшы iх. Ерэтычная думка застанецца непакараная, нераскаяная, назаўсёды для iх недасягальная. Застрэлiўшы яго, яны прастрэляць дзiру ў сваёй дасканаласцi. Памерцi, ненавiдзячы iх, - вось у чым была свабода.

Ён заплюшчыў вочы. Гэта было цяжэй, чым пагадзiцца на разумовую дысцыплiну. Тут трэба было ўжо прынiжацца, калечыць самога сябе. Ён мусiў акунуцца ў самы агiдны i мярзотны бруд. Што было найстрашнейшае, найагiднейшае? Ён падумаў пра Вялiкага Брата. Вялiзны твар (бачачы яго паўсюль на плакатах, ён заўсёды ўяўляў яго сабе на метр шырынёю) з густымi чорнымi вусамi i вачыма, што сочаць за табою, куды б ты нi пайшоў, мiжволi ўзнiк у яго свядомасцi. Якiя былi яго сапраўдныя пачуццi да Вялiкага Брата?

Пачуўся грукат ботаў па калiдоры. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчынiлiся. О'Браэн увайшоў у камеру. За iм стаяў афiцэр з васковым тварам i ахоўнiкi ў чорным.

- Устаньце, - загадаў О'Браэн. - Хадзiце сюды.

Ўiнстан стаяў насупраць яго. О'Браэн паклаў Ўiнстану на плечы свае дужыя рукi i ўважлiва паглядзеў на яго.

- Вы хацелi падмануць мяне, - сказаў ён. - Гэта было неразумна. Станьце роўна. Паглядзiце мне ў вочы.

Ён памаўчаў, пасля сказаў ужо мякчэй:

- Вы iдзяцё на папраўку. Iнтэлектуальна вы ўжо амаль здаровы. А вось што да эмоцый, дык тут вам не ўдалося зрушыцца з месца. Скажыце мне, Ўiнстан - але памятайце: не манiць, бо вы ведаеце, што я адразу распазнаю ману, - скажыце мне, якiя вашы сапраўдныя пачуццi да Вялiкага Брата?

- Я ненавiджу яго.

- Вы ненавiдзiце яго. Добра. Значыць, настаў час, каб вы зрабiлi апошнi крок. Вы павiнны палюбiць Вялiкага Брата. Мала проста падпарадкоўвацца яму вы павiнны палюбiць яго.

I ён лёгенька падштурхнуў Ўiнстана да ахоўнiкаў.

- Пакой 101, - сказаў ён.

5

На кожнай стадыi свайго зняволення ён ведаў цi яму

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×