Ўiнстан разгарнуў i прачытаў чатыры цыдулкi. У кожнай было кароткае паведамленне-iнструкцыя з аднаго цi двух радкоў на скарочаным жаргоне, якi ўжываўся ў Мiнiстэрстве ва ўнутраных мэтах i меў шмат паасобных слоў з навамоўя. Там было напiсана:

таймз 17.3.84 вб прамова афрыка памылзвест выправiць

таймз 19.12.83 прагноз 3 гп 4 кв 83 памылдрук праверыць новавыд

таймз 14.2.84 мiндаст шакалад памылцыт выправiць

таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюснядобра называе нечалавекаў усё перапiсаць угору перадархiў

Ўiнстан задаволена адклаў апошняе паведамленне ўбок. Гэта было складанае i адказнае заданне, i ён вырашыў адкласцi яго на пасля. Тры астатнiя былi звычайнымi, хоць другое i патрабавала нуднага перагляду шматлiкiх лiчбаў.

Ўiнстан набраў на тэлеглядзе 'Старыя нумары', замовiў 'Таймз' за адпаведныя днi, i праз пару iмгненняў яны ўжо выпалi з трубкi пнеўматычнай пошты. Паведамленнi, што ён атрымаў, датычылi газетных артыкулаў i рэпартажаў, якiя з той або iншай прычыны было патрэбна выправiць цi, паводле афiцыйнай тэрмiналогii, удакладнiць. Так, напрыклад, з 'Таймз' за 17 сакавiка вынiкала, што напярэдаднi Вялiкi Брат у сваёй прамове прадказаў, што на Паўднёва-iндыйскiм фронце ўсё будзе спакойна, а ў Паўночнай Афрыцы хутка пачнецца эўразiйскi наступ. У сапраўднасцi, аднак, Эўразiйскае Вышэйшае Камандаванне запланавала наступ у Паўднёвай Iндыi, а ў Афрыцы панаваў спакой. Таму трэба было напiсаць новы варыянт прамовы Вялiкага Брата, якi б прадказваў тое, што адбылося на самай справе. У другiм выпадку 'Таймз' за 19 снежня змясцiла афiцыйныя прагнозы вытворчасцi розных тавараў шырокага ўжытку на чацвёрты квартал 1983 года, якi адначасна быў шостым кварталам Дзевятай Трохгодкi. Сённяшнi выпуск змяшчаў справаздачу пра фактычны ўзровень прадукцыi, з якой вынiкала, што шмат у якiх галiнах прагнозы не спраўдзiлiся. Ўiнстанава задача палягала цяпер у тым, каб выправiць старыя лiчбы i прывесцi iх у адпаведнасць з новымi. Што да трэцяй паперкi, дык тут была простая памылка, якую можна выправiць за пару хвiлiн. Яшчэ ў лютым Мiнiстэрства Дастатку выступiла з абяцаннем (у афiцыйнай мове - 'катэгарычнай гарантыяй'), што ў 1984 годзе не будзе нiякiх скарачэнняў нормы на шакалад. У сапраўднасцi, як ужо ведаў Ўiнстан, у канцы гэтага тыдня норма шакаладу змяншалася з трыццацi да дваццацi грамаў. Заставалася толькi замест ранейшага абяцання падставiць папярэджанне, што, магчыма, будзе неабходна скарацiць норму на працягу красавiка.

Апрацаваўшы тры гэтыя паведамленнi, Ўiнстан прышпiлiў свае надыктаваныя на мовапiс папраўкi да адпаведных нумароў 'Таймз' i паклаў iх у цылiндр пнеўматычнай пошты. Пасля ён амаль зусiм машынальна скамячыў усе свае нататкi i ўкiнуў iх у дзiру памяцi, аддаючы iх пажыральнаму полымю.

Што адбывалася ў нябачным лабiрынце, куды збягалiся ўсе трубкi пнеўматычнай пошты, ён ведаў толькi ў агульных рысах. Калi ўсе папраўкi, неабходныя для аднаго нумару 'Таймз', збiралiся i крытычна параўноўвалiся адна з адной, нумар друкаваўся нанова, старыя нумары знiшчалiся, а iх месца на архiўных палiцах займалi новыя, выпраўленыя выданнi. Гэты няспынны працэс пераробкi ахоплiваў не толькi газеты, але i кнiгi, часопiсы, брашуры, плакаты, улёткi, фiльмы, магнiтазапiсы, мультфiльмы, фотаздымкi - усе вiды лiтаратуры цi дакументацыi, якiя маглi мець хоць якое палiтычнае цi iдэалагiчнае значэнне. Мiнулае асучаснiвалася штодзённа, нават штохвiлiнна. Гэткiм чынам зацвярджалася дакументальна слушнасць кожнага партыйнага выказвання. Натуральна ж, не пакiдалася нiякiх пiсьмова зафiксаваных паведамленняў i выказванняў, якiя б супярэчылi iнтарэсам бягучага моманту. Уся гiсторыя была палiмпсестам, з якога саскрэбвалi старыя пiсьмёны i пiсалi новыя, так часта, як гэта было неабходна. Пасля таго як справа была зробленая, было абсалютна немагчыма выявiць фальшаванне. Самая вялiкая секцыя аддзела дакументацыi, значна большая за тую, дзе працаваў Ўiнстан, складалася з людзей, задачай якiх было вышукваць i збiраць усе асобнiкi кнiг, газет i iншых дакументаў, што сталi несапраўднымi i падлягалi знiшчэнню. Такiм чынам, адзiн нумар 'Таймз' з прычыны змены палiтычнай кан'юнктуры або нездзяйснення памылковых прагнозаў Вялiкага Брата быў ужо, магчыма, тузiн разоў перапiсаны, аднак усё яшчэ стаяў у архiве пад першапачатковай датай, i нiдзе не iснавала супярэчнага яму асобнiка. Кнiгi таксама канфiскоўвалi, хутка перапiсвалi i выдавалi зноў без найменшай спасылкi на змены ў тэксце. Нават у пiсьмовых iнструкцыях, якiя Ўiнстан атрымлiваў i, выканаўшы, заўсёды адразу знiшчаў, не ўпамiналася нi слова пра тое, што трэба было зрабiць фальшаванне: гаворка заўсёды iшла пра недагляд, памылкi цi неправераныя цытаты, якiя дзеля дакладнасцi трэба было прывесцi да ладу.

I сапраўды, думаў ён, выпраўляючы лiчбы Мiнiстэрства Дастатку, гэта было нават не фальшаванне. Проста адну бязглуздзiцу замянялi на другую. Матэрыял, якi трэба было перарабiць, у большасцi выпадкаў не меў нiчога агульнага з рэчаiснасцю. Лiчбы ў першапачатковым варыянце былi гэткiм жа прадуктам фантазii, як i выпраўленнi. Часцей за ўсё iх проста выдумлялi. Напрыклад, Мiнiстэрства Дастатку ў сваiх прагнозах прадугледжвала, што выпуск ботаў за квартал складзе 145 мiльёнаў пар. Паводле фактычных дадзеных, было выпушчана 62 мiльёны. Перапiсваючы прагнозы, Ўiнстан, аднак, зменшыў лiчбу да 57 мiльёнаў, каб стварыць падставы для звычайнага сцверджання, што план быў перавыкананы. Аднак 62 мiльёны былi не блiжэй да рэчаiснасцi, чым 57 або 145 мiльёнаў. Вельмi верагодна, што ўвогуле не было выпушчана нiводнага бота. Яшчэ верагодней было тое, што нiхто не ведаў, колькi ботаў выпушчана, не кажучы ўжо пра тое, што гэта нiкога не цiкавiла. Вядома было толькi, што на паперы за квартал выпушчана астранамiчная колькасць ботаў, тым часам як, можа, палова насельнiцтва Акiянii хадзiла босая. I гэтак было з кожным дакументальна зафiксаваным фактам, незалежна ад яго важнасцi. Усё расплывалася ў нейкiм свеце ценяў, дзе ўрэшце нават даты сталi няпэўнымi.

Ўiнстан кiнуў позiрк праз залу. У гэткай самай нiшы-кабiнеце з другога боку працаваў Тылатсан, маленькi педантычны чалавек са скамячанай газетай на каленях, з мiкрафонам мовапiса каля самага рота. Ён трымаўся так, быццам тое, што ён казаў, мусiла застацца таямнiцай памiж iм i тэлеглядам. Ён падняў вочы, i яго акуляры варожа блiснулi.

Ўiнстан мала ведаў Тылатсана i не меў нiякага ўяўлення, чым ён займаецца. Людзi ў аддзеле дакументацыi не любiлi гаварыць пра сваю працу. У вялiкай зале без вокнаў з двума радамi нiшаў, з заўсёдным шамаценнем паперы i цiхiм гоманам галасоў, што дыктавалi на мовапiсы, было з дзесятак людзей, якiх Ўiнстан не ведаў нават па iмёнах, хоць i бачыў iх штодня, калi яны паспешлiва снавалi сюды- туды па калiдоры або махалi рукамi пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi. Ён ведаў, што ў суседняй нiшы маленькая жанчына з пясочнымi валасамi дзень пры днi корпалася ў прэсе, вышукваючы i выкрэслiваючы iмёны людзей, што былi выпараныя, i гэткiм чынам выходзiла, нiбыта яны нiколi не iснавалi. I чамусьцi не здавалася недарэчным, што ўсяго толькi пару гадоў таму быў выпараны яе муж. За пару нiшаў ад Ўiнстана сядзеў рахманы, няўдачлiвы, летуценны чалавек, якога звалi Эмплфорт. Ён меў парослыя шчэццю вушы i нязвыклы талент штукарыць з рыфмамi i строфамi i таму займаўся прадукаваннем перакручаных варыянтаў гэтак званых канчатковых тэкстаў - вершаў, якiя зрабiлiся iдэалагiчна шкоднымi, але з той цi iншай прычыны пакiдалiся ў хрэстаматыях. А ўвогуле гэтая зала, дзе працавала каля пяцiдзесяцi чалавек, была толькi падсекцыяй, асобнай камерай у велiзарным корпусе аддзела дакументацыi. Побач, зверху i знiзу ад iх працавалi iншыя натоўпы службоўцаў, самых разнастайных спецыялiстаў. Там былi гiганцкiя друкарнi з рэдактарамi i друкарамi, былi адмыслова абсталяваныя студыi, у якiх падраблялiся фотаздымкi. Там была секцыя тэлепраграм са сваiмi тэхнiкамi, аператарамi i групамi актораў, якiх адмыслова набiралi з улiкам iх iмiтатарскiх здольнасцяў. Там быў цэлы тлум бiблiятэкараў, якiя займалiся толькi тым, што складалi спiсы кнiг i часопiсаў, што падлягалi канфiскацыi. Там былi вялiзныя печы, дзе знiшчалi першапачатковыя выданнi. I недзе ў патаемным месцы сядзеў мазгавы цэнтр, якi ўсё выпраўляў i вызначаў галоўную палiтычную лiнiю, згодна з якою той фрагмент мiнулага захоўваўся, гэты фальшаваўся, а яшчэ нейкi ўвогуле пераставаў iснаваць.

I разам з тым аддзел дакументацыi быў толькi адным асобным адгалiнаваннем Мiнiстэрства Праўды, галоўная задача якога палягала не ў тым, каб перапiсваць мiнулае, а каб забяспечваць грамадзян Акiянii газетамi, фiльмамi, падручнiкамi, тэлепраграмамi, тэатральнымi п'есамi, раманамi, карацей кажучы, усiмi магчымымi вiдамi iнфармацыi, навучання i забаў, ад помнiкаў да лозунгаў, ад лiрычных вершаў да бiялагiчных трактатаў, ад дзiцячых лемантароў да слоўнiкаў навамоўя. I Мiнiстэрства мусiла задавальняць не толькi разнастайныя патрэбы Партыi, але i паўтараць увесь вытворчы працэс на нiжэйшым узроўнi для патрэбаў пралетарыяту. Быў цэлы шэраг асобных аддзелаў, якiя адмыслова займалiся пралетарскай лiтаратурай, музыкай, тэатрам i забавамi. Тут фабрыкавалi бульварныя газеткi, у якiх пiсалася толькi пра спорт, злачынствы i гараскопы, танна-задзiрлiвыя 5-цэнтавыя нiзкапробныя выданнi, поўныя сексу фiльмы i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×