яму ў самы раз, быццам былi на яго пашытыя. Тады ён пабег да людаедавай хаты i, убачыўшы людаедаву жонку, якая плакала над зарэзанымi дочкамi, сказаў:

- Ваш муж у страшнай небяспецы. Яго схапiлi зладзеi, якiя паклялiся, што заб'юць яго, калi ён не аддасць усё сваё срэбра i золата. Якраз калi яны падсунулi яму да горла нож, ён заўважыў мяне i папрасiў, каб я хутчэй бег да вас i расказаў пра ўсё, што з iм здарылася. Ён сказаў, каб вы аддалi мне ўсе каштоўнасцi i каб нiчога сабе не пакiдалi, бо iначай яго заб'юць. Гэта трэба зрабiць як мага хутчэй. Таму ён i даў мне свае сямiмiльныя боты - каб я паспяшаўся i каб вы не падумалi, што я выдумляю.

Кабета вельмi напалохалася i адразу аддала Малому Пальчаню ўсё, што ў яе было. Яна шкадавала людаеда, бо хоць ён i еў маленькiх дзетак, але муж быў вельмi добры. Так Малое Пальчанё завалодаў усiмi людаедавымi багаццямi i вярнуўся дадому, дзе яго ўсе чакалi i сустрэлi з вялiкай радасцю.

Зрэшты, шмат хто не пагаджаецца з такiм канцом гэтай гiсторыi. Кажуць, што Малое Пальчанё нiколi не абкрадаў людаеда i што напраўду ён толькi i зрабiў, што зняў з яго сямiмiльныя боты, якiя абуваў потым, толькi каб паганяцца за малымi дзецьмi. Людзi запэўнiваюць, што гэта вядома iм з надзейных крынiц i нават ад самога дрывасека, бо яны бывалi ў яго ў хаце, дзе iх частавалi пiтвом ды рознымi стравамi. Яны пераконваюць, што, абуўшы людаедавы боты, Малое Пальчанё пайшоў да караля, бо той вельмi непакоiўся за лёс свайго войска, якое паслаў на бiтву за дзвесце мiль. Кажуць, нiбыта ён паабяцаў каралю, што яшчэ завiдна прынясе звесткi пра войска, калi на тое будзе каралеўская воля. Кароль вельмi ўзрадаваўся i сказаў, што, калi Малое Пальчанё зробiць гэта, яму заплацяць вялiкiя грошы. Таго ж вечара Малое Пальчанё прынёс каралю навiны з фронту, i гэты ўчынак прынёс яму такую вядомасць, што цяпер ён мог зарабляць, колькi хацеў: кароль шчодра плацiў яму за тое, што ён насiў загады ягоным войскам, а незлiчоныя паненкi не скупiлiся на падарункi, каб хутчэй атрымаць вестку ад сваiх каханкаў. I трэба сказаць, што ад жанчын яму даставалася асаблiва багата.

Часам, бывала, i некаторыя жонкi прасiлi яго занесцi лiст мужу. Але плацiлi яны за гэта такую дробязь, што за яе i купiць нiчога людскага не купiш. I таму Малое Пальчанё ўвогуле нават не лiчыў гэта за заробак.

Працуючы пасланцам, Малое Пальчанё добра разбагацеў i, калi вяртаўся ў бацькаву хату, усе яму так радавалiся, што i сказаць немагчыма. Дзякуючы меншаму сыну ў сям'i нарэшце з'явiўся дастатак. Бацьку i братам Малое Пальчанё купiў неўзабаве тытулы ды чыны i добра ўладкаваў iх у жыццi. Дый на сябе Малое Пальчанё таксама не забыўся: ён знайшоў нявесту i, ажанiўшыся з ёю, пачаў жыць-пажываць дый гора не ведаў.

Мараль

Бадай, няма вялiкага няшчасця,

Калi сыноў прыносiць жонка ў хату часта.

Каб толькi кожны быў прыгожы ды руплiвы.

Але бяда, калi адзiн - цяльпук:

Усе ўжо кпяць ды пазiраюць крыва...

А часам гэткi вось хлапчук

I робiць ўсю сям'ю шчаслiвай.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×