- Як называецца гэтая лiтара? - спытаўся настаўнiк.

- А! - адказаў хлопец.

- А гэтая другая?

Антэк маўчаў.

- Другая называецца 'бэ'. Паўтары, асёл.

Антэк маўчаў.

- Паўтары, асёл, бэ!

- Што я - дурны! - мармытнуў хлопец, добра памятаючы, што ў школе бэкаць не можна.

- Дык ты, абармот, яшчэ i ўпарты? Пагрэць яго!..

I зноў тыя самыя найдужэйшыя сябры падхапiлi яго, палажылi, а настаўнiк адмераў столькi ж дубцоў, але ўжо з iншым папярэджаннем:

- А не будзь упарты!.. А не будзь упарты!..

Хвiлiн праз пятнаццаць пачалася навука ў вышэйшым аддзеле, а нiжэйшы пайшоў на перапынак - у прафесараву кухню. Там адны, пад кiраўнiцтвам гаспадынi, чысцiлi бульбу, другiя насiлi ваду, iншыя кармiлi карову, i на гэтых занятках прайшоў час да абеду.

Калi Антэк вярнуўся дахаты, мацi спыталася:

- Ну што, вучыўся?

- Вучыўся.

- А папала?

- Ого, яшчэ як! Два разы.

- За навуку?

- Ды не, толькi пагрэцца.

- Бачыш, гэта яшчэ пачатак. А пасля ўжо табе пападзе i за навуку! пацешыла мацi.

Антэк сумна задумаўся:

'Што ж ты зробiш. Няхай сабе б'е, затое ж пакажа, як робяць ветракi'.

З таго часу дзецi найнiжэйшага аддзела вывучалi чатыры першыя лiтары, а потым iшлi ў кухню i на двор, дапамагаць прафесаравай гаспадынi. Пра ветракi i гаворкi не было.

Неяк аднойчы паменшаў мароз, i на сэрцы ў настаўнiка таксама адлiжыла, ён захацеў растлумачыць сваiм найменшым выхаванцам карысць ад умення пiсаць.

- Глядзiце, дзецi, - сказаў ён, пiшучы на дошцы слова 'дом', - што за мудрая рэч - пiсаць. Гэтыя тры значкi такiя маленькiя i так няшмат займаюць месца, а вось жа азначаюць - дом. Як толькi на гэтае слова паглядзiш, адразу бачыш увесь будынак, дзверы, вокны, сенi, хату, печ, лавы, абразы на сценах, карацей кажучы - бачыш увесь дом i ўсё, што ў тым доме.

Антэк працiраў вочы, выхiляўся, глядзеў на тое слова на дошцы, але той дом убачыць анiяк не мог. Нарэшце ён не вытрымаў - штурхануў свайго суседа i спытаўся:

- Бачыш ты тую хату, што пра яе прафесар кажуць?

- Не бачу, - адказаў сусед.

- Вiдаць, усё гэта лухта! - вырашыў Антэк.

Настаўнiк пачуў апошнюю фразу i спытаўся:

- Якая лухта? Што за лухта?

- А тое, што на дошцы дом. Там жа толькi трохi крэйды, а дома не вiдаць, наiўна адказаў Антэк.

Настаўнiк схапiў яго за вуха i вывалак на сярэдзiну класа.

- Пагрэць яго! - гукнуў, i зноў паўтарылася спрэс тая самая, добра ўжо вядомая хлопцу, цырымонiя.

Калi Антэк вярнуўся дахаты чырвоны, заплаканы i нiяк не мог знайсцi сабе месца, мацi зноў спыталася:

- Папала?

- А думаеце не? - перапытаў са стогнам хлопец.

- За навуку?

- Не за навуку, а толькi пагрэцца!

Мацi махнула рукой.

- Што ж, - сказала яна, падумаўшы, - трэба яшчэ пачакаць, то дадуць калi-небудзь i за навуку.

А потым, падкладаючы дроў на камiнку, мармытала сама сабе:

- Такая ўжо доля наша, удавы i сiраты. Дала б я прафесару паўрубля, а не саракоўку, дык ён майго хлопца адразу ўзяў бы. А так вось толькi забаўляецца з iм, дый годзе.

Антэк, чуючы гэта, думаў:

'Ну, ну, калi гэта ён так забаўляецца, дык што ж будзе, як вучыць пачне!'

На шчасце цi на бяду, страхоцце гэтае не збылося.

Аднойчы, месяцы са два пасля таго, як Антэк пачаў хадзiць у школу, да мацi яго прыйшоў настаўнiк i, павiтаўшыся, спытаўся:

- Як жа яно, гаспадынька, будзе з вашым хлопцам? Далi вы мне за яго сорак грошаў, як для пачатку, i ўжо трэцi месяц пайшоў, а з вас анi капейчыны! Так яно далей не пойдзе, - няхай сабе па саракоўцы, але ж плацiце штомесяца.

А ўдава на гэта:

- Адкуль жа я вазьму, калi няма! Што зараблю якi грош - дык у гмiну. Адзежыну якую на малых няма за што купiць.

Настаўнiк устаў з лавы, тут жа надзеў сваю шапку i адказаў:

- Калi так яно, дык Антэку няма чаго хадзiць у школу. Я не буду з iм рукi дарма вярэдзiць. Такая навука, як мая, не для беднякоў.

I пайшоў сабе, а ўдава, гледзячы ўслед, думала:

'Святая праўда. Колькi той свет стаiць, дык толькi ж панскiя дзецi вучылiся. А дзе ж было беднаму чалавеку на гэта набрацца!..'

Зноў паклiкала на параду кума Анджэя, i пачалi яны абое экзаменаваць Антэка.

- Чаго ж ты там, свавольнiк, навучыўся за гэтыя два месяцы? - спытаўся ў яго Анджэй. - Мацi ж дала за цябе сорак грошаў...

- А як жа! - дадала ўдава.

- А чаго я там мог навучыцца! - адказаў хлопец. - Бульбу ў школе скрабуць таксама, як i дома, свiнням есцi даюць таксама. Адно i навукi, што я прафесару двойчы боты пачысцiў. Але ж затое парвалi на мне вопратку на гэтым iхнiм... пагрэцца...

- Ну, а ў навуцы той трохi што разабраўся?

- Хто там разбярэцца! - адказаў Антэк. - Калi вучыць нас па-мужыцку, дык тады лжэ. Напiша на дошцы якi-небудзь знак i кажа, што гэта дом, i сенi, i лавы, i абразы. А ў чалавека ж вочы ёсць, ён бачыць, што гэта не дом. А як вучыць нас па-школьнаму, дык чорт яго там разбярэ! Ёсць там некалькi старэйшых, якiя па- школьнаму песнi спяваюць, але меншыя - добра, што хоць лаяцца трохi навучацца...

- Ты мне толькi вылайся калi-небудзь, дык я табе пакажу! - умяшалася мацi.

- Ну, а да гаспадаркi ты, хлопча, будзеш калi ахвоту мець? - спытаўся Анджэй.

Антэк пацалаваў яго руку i папрасiў:

- Пашлiце вы мяне туды, дзе вучаць ветракi рабiць.

Старыя, як па камандзе, пацiснулi плячыма.

Няшчасны вятрак, якi малоў збожжа на тым беразе Вiслы, так засеў у хлопцавай душы, што адтуль яго не магла ўжо дастаць анiякая сiла.

Доўга такi параiўшыся, вырашылi пачакаць. I чакалi.

Iшлi тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, хлопец нарэшце дажыў да дванаццацi год, але помачы ад яго ў гаспадарцы было няшмат. Стругаў свае кiёчкi, нават i выразаў дзiвосныя фiгуры. I толькi калi ў яго сапсаваўся ножык, а мацi на новы не давала грошай, пачаў Антэк наймацца на працу. У аднаго пiльнаваў на начлезе коней, утапiўшыся ў сiвай вячэрняй iмгле, заглядзеўшыся на зоркi; другому вадзiў на ворыве валоў; часамi iшоў у лес па ягады або грыбы i прадаваў шынкару Мордуху за некалькi грошаў цэлы кошык.

У хаце iм не шанцавала. Гаспадарка без мужчыны - як цела без душы; а як вядома, Антэкаў бацька ўжо некалькi гадоў адпачываў на тым узгорку, дзе праз усыпаны чырвонымi ягадамi жываплот глядзяць на вёску сумныя крыжы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×