- Заткнiся, Сэлестэн! - рэзка крыкнуў гаспадар шхуны.

Дэлькур прытупваў нагамi - можа, каб сагрэцца, а можа, каб не выдаць сваёй збянтэжанасцi, бо не ведаў, што цяпер рабiць: заставацца тут цi iсцi, куды яму трэба.

- Чаму вы лiчыце, Луi, што Жарысу пагражала небяспека?

- Ну... раз яму рассадзiлi чэрап, - пацiснуў плячыма матрос, - дык няцяжка здагадацца.

Каб размаўляць з iм, патрэбны быў, бадай што, перакладчык, так нялёгка было разабраць яго бурчанне.

Дужа скоўвала няёмкасць, а тут яшчэ ўсё адно як нейкая трывога павiсла ў паветры.

Луi паглядзеў у бок Жарысавага дома, але нiчога не ўбачыў.

- Яна там, Жулi?

- Там... Вы пойдзеце да яе?

Ён пакруцiў галавою, усё роўна як мядзведзь.

- Чаму?

- Раве цяпер, вiдаць, - сказаў ён з агiдаю чалавека, якi цярпець не можа слёз.

Туман гусцеў i гусцеў. Дэлькур не мог ужо больш выносiць гэтага маўчання i тупання на адным месцы.

- Можа, хадзем вып'ем?..

Нейкi рабочы, якi стаяў непадалёк, папярэдзiў:

- Шынок толькi што зачынiлi.

Тады капiтан 'Сэн-Мiшэля' прапанаваў:

- Давайце прапусцiм па адной у кубрыку - калi хочаце...

* * *

Яны сядзелi ўчатырох: Мэгрэ, Дэлькур, Вялiкi Луi i капiтан судна Ланэк. Кубрык быў невялiкi. Маленькая печачка ажно палала, i ўсё вакол запацела. Святло падвеснай газнiчкi здавалася чырвоным.

Сцены былi з пакрытых лакам сасновых дошак. Дубовы стол сцёрты i парэзаны нажом, месца жывога на iм не было. На стале - брудныя талеркi, залапаныя шклянкi з тоўстага шкла, паўбутэлькi чырвонага вiна.

Ложкi капiтана i Луi, яго памочнiка, былi незасланыя. На iх валялiся боты i брудная адзежа. Пахла смалою, спiртам, кухняй i спальняй, але ўсё гэта перабiвалi карабельныя пахi, якiя цяжка назваць нейкiм пэўным словам.

У асветленым пакоi людзi ўжо не здавалiся такiмi загадкавымi. У Ланэка былi цёмныя вусы, жывыя, разумныя вочы. Ён ужо дастаў з шафы бутэльку i апалоскваў цяпер шклянкi, вылiваючы ваду на падлогу.

- Здаецца, вы былi тут у ноч на шаснаццатае верасня? - спытаўся Мэгрэ.

Вялiкi Луi сядзеў, ссутулiўшыся i паклаўшы рукi на стол. Налiваючы ў шклянкi, Ланэк адказаў:

- Але, былi.

- Вы рэдка начуеце ў порце? З-за прылiву тут вачэй нельга спускаць са швартовых...

- Бывае такое, - адказаў Ланэк i вокам не маргнуўшы.

- Гэта дае магчымасць выйграць некалькi гадзiн, - уступiў у гамонку Дэлькур, якi, здаецца, узяў на сябе ролю лагодна настроенага пасрэднiка.

- Капiтан Жарыс не падымаўся ў тую ноч да вас на борт?

- Калi шлюзавалiся... А больш не.

- I вы i не бачылi i не чулi нiчога дзiўнага?

- Ваша здароўе!.. Не... нiчога.

- Вы, Луi, ужо спалi?..

- Здаецца, спаў...

- Што вы сказалi?

- Я сказаў, што, здаецца, спаў... I ўжо даўно.

- Вы не заходзiлi да сястры?

- Можа, i заходзiў... Ненадоўга.

- А хiба Жарыс не забаранiў вам прыходзiць у яго дом?

- Пустое!

- Што вы хочаце гэтым сказаць?

- Нiчога... Пустая балбатня - i ўсё... Я вам яшчэ патрэбен?

Нiякiх фактаў супраць яго не было.

- Сёння - не.

Луi сказаў нешта па-брэтонску гаспадару, узняўся, дапiў налiтае i дакрануўся рукою да брыля фуражкi.

- Што ён вам сказаў? - спытаўся камiсар.

- Што я не маю ў iм патрэбы, каб схадзiць у Кан i назад. Я забяру яго па дарозе назад, разгрузiўшыся.

- Куды ён пайшоў?

- Гэтага ён не сказаў.

Дэлькур падышоў да люка, высунуў галаву i прыслухаўся.

- Ён на борце драгi, - сказаў начальнiк порта.

- На борце чаго?

- Вы бачылi дзве драгi, у канале? Яны стаяць на прыколе. Там можна заначаваць. Маракi ахвотней спыняюцца нанач на судне, чым у гатэлi.

- Яшчэ шкляначку? - прапанаваў Ланэк.

Прыплюшчыўшы вочы, Мэгрэ агледзеўся па баках i ўладкаваўся ямчэй на крэсле.

- У якi порт зайшлi вы адразу пасля шаснаццатага верасня, як выйшлi з Вiстрэама?

- У Саўтхэмптан... Мне трэба было выгрузiць там будаўнiчы камень...

- А потым?

- У Булонь.

- А ў Нарвегiю вы не заходзiлi пасля гэтага?

- Я быў там толькi адзiн раз, шэсць гадоў таму...

- Вы добра ведалi Жарыса?..

- Мы тут, вы разумееце, усе няблага знаёмыя... Ад Ля Рашэлi да Ратэрдама... Ваша здароўе! Джын я прывёз якраз адтуль, з Галандыi. Вы цыгары палiце?

Ён дастаў з шуфляды скрыначку з цыгарамi.

- Яны каштуюць там дзесяць цэнтаў... цэлы франк штука!..

Цыгары былi тоўстыя, з залатымi абадкамi.

- Дзiўна! - уздыхнуў Мэгрэ. - Мне сказалi, што Жарыс падымаўся да вас на борт ужо ў порце, разам з нейкiм чалавекам...

Ланэк засяроджана абрэзаў кончык цыгары. Калi ён падняў галаву, твар у яго быў такi ж спакойны, як i да камiсаравай заўвагi.

- Мне не было б сэнсу ўтойваць гэта...

Пачуўся шум - наверсе нехта скочыў на палубу. Над лесвiцай паказалася галава.

- Параход з Гаўра!

Дэлькур ускочыў i ўжо на хаду кiнуў камiсару:

- Трэба падрыхтаваць для яго шлюз... 'Сэн-Мiшэль' зараз адправiцца...

- Думаю, што мне можна iсцi далей, - сказаў Ланэк.

- У Кан?

- Ну. Заўтра вечарам закончым, пэўна, разгрузку...

Усе яны здавалiся прастадушнымi. Усе глядзелi адзiн аднаму ў вочы. I ўсё ж такi ва ўсiм адчувалася i нешта фальшывае! Але пачуццё гэтае было настолькi няўлоўнае, што цяжка было сказаць, чаму яно ўзнiкала, ад чаго менавiта патыхала фальшам.

Мiлыя людзi! I Ланэк, i Дэлькур, i Жарыс, i ўсе наведнiкi 'Марацкага прытулку' - пра каго з iх можна было сказаць што благое? А хiба Вялiкi Луi не здаваўся ладным марачком?

- Я сам аддам швартоў, Ланэк... Сядзi!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×