сваiм словам, ён сказаў:

- А вунь i капiтанава служанка выйшла прагуляцца...

Камiсар узняў галаву i ўбачыў Жулi, якая, зачынiўшы брамку, хутка пайшла да пляжа.

- Што ў тым баку?

- Пра што гэта вы?

- Куды яна можа пайсцi? Там ёсць дамы?

- Нiякiх дамоў там няма. Проста бераг, на якi нiколi не ходзяць, бо там хвалярэз i ямы з цiнаю.

- А ёсць якая-небудзь дарога цi хоць сцежка?

- Не! Ад самага вытоку Орны ўздоўж берага адны балоты... Не, забыўся!.. У балотах ёсць буданы для палявання на качак...

Нахмурыўшы лоб, Мэгрэ выйшаў з гатэля. Ён хутка прайшоў праз мост, i, калi выйшаў на бераг, памiж iм i Жулi было толькi нейкiх дзвесце метраў.

Бераг - суцэльная пустка. Адны чайкi з крыкамi лёталi ў тумане. Справа былi дзюны, i камiсар зайшоў за iх, каб заставацца нябачным.

Паветра дыхала прахалодаю. Мора было неспакойнае. Белы яго краёчак накатваўся i накатваўся, разбiваючыся, на бераг. Шапацелi раструшчаныя ракавiны.

Жулi не прагульвалася. Яна iшла хутка, захiнаючыся ў чорнае палiто. Пасля смерцi Жарыса яна не паспела яшчэ справiць сабе жалобную адзежу i насiла ўсё чорнае цi проста цёмнае, што толькi знайшла ў сябе: шарсцяныя панчохi, капялюш з паламанымi палямi, палiто, якое даўно ўжо выйшла з моды...

Ногi яе гразлi ў пяску, i таму паходка была вельмi няроўная. Двойчы яна азiралася, але не прыкмецiла Мэгрэ, якi iшоў, хаваючыся за дзюнамi.

Нарэшце, прыкладна за кiламетр ад Вiстрэама, яна павярнула направа - i зрабiла гэта так раптоўна, што камiсар ледзь не выдаў сябе.

Але iшла яна не да будана, як падумаў спачатку Мэгрэ, а да невялiкай будынiны, што самотна ўзвышалася сярод пяску i асакi.

Тварам да мора, метраў за пяць ад таго месца, да якога ў прылiў даходзiла вада, стаяла каплiца. Адзiн яе мур быў цалкам зруйнаваны. Пабудавана яна была, пэўна, яшчэ некалькi стагоддзяў назад.

Скляпенне было паўкруглае. Пралом у муры даваў магчымасць вызначыць таўшчыню iншых муроў: каля метра кладкi.

Жулi ўвайшла ў каплiцу - i неўзабаве Мэгрэ пачуў, як яна шоргае там нейкiмi невялiкiмi прадметамi, хутчэй за ўсё марскiмi ракавiнамi.

Камiсар падкраўся да каплiцы. У дальнiм ад яго муры была невялiкая закратаваная нiша. Пад ёю было нешта накшталт малюпасенькага алтара. Нахiлiўшыся долу, Жулi штосьцi там шукала.

Дзяўчына iмклiва азiрнулася, пазнала камiсара, якi не паспеў схавацца, i хутка спытала:

- Што вы тут робiце?

- А вы?

- Я... я прыйшла памалiцца Божай Мацi Дзюнаў.

Жулi была ўстрывожаная. Па ёй няцяжка было здагадацца, што яна нешта хавае. Мабыць, яна дрэнна спала гэтай ноччу, бо вочы ў яе былi чырвоныя. З-пад капелюша выбiвалiся дзве пасмачкi кепска прычасаных валасоў.

- Дык гэта што - каплiца Божай Мацi Дзюнаў?..

Сапраўды, за кратамi ў нiшы стаяла статуя Божай Мацi, такая старая i знявечаная часам, што яе i пазнаць было амаль немагчыма.

На муры, вакол нiшы, людзi зрабiлi, хто алоўкам, хто сцiзорыкам, надпiсы, якiя напаўзалi адзiн на адзiн:

'Няхай Дэнiза здасць экзамен... Святая багародзiца, зрабi так, каб Жажо навучыўся хутка чытаць... Дай здароўя ўсёй сям'i i асаблiва дзядулю з бабуляю...'

Былi i такiя - над сэрцамi, працятымi стрэламi:

'Рабэр i Жанна - каханне навек'.

На кратах засталiся сухiя сцяблiнкi, якiя колiсь былi кветкамi.

Увогуле, каплiца была падобная на многiя iншыя - адно што ў гэтай былi марскiя ракавiны, складзеныя на разбураным алтары. Ракавiны ўсякiх формаў, якiя толькi можна ўявiць... I на ўсiх, у асноўным, алоўкам, надпiсы. Найчасцей няўпэўнены дзiцячы почырк.

'Няхай будзе ўдалы лоў на Новай Зямлi, i няхай тату не трэба будзе iсцi ў новы рэйс'.

Але iншы раз адчувалася i больш моцная рука.

Глiнабiтная падлога. Праз велiзарную дзiрку ў муры бачны быў прыбярэжны пясок i серабрыстае, у белай смузе мора. Жулi, не ведаючы, як сябе паводзiць, з асцярогай паглядвала на ракавiны.

- Вы прынеслi сваю? - спытаўся Мэгрэ.

Яна адмоўна пакруцiла галавою.

- Аднак, калi я прыйшоў, вы iх перасоўвалi. Што вы шукалi?

- Нiчога... Я...

- Вы?

- Нiчога!

Жулi ўпарцiлася i яшчэ больш захуталася ў палiто.

Мэгрэ прыйшлося перабiраць ракавiны адну за адной i чытаць надпiсы на iх. I раптам ён усмiхнуўся. На адной велiзарнай ён прачытаў:

'Святая багародзiца, зрабi так, каб Луi ўсё ўдалося i мы сталi шчаслiвыя'.

Пад надпiсам была пазначана дата: '13 верасня'. Iнакш кажучы, гэтая ракавiна з просценькiм надпiсам Жулi была пакладзена тут за тры днi да знiкнення Жарыса!

I цi не прыйшла сюды цяпер дзяўчына, каб забраць яе?

- Вы гэта шукалi?

- А што вам да гэтага?

Яна вачэй не адводзiла ад ракавiны. Можна было падумаць, што яна збiралася кiнуцца на Мэгрэ, каб вырваць яе ў яго з рук.

- Аддайце яе мне!.. Пакладзiце яе на месца!..

- Я пакладу яе на месца, добра, але трэба, каб i вы яе адсюль не забiралi... Хадзем!.. А па дарозе пагаворым...

- Мне няма пра што гаварыць з вамi...

Яны пайшлi, нахiляючыся наперад, бо ногi гразлi ў мокрым пяску. Было так холадна, што насы ў iх пачырванелi, а скура на твары задубела.

- Ваш брат нiчога талковага ў жыццi не зрабiў, праўда?

Яна моўчкi глядзела на пясчаны бераг.

- Ёсць рэчы, якiх нельга ўтоiць. Я не толькi пра тое... што прывяло яго на катаргу...

- Ну як жа, зноў гэта! I праз дваццаць гадоў будуць языкi часаць.

- Ды не! Не, Жулi. Ваш брат - добры марак. Кажуць, нават выдатны марак, мог бы стаць i памочнiкам капiтана. Толькi прыходзiць раптам дзень - i ён напiваецца з выпадковымi сябрамi, робiць розныя глупствы, не вяртаецца на судна, недзе бадзяецца цэлымi тыднямi, нiдзе не працуючы. Хiба не? I iдзе ў такiя днi за дапамогаю да вас. Да вас, а яшчэ некалькi тыдняў назад i да Жарыса. А потым зноў жыве спакойна i не турбуе вас.

- Ну i што?

- Якi ў вас быў план трынаццатага верасня? Вы ж хацелi, каб вам нешта ўдалося?

Жулi спынiлася, паглядзела Мэгрэ ў твар. Цяпер яна была намнога спакайнейшая. Мусiць, абдумалася. У вачах у яе з'явiлася прыемная сур'ёзнасць.

- Я ведала, што ўсё гэта прывядзе да няшчасця. Але брат мой, знайце, не рабiў нiчога благога! Я клянуся вам, што, калi б ён забiў капiтана, я была б першая, хто адплацiў бы яму тым самым.

У яе глухiм голасе пачулася рашучасць.

- Проста бываюць супадзеннi. А тут яшчэ гэтая гiсторыя з катаргай, якую ўвесь час прыгадваюць. Зробiць чалавек у жыццi адну памылку, ну i вешаюць на яго пасля ўсе чужыя грахi...

- Якi ў Луi быў план?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×