- Вы ўжо ведаеце?

- Каплiца Божай Мацi Дзюнаў...

- Ну, там яго i накрылi... Ён залез туды i назiраў за выратавальнымi работамi. Калi я прыйшоў, ён упрошваў жандараў не забiраць яго адразу i дазволiць заставацца там, пакуль не выратуюць шхуну... Я дазволiў... Ён у кайданках... Аддае загады: баiцца, што без яго судна загiне... Не хочаце глянуць на яго?

- Не ведаю... Можа, крыху пазней...

Камiсара чакалi ў машыне мэр з жонкаю.

- Думаеце, дакапаемся ўрэшце да праўды? - спытаўся Люка.

I, паколькi Мэгрэ не адказваў, iнспектар дадаў:

- Асабiста я пачынаю думаць, што не. Усе маняць! А тыя, што не маняць, маўчаць, хоць i ведаюць сёе- тое. Можна падумаць, што ў смерцi Жарыса вiнаваты ўвесь гарадок...

Але камiсар адно пацiснуў плячыма i пайшоў да машыны.

- Да сустрачы! - толькi i сказаў на хаду.

У машыне ён вельмi здзiвiў шафёра, загадаўшы:

- Дамоў!

Нiбыта гаворка iшла пра яго ўласны дом, гаспадаром якога быў ён сам.

- Дамоў у Кан?

Па праўдзе кажучы, Мэгрэ яшчэ пра гэта не думаў, але словы шафёра навялi яго на думку.

- Але, у Кан!

Гранмэзон нахмурыўся. Што да яго жонкi, дык тая, здавалася, скарыўшыся, плыла па цячэннi.

* * *

Па дарозе ад гарадскiх варот да вулiцы Дзюфур з Гранмэзонамi павiталiся чалавек пяцьдзесят. Вiдаць, мэраву машыну ведалi ўсе. Вiталiся вельмi пачцiва. Суднаўладальнiк быў падобны на сеньёра, што аб'язджае свае землi.

- Простая фармальнасць! - сказаў Мэгрэ праз зубы, калi машына спынiлася. Выбачайце, што прывёз вас сюды. Але, як я ўжо вам казаў, неабходна, каб сёння вечарам усё было скончана...

Паабапал цiхай вулiцы стаялi прыватныя дамы, якiя цяпер можна ўбачыць толькi ў правiнцыi. Перад домам з пачарнелага каменю ўзвышалася вежа. На агароджы перад уваходам вiсела медная шыльда з надпiсам: 'Ангельска-Нармандская навiгацыйная кампанiя'.

У двары стаяў указальнiк: 'Каса'. На дзвярах вiсела яшчэ адна шыльда: 'Кантора адчынена з 9 да 16 гадзiн'.

Было крыху больш за дванаццаць. Дарога да Кана заняла ўсяго толькi дзесяць хвiлiн. У гэты час большасць служачых абедала, але некаторыя сядзелi яшчэ за сваiмi сталамi. У пакоях было змрочна. Тоўстыя дываны i мэбля ў стылi Луi-Фiлiпа надавалi канторы ўрачысты выгляд.

- Панi, зрабiце ласку, падымiцеся да сябе. Праз нейкi час я, напэўна, папрашу вас знайсцi для мяне колькi хвiлiн.

Першы паверх быў цалкам адведзены пад памяшканнi кампанii. У вялiзным вестыбюлi па баках стаялi свяцiльнi з каванага жалеза. На другi паверх, якi займалi муж i жонка Гранмэзон, вяла мармуровая лесвiца.

Мэр Вiстрэама, пахмурны, злосны, чакаў, што скажа яму Мэгрэ.

- Што вы яшчэ хочаце ведаць? - цiха спытаў ён i, падняўшы каўнер палiто, насунуў капялюш на вочы, каб служачыя не бачылi яго твару, спляжанага кулакамi Вялiкага Луi.

- Нiчога асаблiвага. Я толькi прашу ў вас дазволу пахадзiць тут, падыхаць паветрам дома.

- Я вам патрэбен?

- Не.

- У такiм выпадку дазвольце мне падняцца да панi Гранмэзон.

Пачцiвы тон, з якiм ён гаварыў пра сваю жонку, нiяк не вязаўся з ранiшняй сцэнаю ў халупе ў старой. Мэгрэ пачакаў, пакуль мэр падымецца па лесвiцы. Пасля прайшоў у канец калiдора i пераканаўся, што ў доме быў толькi адзiн выхад. Выйшаў на вулiцу, знайшоў непадалёк палiцэйскага i загадаў яму стаяць каля агароджы.

- Зразумелi? Выпускаць усiх, апроч суднаўладальнiка. Вы яго ведаеце?

- Ну, як не ведаць!.. Але... што ён нарабiў? Такi чалавек!.. Вы знаеце, што ён старшыня гандлёвай палаты?

- Тым лепш!

Кабiнет справа ў вестыбюлi 'Генеральны сакратарыят'. Мэгрэ пастукаў, адчынiў дзверы, удыхнуў пах цыгары, але нiкога не ўбачыў.

Кабiнет злева: 'Дырэктар'. Тая ж самавiтая, урачыстая атмасфера, тыя ж цёмна-чырвоныя дываны, шпалеры з пазалотаю, столi з мудрагелiстай лепкаю.

Уражанне такое, што нiхто не асмелiўся б размаўляць тут уголас. Камiсар уявiў сабе перапоўненых годнасцю паноў, у вiзiтках i штанах у палоску, з тоўстымi цыгарамi ў зубах, за дзелавой размоваю.

Самавiтая кампанiя! З традыцыямi, якiя перадаюцца тут, у правiнцыi, праз стагоддзi з пакалення ў пакаленне. 'Пан Гранмэзон?.. Яго подпiс надзейны, як золата ў злiтках'.

Мэбля ў кабiнеце была ў стылi ампiр, якi больш падыходзiў для галоўнага пакоя кампанii. На сценах - фатаграфii караблёў, статыстычныя таблiцы, каляровыя графiкi.

Мэгрэ хадзiў па кабiнеце, засунуўшы рукi ў кiшэнi, калi ў дзвярах з'явiўся нейкi стары.

- Што гэта такое?! - разгубiўся ён.

- Палiцыя! - кiнуў Мэгрэ такiм сухiм тонам, што збоку можна было падумаць: ён кажа так, любячы кантрасты.

Стары, збянтажаны ўжо дазвання, мала не закалацiўся.

- Не хвалюйцеся. Я расследую справу па даручэннi вашага патрона. Вы ж...

- Галоўны касiр, - спешна пацвердзiў стары.

- Гэта вы служыце ў кампанii вось ужо... вось ужо...

- Сорак два гады. Я пачынаў тут яшчэ пры пане Шарлi.

- Вельмi прыемна. Значыць, гэта ваш кабiнет справа? Па сутнасцi цяпер усё тут трымаецца на вас, праўда? Ва ўсякiм выпадку мне так казалi.

Тут усё ў Мэгрэ iшло як па масле. Дастаткова было ўбачыць дом, пасля гэтага старога слугу, каб здагадацца пра ўсё.

- Гэта ж натуральна, вы не згодны? Калi пан Эрнэст адсутнiчае...

- Пан Эрнэст?

- Пан Гранмэзон. Я ведаў яго, калi ён быў яшчэ зусiм дзiця, вось i называю яго панам Эрнэстам.

Мэгрэ нiбыта мiж iншым увайшоў у канторку старога. Гэта быў сцiплы пакой, адчувалася, што наведнiкаў тут не бывае. Затое стол быў завалены папкамi. Сярод iх ляжалi загорнутыя ў паперу бутэрброды. На спiртоўцы дымiўся маленькi кафейнiк.

- Вы тут i абедаеце, пан... Вось табе i на, забыў раптам ваша iмя...

- Бернардэн... Але ўсе завуць мяне 'дзядзька Бернар'... Я жыву адзiн, так што i на абед дамоў хадзiць няма чаго... Вось... А пан Эрнэст запрасiў вас з нагоды дробнага крадзяжу на тым тыднi?.. Трэба было яму мяне папярэдзiць... Усё ўжо ў парадку... Адзiн малады чалавек узяў у касе дзве тысячы франкаў... Але яго дзядзька вярнуў грошы... Малады чалавек даў слова... Вы разумееце?.. У такiм узросце!.. Ды столькi ў нас дрэнных прыкладаў перад вачыма!..

- Мы пра гэта яшчэ пагаворым... Прашу вас, не звяртайце на мяне ўвагi, абедайце... Словам, вы былi даверанай асобай спачатку пана Шарля, а потым ужо яго сына, пана Эрнэста...

- Спачатку я быў касiрам... Тады ў iх яшчэ не было галоўнага касiра... Можна нават сказаць, што гэтую пасаду ўвялi спецыяльна для мяне...

- Пан Эрнэст адзiны сын у пана Шарля?

- Але, адзiны. Была яшчэ дачка, якая выйшла замуж за прамыслоўца з Лiля, але яна памерла пры родах разам з дзiцёнкам...

- А пан Раймон?

Стары здзiўлена ўскiнуў галаву.

- Як? Пан Эрнэст казаў вам?..

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×