'Дзядзька Бернар' адразу ж насцярожыўся.

- Ён не належаў да гэтай сям'i?

- Стрыечны брат. Таксама Гранмэзон... Только спадчыны ён не атрымаў... Яго бацька памёр недзе ў калонiях... Такое ж часта здараецца ва ўсiх сем'ях, праўда?..

- Ва ўсiх сем'ях! - пацвердзiў не маргнуўшы вокам Мэгрэ.

- Бацька пана Эрнэста ўсё роўна як усынавiў яго... Карацей кажучы, знайшоў тут яму месца...

Мэгрэ патрабавалiся факты больш дакладныя, i ён перастаў хiтраваць.

- Хвiлiнку, пан Бернар! Дазвольце, я збяруся з думкамi... Заснавальнiк 'Ангельска-Нармандскай кампанii' - пан Шарль Гранмэзон, так?.. У пана Шарля Гранмэзона - адзiны сын, пан Эрнэст, сённяшнi дырэктар кампанii...

- Але...

Стары зноў разгубiўся. Яго бянтэжыў такi дапытлiвы тон.

- Так! У пана Шарля быў брат, якi памёр у калонiях, таксама пакiнуўшы адзiнага сына - Раймона Гранмэзона.

- Але... Я не...

- Чакайце! Ды ешце, прашу вас. Пана Раймона, сiрату без грошай, прымаюць у дом дзядзькi, даюць месца ў кампанii. Якое?

- Гм, - запнуўся стары. - Яго назначылi ў аддзел фрахтавання нейкiм начальнiкам.

- Так! Пан Шарль памiрае i пакiдае спадчыну пану Эрнэсту. Пан Раймон усё яшчэ тут.

- Але.

- I раптам яны сварацца. Хвiлiнку! У момант сваркi пан Эрнэст быў жанаты?

- Не ведаю, цi магу я...

- Я раiў бы вам гаварыць, калi вы не хочаце мець на старасцi гадоў непрыемнасцi з правасуддзем.

- Правасуддзем? Пан Раймон вярнуўся?

- Няважна. Пан Эрнэст быў ужо жанаты?

- Не. Яшчэ не быў.

- Так! Пан Эрнэст - дырэктар кампанii. Яго стрыечны брат - начальнiк аддзела. Што адбываецца пасля?

- Я не думаю, што маю права...

- Я даю вам гэтае права.

- Такое бывае ва ўсякiх сем'ях... Пан Эрнэст быў чалавек сур'ёзны, як яго бацька... Нават у тым узросце, калi яшчэ робяць звычайна глупствы, ён быў такi, як цяпер...

- А пан Раймон?

- Поўная процiлегласць!

- Ну i?..

- Пра гэта ведаю толькi я i сам пан Эрнэст... Былi выяўлены парушэннi ў справаздачнасцi... Сур'ёзныя парушэннi...

- I?..

- Пан Раймон знiк... Iнакш кажучы, замест таго каб аддаць яго ў рукi правасуддзя, пан Эрнэст папрасiў яго выехаць за мяжу...

- У Нарвегiю?

- Не ведаю... Я пра яго больш нiчога не чуў...

- Пан Эрнэст ажанiўся неўзабаве пасля таго?

- Але... Прайшло колькi месяцаў...

Уздоўж сцен цягнулiся палiцы з папкамi непрыемнага зялёнага колеру. Стары клерк еў без усялякага апетыту. Ён быў устрывожаны i злаваўся на сябе, што мiжволi столькi ўжо расказаў.

- Калi гэта здарылася?

- Чакайце... Гэта было ў той год, калi пашыралi канал... Пятнаццаць гадоў таму... Не, крыху меней...

Ужо некалькi хвiлiн над галавою чулiся чыесьцi крокi.

- Гэта ў сталовай? - спытаў Мэгрэ.

- Але...

Раптам крокi сталi больш частыя, пачуўся глухi ўдар, гук цела, якое падала на падлогу.

'Дзядзька Бернар' збялеў, як папера, у якую былi загорнуты яго бутэрброды.

ХIII. ДОМ НАСУПРАЦЬ

Мэр быў мёртвы. Ён ляжаў на дыване. Яго цела здавалася велiзарным: галава - каля ножак стала, ногi - каля акна. Крывi амаль не было. Куля прайшла памiж рэбраў акурат у сэрца.

За некалькi сантыметраў ад Гранмэзона ляжаў рэвальвер, якi выпаў з яго рук.

Панi Гранмэзон не плакала. Яна стаяла, абапiраючыся на масiўны камiн, i глядзела на нябожчыка, быццам не разумела яшчэ, што здарылася.

- Усё! - сказаў Мэгрэ, выпростваючыся.

Пакой был вялiкi i сцiпла абсталяваны. Праз цёмныя шторы на вокнах прабiвалася шызаватае святло.

- Ён гаварыў з вамi?

Яна адмоўна пакруцiла галавою. Пасля з цяжкасцю прашаптала:

- Калi мы вярнулiся, ён усё хадзiў узад i ўперад... Два-тры разы павярнуўся да мяне, i я падумала, што ён збiраецца нешта мне сказаць... А потым раптам стрэлiў, але я нават не бачыла рэвальвера...

Яна гаварыла так, як гавораць вельмi ўсхваляваныя жанчыны, калi iм цяжка сачыць за ходам сваiх думак. Але вочы ў яе заставалiся сухiя.

Было вiдаць, што яна нiколi не кахала Гранмэзона, ва ўсякiм разе сапраўднага кахання памiж iмi не было.

Яна была яго жонкаю i выконвала свой абавязак. Прывычка, сумеснае жыццё ў нейкай меры зблiзiлi iх.

Але нясцерпнага гора, якое звычайна ахапляе людзей у момант смерцi па-сапраўднаму блiзкага чалавека, яна перад целам мёртвага мужа не адчувала.

- Гэта ён? - цiха спыталася яна ў Мэгрэ.

- Ён, - пацвердзiў камiсар.

Запала доўгае маўчанне. Мэгрэ назiраў за панi Гранмэзон. Тая глядзела ў акно. Вочы яе нiбыта нешта шукалi на вулiцы. Твар у яе быў вельмi сумны.

- Дазвольце задаць вам некалькi пытанняў, пакуль нiхто яшчэ не прыйшоў.

Яна згадзiлася.

- Вы ведалi Раймона да знаёмства з мужам?

- Я жыла ў доме насупраць.

Шэры дом, вельмi падобны на гэты. Над дзвярыма - пазалочаны герб натарыуса.

- Я кахала Раймона. I ён кахаў мяне. Эрнэст заляцаўся да мяне, але рабiў гэта зусiм не так, як Раймон.

- Яны - вельмi розныя, праўда?

- Эрнэст ужо тады быў такi, якiм вы яго ведалi. Халодны чалавек без узросту. А ў Раймона была благая рэпутацыя, бо жыццё, якое ён вёў, было для нашага маленькага гарадка дужа бязладнае. З гэтай прычыны, а таксама таму, што ён быў бедны, бацька не згаджаўся на мой шлюб з iм.

Дзiўныя былi гэтыя прызнаннi, якiя яна рабiла каля цела мёртвага мужа. Здавалася, яна падводзiла сумны рахунак свайго жыцця.

- Вы былi каханкай Раймона?

Яна апусцiла павекi.

- I ён паехаў?

- Нiкога не папярэдзiўшы. Ноччу. Мне сказаў пра гэта Эрнэст. Паехаў, узяўшы з сабою нейкую частку грошай з касы кампанii.

- I Эрнэст ажанiўся з вамi? Ваш сын - не яго, праўда?

- Гэта сын Раймона. Уявiце сабе, калi ён паехаў i пакiнуў мяне адну, я ўжо ведала, што стану мацi. А Эрнэст прасiў маёй рукi. Вы толькi паглядзiце на гэтыя дамы, вулiцу, горад, дзе ўсе ведаюць адно аднаго.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×