- Зноў на ўсю ноч у гэтую вату! - уздыхнуў капiтан.

I адразу ж завыла сiрэна.

- Гэта сiгнальны буй, там, пры ўваходзе ў фарватэр.

- Капiтан Жарыс часта хадзiў у Нарвегiю? - спытаўся раптам Мэгрэ.

- Калi служыў у Ангельска-Нармандскай кампанii, дык нярэдка. Асаблiва адразу пасля вайны: не хапала дрэва. Паршывы груз, нiякай магчымасцi манеўраваць...

- Вы служылi ў адной кампанii?

- Нядоўга. Я больш служыў у бардоскай кампанii 'Вормс'. Хадзiў, як мы кажам, на 'трамваi', гэта значыць па адным i тым самым маршруце: Бардо - Нант, Нант - Бардо... I так - васемнаццаць гадоў!

- Адкуль родам Жулi?

- Дачка рыбака з Порт-ан-Бэсэна... Зрэшты, якi там рыбак!.. Бацька нiколi сур'ёзнай справай не займаўся... Памёр у вайну... Мацi, напэўна, i сёння гандлюе на вулiцы рыбай, а больш п'е ў шынку.

I зноў, думаючы пра Жулi, Мэгрэ ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Ён згадаў, як яна рашуча ўвайшла ў яго кабiнет у Парыжы, а потым, як сёння ранiцай спрабавала вырваць у яго з рук братаву цыдулку.

Жарысаў дом ужо знiкаў у тумане. Святла не было нi на другiм паверсе, адкуль забралi нябожчыка, нi ў сталовай - яно гарэла толькi ў калiдоры i, мабыць, на кухнi, дзе суседкi сядзелi з Жулi.

У шынок увайшлi памочнiкi шлюзаўшчыкоў. Каб не замiнаць камiсару i капiтану, яны селi за столiк у глыбiнi шынка i пачалi партыю ў дамiно. У порце запалiлi маяк.

- Паўтарыце! - сказаў капiтан афiцыянтцы, паказваючы на чаркi. - Цяпер я частую, - зноў павярнуўся ён да Мэгрэ.

А той спытаў у яго нечакана мяккiм голасам:

- А дзе б ён цяпер быў, Жарыс, калi б быў жывы? Тут?..

- Не! Сядзеў бы ў сябе дома ў пантофлях!

- У сталовай? У спальнi?

- На кухнi... чытаў бы газету, потым садовую кнiгу... З нейкага часу ён захапiўся кветкамi... Паглядзiце! Позняя восень, а ў яго поўны сад кветак...

Астатнiя наведнiкi шынка засмяялiся. Але, вiдаць, iм было крыху нiякавата ад таго, што яны марнуюць час тут, а не маюць якога-небудзь вартага захаплення, накшталт кветак, як у Жарыса...

- Ён не хадзiў на паляванне?

- Зрэдку... Хiба што калi яго хто запрашаў...

- З мэрам?

- I такое бывала... Калi качак было багата, яны разам палявалi з будана...

Святло ў шынку было такое слабае, што ў тытунёвым дыме амаль не было вiдаць гульцоў у дамiно. I паветра было спёртае: увесь час палiлi ў печцы. На вулiцы была поўная цемра, але ў тумане яна рабiлася мутная - нечым нездаровым патыхала ад яе. Па-ранейшаму выла сiрэна. Люлька ў Мэгрэ патрэсквала.

Адкiнуўшыся на крэсле i прыплюшчыўшы вочы, ён спрабаваў злучыць асобныя дэталi справы, пакуль яшчэ нiчым мiж сабою не звязаныя.

- Жарыс знiк на паўтара месяцы i вярнуўся з разбiтым i залатаным чэрапам! - сказаў ён, не прыкмецiўшы, што думае ўголас. - А ў дзень вяртання яго чакала тут атрута. I толькi на ранiцу Жулi знайшла цыдулку ад брата!

Мэгрэ цяжка ўздыхнуў i прамармытаў, нiбы рабiў выснову:

- Урэшце, яго спрабавалi забiць! Пасля вылечылi. А потым усё ж такi забiлi! Калi толькi...

Гэтыя тры падзеi нiяк не звязвалiся ў адно. I тут раптам у галаву прыйшла дзiўная думка - настолькi дзiўная, што нават спалохала яго.

'Калi толькi першы раз яго спрабавалi не забiць, а проста зрабiць iдыётам...'

Хiба парыжскiя медыкi не казалi, што аперацыю зрабiў майстар сваёй справы?

Але няўжо, каб зрабiць чалавека непаўнацэнным, трэба раскраiць яму чэрап?

I потым, што гаворыць за тое, што Жарыс страцiў розум?

На Мэгрэ глядзелi ў пачцiвым маўчаннi. Хiба што таможнiк паказаў адзiн раз афiцыянтцы на чаркi:

- Тое ж самае...

Усе сядзелi, ёмка ўладкаваўшыся на крэслах, разамлелыя ад цяпла i задуменныя. I думкi гэтыя, i без таго не надта ясныя, рабiлiся зусiм цьмяныя.

Чуваць было, як праехалi тры машыны: прадстаўнiкi пракуратуры вярталiся ў Кан пасля прыёму ў мэра. А цела капiтана Жарыса ў гэты час ужо ляжала ў халодным моргу Iнстытута судова-медыцынскай экспертызы.

Усе маўчалi. У куце пастуквалi па абшарпаным стале костачкамi дамiно памочнiкi шлюзаўшчыкоў. I адчувалася ўжо, што загадка Жарысавай смерцi занепакоiла спакваля i партавiкоў, цiснула на кожнага з iх, здавалася, павiсала ўжо ў паветры i не давала думаць нi пра што iншае... Твары нахмурылiся. Сама малады таможнiк не выцерпеў i ўстаў.

- Пайду дамоў... Жонка чакае...

Мэгрэ працягнуў свой капшук суседу, якi, набiўшы люльку, перадаў яго далей. Тады пачуўся голас Дэлькура. Той таксама ўстаў, бо не мог тут болей трываць.

- Колькi я вiнен вам, Марта?

- За дзве порцыi?.. Дзевяць франкаў семдзесят пяць сантымаў... Плюс тры дзесяць за ўчарашняе...

Цяпер ужо ўсталi ўсе. Праз зачыненыя дзверы ў шынок цягнула халодным паветрам. Пацiснулi адзiн аднаму рукi.

На вулiцы, ахутанай туманам, кожны пайшоў у свой бок. Чуваць быў стук абцасаў, якi перакрыла раптам сiрэна.

Мэгрэ, нерухомы, прыслухоўваўся нейкi час да крокаў - яны былi то цяжкiя, то няўпэўненыя, то рабiлiся раптам хуткiя...

I камiсар зразумеў, што немаведама як, але страх працяў гэтых людзей.

Яны баялiся, усе, што iшлi цяпер дамоў, баялiся ўсяго i нiчога - нейкае няяснае небяспекi, нечага нядобрага, што нельга было пакуль яшчэ прадказаць, баялiся i цемры i святла.

'Што, калi гэтым не скончыцца?' - думалi, мусiць, яны.

Мэгрэ вытрас з люлькi попел i зашпiлiў палiто.

IV. 'СЭН-МIШЭЛЬ'

- Ну як? - занепакоена пытаўся гаспадар гатэля, як толькi Мэгрэ браўся за новую талерку.

- Нiчога, - адказваў камiсар, якi, па праўдзе сказаць, i не заўважаў, што ён еў.

Мэгрэ сядзеў адзiн у гатэльным рэстаранчыку на сорак - пяцьдзесят чалавек. Жыццё ў гатэлi вiравала толькi ўлетку, калi ў Вiстрэам прыязджалi адпачыць на беразе мора. Мэбля - як i ва ўсiх пляжных гатэлях. Вазачкi на сталах.

Нiчога агульнага з Вiстрэамам, якi цiкавiў камiсара i якi ён, адчуваючы задавальненне, пачынаў разумець.

У кожным расследаваннi ён больш за ўсё не любiў менавiта пачатку: за няёмкасць першых сустрэч i розныя падманлiвыя меркаваннi.

Напрыклад, ужо сама назва - Вiстрэам. У Парыжы яму чамусьцi здавалася, што гэта - партовы гарадок, як Сэн-Мало. А потым, у першы ўжо вечар, Мэгрэ зразумеў, што гэта - змрочны куток зямлi, населены суровымi i маўклiвымi людзьмi.

Цяпер ён ведаў Вiстрэам i пачуваў сябе ў iм як дома. Не дужа самавiты гарадок, у якi вядзе абсаджаная дрэўцамi дарога. Адзiн толькi порт i заслугоўвае ўвагi: шлюз, маяк, Жарысаў дом, шынок 'Марацкi прытулак'. Цiкава было назiраць жыццё гарадка, якое раней здалося загадкавым, цяпер рабiлася ўсё больш зразумелым: два шлюзаваннi на дзень, рыбакi з кашамi, жменька людзей, якiя толькi тым i займаюцца, што сочаць за праходам суднаў, якiя вяртаюцца з кабатажнага плавання, iх капiтаны...

Ключа да разгадкi тайны пакуль не было. Усё заставалася загадкавым. Але добра было ўжо хоць тое, што цяпер ён бачыў дзейных асоб гэтай заблытанай гiсторыi кожную на сваiм месцы, у сваiм асяродку, занятую сваёй заўсёднай справаю...

- Вы тут надоўга? - спытаўся гаспадар, падаючы каву.

- Не ведаю.

- Здарылася б гэта ў сезон, былi б у мяне вялiкiя страты...

Цяпер Мэгрэ дакладна адрознiваў чатыры Вiстрэамы: Вiстрэам-порт, Вiстрэам-гарадок, Вiстрэам

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×