запаволiлi крок. Кейсi выцер рукавом лоб i зноў надзеў свой пляскаты капялюш. - Так, Том малайчына, - паўтарыў ён. - Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусiм крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калi ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся - а то нагамi затопча. Што племянны жарабок у стойле.

Яны ўзышлi на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцiлася да крывога рэчышча ручая з няроўнымi, абсыпанымi берагамi, збарозненымi дажджавымi вымоiнамi. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другi бераг.

- Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, - сказаў Джоўд. - А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калi яго хрысцiлi на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапiсты куст вышынёй з пiянiна. Раз! - туды пераскочыў; раз! - назад пераляцеў i вые, як здзiчэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лiчыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, i як убачыў гэта, аблюбаваў такi ж шырачэзны куст, удвая толькi вышэйшы, завiшчаў не сваiм голасам, як свiння, што бiтым шклом апарасiлася, пераскочыў з разбегу цераз куст i вывiхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы i вылецеў. Прапаведнiк усё лезе памалiцца, каб нага выправiлася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкi бадзячы трапiўся, ну ён яму косць i ўправiў. А прапаведнiк усё роўна за сваё памалiўся-такi.

Яны паволi адолелi нястромкi пад'ём па другi бок яра. Цяпер, калi сонца хiлiлася на захад, спёка пачала спадаць, i хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промнi абрыналiся ўжо з меншай сiлай. Па краях дарогi стаялi такiя ж крывыя калы з нацягнутым на iх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнiк быў аднолькавы з абодвух бакоў - сухi, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.

Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:

- Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, i бацьку закарцела абгарадзiць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў - гэта сорак акраў! Толькi не было б нiякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваiм фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькi на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так i засталося тайнай. - На пад'ёме яны пайшлi цiшэй, цягнучы ногi па мяккiм, глыбокiм пыле i адчуваючы пад ступнямi зямлю. Вочы ў Джоўда нiбы ўзiралiся ў мiнулае. Здавалася, ён пацiху пасмейваецца сам з сябе. - Дзiвак у нас дзядзька, - сказаў ён. - Узяць хоць парася гэтае, - ён хiхiкнуў i моўчкi пайшоў далей.

Кейсi нецярплiва чакаў, калi Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохi часу, каб сабрацца з думкамi, i нарэшце не вытрымаў i крыху раздражнёна спытаўся:

- Ну i што ж ён з парасём гэтым зрабiў?

- Га? А-а... Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго i загадаў мацi плiту распалiць. Тады выразаў адбiўных i паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбiўныя з'еў, тым часам рэбры згатавалiся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумянiўся. Узяўся за кумпяк - адхопiць нажом добры кавалак i пхае ў рот. Мы, дзецi, ад яго не адыходзiм, клянчым, i ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку нi дробачкi не даў. Нарэшце так аб'еўся, што яго званiтавала, i тады ён залёг спаць. Пакуль спаў, мы з бацькам з кумпяком тым расправiлiся. Ранiцай дзядзька Джон падымаецца i другi кумпяк бразь - у духоўку. Бацька пытаецца: 'Няўжо, Джон, ты ўсяго падсвiнка з'есцi сабраўся?' А той кажа: 'Сабраўся, Том. Баюся толькi, каб ён не пратух, перш чым я яго ў страўнiк адпраўлю, а я тухляцiны не ем, хоць i страшэнна люблю свiнiну. Пакладзi трохi сабе на талерку, а мне аддай назад дзве шпулi дроту'. Ну, сэр, бацька мой не з дурных. Даў дзядзьку Джону абжырацца, а як надышоў час таму ехаць, яшчэ больш за палову засталося. Бацька i кажа: 'Ты яе засалiў бы, Джон'. Але ж дзядзька не такi: захоча свежанiны, дык ты яму цэлую свiнню падавай, а наб'е жывот, нават паху яе не церпiць. Паехаў, а што засталося, бацька засалiў.

Кейсi сказаў:

- Калi б я быў, як раней, прапаведнiкам, дык зараз жа вывеў бы з гэтага мараль i наставiў бы цябе на шлях iсцiнны. Але больш пропаведзяў нiхто ад мяне ўжо не пачуе. Як думаеш, чаму ён гэтак зрабiў?

- Не ведаю, - адказаў Джоўд. - Проста прагны на свiнiну. Мне i самому, як успомнiў, страшэнна захацелася. За ўсе чатыры гады толькi чатыры кавалкi смажанай свiнiны з'еў - па адным на кожныя Каляды.

Тонам прапаведнiка Кейсi прамовiў:

- Можа, Том зарэжа адкормленае цяля свайму блуднаму сыну, як у Пiсаннi?

Джоўд пагардлiва засмяяўся:

- Ты, браце, бацькi не ведаеш. Калi ён курыцу рэжа, дык не столькi крыку ад яе, колькi ад яго самога. Не можа ён такое рабiць. Свiнню заўсёды беражэ на Каляды, а яна ў вераснi задзiрае капыты - ад перакорму цi ад хваробы якой, пасля чаго есцi яе нельга. Затое дзядзька Джон, як захочацца яму свiнiны, дык наесца ўжо да адвалу. Свайго не прапусцiць.

Яны паднялiся на грэбень узгорка i ўнiзе ўбачылi ферму Джоўдаў. Том спынiўся.

- Тут нешта не так, - сказаў ён. - Зiрнi на дом. Штосьцi нядобра. Нiдзе нi душы.

Абодва стаялi, пазiраючы на невялiкую купку будынiн.

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

Землеўласнiкi пачалi наведвацца на свае землi, але часцей замест сябе пасылалi пасрэднiкаў. Агенты гэтыя паяўлялiся на палях у лiмузiнах, шчупалi i расцiралi пальцамi сухую зямлю, а то заганялi ў глебу земляны бур i бралi пробу. З-за парканаў сваiх апаленых сонцам падворкаў арандатары з трывогай сачылi за лiмузiнамi, што снавалi ўздоўж палёў. Нарэшце пасрэднiк уязджаў у двор i, не выходзячы з кабiны, заводзiў гутарку з арандатарам праз акенца. Падышоўшы да машыны, арандатары першыя хвiлiны стаялi, потым апускалiся на кукiшкi i вадзiлi па пыле падабранымi з зямлi пруткамi.

Праз адчыненыя дзверы дамкоў вызiралi кабеты, а з-за iх спiн цiкавалi дзецi - светлавалосыя, пад колер кукурузы, дзецi з шырока расплюшчанымi вачамi, - пачухваючы пальцамi адной босай нагi галёнку другой. Жонкi i дзецi не спускалi вачэй са сваiх мужчын, якiя размаўлялi з прадстаўнiкамi гаспадароў зямлi, i зацята маўчалi.

Адны агенты гаварылi мякка, бо iм брыдка было рабiць тое, на што iх паслалi; другiя - раздражнёна, бо iм брыдка было праяўляць жорсткасць, а трэцiя - холадна-спакойна, бо даўно ўжо зразумелi, што гаспадар павiнен быць халодным i спакойным. I кожнага з iх учэпiста трымала нейкая неадольная сiла. Некаторыя з iх ненавiдзелi матэматыку, якая даймала iх, другiя баялiся сваёй матэматыкi, а iншыя абагаўлялi яе, бо ў ёй яны знаходзiлi збавенне ад думак i чалавечых пачуццяў. Калi зямлёй валодаў банк цi фiнансавая кампанiя, агент гаварыў: банк цi кампанiя хоча... адчувае патрэбу... настойлiва патрабуе... не можа абысцiся... быццам банк цi кампанiя - нейкая пачвара, надзеленая розумам i пачуццямi, страшыдла, якое завабiла iх у свае цянёты. Агенты не неслi адказнасцi за дзейнасць банкаў i кампанiй, яны былi ўсяго толькi людзi, нявольнiкi, а банкi - гэта ж машына! Яна i валадар. Сёй-той з агентаў нават нямала ганарыўся тым, што ён нявольнiк такiх халодных i магутных валадароў. Агенты сядзелi ў машынах i тлумачылi людзям: вы ж ведаеце, зямля спустошылася. Бог ведае колькi ўжо гадоў вы капаецеся ў ёй.

Седзячы на кукiшках, арандатары кiвалi галовамi, гадалi i прыкiдвалi, выводзячы ўзоры ў пыле, - ага, так, ведаем, далiбог. Калi б зямлю не засыпала пылам, калi б не выветрываўся верхнi пласт глебы, тады б яшчэ можна было цярпець...

Пасрэднiкi гнулi сваё: вы ж ведаеце, што зямля з кожным годам яшчэ больш спусташаецца. Не мне вам казаць, што з ёю робiць бавоўна, - губiць, высмоктвае з яе ўсе сокi.

Арандатары згодна кiвалi галовамi: яны ўсё разумеюць, бог сведка. Калi б увесь севазварот... зямля зноў налiлася б сокамi.

Гэта праўда, але цяпер ужо позна. I агенты тлумачылi механiку дзеянняў i ход думак пачвары, што схапiла iх самiх такой мёртвай хваткай.

Чалавек можа сядзець на зямлi, нават калi яму хапае толькi на пракорм i на выплату падаткаў. Такое ж зусiм магчыма.

Так, такое магчыма, пакуль не здарыцца неўраджай i не прыйдзецца браць пазыку ў банку. Але, разумееце, банку цi кампанii трэба зусiм не тое - яны ж не паветрам дыхаюць i ядуць не мяса. Яны дыхаюць прыбыткам, ядуць працэнты з капiталу. Калi iм гэтага не даць, яны памруць, як мы з вамi памерлi б без паветра i без ежы. Усё гэта сумна, але так яно ёсць. Нiчога не зробiш.

Людзi, што сядзелi на кукiшках каля лiмузiнаў, узнiмалi вочы, намагалiся зразумець. А цi нельга яшчэ пабыць нам тут? Можа, наступны год выдасца ўраджайны? Адзiн бог ведае, якая ўродзiцца бавоўна праз год. А войны? Хiба ўгадаеш цяпер, якiя цэны будуць на бавоўну? З яе ж робяць узрыўчатку, цi не так? А абмундзiраванне? Будуць войны, i цэны на бавоўну падскочаць. Можа, ужо нават у наступным годзе.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×