на вяршыню мачты i нават з той вышынi бачыў нямала. Дэльфiны адтуль зелянейшыя, i ты можаш бачыць iхнiя палосы i фiялетавыя плямы, i можаш бачыць увесь касяк, як яны плаваюць. Чаму гэта так, што ўсе борздыя рыбы з цёмных глыбiняў маюць фiялетавыя спiны i, зазвычай, фiялетавыя палосы або плямы? Дэльфiн толькi здаецца зялёным, а ў сапраўднасцi ён залацiсты. Але калi ён прыходзiць кармiцца, добра прагаладаўшыся, фiялетавыя палосы паказваюцца ў яго на баках, як у марлiна. Цi гэта ад злосцi, цi ад большай хуткасцi яны выступаюць?'

Якраз перад тым, як сталася цёмна, а стары чалавек мiнаў вялiзную выспу саргасавых водарасцей, што ўздымалiся i калыхалiся ў светлым моры, як быццам акiян мiлаваўся з некiм пад жоўтаю коўдраю, невялiчкi шнур ухапiў дэльфiн. Ён убачыў яго, калi той скочыў у паветра, сапраўды залаты ў апошнiм праменнi сонца, выгiнаючыся i шалёна матляючы плаўнiкамi ў паветры. Дэльфiн скочыў яшчэ раз, дэманструючы акрабатыку страху, i стары чалавек прабраўся назад на карму i, скурчыўшыся, трымаючы вялiкi шнур ўсёю праваю рукою, цягнуў дэльфiна леваю, наступаючы на штораз даўжэйшы шнур голаю леваю нагою. Калi рыба была ля самай кармы, вар'юючы, кiдаючыся з боку ў бок, стары чалавек перагнуўся цераз карму, уцягнуў яе, зiхотка-залатую, з фiялетавымi плямамi, у лодку. Ейныя скiвiцы сутаргава працавалi, яна кусала i кусала кручок, малоцячы дно чоўна доўгiм пляскатым целам, хвастом i галавою, пакуль ён не агрэў яе па зiхатлiвай залатой галаве i пакуль яна не ўздрыгнула i не супакоiлася.

Стары чалавек зняў з кручка рыбу, насадзiў на яго другую сардзiну i закiнуў шнур. Пасля ён паволi стаў прабiрацца назад на нос. Ён памыў левую руку i выцер яе аб нагавiцы. Пасля пераклаў цяжкi шнур з правай рукi ў левую i памыў правую руку ў вадзе, назiраючы, як сонца апускалася ў акiян i з якiм нахiлам цягнуўся вялiкi шнур.

- Ён плыве, як плыў, - сказаў стары чалавек. Але паназiраўшы, як вада абцякае руку, заўважыў: рух лодкi стаў куды павольнейшы.

- Я звяжу два вёслы разам, упоперак кармы, i гэта замарудзiць вандроўку ўночы, - сказаў ён. - I яму, i мне пара адпачыць.

'Разумней будзе растрыбушыць дэльфiна трошкi пазней, каб зберагчы кроў у мясе, - падумаў ён. - Зраблю гэта пазней i тады ж звяжу вёслы, для тармажэння. Няхай марлiн цешыцца спакоем, не варта яго асаблiва турбаваць на заходзе. Заход сонца цяжкая часiна для рыб'.

Ён высушыў руку, трымаючы яе ў паветры, пасля ўхапiў ёю шнур i, расслабiўшыся як мог, даў падцягнуць сябе наперад да борта, гэтак, што на саму лодку прыпадала цяпер напругi не менш, калi не болей, як на яго.

'Я вучуся як спраўляцца з такiм клопатам, - падумаў ён. - Прынамсi, з гэтай часткай работы. I не забудзься яшчэ, што ён не еў з таго часу, як узяў прынаду, i што ён вялiзны i яму трэба шмат ежы. А я з'еў цэлага банiта. Заўтра прымуся за дэльфiна. Ён зваў яго dоradо. Мажлiва, пакаштую ўжо тады, калi буду чысцiць. Яго куды цяжэй есцi, як банiта. Але ж лёгкага нiчога няма'.

- Як пачуваешся, рыба? - спытаўся ён уголас. - Я добра пачуваюся, i мая левая рука паздаравела, i я маю запас ежы на ноч i на дзень. Так што цягнi лодку, рыба.

Ён не чуўся напраўду добра, боль ад шнура, якi ўядаўся ў спiну, ужо быў не проста боль - ён нерайшоў у тупую ламоту, якой ён пабойваўся. 'Але са мной здаралiся горшыя рэчы, - думаў ён. - Мая рука толькi трошкi парэзаная, а другая ўжо не здранцвелая. Ногi мае ў парадку. Апроч таго, цяпер у мяне ёсць перавага: я маю правiзiю'.

Ужо сцямнела, у вераснi па заходзе сонца цямнее хутка. Ён ляжаў, прыхiнуўшыся да шэрых абшарпаных дошак лодкi, адпачываючы ад усёй сваёй стомы. Загарэлiся першыя зоркi. Яму была невядома назва зоркi Рыгель, але ён бачыў яе i ведаў, што неўзабаве выйдуць i астатнiя, i ён будзе з усiмi сваiмi далёкiмi сябрамi.

- Марлiн - таксама мой сябра, - сказаў ён услых. - Гэткага я нiколi не бачыў i не чуў, што ёсць такi. Але я павiнен забiць яго. Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забiць зоры.

'Уявi, што было б, калi б чалавек штодня спрабаваў уходаць месяц, падумаў ён. - Месяц жа не стаiць на месцы. А можаш сабе ўявiць, як чалавек штодня палюе на сонца? Мы нарадзiлiся шчаслiвыя', - прыйшоў ён да высновы.

Потым яму стала шкада вялiзную рыбiну, якая не мела чаго есцi. Але яго рашучы намер даканаць марлiна нiяк не паслабеў ад таго шкадавання. 'Як багата людзей накормiць ён, - разважаў стары чалавек. - Але цi вартыя яны есцi яго? Ну, безумоўна, не. Няма анiкога, хто быў бы варты спажыць яго, гэтак ён сябе паводзiць, з такiм пачуццём годнасцi'.

'Я не дужа разумею гэтыя рэчы, - падумаў ён. - Але добра, што нам не трэба намагацца забiць сонца або месяц, або зоркi. Досыць таго, што мы жывiмся морам i вымаем дух з нашых праўдзiвых сяброў.

А цяпер, - падумаў стары чалавек, - трэба вырашыць з тармажэннем. Яно мае свае хiбы i свае вартасцi. Я магу згубiць гэтулькi шнура, што згублю i марлiна, калi той рване ад мяне, а тормаз - звязаныя адно з другiм вёслы будзе на месцы, i лодка згубiць усю сваю лёгкасць. Вядома, ейная лёгкасць доўжыць нашыя супольныя пакуты, але яна ж - зарука маёй бяспекi, бо ён здатны на вялiзную хуткасць, якою яшчэ нiколi не карыстаўся. Што б там нi было, я павiнен растрыбушыць дэльфiна, каб не сапсуўся, i трохi з'есцi, каб захаваць сiлу.

Зараз я адпачну яшчэ гадзiнку, пагляджу, цi гэткi ж ён моцны, што быў, i цi гэтак жа, як раней, плыве, а потым падамся на карму са сваiм рупескам i цвёрда наважу, што рабiць. Тым часам я магу назiраць, як ён трымаецца i цi нямашака з iм якiх змен. Вёслы - добрая прыдумка, але зараз гуляць трэба з аглядкай! Гэта яшчэ рыба хоць куды, i я заўважыў, што кручок быў у куце рота, i рот быў шчыльна закрыты. Такой бяды той кручок. Голад - вось што яму дапякае, i тое, што супроць яго якаясьцi незразумелая яму сiла. Спачывай зараз, старэча, а ён хай сабе працуе, пакуль твой чарод не прыйдзе'.

Ён адпачываў, як яму здалося, гадзiны дзве. Месяц узышоў на небе позна, толькi па iм ён мог вызначыць час. Дый цi адпачываў ён узапраўды? Стары чалавек, як i раней, нёс на сваiх плячах няспынную цягу рыбы, але ён паклаў левую руку на планшыр лодкi i ўсё больш давяраўся лодцы самой, ейнаму супрацiву рыбiне. 'Як было б проста i добра, калi б я мог напяць шнур моцна, падумаў ён. - Але калi марлiн раптоўна толькi падасца ўбок, то парве яго. Я павiнен змякчаць напругу шнура сваiм целам i ў любы час быць гатовы адпусцiць той абедзвюма рукамi'.

- Але ты яшчэ не спаў, старэча, - сказаў ён уголас. - Гэта ж палова дня i ноч, i другi дзень, а ты яшчэ не спаў. Ты павiнен вынайсцi спосаб, як трохi паспаць, калi ён спакойна плыве. Не сплючы, у галаве возьме i памутнее.

'Але галава ў мяне ясная, - падумаў ён. - Дужа ясная. Я такi ж ясны, як зоркi, а мы - радня*. I ўсё ж я павiнен паспаць. Зоркi спяць, i месяц, i сонца спiць, i нават акiян спiць часам, у пэўныя днi, калi плынь замiрае, калi ягоная паверхня гладзюсенькая.

* Лiтаральна - браты.

Але не забудзься пра сон, - падумаў ён. - Трэба сябе змусiць, а пасля прыдумай штосьцi простае i пэўнае наконт шнуроў. Iдзi назад i прыгатуй дэльфiна. Гэта занадта небяспечна: прыстасоўваць вёслы для тармажэння, калi ты павiнен спаць'.

- Я мог бы абысцiся без сну, - сказаў ён сабе. - Але гэта было б задужа небяспечна.

Ён рачкi стаў прабiрацца назад на карму, намагаючыся не таргануць шнуром, якi трымаў марлiн. 'Мажлiва, яго самога зморвае сон, - падумаў стары чалавек. Але я не хачу, каб ён адпачываў. Ён павiнен цягнуць, пакуль не зойдзецца'.

Зноў апынуўшыся на карме, стары чалавек павярнуўся гэтак, што адна яго левая рука вытрымлiвала цяпер тое, што раней плечы, i правай рукой дастаў нож з похвы. Зоры зараз свяцiлi зырка, ён выразна бачыў дэльфiна i ўсадзiў лязо нажа ў ягоную галаву, а пасля выцягнуў дэльфiна з-пад кармы. Прыцiснуўшы адной нагой рыбу, не марудзячы, ён разрэзаў яе ад задняга праходу аж да кончыка нiжняй скiвiцы. Потым адклаў нож i трыбушыў рыбу правай рукой, дачыста выбiраючы вантробы i вырываючы шчэлепы. Ён адчуў, што трымае ў руках цяжкi i слiзкi страўнiк, i расцяў яго. Унутры былi дзве лятучыя рыбы, свежыя i цвёрдыя. Ён паклаў iх побачкi, а трыбухi ды шчэлепы кiнуў за карму. Яны патаналi, пакiдаючы ў вадзе святлiсты след. Рыба была халодная, струплявата-шэра-белая ў зорным святле, i стары чалавек аблупiў адзiн бок, прытрымлiваючы правай нагой рыбiну галаву. Пасля перавярнуў рыбу i зняў скуру з другога боку, ды адрэзаў мяса з абодвух: ад галавы ажно да хваста.

Ён кiнуў шкiлет за борт i паглядзеў, цi хоць трохi не закруцiцца вада. Але ўбачыў толькi святло, запаленае яго павольным апусканнем. Тады ён павярнуўся i ўладкаваў дзвюх лятучых рыб усярэдзiне двух

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×