Стронiн не хадзiў на станцыю, як Алёша, нагружаць i разгружаць вагоны, а ў чысценькiм новым фрэнчы па цэлых днях сядзеў у сябе дома.

Як Алёша выходзiў ранiцаю на станцыю, Андрэй Стронiн яшчэ спаў, заўсёды тады Алёша бачыў шчыльна завешанымi вокны яго пакоя.

Уставаў Андрэй Стронiн а гадзiне адзiнаццатай i хадзiў па пакоi з кутка ў куток.

У яго былi свае думкi: яны не былi настойнымi i ўпартымi, яны былi нейкiмi вялiкiмi. I, можа, гэта затым, што не прывык ён з маленства сур'ёзна думаць, што не бачыў ён у жыццi нiякiх пакутных здарэнняў, над якiмi трэба было б доўга думаць, наогул не прыходзiлася яму нiчым глыбока, густа канцэнтраваць вакол чаго-небудзь думкi свае.

Дзяцiнства яго i першая маладосць прайшлi бесклапотна ў багатых бацькоў. I цяпер, ва ўнiверсiтэце, ён акуратна атрымлiваў ад брата кожны месяц пэўную суму грошай i мог увесь час аддаць навуцы. Ды толькi не было гэтага ў яго.

Замест гэтага было ў яго часта ў пачуццях i думках, хоць i там i тут неглыбока, нешта такое, што прымушала яго перажываць вялiкую разачараванасць ва ўсiм. У такiя, частыя, хвiлiны ён лажыўся, накрываў голаў падушкаю i стараўся заснуць. Пасля ж гэты настрой рабiўся менш вострым i цягнуўся раўней. Ён адчыняў акно i глядзеў на двор.

I здавалася яму тады, што людскiя галасы, якiя ён чуе на двары i па-за сценамi сваёй кватэры, шчырая вясёласць рабочых, радасны твар Алёшы, нават крык вераб'ёў каля пыльнага зелля пры сценах на двары - усё гэта ад яго далёка. Яно не праходзiць скрозь яго iстоту, не знаходзiць там нiчога сабе падобнага. Яно з'яўляецца як бы другiм светам.

Ён i сам не мог сказаць - добра гэта для яго цi кепска, патрэбна яму цi непатрэбна. Больш усяго было да гэтага ў яго абыякасцi.

А калi ўжо абыякасць для чалавека ўжо ва ўсiм тым, што на кожным кроку ў жыццi, калi не чапае яно iстоты, калi не здавальняе чалавека хоць бы тымi думкамi, калi не пачуццямi, у якiх прыходзiцца над iм бiцца, - то няма таму чалавеку радасцi непасрэдна ад жыцця, а загэтым i жыццё не ёсць жыццё.

Вось што было ў Андрэя Стронiна.

Падазваў ён раз да сябе к акну Алёшу, як той iшоў са станцыi. Глядзеў Стронiн на Алёшу звысоку, як стары студэнт, i зразу запытаў, сур'ёзна i панура:

- Чаго вы так рады заўсёды?

- А чаго я рад? - таксама запытаў у непаразуменнi Алёша.

- А мне здаецца, што вы заўсёды як бы ў нейкай вясёласцi.

- Здаецца, не. Я заўсёды так, як звычайна для мяне.

- Не... Вы нiколi не думалi аб гэтым... Што вы бачыце перад сабою светлае?.. Што вы будзеце рабiць, скончыўшы ўнiверсiтэт?

- Як што? Жыць, працаваць.

- А ў чым жа, па-вашаму, жыццё?

Алёша маўчаў.

I тады абодвум стала нялоўка. Алёша пастаяў i моўчкi пайшоў у сваю кватэру. I было ў яго пачуццё таго, што ўсё ў жыццi добра: вось скончыць некалi ён унiверсiтэт, тады, як асаблiва ясна за апошнiя днi зразумеў ён, пашлюць яго з запасам ведаў на працу, i ён будзе рабiць вялiкую справу, патрэбную для ўсiх.

I тут жа набеглi думкi аб тым, што дома, там, дзе бацька быў заплакаў, калi ён ад'язджаў у гэты горад, - там людзi як бы не прабавалi той радасцi, якая вакол iх захована, ды не ўзнята яшчэ для жыцця ўся; што не бачылi там людзi яшчэ той шырынi, якая ў жыццi i якую ўжо адчуў ён, Алёша, на студэнцкiх сходах i лекцыях...

'Вось там я прылажу сваю працу', - радасна падумаў Алёша i, вясёлы, скрыпнуў дзвярыма.

А Андрэй Стронiн думаў:

'Што ў жыццi радаснага? Вось скончу я ўнiверсiтэт; буду служыць. Але што з гэтага? Буду днём займацца справамi, ноччу спаць, але што з гэтага? Яно ўсё будзе iсцi, заплятаючыся за службу, за нейкiя абавязкi перад гэтым самым жыццём, але ў чым яго радасць? Што мне з таго, што я вось цяпер стаю тут пры акне? Дзе тая глыбiня, якая напоўнiла б мяне сабою, страсянула б усю маю iстоту нечым тым настаяшчым, штоб я ўрос для хваляванняў жыцця?'

I тады прыпомнiлася Андрэю Стронiну, як адзiн раз, у перарыў мiж лекцыямi, адзiн яго блiзкi сябар запытаў:

- Цi бачыш ты перад сабою калi што-небудзь для сябе светлае ў жыццi?

У Стронiна была ў руках тоўстая кнiга. Ён прыставiў яе к вачам i сказаў:

- Вось як бачу свет скрозь гэтую кнiгу.

* * *

Радасць у Алёшы была шырокаю, яна была як бы адчуванне самога факта iснавання. Тут як бы выяўлялiся ў Алёшы нейкiя пласты вялiкай жыццяздольнасцi, нязжытыя, нячэпаныя. Яны парадзiлi ў iм крынiцу сiлы.

Яно, усё гэта, ахвацiла ўсю iстоту яго маладою лёгкасцю, выявiлася як захапленне жыццём, самымi яго звычайнымi, дробнымi, кожнадзённымi здарэннямi.

I вельмi часта, у часы студэнцкiх сходаў, было ў Алёшы прагнае жаданне крыкнуць на ўсю залу, мора маладых студэнцкiх галоў аб тым, што так захапiла яго. А на лекцыях адчуваў ён сябе проста шчаслiвым тым, што кожны новы дзень прыносiць яму новую шырыню ў светапоглядзе.

Было ў яго непаразуменне, калi часта бачыў ён на гэтых самых сходах i лекцыях Андрэя Стронiна з сумным бляскам вачэй, панурым. Здавалася, што Андрэй Стронiн сярод мора молада радасных людзей адзiн, як сярод страшнай пустынi.

Тады ўжо сам, некалькi разоў, хацеў Алёша пайсцi к Стронiну i распытаць яго аб усiм, даведацца, аб чым думае гэты чалавек.

I не ведаў яшчэ Алёша, што нiколi не зразумее ён гэтага чалавека, Стронiн жыў адзiн, Алёша жыў з людзьмi...

IV

Прывезлi раз ва ўнiверсiтэцкi анатамiчны тэатр мерцвяка для практыкi студэнтаў. Iшлi тады з працы рабочыя, суседзi Алёшы i Стронiна, мiма ўнiверсiтэта i зайшлi на двор глянуць...

Мярцвяк быў страшна худы, высахшы за нейкую доўгую хваробу. На мяккiх месцах цела абвiсла скура на iм фалдамi i змаршчакамi; яны, жоўта-гразныя, выяўлялi сабою вялiкую агiднасць чалавека пасля яго смерцi, у працэсе распаду матэрыi. Вострыя рэбры тырчалi пад скурай, а твар ужо мала што выяўляў - мусiць, доўга i паволi ўмiраў гэты чалавек. Калi што было на твары гэтага быўшага чалавека, дык гэта слабы адбiтак нейкага як бы непаразумення перад тым, што з iм рабiлася. Але вiдаць - гэта ўнутранае, несвядомае, бяспамятнае.

Як знiмалi яго з воза, галава яго абвiсла ўнiз, i толькi ў тую хвiлiну з'явiлася ў мерцвяку нешта такое ў яго земляной постацi, што, перавёўшы на жывога чалавека, сказала б:

- Вось надышло нешта надзвычайнае, вялiкае, як увесь свет, як усё разам, што iснуе. Яно здарылася са мною адным, прымусiла людзей нешта рабiць са мною, а я павiнен маўчаць...

I тады сярод жывых было тут вось што.

Рабочыя затаiлi на тварах выраз дзелавых людзей, перамешаны з пачуццём як бы нейкай ненармальнасцi вакол iх.

'Вось тут трэба нешта рабiць', - гаварылi iх твары.

- Вось, брат, высушыла яна яго, - сказаў адзiн.

- Тут пазнаюць, колькi i як яна яго сушыла.

- Эх ты, лiха на яго!

- Лiха. Тут возьмуцца за гэтае лiха.

Алёша паглядзеў на мерцвяка i закалацiўся ў нечым знаёмым ужо, але большым па сваёй сiле.

'Хоць бы не стаяць тут мне на адным месцы, а рабiць што тут', гаварылi ўсе яго пачуццi.

I больш:

'Цераз гэтага мерцвяка, цераз многiх iх, навукаю, да процiлеглага таму, што ў гэтым мерцвяку. Вось што тут ёсць, дзе я стаю цяпер i што бачу'.

Жалезнае, нястрыманае жаданне дзейнасцi сцiснула ў адзiн жмут пачуццi. Хацелася Алёшу разам з усiмi студэнтамi напружыць свае сiлы для карыснай працы.

I тады Алёша глянуў на Андрэя Стронiна.

Той стаяў паводдаль, сагнуты, мiзэрны. Быў роспач у яго вачах. Здавалася - гiне гэты чалавек.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×