гэтую загадку ўвасабляе.

Чарговая пабыўка Гамсахурдзii на волi атрымалася такая працяглая, што дысыдэнт здолеў ператварыцца ў прэзыдэнта.

Народ любiць свайго прэзыдэнта батона Зьвiяда Гамсахурдзiю. Нiякага сумневу ў гэтым не пакiдае ўчарашнi нумар 'Вечернего Тбилиси', што тырчыць у мяне з кiшэнi. 'Напрасно враги Грузии, - напiсана ў iм на першай старонцы, тешат себя надеждой, что наш народ устал в борьбе за независимость и демократию. Он неутомим, как и его Президент. Проискам врагов мы противопоставим сплоченность и единство. Те же, кто выступает против народа, будут сурово наказаны'.

Ад гэтых суворых слоў лёгкi хмель пакiдае мяне, i я пасьпешлiва напаўняю фiлiжанку, каб адагнацца ад халоднае думкi, цi не выступаю я супраць народу, што супрацьпаставiць мне сваю згуртаванасьць i адзiнства.

З газэтнае паласы на мяне дапытлiва глядзiць дарагi батона прэзыдэнт. 'Хай смутак нiколi ня росiць вачэй тваiх добрых i ясных', - выплываюць на памяць словы зь лiста беларускага народу да вусатага суайчыньнiка дарагога батона прэзыдэнта.

Тамсама, на першай старонцы, пад партрэтам дарагога падвярстаны лiст армянаў, якiя дзякуюць 'и лично дорогому президенту' за адкрыцьцё ў грузiнскай школе армянскае клясы.

Учора ўвечары, калi далi электрычнасьць, па першай праграме TV паведамiлi, што ў Тбiлiсi за арганiзацыю забастоўкi арыштавалi старшыню грузiнскага дзяржтэлерадыё й яшчэ дзевяць апазыцыянэраў. Тэлежурналiсты па-ранейшаму бастуюць, i па тбiлiскай праграме йдуць адно iнфармацыйныя выпускi й амэрыканскiя баявiкi.

У вечаровым выпуску паказваюць мiтынг. На iм выступаюць: прыгожая жанчына ў чорных панчохах, непрыгожая жанчына ў чорных панчохах i з вусамi, неiнтэлiгентны мужчына ў чорных акулярах з падазрона аттутураным крысом пiнжака й сам батона прэзыдэнт. Ён чыста выгалены, але ўсё адно цяжка пазбыцца моцных асацыяцый з фiдэлеўскай смаляной барадою. Над натоўпам падымаецца збой партрэтаў дарагога батона.

Пасьля iнфармацыйнага выпуску круцяць вэстэрн пра iндзейцаў, якi, мусiць, нiдзе, апрача Абх.ССР (цi незалежнай РГ), ня ўбачыш. Фiльм iдзе па-ангельску, унiзе паўзуць гiероглiфы японскiх субтытраў, за кадрам гучыць пераклад то на грузiнскую, то на расейскую, то на нейкую зусiм незнаёмую мову. Напэўна, паказ наладжаны адмыслова дзеля дарагога прэзыдэнта, якi ведае зь дзясятак моваў.

З боку Турцыi хвалi павольна падганяюць два бервяны й яшчэ нешта незразумелае.

Яшчэ адна фiлiжанка за туркаў, i неўпрыкмет я апынаюся ў смузе колеру разбаўленага цынандалi. У ёй пачынае вымалёўвацца нейкая выснова. Вось зараз я ўхаплю яе за хвост, але...

Але ў гэтай залацiста-празрыстай смузе па пляжы - быццам кагадзе сыйшоў з тэлеэкрану - сунецца ў белых штанах генэрал КГБ Алег Данiлавiч Калугiн. Ён без накладной барады й чорных акуляраў i вiдавочна не падобны да зацкаванага людзьмi Гамсахурдзii агента (хай сабе й адстаўнога) варожай дзяржавы. Значыцца, я ўсё ж у Абх. ССР.

- Господин Калугин! - гукаю я, падымаючыся зь бервяна.

Ён ня ўздрыгвае й не палохаецца. Здаецца, яму нават прыемна, што яго пазналi. Генэрал стамiўся безь вядомасьцi, ваюючы на таемных франтох барацьбы зь iмпэрыялiзмам.

- Г-н Калугин! Интервью для белорусской газеты 'Наша Нiва'! Первый вопрос: Вы прибыли сюда в качестве агента Кремля?

Генэрал аблiвае нахабу прафэсiйным лiпуча-чэпкiм позiркам i дастае з кiшэнi асадку 'паркер'. Мяне працiнае: вось стрэлiць зараз якой-небудзь атрутнай стралой...

- Так вы из Минска? - Ён хавае 'паркер' у кiшэню. - Что-то вы не очень похожи на белоруса.

Нiякiх дакумантаў у мяне з сабою няма, i замест iх я пачынаю чытаць генэралу верш Рыгора Iванавiча Барадулiна:

Трэба дома бываць часьцей.

Трэба дома бываць ня госьцем...

- Это намек? - пытаецца пiльны спадар Калугiн.

Я прапаную яму разбаўленага цынандалi ймя Боры Гальперашвiлi. Генэрал адмаўляецца. Магчыма, прычына ў тым, што фiлiжанка ў мяне адна, а йсьцi па другую да Боры неахвота.

Банальная iдэя наконт iнтэрвiю ўжо пакiнула мяне.

Ну, пайшоў ён у ворганы адразу пасьля фiлфаку Ленiнградзкага ўнiвэрсытэту (цi не пастукваў, як быў студэнтам?). Ну, сядзеў на 'дыпляматычна-журналiсцкай' пасадзе ў ЗША, закупляючы рэдактараў эмiгранцкiх выданьняў. Ну, выдаваў пад псэўдонiмам 'О. Кедров' свае кнiжкi, дзе выкрываў акулаў капiталiстычнага сьвету. Ну, ажанiўся зь Людмiлай Вiктараўнай (яна ўжо зьявiлася на даляглядзе й занепакоена наблiжаецца да нас у штанах колеру бэж). Ну, працуе яна, скончыўшы пэдынстытут, у Iнстытуце ЗША й Канады. (Мы й так ведаем, што якраз у пэдынстытутах i рыхтуюць гэткiх спэцыялiстаў.) Усё гэта неiстотна.

Новую фiлiжанку я п'ю за генэрала Калугiна, найлепшага з усiх прадстаўнiкоў ягонага ведамства, якiх я дагэтуль ведаў.

Ён не паказваў мне сваёй корачкi, не выклiкаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра 'нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах'. Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.

За вас, генэрал!

Людмiла Вiктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалi, i яны аддаляюцца ўздоўж шампанiстага прыбою. Iхнi ўлюбёны адпачынак - дваццацiкiлямэтровая прыморская прагулянка.

За вас, Алег Данiлавiч i Людмiла Вiктараўна!

Як кажуць у вас у Расеi, скатертью дорога!

Я гляджу на мора. Таямнiчая рэч, якую несьлi хвалi, ужо блiзка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалi турэцкiя пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызыс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады й кладу яго на жвiр сушыць.

У яго толькi тры нагi, але на iм можна сядзець, што я й раблю, дапiваючы за турэцкiх пралетараў апошнiя глыткi. На ўсялякi выпадак я пералiчваю грошы й гляджу на Бору. Крэсла, як быццам прадчуваючы хуткае расстаньне, ня хоча адпускаць мяне.

Памiж мною й Борам адбываецца трэцi дыялёг.

- Кто этот человек? - ён кiвае ў той бок, куды пайшоў генэрал.

- Это Калугин, - адказваю я. - Ну тот, генерал КГБ.

- ... и... КГБ... - кажа Бора.

За час, пакуль я гаварыў з генэралам i сушыў турэцкае крэсла, у 'Бары' прычынiлася падвышэньне коштаў на цынандалi й хачапуры, аднак мне як старому клiенту Бора адпускае яшчэ па старым кошце. Ягоны позiрк раптам робiцца загадкавы й скiраваны некуды паўзьверх майго пляча.

Я адварочваюся ад стойкi й бачу побач са сваiм крэслам нейкага чалавека.

- Эй! - вясёла крычыць ён. - Это твоя стула?

- Моя!

- Можно, я заберу?

- Нельзя!

- Спасибо! - крычыць незнаёмы грамадзянiн Абх.ССР (цi незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлiвы позiрк i, прытулiўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кiруецца ў кiпарысавыя прысады.

На шчасьце, захапiць з сабою маё цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхiнаюся да яго, расьсьцiлаю газэту 'Вечерний Тбилиси', кладу побач з партрэтам Гамсахурдзii свой трэцi хачапуры, дзякую Бору й асабiста дарагому прэзыдэнту й пагружаюся ў залацiстую смугу.

Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугiн. За мною горы, за якiмi сядзiць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх.ССР i незалежнае РГ абрастае новымi варыяцыямi: Грузiя ўваходзiць у Абхазiю, СССР выходзiць з Грузii, я выходжу з СССР, СССР выходзiць зь мяне...

Чамусьцi ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным i крохкiм. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваiмi руiнамi. Шукаючы духоўнага апiрышча, я гляджу на фiлiжанку з адбiтым вушкам. Яшчэ iмгненьне, i ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзiўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёнi Дранько-Майсюка.

I тут з залацiстае смугi прыходзiць паратунак. З гэтае смугi колеру разбаўленага цынандалi ймя Боры Гальперашвiлi выплывае выснова, якая ўкладваецца ў тры словы: Гамсахурдзiя - наш чалавек.

Каб не забыцца, я пiшу iх на вiльготным пяску буйнымi лiтарамi:

ГАМСАХУРДЗIЯ - НАШ ЧАЛАВЕК.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×