Слава знішчальніку змей, Радасць прынёсшаму нам. Песню спявай, салавей. Не, заспяваю я сам. Славу пяю я вялікаму Рыкі, Кіпцям яго смелым, зубам яго белым, Агнёва-чырвоным вачам!

(Тут песня перарываецца, бо Рыкі-Цікі-Таві перашкодзіў спеваку далей спяваць яе.)

Казка пра старога кенгуру

Не заўсёды Кенгуру быў гэтакі, як цяпер, а быў ён Інакшы — Маленькі і на чатырох нагах. Ён быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы. Ён скакаў па камяністых пагорках у самай сярэдзіне Аўстраліі і аднойчы з'явіўся перад Малодшым Богам па імені Нка.

З'явіўся ён да Нка ў шэсць перад снеданнем і кажа:

— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывёлін, ды не пазней як да пяці гадзін дня.

Усхапіўся Нка са свайго пясочнага трона і закрычаў:

— Ідзі прэч!

А Кенгуру быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы: ён паскакаў на скалістым выступе ў самай сярэдзіне Аўстраліі і падаўся да Сярэдняга Бога Нкінга.

З'явіўся ён да Нкінга ў восем пасля снедання і кажа:

— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывёлін і каб мяне ведалі ўсюды, ды не пазней як да пяці гадзін дня.

Выскачыў Нкінга са сваёй нары ў гушчары і закрычаў:

— Ідзі прэч!

А Кенгуру быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы: ён паскакаў на пясчанай водмелі ў самай сярэдзіне Аўстраліі і падаўся да Старшага Бога Нконга.

З'явіўся ён да Нконга ў дзесяць яшчэ да абеду і кажа:

— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывелін і каб мяне ведалі ўсюды і ўвесь час за мною ганяліся, ды не пазней як да пяці гадзін дня.

Выскачыў Нконг са сваёй ванны ў саляным азярцы і закрычаў:

— Хай будзе па-твойму!

Паклікаў Нконг Дынга — Жоўтага Сабаку Дынга, вечна галоднага і вельмі запыленага, што было прыкметна на сонцы, — і паказаў яму на Кенгуру. І Нконг сказаў:

— Дынга! Прачніся, Дынга! Ты бачыш гэтага скакуна каля кручы? Ён хоча, каб яго ведалі ўсюды і ўвесь час за ім ганяліся. Выканай яго жаданне, Дынга!

Усхапіўся Дынга — Жоўты Сабака Дынга — і спытаў:

— Вось гэтага — не то ката, не то труса?

І рвануўся Дынга — Жоўты Сабака Дынга, вечна галодны, з разяўлянай чорнай зяпай, падобнай на вядзерца для вугалю, — і рынуўся на Кенгуру.

А фанабэрлівы Кенгуру кінуўся наўцекі на ўсіх сваіх чатырох лапах, быццам якое-небудзь трусяня.

На тым, мой любенькі, і канчаецца першая частка гісторыі!

Кенгуру бег па пустыні; ён бег цераз горы; бег цераз высахлыя саляныя азёры; бег праз чараты; бег праз зараснікі эўкаліптаў; бег праз калючыя хмызнякі; бег, пакуль у яго не забалелі пярэднія лапы.

Нічога не зробіш — давялося!

Бег і бег Дынга — Жоўты Сабака Дынга, вечна галодны, з разяўленай вастразубай, падобнай на пастку, зяпай; ён не набліжаўся і не адставаў, а ўсё імчаўся за Кенгуру.

Нічога не зробіш — давялося!

Бег і бег Кенгуру — Стары Кенгуру. Ён бег праз зараснікі дрэў; бег праз зараснікі кустоў; бег па высокай траве; бег па нізкай траве; бег цераз тропікі Рака і Казярога; бег, пакуль у яго не забалелі заднія лапы.

Нічога не зробіш — давялося!

Бег і бег Дынга — Жоўты Сабака Дынга, яшчэ больш галодны, чым заўсёды, з разяўленай зяпай, падобнай на конскі хамут; ён не набліжаўся і не адставаў, і гэтак яны хутка дабеглі да ракі Валгонг.

А там не было ні моста, ні парома, і Кенгуру не ведаў, як яму перабрацца на другі бок; і ён стаў на заднія лапы і пераскочыў.

Нічога не зробіш — давялося!

Ён скакаў па зямлі, ён скакаў па попеле, ён скакаў цераз пустыні ў самай сярэдзіне Аўстраліі. Ён скакаў, як сапраўдны Кенгуру.

Спачатку ён скокнуў на ярд; потым скокнуў на тры ярды; потым скокнуў на пяць ярдаў; а лапы ўсё дужэлі, а лапы ўсё даўжэлі. Ён не меў часу адпачыць і падмацавацца, хоць яму гэта было вельмі трэба.

Бег і бег Дынга — Жоўты Сабака Дынга, страшэнна галодны і зусім збіты з панталыку, і ўсё больш дзівіўся: чаго гэта Стары Кенгуру надумаўся гэтак скакаць?

А скакаў ён, як конік, як гарошына ў рондалі або новы гумавы мячык па падлозе ў дзіцячым пакоі.

Нічога не зробіш — давялося!

Ён падкурчыў пярэднія лапы, ён скакаў на задніх; для раўнавагі ён абапіраўся на хвост і гэтак перамахнуў цераз Пагоркі Дарлінга.

Нічога не зробіш — давялося!

Бег і бег Дынга — Стомлены Сабака Дынга, страшэнна згаладалы і зусім збіты з панталыку, і ўсё больш дзівіўся: калі ж нарэшце Стары Кенгуру надумае спыніцца?

Тут вылез Нконг са сваёй ванны ў саляным азярцы і сказаў:

— Ужо роўна пяць гадзін.

Апусціўся на зямлю Дынга — Небарака Сабака Дынга, вечна галодны і вельмі запылены, што было прыкметна на сонцы, — высалапіў язык і завыў.

Апусціўся на зямлю Кенгуру — Стары Кенгуру, — сеў на свой хвост, як на табурэтку, і сказаў:

— Дзякуй Богу, скончылася!

І тады Нконг, які быў вельмі выхаваны, прамовіў:

— Хіба ты не адчуваеш удзячнасці да Жоўтага Сабакі Дынга? Чаму ты не дзякуеш яму за ўсё, што ён для цябе зрабіў?

І тады сказаў Кенгуру — Стары Стомлены Кенгуру:

— Ён прагнаў мяне з родных мясцінаў; ён не даў мне своечасова паесці; ён так змяніў маё аблічча, што такім, як я быў, я ўжо не буду; ён урэшце знявечыў мае лапы.

І тады сказаў Нконг:

— Калі не памыляюся, ты прасіў мяне зрабіць цябе непадобным на ўсіх астатніх жывёлін, а яшчэ, каб за табою ўвесь час ганяліся. І цяпер якраз пяць гадзін.

— Праўда, — сказаў Кенгуру. — Лепей бы я гэтага не прасіў! Я думаў, ты здзейсніш гэта чарамі і заклінаннямі, а так — гэта сапраўдны здзек.

— Здзек, кажаш?! — выгукнуў Нконг са сваёй ванны ў зарасніку сініх эўкаліптаў. — Паўтары адно, я свісну Сабаку Дынга — тады ты застанешся і без задніх лапаў!

— Не трэба! — сказаў Кенгуру. — Давядзецца мне папрасіць прабачэння. Што ж, лапы — як лапы,

Вы читаете Казкі
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×