галубы. Ніхто з жывёлаў больш ніколі не згадваў пра Молі.

У студзені настала суровае надвор'е. Зямля была Цвёрдая, як жалеза, і на полі не было чаго рабіць. У вялікім гумне адбывалася шмат сходаў, свінні займаліся планаваннем працы на наступны сезон. Неяк само сабою склалася, што свінні, якія былі відавочна разумнейшыя за іншую жывёлу, вырашалі ўсе пытанні, што датычылі фермы, хоць рашэнні і меліся быць ухваленыя большасцю галасоў. І гэткі парадак дзеіў бы даволі добра, калі б не спрэчкі паміж Сняжком і Напалеонам. Гэтыя двое разыходзіліся ў поглядах паўсюль, дзе толькі было магчымае разыходжанне. Калі адзін з іх прапанаваў засеяць большую плошчу ячменем, дык можна было быць пэўным, што другі запатрабуе большае плошчы пад авёс, і калі адзін казаў, што тое і тое поле якраз прыдатнае пад капусту, дык другі абвяшчаў, што яно ні на што іншае не надаецца, як на караняплоды. Кожны меў сваіх прыхільнікаў, і часам адбываліся зацятыя спрэчкі. На сходах Сняжок часта перамагаў дзякуючы сваім бліскучым прамовам, але Напалеону больш удавалася назбіраць сабе аднадумцаў у часе паміж сходамі. Асаблівы поспех ён меў сярод авечак. Апошнім часам авечкі ўзяліся бляяць лозунг «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна» калі трэба і калі не трэба, часам перапыняючы сваім бляяннем Сход. Можна было заўважыць, што яны мелі асаблівую схільнасць бляяць свой лозунг у сама важныя моманты Сняжковых прамоў. Сняжок якраз дэталёва вывучыў некалькі старых нумароў знойдзенага ў сядзібе часопіса «Фермер і жывёлавод» і быў поўны шырокіх планаў розных навінак і ўдасканаленняў. Ён з веданнем справы гаварыў пра дрэнажныя сістэмы, сілас і кампост, выпрацаваў складаны праект, паводле якога ўсе жывёлы мусілі класці свой гной непасрэдна ў полі, кожны дзень на новым месцы, каб скараціць працу на перавозку. Напалеон ніякіх сваіх праектаў не прапаноўваў, а толькі спакойна казаў, што Сняжковы нікуды не вартыя, і, здавалася, чакаў свайго часу. Але з усіх іхніх спрэчак найбольш зацятая разгарэлася вакол пытання аб ветраку.

На доўгім выгане, недалёка ад гаспадарчых пабудоў, быў маленькі ўзгорак — найвышэйшая мясціна на ферме. Агледзеўшы мясцовасць, Сняжок абвясціў, што гэта сама прыдатнае месца для ветрака, які б прыводзіў у рух генератар і забяспечваў ферму электрычнасцю. Гэта дазволіла б асвятліць і ацяпліць узімку стайні, пусціць у ход цыркулярную пілу, сячкарню, буракарэзку і электрычную даільную машыну. Жывёлы ніколі не чулі пра нешта падобнае (бо ферма была старая і мела толькі сама прымітыўныя механізмы) і здзіўлена слухалі, як Сняжок маляваў ва ўяўленні дзівосныя карціны, як машыны будуць працаваць за іх, а самі яны тым часам будуць пасвіцца ўдосталь на полі або ўдасканальваць розум чытаннем і размовамі.

Праз некалькі тыдняў Сняжковы праекты ветрака былі цалкам гатовыя. Механічныя падрабязнасці паходзілі галоўным чынам з трох кніг, што належалі містэру Джоўнзу, — «Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы», «Кожны сам сабе муляр» і «Электрычнасць для пачаткоўцаў». Сняжок выбраў сабе за кабінет павець, якая некалі выкарыстоўвалася як інкубатар і дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ён зачыняўся там на цэлыя гадзіны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем і заціснуўшы кавалак крэйды паміж косткамі капыта, ён хуценька вадзіў ім сюды-туды, крэслячы лінію за лініяй і павіскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварыліся ў складаную блытаніну шківаў і шасцерняў, якая займала больш за палову падлогі і, хоць здавалася астатнім жывёлам цалкам незразумелай, рабіла на іх вялікае ўражанне. Усе яны прыходзілі паглядзець на Сняжковы малюнкі, прынамсі, раз на дзень. Прыходзілі нават куры і качкі, усяляк стараючыся не наступіць на крэйдавыя рыскі. Толькі Напалеон трымаўся наводдаль. Ён адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы. Ён, цяжка ступаючы, абышоў паветку, прыгледзеўся да кожнай драбніцы ў чарцяжах і нават раз ці два панюхаў іх, пасля пастаяў хвілінку, пазіраючы на іх краем вока; тады раптам падняў нагу, пабруіў на чарцяжы і выйшаў, не сказаўшы ні слова.

Паміж насельнікамі фермы зазначыўся глыбокі падзел у пытанні аб ветраку. Сняжок не адмаўляў, што пабудаваць яго — справа няпростая. Трэба будзе нанесці камення і змураваць сцены, тады зрабіць крылы, а пасля гэтага спатрэбіцца генератар і правады. (Як усё гэта дастаць, Сняжок не казаў.) Але ён сцвярджаў, што ўсё гэта можна зрабіць за год. Затое пасля, абяцаў ён, будзе заашчаджана столькі працы, што жывёлам трэба будзе працаваць толькі тры дні на тыдзень. Напалеон, са свайго боку, падкрэсліваў, што вялікай неабходнасцю бягучага моманту з'яўляецца павышэнне вытворчасці харчоў і што калі яны будуць марнаваць час на пабудову ветрака, то яны ўсе памруць з голаду. Жывёлы падзяліліся на дзве фракцыі: адна пад лозунгам «За Сняжка і трохдзённы тыдзень», а другая — «За Напалеона і поўнае карыта». Бэнджамін быў адзіны, хто не далучыўся да ніводнай фракцыі. Ён не верыў ні ў тое, што пабольшае ежы ў карыце, ні ў тое, што вятрак заашчадзіць працу. Будзе вятрак або не будзе, казаў ён, жыццё ўсё адно будзе такое, якое было дагэтуль — гэта значыць кепскае.

Побач са спрэчкамі вакол ветрака гарачым было і пытанне абароны фермы. Было цалкам верагодна, што, хоць чалавечыя стварэнні і былі разбітыя ў Бітве пры Хляве, яны маглі зрабіць яшчэ адну, больш рашучую спробу адваяваць ферму і аднавіць панаванне містэра Джоўнза. Яны тым болей мелі на гэта падставы, што навіна пра іх паражэнне разышлася па наваколлі і жывёлы на суседніх фермах зрабіліся натурлівыя, як ніколі раней. Як звычайна, Сняжок і Напалеон не пагаджаліся між сабою. Паводле Напалеона, што жывёлы мусілі зрабіць, дык гэта здабыць пальную зброю і практыкавацца ў яе ўжыванні. Паводле Сняжка, яны мусілі высылаць штораз болей галубоў, каб раздзьмуць паўстанне сярод жывёлаў на іншых фермах. Адзін сцвярджаў, што калі яны не навучацца бараніцца, дык непазбежна будуць заваяваныя, другі сцвярджаў, што калі паўстанні адбудуцца паўсюль, ім не будзе патрэбы бараніцца. Жывёлы слухалі спачатку Напалеона, пасля Сняжка і не маглі зразумець, хто з іх мае рацыю; і сапраўды, яны заўсёды пагаджаліся з тым, хто якраз у гэты момант прамаўляў.

Нарэшце настаў дзень, калі Сняжковы чарцяжы былі гатовыя. На Сходзе, што меўся адбыцца наступнай нядзеляй, пытанне пра пабудову ветрака выносілася на галасаванне. Калі жывёлы сабраліся ў вялікім гумне, Сняжок устаў і, хоць яго часам перапыняла бляянне авечак, выклаў свае аргументы за пабудову ветрака. Тады Напалеон падняўся для адказу. Ён вельмі спакойна сказаў, што вятрак — гэта бязглуздзіца і што ён нікому не раіць галасаваць за яго, і тут жа зноў сеў; гаварыў ён усяго нейкіх трыццаць секунд і, здавалася, не зважаў, ці зрабілі яго словы хоць найменшае ўражанне на прысутных. У адказ на гэта Сняжок ускочыў на ногі і, прыкрыкнуўшы на авечак, якія зноў пачалі бляяць, выступіў з палымяным заклікам на карысць ветрака. Дагэтуль жывёлы былі амаль пароўну падзелены ў сваіх прыхільнасцях, але праз хвіліну Сняжок захапіў іх сваім красамоўствам. Красамоўнымі фразамі ён распісаў карціну жыцця на Ферме Жывёлаў, якім яно магло б быць, калі б цяжар непасільнай працы быў зняты з іх спін. Цяпер яго ўяўленне лунала значна вышэй за сячкарні і электрадаілкі. Электрычнасць, казаў ён, зможа прывесці ў рух малатарні, плугі, бароны, касілкі, жнейкі, снопавязалкі і, апроч таго, забяспечыць кожнае стойла электрычным святлом, халоднай і гарачай вадою і электрычным ацяпленнем. Калі ён скончыў прамову, ніхто ўжо не сумняваўся ў тым, у які бок пойдзе галасаванне. Але якраз у гэты момант Напалеон устаў і, неяк дзіўна паглядзеўшы скоса на Сняжка, пранізліва завішчаў, так, як ніхто яшчэ ніколі не чуў.

У адказ на гэта пачуўся страшны брэх знадворку, і дзевяць вялізных сабакаў з абабітымі бляхай ашыйнікамі ўварваліся ў гумно. Яны кінуліся проста на Сняжка, які адно што паспеў адскочыць убок і ўхіліцца ад іх вострых зубоў. Праз момант ён быў ужо за дзвярыма, і сабакі беглі за ім. Знямеўшы ад страху і здзіўлення, усе жывёлы выйшлі паглядзець на пагоню. Сняжок бег праз доўгі выган у бок гасцінца. Ён бег, як толькі можа бегчы свіння, але сабакі былі ўжо ў яго на пятах. Раптам ён паслізнуўся, і здалося, што зараз яны схопяць яго. Але ён падхапіўся і пабег яшчэ хутчэй, аднак сабакі зноў амаль яго дагналі. Адзін з іх ужо блізка не схапіў зубамі Сняжкоў хвост, але Сняжок паспеў вырвацца. Тады ён дадаў яшчэ крыху спрыту і, пад самым носам у сабакі, шуснуў праз дзірку ў жываплоце, і больш яго ніхто ўжо не бачыў.

Маўклівыя і напалоханыя, жывёлы забраліся назад у гумно. Праз хвіліну вярнуліся сабакі. Спачатку ніхто не мог даўмецца, адкуль узяліся гэтыя стварэнні, але хутка знайшлася разгадка: гэта былі тыя самыя шчаняты, якіх Напалеон забраў ад матак і гадаваў асобна. Хоць яшчэ і маладыя, гэта былі ўжо вялізныя сабакі, якія злавесным выглядам нагадвалі ваўкоў. Яны трымаліся каля Напалеона. Было заўважана, што яны вілялі хвастамі яму гэтаксама, як некалі іншыя сабакі вілялі містэру Джоўнзу.

Напалеон, за якім ішлі сабакі, узышоў на прыўзнятую пляцоўку, дзе некалі стаяў Маёр, каб выступіць з прамовай. Ён абвясціў, што ад гэтага часу нядзельныя ранішнія Сходы адмяняюцца. Яны непатрэбныя, сказаў ён, і толькі забіраюць час. У далейшым усе пытанні жыццядзейнасці фермы будуць вырашацца адмысловым свіным камітэтам з ім самім на чале. Яны будуць збірацца за зачыненымі дзвярыма і пасля будуць паведамляць іншым пра свае пастановы. Жывёлы будуць па-ранейшаму збірацца кожную нядзелю раніцай, каб прывітаць сцяг, праспяваць «Звяры Брытаніі» і атрымаць загады на тыдзень; але ніякіх спрэчак і абмеркаванняў больш не будзе.

Вы читаете Ферма
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×