За шыбамі тлеюць у інеі сінія зоры. Мерзнуць ад сцюжы апухлыя пальцы, баляць. Ведаю, песні, вам хочацца новых разораў, Шолаху лесу зялёнага, звону азёраў, — Сніцца не раз вам шчаслівая наша зямля. Будзе ўсё гэта… Гартоўным нарогам падымем Новыя дні; залатых ураджаяў зару Збяруць у снапы маторы рукамі стальнымі; I вёснамі будзе цвісці маладымі, Вясёлкамі песняў мая Беларусь. А сёння ідзіце ў батрацкія хаты, пад стрэхі, — Пазнаюць вас там па глыбокіх шрамах, Па чорных мазолях, па гулкаму рэху. Як сонечныя, загарайцеся вехі На горных вяршынях, на новых шляхах! А сёння ідзіце між родных загонаў, Дзе многа знаёмых спаткаеце вы. Рассцелюць вам нівы узорны настольнік, Як прыйдзеце ў госці ў дзень заўтрашні, вольны, Ці з славаю паўшых, ці з славай жывых. I поўнач мінае. За шыбамі вецер… За сына дзесь моліцца матка цяпер. А я хачу сонца пранесці па свеце I ворагам кінуць у вочы з-пад сэрца Крывёю гарачай апырсканы верш. Вось раніца ціха лягла на падлогу… Я песні бяру свае ў дальні паход. Іх трэба рассеяць вясной па разлогах, Каб заўтра на струнах, на новых дарогах Нам з песнямі стрэціць свабоды прыход.
Вы читаете Нарач
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×