сваiм жыццi кнiжку - гэта быў буквар, у якiм аж 'кiшэла' малюнкаў. Праўда, малюнкi былi не каляровыя, але ўсё роўна бачыць першы раз у жыццi такi цуд - гэта вам не сёння, што кнiгарнi ломяцца ад розных кнiжак, яркiх, прыгожых. А тады - галеча, паперкi не знойдзеш, не тое што кнiжкi. Цi ж магло маё дзiцячае сэрца вытрымаць i прапусцiць проста так гэтую прыгажосць? Я адразу ж узяў нажнiцы i павыразаў самыя прыгожыя, на мой розум, малюнкi, асцярожненька, каб не парвалiся, склаў iх i схаваў у кiшэньку, а ў душы радаваўся магчымасцi бачыць у любы момант гэтую незвычайнасць дома.

Якое ж было маё здзiўленне, калi, вярнуўшыся ў хату знадворку, дзяўчынка Соня кiнулася ў слёзы, нарабiла такога ляманту - хоць вушы затыкай. Збеглiся дарослыя, забралi мой дарагi скарб i адвялi мяне назад да мамы. Праўда, не бiлi. А я доўга не мог зразумець, за што на мяне сварылiся.

МАКУХА

Надакучыў я вам са сваiм голадам? Прабачце! Але зноў вяду размову пра яго, праклятага...

Прывезлi неяк у Буды цэлую машыну нейкай макухi. Згрузiлi яе ў будынiну напалову склеп, бо частка ў зямлi была. Навесiлi на дзверы замок, i ўсё. Не, не ўсё! А як жа без нас?! Мы хуценька даведалiся пра тое, што прывезлi макуху, каб даваць яе жывёле. А чым мы горшыя за жывёлу? Нам таксама хочацца есцi. Круцiлiся мы вакол гэтага будынка, круцiлiся - нi дзюрачкi, нi шчылiнкi, толькi пах той макухi насы зварочвае, ахвоты паддае. Нарэшце залезлi мы на дах, нешта адсунулi, нешта ададралi - i вось яна, жаданая! Паспрабавалi смакацiшча! Ну i навалiлiся ж мы на яе, толькi хрумст стаяў у цемры. Елi, елi - колькi ўлезла, яшчэ i з сабой хапянулi - хто ў кiшэнi, хто ў запазуху. Вось гэта жыццё! Заўтра зноў наведаем 'харчэўню'!

Але нi заўтра, нi пазней сюды мы не палезлi, бо праз некалькi гадзiн нас стала так ванiтаваць i тузгаць, што мы зелянелi, сiнелi, чарнелi. Цi мы задужа перагрузiлi свае вечна галодныя жываты, цi макуха была, сапраўды, толькi для жывёлы - нiхто не ведае. Вядома толькi адно - тую будынiну мы абыходзiлi далёка, бо не маглi чуць нават паху той макухi.

СМЯРОТНАЯ РАНА

Пасярод Будаў узвышаецца пагорак, яго называлi малаказаводам. Мусiць, тут быў некалi сапраўды завод, бо захаваўся вялiкi, высокi падмурак. На адным схiле гэтага пагорка рос арэшнiк, былi нейкiя ямы, таму мы, вясковае 'войска', тут гулялi 'ў вайну'. Падзялялiся на два лагеры, i пачыналася 'перастрэлка', поўзанне, перабежкi, перамогi i паражэннi. Камандзiрам нашага атрада быў Шурка Бурло - хлопец сталейшы за нас - на тое ён i камандзiр.

Паўзу я з нейкiм ражончыкам, замяняўшым стрэльбу, па гэтым арэшнiку i нечакана натыкаюся на Шурку, якi ляжаў на спiне, распластаўшы рукi i заплюшчыўшы вочы.

Я, як i належыць, пытаюся:

- Што з вамi, таварыш камандзiр?

У адказ - нi гуку... Зноў i зноў задаю тое ж пытанне - вынiк аднолькавы. Я не на жарт перапужаўся i давай крычаць на ўвесь арэшнiк, клiкаць на дапамогу.

Пазбягалiся i 'нашы', i 'не нашы' i давай валтузiць Шурку - не дай Бог памёр.

Нарэшце ён, не адкрываючы вачэй, працадзiў скрозь зубы:

- Мяне ранiлi проста ў сэрца...

Хух! Цяпер ужо i ў нас адлягло ад сэрца.

Аказваецца, Шурка гэтак увайшоў у ролю.

I СМЕХ, I СЛЁЗЫ

Сядзiм мы неяк са старэйшым братам Кастусём на печы i шчыкочымся - зубы скалiм. То ён мяне пакоцiць, то я на яго ўссяду. Весела! Валтузiмся, ажно печ трашчыць, ажно комiн хiстаецца.

Але праўду кажуць - надта не рагачы i не выскаляйся, бо хутка плакаць будзеш.

Так яно i атрымалася. Кастусь за мяне на чатыры гады сталейшы, у яго i сiл значна больш. Ён мяне прыцiснуў i казыча, а я... а я, сказаць вам па сакрэту, баюся гэтага казытання i сёння горш за ўсё на свеце. Я й сёння буду ўцякаць ад гэтага хоць па сценах, хоць па столi, хоць у ваду, хоць у агонь.

А тады куды я мог уцячы, калi ён мяне прыцiснуў, а я ўжо заходжуся ад смеху, ажно сiнею? Што я мог зрабiць? Як мог ратавацца? Правiльна! Толькi адным спосабам. Я яго i скарыстаў - што першае папалася пад руку, тым я i смалянуў брату ў зубы. А папалася, на жаль, нешта важкае, бо ў беднага Кастуся выскачыла адразу аж тры зубы. Ды якiя! Самыя што нi ёсць найпярэднiя! Як карова языком злiзала. Вось мы i нарагаталiся, i наказыталiся, i навыскалялiся. Сядзiм на печы, звесiўшы ногi, i плачам. Кастусь таму, што балiць, я - таму, што зрабiў брата шчарбатым. Сам сябе ён убачыць доўга не мог, бо не было люстэркаў.

Гэты сумны выпадак каб i хацеў выкiнуць з галавы, дык немагчыма, бо i праз паўвека, пры сустрэчы з братам, бачу яго ўстаўленыя зубы.

НАВУЧЫЎ

У дубе, як iсцi на Жукаўку, вадзiлiся шэршнi. Iх раней было на кожным кроку - i ў крушнях, i ў дуплах, i дзе iх толькi не было. Каб сказаць, што яны былi 'задзiрыстымi', дык не. Не чапай iх, i яны не зачэпяць.

А якi ж гэта падшыванец пройдзе каля шэршняў, каб не кiнуць у iхнi бок камень цi палку? Вось i я ўнадзiўся хадзiць да гэтага дуба i кiдаць па дупле каменнямi. Камень стукнецца аб дуб i адскоквае, а шэршнi за iм. Цiкава! Канешне, ёсць рызыка, што шэршань можа не за каменем паляцець, а за тым, хто яго кiдае, але ў гэтым заключаецца ўся вастрыня гульнi, якая i прываблiвае.

Аднаго разу набраў я каменняў, стаў, як заўсёды, на 'баявую' пазiцыю i давай шпурляць. Ды, мусiць, я ўжо ў тых шэршняў сядзеў у пячонках, бо адзiн з iх паляцеў не за каменем, а прамiком да мяне. Шэршань - гэта цэлы бамбавоз, i гудзе ён грозна, як бамбавоз. Я ад страху ледзь не абамлеў. Не паспеў я i пiкнуць, як ён грызануў мяне за руку ля локця. Было такое адчуванне, што мне нехта палкай па руцэ трэснуў. Добра, што пашкадаваў мяне i не ўкусiў за твар.

Я схапiўся за руку i з дзiкiм гвалтам панёсся дахаты.

Да таго дуба болей я не падыходзiў.

СПРЭЧКА

Далёка за Будамi, як iсцi на Сухую Гару, жанчыны, i сярод iх мая мама, жалi сярпамi калгаснае жыта. Спёка стаяла страшэнная, i мы, хлопчыкi i дзяўчынкi - дзецi гэтых жнеек, набралi ў бутэльку вады i панеслi яе сваiм змучаным матулям.

Хто з нас прапанаваў зрабiць такi высакародны ўчынак - не памятаю. Усё было б добра, але ў аднаго хлапчука знайшлася ў кiшэнi цукерачка-гарошына, якую ён нiяк не адважваўся з'есцi, бо яна была апошняя. Яго тата хварэў на сухоты, i, каб 'падтрымаць' яго здароўе, прывозiлi з Менска пасля продажу шчаўя маленькi кулёчак цукерак - рознакаляровага гарошыку, можа, грамаў сто, бо на большае i лепшае не хапала грошай, хоць бы хлеба купiць ды з голаду не памерцi. (Неўзабаве яго тата i памёр.)

Вось гэтую прыгожую гарошынку наш сябар 'аджалеў' i кiнуў у бутэльку 'для смаку'. Але адразу нас занепакоiла - чыя мама будзе пiць ваду апошняй? Усе разумелi - апошняй дастанецца цукерачка.

Падняўся шум, пiск, штурханiна, кожны крычаў:

- Мая!

Кожны спрабаваў завалодаць бутэлькай, каб потым i распараджацца ёю. I да таго мы завалтузiлiся, што бутэлька слiзганула з рук, бразнулася аб каменьчык i разбiлася. Мы акамянелi ад нечаканасцi.

Сонца пякло нясцерпна...

ПРОМАХ

Гулялi ў лапту. Мячыка ў нас не было, але гэта не бяда. Скруцiлi яго з ануч - чым не мячык? Адзiн яго падкiдвае, другi палкай стараецца папасцi па iм, каб ён ляцеў як мага далей. Гулялi хлопцы, якiм было ўжо год па дванаццаць, а такую, як мы, пяцi-шасцiгадовую мелюзгу не бралi. Але я так прасiўся, так скуголiў, каб дазволiлi хоць мячык падкiнуць, што Вiцька Жукавец (чамусьцi яго звалi Красянцом), якi стаяў з палкай, нарэшце злiтаваўся i дазволiў мне падкiнуць 'мячык'.

Не ведаю, што атрымалася - цi я стаў заблiзка да Вiцькi, цi ён не тым бокам да мяне, але Красянец з усяго размаху 'змазаў' мне палкай па пераносiцы, ажно iскры (якiя там iскры?) - ажно вуголлi з вачэй пасыпалiся. Я залiўся крывёй i брыкнуўся, як падсечаны.

З тае пары мой нос крыху крываваты, мусiць, не так храшчык зросся. Затое гульнi ў лапту нiколi не забуду.

ШКАДА...

Да мяне, як вiхор, падляцеў Жэнька i, сцiскваючы 'лодачкай' далонi, у якiх быў аловак, спытаўся з жарам:

- Не ты згубiў?

У мяне перахапiла дух. Сапраўдны аловак! Мне ж так хацелася маляваць, але не было чым i на чым, таму мы, дзецi вайны, малявалi на пяску. А тут сапраўдны аловак! А якi Жэнька чэсны! Знайшоў аловак i шукае гаспадара!

Я, доўга не думаючы, адказаў Жэньку: 'Мой!' - хоць нiчога не губляў, бо губляць не было чаго.

Жэнька з такiм жа жарам 'заiржаў' i паказаў 'аловак' - гэта была драўляная прадольная палавiнка без стрыжня.

Ну, Жэнька! Ну, шэльма! А шкада, што аловак быў несапраўдны.

'БЫЧКОЎ ПАДАРУНАК'

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×