Затым ён дадаў:

- Яны многа вучылiся ў барадатых чалавекаў, што прыехалi ў лодцы.

- Дык табе хочацца вярнуцца дадому? - паўтарыў я сваё пытанне.

Ён усмiхнуўся i сказаў:

- Я не здолею плысцi так далёка.

- Ну, а калi б я даў табе лодку, - спытаў я ў яго, - ты паехаў бы на радзiму, да сваiх?

- Паехаў бы! - горача адклiкнуўся ён. - Але i ты павiнен паехаць са мною.

- Як жа мне ехаць? - запярэчыў я. - Яны мяне адразу ж з'ядуць.

- Не, не, не з'ядуць! - прамовiў ён палка. - Я зраблю так, што не з'ядуць! Я зраблю так, што яны будуць цябе многа любiць.

Пятнiца хацеў гэтым сказаць, што ён раскажа сваiм землякам, як я забiў яго ворагаў i выратаваў яму жыццё. Ён быў упэўнены, што за гэта яны будуць моцна любiць мяне.

Пасля гэтага ён расказаў мне, з якой дабрынёй яны аднеслiся да семнаццацi белых барадатых людзей, якiх прыбiла бураю да берагоў яго радзiмы. З таго моманту ў мяне з'явiлася страснае жаданне паспрабаваць, чаго б гэта нi каштавала, пераправiцца ў краiну дзiкўноў i адшукаць там тых белых 'барадатых чалавекаў', пра якiх казаў Пятнiца. Не магло быць нiякага сумнення, што гэта гiшпанцы цi партугальцы, i я быў упэўнены, што, калi толькi я здолею пабачыцца i пагутарыць з iмi, разам мы прыдумаем спосаб вырвацца адсюль на волю. 'Ва ўсякiм выпадку, - думаў я, - на гэта будзе болей надзеi, калi нас будзе васемнаццаць чалавек i калi мы пачнём дружна дзейнiчаць дзеля агульнай справы. А што здолею зрабiць я, адзiн, без памагатых, на маёй выспе, за сорак мiляў ад iх берага?'

Гэты план моцна засеў у мяне ў галаве, i праз некалькi дзён я зноў загаварыў пра яго.

Я сказаў Пятнiцу, што дам яму лодку, каб ён здолеў вярнуцца на радзiму, i ў той жа дзень павёў яго да той бухтачкi, дзе была мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я падвёў яе да берага i паказаў Пятнiцу. Мы абодва селi ў лодку, каб выпрабаваць яе ход. Пятнiца, як выявiлася, быў цудоўны вясляр i працаваў вёсламi не горш за мяне. Лодка хутка iмчалася па вадзе. Калi мы адышлi ад берага, я сказаў яму:

- Ну што ж, Пятнiца, паедзем да тваiх землякоў?

Ён паглядзеў на мяне неяк сумна i паныла: вiдаць, на яго думку, лодка была занадта малая для такога плавання. Тады я сказаў, што ў мяне ёсць другая, большая. I на другi дзень мы з iм накiравалiся ў лес, на тое месца, дзе я пакiнуў сваю першую лодку, якую не здолеў спусцiць на ваду. Пятнiцу гэта лодка спадабалася.

- Такая згодзiцца, згодзiцца, - паўтараў ён. - Тут можна многа класцi хлеба, вады i ўсяго.

Але з дня пабудовы гэтай лодкi мiнула дваццаць тры гады. Увесь гэты час яна правалялася без усякага догляду пад адкрытым небам, яе пякло сонца i мачылi дажджы, уся яна рассохлася i згнiла. Аднак гэта не пахiснула майго намеру ажыццявiць паездку на мацярык.

- Нiчога, не бядуй, - сказаў я Пятнiцу. - Мы пабудуем гэткую ж лодку, i ты паедзеш дадому.

Ён не адказаў нi слова, але вельмi засмуцiўся i зрабiўся маўклiвы. Кiлi я спытаў у яго, што з iм, Пятнiца прамовiў:

- За што Рабiнзон Круза сярдуе на Пятнiцу? Што я кепскае зрабiў?

- Чаму ты надумаў, што я сярдую на цябе? Я нiколькi не сярдую, - адказаў я.

- 'Не сярдую. Не сярдую!' - паўтарыў ён разоў шэсць цi сем запар. - А навошта пасылаеш Пятнiцу дадому, да яго землякоў i родных?

- Дык ты ж сам казаў, што табе хочацца дадому, - заўважыў я.

- Так, хочацца, - адказаў ён, - але толькi з табою. Каб ты i я. Робiн не паедзе - Пятнiца не паедзе! Пятнiца не хоча без Робiна!

Ён i слухаць не хацеў пра тое, каб пакiнуць мяне.

- Але, памяркуй сам, - сказаў я, - навошта я паеду туды? Што я там буду рабiць?

Ён горача запярэчыў мне:

- Што ты будзеш там рабiць? Многа рабiць, добра рабiць: вучыць дзiкiх чалавекаў быць добрымi, разумнымi.

- Мiлы Пятнiца, - сказаў я i ўздыхнуў, - ты сам не ведаеш, пра што кажаш. Куды ўжо такому няшчаснаму невуку, як я, яшчэ вучыць некага!

- Няпраўда! - горача запярэчыў ён. - Мяне вучыў - будзеш вучыць i iншых чалавекаў.

- Не, Пятнiца, - сказаў я, - едзь без мяне, а я застануся тут адзiн, без людзей. Жыў жа я неяк адзiн да гэтага часу!

Гэтыя словы, вiдаць, здалiся яму вельмi крыўднымi. Ён iмклiва кiнуўся да сякеры, што ляжала непадалёку, схапiў яе, прынёс i падаў мне.

- Навошта ты даеш мне сякеру? - спытаў я.

Ён адказаў:

- Забi Пятнiцу!

- Навошта мне цябе забiваць? Ты ж нiчога кепскага мне не зрабiў.

- А навошта праганяеш Пятнiцу адсюль? - горача ўсклiкнуў ён. - Забi Пятнiцу, не праганяй яго адсюль!

Ён быў страшэнна ўсхваляваны. Я заўважыў на вачах у яго слёзы. Словам, адданасць яго была такая моцная, што, калi б я нават хацеў, я не здолеў бы прагнаць яго. Я тут жа сказаў яму i часта паўтараў потым, што нiколi больш не буду гаварыць пра яго ад'езд на радзiму, пакуль ён хоча заставацца са мною.

Такiм чынам я канчаткова ўпэўнiўся, што Пятнiца назаўсёды адданы мне.

Калi ён нават i хацеў вярнуцца на радзiму, то толькi таму, што ўсiм сэрцам любiў сваiх аднапляменнiкаў: ён спадзяваўся, што я паеду да iх i навучу iх дабру.

Але я добра разумеў, што мне гэта, вядома, не пад сiлу.

I ўсё роўна я страсна жадаў як мага хутчэй адправiцца на радзiму да Пятнiцы, каб убачыць 'барадатых' людзей, якiя жывуць у той краiне. Нарэшце я вырашыў, не адкладваючы далей, распачаць пабудову вялiкай лодкi, на якой можна было б рушыць у адкрытае мора.

Перш за ўсё трэба было выбраць прыдатнае дрэва з дастаткова тоўстым ствалом.

Тут думаць не трэба было: на выспе расло столькi велiзарных дрэў, што з iх можна было збудаваць не толькi лодку, а, бадай, цэлы флот. Але я добра памятаў, якую зрабiў памылку, калi будаваў сваю вялiзную пiрогу ў лесе, далёка ад мора, а потым не здолеў прыцягнуць яе да берага. Каб гэта памылка не паўтарылася, я вырашыў знайсцi такое дрэва, якое расце блiжэй да мора, каб можна было без асаблiвай цяжкасцi спусцiць лодку на ваду.

Але ля самага берага раслi пераважна дробныя i чэзлыя дрэвы.

Я абышоў амаль усё ўзбярэжжа i не знайшоў нiчога прыдатнага. Выручыў мяне Пятнiца: выявiлася, што ў гэтай справе ён разумеў больш за мяне. Я i сёння не ведаю, якой пароды было тое дрэва, з якога мы тады пабудавалi лодку.

Пятнiца стаяў на тым, каб мы агнём выпалiлi ўнутранасць дрэва, як робяць пры пабудове сваiх пiрогаў дзiкуны. Але я сказаў яму, што лепей выдаўбаць яе долатам i iншым цяслярскiм iнструментам, i, калi я паказаў яму, як гэта робiцца, ён ахвотна згадзiўся, што мой спосаб лепшы i больш надзейны.

Пятнiца хутка вывучыўся рабiць i гэту работу.

Мы з захапленнем узялiся за работу, i праз месяц лодка была гатова. Мы патрацiлi на яе многа сiлы, абчасалi яе сякерамi, i ў нас атрымалася сапраўдная марская лодка з высокiм кiлем i моцнымi бартамi; яна была цалкам прыгодная для нашай мэты, таму што пэўна магла падняць дваццаць чалавек.

Пасля таго спатрэбiлася яшчэ каля двух тыдняў, каб спусцiць наша судна на ваду. Для гэтай мэты мы прыстасавалi драўляныя каткi, але лодка была такая цяжкая, а рабочых рук так мала, што i на катках яна рухалася наперад страшэнна павольна, дзюйм за дзюймам.

Калi лодка была спушчана на ваду, я са здзiўленнем убачыў, як спрытна спраўляецца з ёю Пятнiца, як хутка ўмее ён паварочваць яе ўправа i ўлева i як добра вяслуе.

Я спытаў у яго, цi няма небяспекi, на яго думку, выпраўляцца ў мора на такой лодцы?

- О не, - сказаў ён, - такая лодка не страшна плыць, няхай дзьме моцны вецер!

Але перш чым рушыць у мора, я намерыўся зрабiць яшчэ адну справу, пра якую Пятнiца пакуль што не ведаў, а iменна: паставiць у лодцы мачту з ветразем, а таксама змайстраваць якар i карабельны канат. Зрабiць мачту было няцяжка: на выспе расло многа на дзiва стройных высокiх кедраў. Я выбраў адно

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×