схоўку ў 'Жыццi iдыёта'...

Пасля паўночы я ўладкаваўся ў ложку так, каб, прачнуўшыся, бачыць матавыя дзверы, патушыў верхняе святло i, пакiнуўшы падсветку геаграфiчнай мапы, заплюшчыў вочы.

Як нi дзiўна, ноч выпала спакойная.

Я непрабудна праспаў да ранiцы, каб зноў адчуць у пакоi ўжо знаёмую азонавую свежасць. У адрозненне ад вечара ў паветры не плавала нi пасмаў ментолавага дыму, нi струменьчыкаў парфумавых пахаў - адны фiтанцыдныя ручаiнкi азону, як быццам ад мяне хвiлiну назад пайшла юная жанчына.

Я закрыў вочы i намогся ўспомнiць, што мне снiлася.

Спробу напаткала амаль поўная няўдача. На апушчаных павеках не ўспыхнула нiякага звязнага сюжэта. Але рэшткi сну, яго ледзьве ўлоўныя срэбныя валаконцы, яшчэ захоўвала само цела. Невыразныя, ужо засмужаныя ранiшняй рэчаiснасцю адчуваннi, прабiваючыся на ўзровень вобразаў, спрабавалi сказаць мне пра цёплыя ласкавыя рукi i хуткiя, падобныя да матыльковых дотыкаў, пацалункi. Мая iстота ведала: гэтыя базважкiя дотыкi мелi працяг, але ён ужо губляўся ў непрагляднай салодкай смузе...

Знешне тая субота не была адметная нiчым, апрача таго, штл Лёня напiўся да божай моцы i, пакацiўшыся па лесвiцы, зламаў руку. Я ж - зусiм не ў сувязi з гэтым - даў сабе слова не пiць нiчога мацнейшага за вiно.

Свой унутраны стан я акрэслiў бы словам 'чаканне'. 'Штосьцi павiнна вырашыцца', - цвыркалi на абляцелым ясенi пад маiм вакном вераб'i. 'Вырашыцца...' - падпявалi водаправодныя краны. I нават бязмоўны насценны гадзiннiк па-свойму нагадваў пра гэта, бо ў чаргаваннi яго зялёных лiчбаў знiкла абыякавая манатоннасць i завялася затоенасць.

Шостым пачуццём цi, можа, усiмi тымi сарака дзевяццю органамi ўспрымання, пра якiя чытаў у вучня Блавацкай, я прадчуваў... Што? Апрануць тое прадчуванне ў словы было немагчыма. Цяпер, узброены веданнем далейшага, магу сказаць канкрэтней: я падсвядома адчуваў, што трапiў у памежную паласу, у нейтральную зону, за якой ляжыць тэрыторыя з iншымi законамi.

Я чуў блiзкую прысутнасць Яе.

Прадбачу, што некаму захочацца паiранiзаваць з вялiкай лiтары, таму скажу, што ёй, лiтары, адведзена чыста функцыянальная роля. Вы не паверыце, мне дасюль невядома Яе iмя.

Хоць хутка, ужо хутка я даведаюся яго...

Але перанясёмся назад, у тую суботу.

Цэлы дзень я не мог знайсцi занятку, якi б мяне разважыў. Бязмэтна гартаў рукапiс. Паставiў кружэлку з запiсамi 'Bеаtlеs' i амаль адразу памяняў яе... вы ведаеце, на што. Iголка гуказдымальнiка зноў i зноў апускалася на чорнае колца з прэлюдам No 15 рэ бемоль мажор, аднак нiякiх пахаў не матэрыялiзоўвалася, i ў гэтым я таксама ўгледзеў знак. (Забягаючы наперад, заўважу: з таго дня i да моманту, калi пiшу гэтыя радкi, у сценах маёй кватэры, менавiта ў сценах, нiчога трансцэндэнтнага больш наогул не прычынялася, хоць, як вы потым убачыце, такое сцверджанне i вымагае агаворак.)

Два цi тры разы званiў тэлефон. Слухаўка маўчала, потым на тым канцы сувязi клалi трубку. Найверагодней, нумар набiрала Наташа. Званкi на пэўны час занялi мае думкi, i я склаў для Наташы легенду пра суседку зверху, якой на ўсялякi выпадак даў ключы.

Увечары я, каб стамiцца, дайшоў пешшу да самага цэнтра. (Неўзабаве такiя доўгiя шпацыры зробяцца неадменнаю часткаю кожнага дня, бо цяжка будзе прыдумаць да начных падарожжаў лепшую iнтрадукцыю.)

Перад сном я ўпершыню пасля ночы з ценямi за матавым шклом не стаў зачыняць дзверы з калiдорчыка, а падушка засталася на сваiм месцы пад панеллю з клавiшамi. Я нацiснуў клавiш зялёнае падсветкi i, адчуваючы ў нагах лёгкае гудзенне ад пройдзеных кiламетраў, выцягнуўся пад коўдрай. Зялёныя лiчбы ў вакенцы электроннага гадзiннiка паказвалi поўнач.

Мы плылi па цёплай азёрнай затоцы. Я сядзеў на вёслах. Яна збiрала белыя лiлеi. Кроплi вады яшчэ не высахлi на кранутых алiўкавым загарам целах. Мы кiравалi да берага, але не возера, а - выспы. Сам лясiсты бераг сiнеў у гарачым мроiве далёка за намi.

Адтуль лодка везла трэцяга пасажыра - грака з перабiтым крылом. Мокрага i знясiленага. Яна выратавала яго на пачатку плавання. Цяпер птушка абсохла i, седзячы на носе за маiмi плячыма, уважлiва сачыла, як наблiжаецца суша.

Лодка шкрабанула па донным жвiры. Я саскочыў у ваду, схапiўшыся за ланцуг, выцягнуў нос на мылец i намерыўся дапамагчы сысцi на дол нашаму пасажыру. Грак не пагадзiўся. Ён сам нязграбна кульнуўся цераз борт i, вахлiкам валочачы па пяску пакалечанае крыло, пашкандыбаў у лазовыя зараснiкi.

Вiдаць, гэта было не возера, а вадасховiшча: на выспе мы знайшлi здзiчэлы яблыневы сад з кустамi спелых жоўтых парэчак. Адна, самая старая i разложыстая, яблыня расла наводшыбе. У яе засенi мы апусцiлiся адно перад адным на каленi. Тое, што адбылося потым, не хочацца давяраць словам, бо любое з iх пагражае дэвальваваць вышыню i суладнасць злiцця нашых целаў, якiя перапаўнялiся неўтаймоўным iмкненнем ператварыцца ў адно цэлае...

За вакном пачыналася нядзеля. Усе рэчы займалi законныя месцы, i ў кватэры абсалютна нiчым не пахла.

Сцвярджаць, што я прачнуўся свежы, як ранiшняя стакротка, было б няшчыра. Я ляжаў у ложку з адчуваннямi чалавека, якi выходзiць з наркозу. Праўда, услед за ўколам пацыент уцёк альбо яго перадумалi везцi ў аперацыйную, i спатканне цела са свядомасцю абышлося без болю, а было прыпраўленае адно галавакружэннем.

Фарбы сну не выцвiлi нi пасля кавы, нi ў час вылазкi да газетнага шапiка. Я сказаў бы болей: грак, якi падмятаў пясок хворым крылом з сiнiм водлiвам, а перш чым схавацца ў вербалозе, зусiм па-чалавечаму азiрнуўся на нас, гэты грак успрымаўся больш жыццёва рэальным, чым знаёмая кiяскёрка.

Мяне мучыла пытанне: няўжо ўвесь учарашнi дзень мая iстота чакала менавiта гэтага? Гэтага надзвычай рэльефнага i аб'ёмнага, я сказаў бы нават, гiперрэальнага, але ўсяго талькi сну? I, калi адказаць станоўча, што значылi ягоныя сiмвалы?..

Нiтку думак абарваў тэлефонны званок. Апарат адазваўся сваiм улюбёным голасам. Наташа абяцала прыехаць не пазней як праз паўгадзiны. У выхадныя мы нiколi не бачылiся. Я не меў прычынаў адмаўляцца, аднак упершыню ў гiсторыi нашых адносiнаў не сустрэў у душы ранейшае радасцi.

Паўгадзiны хапiла, каб схадзiць па вiно i адмовiцца ад змайстраванай нашармака байкi пра суседку з ключамi.

Наташа прыехала на таксоўцы. Я не збiраўся хлусiць, i адначасова не хацеў, праўдзiвей, проста не мог дазволiць сабе расказаць ёй пра Шапэна, ментолавы пах i астатняе. Вiр падзеяў укручваў мяне па сваёй спiралi ўсё глыбей, я ўжо належаў яму, але i ён, гэты вiр, належаў мне, ён таксама быў маёй уласнасцю, маёй таямнiцаю, якою я не меў намеру, а магчыма, i права нi з кiм дзялiцца.

Я быў удзячны Наташы, што яна нi аб чым не пыталася, i мог бы назваць сустрэчу нашых целаў вiхураю жадання i асалоды, але гэта была б палова праўды. Недзе злева, каля сэрца, я адчуваў востры крышталiк, якi мусiў растаць, аднак не прапаў i анi не страцiў сцюдзёнай вастрынi граняў.

Наташа надзела шлафрок, i мы пайшлi на кухню; потым палуднавалi i адкаркавалi яшчэ пляшку чырвонага, а там падкралася тая непазбежная хвiлiна, калi шлафрок шчыгульней прылёг да Наташынага цела, падкрэслiваючы ўсе ягоныя лiнii, каб здацца непатрэбным i лiшнiм...

А злева ад сэрца халадзiў крышталiк, i ў iм было закадзiраванае тое, што раздвойвала мяне: адна мая iпастась заставалася з Наташаю, а другая з лабараторнай цiкавасцю пазiрала на нас з пэўнай дыстанцыi, што вымяралася не прастораю, а часам. Я-першы любiў Наташу, а я-другi глядзеў на гэта, крыху, можа, усяго на колькi дзён, апярэджваючы час, i пачуццi мяне-другога не вешчавалi мне-першаму будучынi.

Разгадка раздваення хавалася дзесьцi побач, за блiжэйшым паваротам, i яна адкрылася, калi мая правая рука зноў абдымала Наташыны плечы, а левая ляжала там, дзе яна любiла ляжаць, адчуваючы пругкую падатлiвасць Наташыных паўшар'яў.

Сон! Адказ таiўся ў сённяшнiм сне, у лодцы з лiлеямi i выратаванай птушкай, у тым, што здзейснiлася на траве пад яблыняй, лiстота якой плавiлася i станчалася ў промнях высокага сонца...

Наташа здзiўлена расплюшчыла вочы, i мне давялося зрабiць намаганне, каб вярнуцца з зялёнае выспы на ложак.

Тады яна першы раз сказала, што можа застацца ў мяне да ранiцы. Паведамленне заспела мяне знянацку, але я адразу зразумеў, што не хачу гэтага. Стараючыся быць натуральным, я мякка папракнуў яе,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×