Я табе! - I прытопнуў нагой.

Лiсiца адскочыла як далей i села, павярнуўшыся да яго. Уважлiва i тужлiва глядзела яна, як падалося яму, не адводзячы воч, цi то на яго, цi то на што iншае ля яго. Што яе прывабiла, чаму яна паявiлася тут? Дзiўным падалiся Едыгею яе паводзiны. А можа, шпурнуць камянюкай, калi так, калi здабыча сама на цябе iдзе? Едыгей пашукаў на зямлi каменя як паболей. Прымерыўся i, замахнуўшыся, апусцiў руку. Камень упаў пад ногi. Нават успацеў Едыгей. Трэба ж, чаго не прыйдзе чалавеку ў галаву. Глупства нейкае. Наважыўшы забiць лiсу, успомнiў раптам, як нехта расказваў, цi то з тых прыезджых, цi то фатограф, з якiм размаўляў пра бога, цi то яшчэ хто, ды не ж, Сабiт расказваў, каб на яго, вечна ў яго розныя дзiвосы, толькi б яго слухалi, разявiўшы рот, Сабiтжан, сын Казангапа, расказваў пра пасмяротнае перасяленне душ.

Вось жа вывучылi на сваю галаву балбатуна нiкчэмнага. Паглядзець - быццам нiчога хлапец. Усё ён ведае, пра ўсё ён чуў, але толку мала ад усяго гэтага. Вучылi, вучылi па iнтэрнатах, па iнстытутах, а чалавечак выйшаў так сабе. Пахвалiцца любiць, выпiць, тосты казаць мастак, а справы няма. Пустабрэх, адным словам, таму i нiшто супроць Казангапа, хоць i дыпломам хвалiцца. Не, не ўдаўся, не ў бацьку сын. Але бог з iм, што рабiць, калi такi ўжо ёсць.

Дык вось, неяк расказваў ён, што ў Iндыi вераць, што калi чалавек памiрае, дык душа ягоная перасяляецца ў якую-небудзь жывёлiну, у любое стварэнне, хай нават у мураўя. I лiчыцца, што кожны чалавек некалi, яшчэ да свайго нараджэння, пабываў да гэтага птушкай, або зверам якiм-небудзь, цi насякомым. Таму ў iх грэх забiць што-небудзь жывое, хай сабе змяя, кобра сустрэнецца яму, не зачэпiць яе, а адно паклонiцца i саступiць дарогу.

Якiх толькi дзiвосаў не бывае на свеце. Цi праўда тое, хто яго ведае. Свет вялiкi, а чалавеку не ўсё дадзена ведаць. Вось i падумалася, калi хацеў забiць каменем лiсу: а што, калi ў ёй цяпер душа Казангапа? Што, калi, перасялiўшыся ў лiсу, прыйшоў Казангап да свайго лепшага сябра? 'Што са мной? - дакараў ён сябе. - I як можа такое вярзцiся? Цьфу ты! Здурнеў дарэшты!'

I ўсё-ткi, падступаючы асцярожна да лiсiцы, ён гаварыў ёй, быццам яна магла разумець ягоную мову:

- Ты iдзi, не месца табе тут, iдзi да сябе ў стэп. Чуеш? Iдзi, iдзi. Толькi не туды - там сабакi. Iдзi з богам, iдзi сабе ў стэп.

Лiсiца павярнулася i патрухала прэч. Раз-два азiрнуўшыся, яна прапала ў цеменi.

Пакуль Едыгей здаў змену, пакуль яны з Доўгiм Эдыльбаем пагаварылi пра Казангапа, паўздыхалi, на Баранлы- Буранны прыбыло яшчэ колькi цягнiкоў. I калi, вызвалiўшыся ад усiх гэтых спраў, Едыгей пайшоў дамоў, успомнiў дарогай, што забыў тады нагадаць жонцы, дакладней, параiцца, як жа быць, дочкам сваiм ды зяцям паведамiць пра смерць Казангапа цi не трэба? Дзве замужнiя дочкi Едыгея жылi зусiм у другiм баку - пад Кзыл-Ардой. Старэйшая ў рысаводчым саўгасе, муж яе трактарыст. Малодшая жыла спачатку на станцыi пад Казалiнскiм, потым пераехала з сям'ёй блiжэй да сястры, у той жа саўгас, муж яе рабiў шафёрам. I хаця Казангап не даводзiўся iм сваяком, на пахаваннi якога абавязкова трэба быць, Едыгей лiчыў, што Казангап быў iм даражэй, чым любы сваяк. Дочкi нарадзiлiся пры iм у Баранлы-Буранным. Тут выраслi, вучылiся ў школе, у станцыйным iнтэрнаце ў Кумбеле, куды адвозiлi iх па чарзе то сам Едыгей, то Казангап. Успомнiў дзяўчынак. Успомнiў, як на канiкулы цi з канiкул вазiлi iх верхам на вярблюдзе. Малодшая спераду, бацька пасярэдзiне, старэйшая ззаду - i паехалi ўсе ўтраiх. Гадзiны тры, а зiмой дык i болей, жвавым трухам бег Каранар ад Баранлы-Бураннага да Кумбеля. А калi Едыгей не меў часу, адвозiў iх Казангап. Ён быў iм нiбы бацька. Едыгей рашыў, што ранiцай трэба даць iм тэлеграму, а там як здолеюць... Але няхай ведаюць, што няма ўжо старога Казангапа.

Потым ён iшоў i думаў пра тое, што ранiцай найперш трэба прыгнаць з выпасу свайго Каранара, бо патрэбны будзе. Памерцi не проста, а пахаваць чалавека як мае быць на гэтым свеце таксама не проста... Выяўляецца заўжды, што таго няма, гэтага няма, што ўсё трэба здабываць спешна, пачынаючы ад жалобных убораў i канчаючы дрывамi для памiнак.

Менавiта ў той момант у паветры нешта калыхнулася, нагадала, як было гэта на фронце, аддалены ўдар магутнай выбуховай хвалi, i зямля здрыганулася пад нагамi. I ён убачыў проста перад сабой, як далёка ў стэпе, у тым баку, дзе быў, як ён думаў, саразекскi касмадром, нешта ўзляцела ў неба, усё паўзучы ўгору вогненным смерчам. I знiякавеў - у космас уздымалася ракета. Такога ён яшчэ нiколi не бачыў. Ён ведаў, як усе саразекцы, пра iснаванне касмадрома Сары-Азек-I, было гэта адсюль у кiламетрах сарака цi меней, ведаў, што туды перакiнута асобная чыгуначная лiнiя ад станцыi Тагрэк-Там, i расказвалi нават, што ў тым баку стэпу ўзнiк вялiкi горад з вялiкiмi крамамi, многа разоў чуў па радыё, у размовах, чытаў у газетах пра касманаўтаў, пра касмiчныя палёты. Усё гэта адбывалася недзе паблiзу, ва ўсякiм выпадку на канцэрце самадзейнасцi ў абласным горадзе, дзе жыў Сабiтжан, а горад быў куды далей - нам паўтары сутак язды цягнiком, - дзятва хорам спявала песеньку пра тое, што яны самыя шчаслiвыя дзецi на свеце, таму што дзядзькi касманаўты лятуць у космас з iхняй зямлi, але таму, што ўсё наўкол аэрадрома лiчылася закрытай зонай, Едыгей, жывучы не так далёка ад тых мясцiн, здавальняўся тым, пра што дазнаваўся выпадкам. I вось упершыню бачыў увачавiдкi, як iмклiва ўзнiмалася, неспакойна палымнеючы, асвятляючы акругу трапяткiм святлом, касмiчная ракета ў цёмную, зорную высь. Едыгею стала не па сабе - няўжо ў тым пламеннi сядзiць чалавек? Адзiн цi два? I чаму, пастаянна жывучы тут, ён нiколi раней не бачыў, як ракета ўзлятала, бо колькi ўжо ляталi ў космас, з лiку саб'ешся. Можа, тыя разы караблi адляталi ўдзень? А гэты чаму рвануў ноччу? Спешка якая цi так прызначана? А можа, ён узнiмаецца ноччу, а там адразу трапляе ў дзень? Сабiтжан неяк расказваў, быццам сам там быў, што ў космасе кожныя паўгадзiны ноч змяняе дзень. Трэба параспытаць у Сабiтжана. Ён усё ведае. Надта ж яму хочацца рабiць выгляд, што ўсё ведае, што ён не абы-якi, а самавiты чалавек. У абласным горадзе, бач, робiць. Але не задаваўся б. Навошта? Хто ты ёсць, тым i будзь. 'Я з тым быў, з гэтым быў, я яму тое цi гэта сказаў'. А Доўгi Эдыльбай расказваў - зайшоў ён неяк да яго на службу. Толькi i бегае, кажа, наш Сабiтжан ад тэлефона да дзвярэй кабiнета ў прыёмнай, толькi паспявае: 'Слухаюся, Альжапар Кахармонавiч! Так, Альжапар Кахармонавiч' - i гэтак далей. А той, кажа, сядзiць там у кабiнеце i ўсё кнопкi нацiскае. Так i не пагаварылi памiж сабой толкам. Вось такi ён, кажа, наш зямляк баранлiнскi. Ды бог з iм, такi ўжо ёсць. Шкада толькi Казангапа. Ён жа надта перажываў за сына. Да апошнiх дзён не казаў пра яго нiчога благога. Пераехаў быў у горад да яго жыць, сам жа прасiў, а што выйшла... Ну, гэта ўжо другое.

З такiмi думкамi бавiў Едыгей тую ноч, калi ўбачыў першы раз касмiчную ракету. Доўга сачыў ён за гэтым цудам. I калi вогненны карабель, якi ўсё меншаў, праглынула чорная бездань, ён пакруцiў галавой i пайшоў, несучы ў душы дзiўныя, супярэчлiвыя пачуццi. Захапляючыся ўбачаным, ён у той час разумеў, што яму гэта старонняя справа, хоць i выклiкала яна здзiўленне i нават страх. Успомнiлася разам з тым чамусьцi лiсiца, што прыбягала да чыгункi. Як чулася ёй, калi зашапацеў гэты смерч у небе? Не ведала, мусiць, куды сябе падзець...

Але сам жа ён, Буранны Едыгей, сведка начнога ўзлёту ракеты ў космас, не падазраваў, ды i не мог ён ведаць пра тое, што то быў экстранны, аварыйны вылет касмiчнага карабля з касманаўтам - без усялякiх урачыстасцей, журналiстаў i рапартаў, у сувязi з надзвычайным здарэннем на касмiчнай станцыi 'Парытэт', што знаходзiлася ўжо больш як паўтара года на арбiце паводле сумеснай амерыкана-савецкай праграмы, што звалася 'Трамплiн'. Адкуль Едыгею было ведаць пра ўсё гэта. Не падазраваў ён i пра тое, што гэтая падзея будзе тычыцца i яго, ягонага жыцця, i не проста з выпадку самай цеснай сувязi чалавека i чалавецтва ў iх агульным значэннi, а самым канкрэтным i непасрэдным чынам. Тым больш не ведаў ён i не мог думаць, што колькi часу пасля ўслед за караблём, што стартаваў з Сары-Азека, на другiм канцы планеты, у Невадзе, узняўся з касмадрома амерыканскi карабель з той жа задачай, на тую ж станцыю 'Парытэт', на тую ж арбiту 'Трамплiн', толькi са зваротным ходам кружэння.

Караблi былi тэрмiнова пасланы ў космас па камандзе, якая паступiла з навукова-даследчага авiяносца 'Канвенцыя', што з'яўляўся плавучай базай Аб'яднанага савецка-амерыканскага цэнтра ўпраўлення праграмы 'Дэмiвург'.

Авiяносец 'Канвенцыя' знаходзiўся ў раёне свайго пастаяннага месцазнаходжання - у Цiхiм акiяне, паўднёвей Алявуцкiх астравоў, у квадраце прыкладна на аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока да Сан- Францыска. Аб'яднаны цэнтр упраўлення - Абцэнупр - у гэты час напружана сачыў за выхадам абодвух караблёў на арбiту 'Трамплiн'. Пакуль усё iшло паспяхова. Наперадзе былi манеўры па стыкоўцы з комплексам 'Парытэт'. Задача была найскладанейшая, стыкоўка павiнна была адбывацца не паслядоўна, адна следам за другой з неабходным iнтэрвалам чарговасцi, а адначасова, абсалютна сiнхронна, з двух розных падыходаў да станцыi. 'Парытэт' не рэагаваў на сiгналы Абцэнупра з 'Канвенцыi' ўжо больш за

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×