зацiшкам. I акрамя вады i неба, у гэтых абсягах не iснавала нiчога iншага. Аднак жа менавiта тут, на борце авiяносца 'Канвенцыя', распачыналася яшчэ пакуль нiкому па-за межамi карабля невядомая сусветная драма ў сувязi з нечуваным выпадкам у гiсторыi асваення космаса, выпадкам, што меў месца на амерыкана-савецкай арбiтальнай 36 станцыi 'Парытэт'.

Авiяносец 'Канвенцыя' - навукова-стратэгiчны штаб Абцэнупра па сумеснай планеталагiчнай праграме 'Дэмiвург', - ён неадкладна спынiў паводле гэтай прычыны ўсялякiя сувязi з акаляючым светам, не застаўся ў сваiм пастаянным пункце месцазнаходжання паўднёвей Алявуцкiх астравоў у Цiхiм акiяне, а, наадварот, яшчэ больш дакладна вызначыў сваё месцазнаходжанне ў гэтым раёне, на строга дакладнай паветранай адлегласцi памiж Уладзiвастокам i Сан-Францыска.

На самiм навуковым судне таксама адбылiся некаторыя змены. Паводле ўказання Генеральных сукiраўнiкоў праграмы, амерыканскага i савецкага, абодва дзяжурныя аператары блока касмiчнай сувязi - адзiн савецкi, другi амерыканскi, - калi прынялi iнфармацыю пра незвычайнае здарэнне на 'Парытэце', былi часова, але строга iзаляваны, каб не прасачылiся якiм чынам звесткi пра тое, што здарылася...

На 'Канвенцыi' была ўведзена павышаная гатоўнасць, хоць судна не мела нi ваеннага прызначэння, нi тым больш нiякага ўзбраення i карысталася статусам мiжнароднай недатыкальнасцi паводле спецыяльнага рашэння ААН. Гэта быў адзiны ў свеце неваенны авiяносец.

На адзiнаццаць гадзiн дня з iнтэрвалам у пяць хвiлiн чакалася прыбыццё на 'Канвенцыю' адказных камiсiй абодвух бакоў з правам прымаць экстранныя рашэннi i практычныя захады, якiя яны палiчаць патрэбнымi ў мэтах бяспекi сваiх краiн i свету.

Такiм чынам, авiяносец 'Канвенцыя' знаходзiўся ў той час у адкрытым акiяне паўднёвей Алявутаў, на строга аднолькавай адлегласцi памiж Уладзiвастокам i Сан-Францыска. Такi выбар месца быў не выпадковы. Як нiколi раней выявiлася гэты раз незвычайная пранiклiвасць i прадбачлiвасць творцаў праграмы 'Дэмiвург', бо нават месцазнаходжанне судна, на якiм здзяйсняўся агульны план планеталагiчных пошукаў, выяўляла прынцыпы поўнага раўнапраўя, абсалютна парытэтных пачаткаў гэтага навукова-тэхнiчнага супрацоўнiцтва.

Авiяносец 'Канвенцыя' з усiм абсталяваннем, энергетычнымi запасамi належаў на роўных долях абодвум бакам i быў, такiм чынам, кааператыўным суднам дзяржаў-пайшчыкаў. Ён меў прамую, пастаяннага дзеяння радыётэлефонатэлiвiзiйную сувязь з Невадскiм i Саразекскiм касмадромамi. На авiяносцы базiравалася восем, па чатыры ад кожнага боку, рэактыўных самалётаў, што здзяйснялi пастаянна ўсе транспартныя перавозкi i iншыя даручэннi, у якiх меў патрэбу Абцэнупр дзеля ажыццяўлення кожнадзённых сувязяў з мацерыкамi. На 'Канвенцыi' былi два парытэт-капiтаны - савецкi i амерыканскi: парытэт-капiтан 1 -2 i парытэт-капiтан 2-1, усе наступныя навуковыя работнiкi ўсiх спецыяльнасцей адпаведна мелi дублi, прадстаўляючы ў аднолькавай ступенi абодва бакi. Вось чаму i касмiчная станцыя, што знаходзiлася на самай аддалёнай арбiце 'Трамплiн', называлася 'Парытэт', выяўляючы гэтым сутнасць зямных узаемаадносiн.

Усяму гэтаму, вядома, папярэднiчала вялiкая, разнастайная падрыхтоўчая работа навуковых, дыпламатычных, адмiнiстрацыйных устаноў у абедзвюх краiнах. Спатрэбiлася нямала год, пакуль абое бакi на шматлiкiх сустрэчах i нарадах прыйшлi да пагаднення наконт усiх агульных i прыватных пытанняў праграмы 'Дэмiвург'.

Праграма 'Дэмiвург' мела на ўвазе грандыёзную касмалагiчную задачу стагоддзя - вывучэнне планеты Iкс з мэтай выкарыстання яе мiнеральных рэсурсаў, што мелi ў сабе неверагодныя, паводле зямных уяўленняў, запасы ўнутранай энергii. Сотня тон iксiянскай пароды, што даступна ляжала на паверхнi зорнага цела, пры адпаведнай апрацоўцы магла вызвалiць столькi ўнутранай энергii, колькi спатрэбiлася б у пераўтвораным выглядзе ў якасцi электрычнасцi i цяпла ўсёй Эўропе на цэлы год. Такая была энергетычная прырода матэрыi на Iксе, што ўзнiкла ў асаблiвых умовах Галактыкi пад уздзеяннем доўгай планетарнай эвалюцыi, на працягу многiх мiлiярдаў год. Пра гэта сведчылi пробы грунту, якiя неаднаразова дастаўлялiся касмiчнымi апаратамi з паверхнi Iкса, пра тое гаварылi вынiкi экспедыцый, што здзяйснялi колькi разоў высадку на гэтую чырвоную планету нашай Сонечнай сiстэмы.

Вызначальным жа фактарам у карысць праекта асваення Iкса стала тое, чаго не было нi на адной другой вядомай навуцы планеце, уключаючы Месяц i Венеру, наяўнасць свабоднай вады ў сховах такой пустэльнай з выгляду Iксiянскай зоркi. Бясспрэчная наяўнасць вады на Iксе пацвярджалася буравымi пробамi. Паводле разлiкаў вучоных, пад паверхняй Iкса мог залягаць слой вады тоўшчай у некалькi кiламетраў - ён утрымлiваўся ў нязменным стане нiжнiмi пластамi халодных каменных парод.

Наяўнасць такой вялiкай колькасцi вады на Iксiянскай зорцы забяспечвала рэальнасць праграмы 'Дэмiвург'. Вада ў дадзеным выпадку была не толькi вадкасцю, але i зыходным прадуктам сiнтэзавання iншых элементаў, неабходных для падтрымання жыцця i нармальнай дзейнасцi чалавечага арганiзма ў iншапланетных умовах, найперш паветра для дыхання. Акрамя таго, з вытворчага пункту гледжання вада адыгрывала асноўную ролю ў тэхналогii пярвiчнай флатацыi iксiянскай пароды перад загрузкай яе ў транскасмiчныя кантэйнеры.

Абмяркоўвалася пытанне, дзе найлепш здабываць iксiянскую энергiю: на арбiтальных станцыях у космасе, каб затым перадаваць яе на Зямлю па геасiнхронных арбiтах, цi непасрэдна на самой Зямлi. Але на роздум час яшчэ быў.

Ужо рыхтавалася вялiкая экспедыцыя па доўгатэрмiновай высадцы групы буравiкоў i гiдролагаў, якiм належала забяспечыць пастаянны, з аўтаматычным кiраваннем, прыток вады з iксiянскiх сховiшчаў у сiстэму водаправодаў. Арбiтальная станцыя 'Парытэт' была, карыстаючыся тэрмiнам альпiнiстаў, галоўным базавым лагерам на шляху да Iкса. На 'Парытэце' ўжо былi збудаваны неабходныя канструкцыi для прычальвання, разгрузкi i пагрузкi транспартных 'чаўнакоў', якiя будуць снаваць памiж Iксам i 'Парытэтам'. З часам, як збудуюцца блокi, на 'Парытэце' змаглi б размясцiцца больш за сто чалавек у даволi камфартабельных умовах, уключаючы пастаянны прыём тэлевiзiйных перадач з Зямлi.

У гэтым вялiкiм касмiчным мерапрыемстве здабыча i аналiз iксiянскай вады былi б першым актам вытворчай дзейнасцi, якую калi-небудзь ажыццяўляў чалавек па-за межамi сваёй планеты...

I гэты дзень наблiжаўся. I ўсё iшло да таго...

На Саразекскiм i Нявадскiм касмадромах завяршалася апошняя падрыхтоўка да гiдратэхнiчнай аперацыi на Iксе. 'Парытэт', знаходзячыся на арбiце 'Трамплiн', быў напагатове да прыняцця i перакiдкi на Iкс першай рабочай групы касмiчных цалiннiкаў.

Па сутнасцi, сучаснае чалавецтва стаяла ля вытокаў сваёй пазаземнай цывiлiзацыi.

Менавiта ў гэты момант, напярэдаднi ажыццяўлення засылкi першай групы гiдролагаў на Iкс, два парытэт-касманаўты, што знаходзiлiся на арбiце 'Трамплiна' з доўгатэрмiновай касмiчнай вахтай на 'Парытэце', бясследна знiклi...

Яны раптам перасталi адказваць на сiгналы наогул - нi ў запланаваны час сеансаў сувязi, нi ў iншы час. Уражанне было гнятлiвае - акрамя датчыкаў, што пастаянна значылi месцазнаходжанне станцыi, i канала карэкцыi яе руху, усе астатнiя сiстэмы радыётэлевiзiйнай сувязi бяздзейнiчалi.

Час iшоў. 'Парытэт' не адказваў нi на якiя звароты да яго. Трывога на 'Канвенцыi' ўзрастала. Рабiлiся розныя прапановы, узнiкалi розныя здагадкi. Што з iмi, з парытэт-касманаўтамi? У чым прычына iхняга маўчання? Цi не захварэлi, цi не атруцiлiся якой непрыгоднай ежай? I наогул, цi жывыя яны?

Нарэшце, было выкарыстана ўсё, апошнi сродак - быў пасланы сiгнал на ўключэнне сiстэмы агульнай пажарнай трывогi на станцыi. Нiякай рэакцыi i на гэта.

Над праграмай 'Дэмiвург' навiсла сур'ёзная небяспека. I тады Абцэнупр на 'Канвенцыi' скарыстаў апошнiя свае магчымасцi для высвятлення абставiн. Да 'Парытэта' былi тэрмiнова запушчаны на стыкоўку са станцыяй два касмiчныя караблi з двума касманаўтамi - з Нявадскага i Саразекскага касмадромаў.

Калi сiнхронная стыкоўка ажыццявiлася, што само па сабе было справай надзвычай цяжкай, першая вестка, якую атрымалi ад касманаўтаў, што трапiлi на 'Парытэт', была ашаламляльнай: абышоўшы ўсе адсекi, усе лабараторыi, усе паверхi, усе да апошняга куткi, яны паведамiлi, што не знайшлi на борце станцыi парытэт-касманаўтаў. Iх тут не было, нi жывых, нi мёртвых.

Такое не магло прыйсцi ў галаву нiкому. Нiякае ўяўленне не магло дапусцiць таго, што адбылося, куды раптам прапалi два чалавекi, што знаходзiлiся больш двух месяцаў на арбiтальнай станцыi, да гэтага часу дакладна выконваючы ўсе ўскладзеныя на iх функцыi. Не ператварылiся ж яны ў пару? Не выбралiся ж у адкрыты космас!

Сеанс абследавання 'Парытэта' праходзiў пры прамой радыётэлевiзiйнай сувязi з 'Канвенцыяй', пры

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×