адкуль-жа. Рабiць, казаў той, некаму...

Сымон i ня крыўдзiўся за гэткiя бацькавы словы. Ведаў добра тую вечную, ужо ў вёсцы прыказкавую бяду ў сям'i, дзе амаль усе грошы йшлi то на шпiталi, то на навуку. Маючы чатырнаццаць гадоў, страцiў матку. Хвароба з якойсьцi, самому Богу ведамай прычыны вечна не пакiдала iхнай хаты. Да таго-ж бацька яшчэ стараўся, каб кожнае дзiця, прынамсi, скончыла сямiгодку. Для малазямельнага селянiна пад польскай акупацыяй, што меў да працы адно сваiх двое рук, гэта ня было такiм простым. А вайной яшчэ пагоршылася.

- Ды й чаго аж у тую Вiльню? - крыўдзiўся на сына бацька. - Цi ня мог-бы ты дзе тут блiжэй, па суседзтву?

Так i давялося Сымону згрэбцi з вопраткi што папала, у тым лiку й бацькавы падношаныя чаравiкi, званыя iм шчыблетамi, амаль на цэлую паўпядзь завялiкiя на сынавы ногi, ды й той не такi ўжо зусiм новы, таксама-ж бацькаў, руды кажушок. Хоць i даволi рослым быў Сымон, але бацькаў кажушок сягаў яму аж па каленi, не гаворачы аб прадаўгаватых рукавах, якiя даводзiлася закасваць.

- Ты ўявi сабе, Вiця, якое мне няшчасьце сягоньня здарылася, - гаварыў аднойчы Вiктару Кастусь з выразным намерам, каб пакпiць з Сымона. - Стаю вунь на рагу Мiцкевiча ў таварыстве гэтай прыгажунi з шостай клясы, ты яе знаеш, гэту з пульхненькай мордачкай?

- Знаю.

- Дзяўчына што называецца: можна i ў таварыстве паказацца; абстуканая, казаў той, дый з выгляду - i ззаду й сьпераду - цiп-топ. Адным словам, хоць ты да сэрца прытулi. Стаю, значыцца, i ўдаю джэнтлмэна, розныя кавалкi залiваючы. Ажно гляджу, адкуль нi вазьмiся, прэ з-пад Зялёнага маста нейкi кажушок, проста так i сунецца, як той слонь, толькi зьнiзу гэтае палозьзе даўгое, што ён называе туфлямi, у паветры нейкiя замашыстыя паўкольлi выпiсвае. Я аж ахнуў. Авохцi, думаю, пакрака! Яшчэ возьме ды затрымаецца й дзяўчыну спудзiць. Тут ня ўсьпеў я ў душы перахрысьцiцца, як той спыняецца ды, мiргнуўшы на мяне бельмамi, дзяўчыне грабу на прывiтаньне сунiць. I што-ж ты думаеш... Тая крышку зьбянтэжылася, што мядзьведзь такi вiтацца зь ёю манiцца, ды, хвiлiну пастаяўшы, перапрасiла мяне й змылася. Якi мне стыд, якi сорам! Сьвет не бачыў!

V

Так i цяпер, вярнуўшыся да старой улюбленай тэмы i, як Сымону здавалася, да ягонага забытага кажушка, аб якiм меў неасьцярожнасьць напамянуць, хлопцы й не заўважылi, як мiнулi Зялёны мост i, павярнуўшы сьпярша направа, а пасьля ў вулачку налева, станулi перад Веньцевымi дзьвярыма. Па знадворных сходах узабралiся на першы паверх i коратка пастукалi ў дзьверы. Адчынiла маладзейшая дэвотка. Яна зь немалым зьдзiўленьнем прыгледзелася да чорных юнакоў ды, распазнаўшы ў iх колiшнiх кватарантаў, кароткiм 'проша' ўпусьцiла ў хату.

- Ведаеце, панiчка, што? - пачаў Кастусь. - Думалi мы, што, праязджаючы праз Вiльню, выпадала нам вас наведаць, ды тут i некаторыя нашы рэчы ў вас яшчэ засталiся.

- То панове сюды ненадоўга?

- Хто ведае, можа, толькi на пару дзён...

- О-о-о! Каго я бачу! - зь няскрыванай iронiяй, выйшаўшы з кухнi, пачаў Веньць. - Праўдзiвы рыцары бялорусiны! Маем гонар! Маем гонар! - прадаўжаў зьядлiва. - О, а што-ж гэта ў вас на шапках? - зрабiў Веньць грымасу, прыглядаючыся блiжэй да 'Пагоняў'. - 'Пагоня'! Ох, не! Навет i гэрб мусiлi ад лiтвiнаў украсьцi! Ха-ха-ха! Але-ж то й войска! Хэ-хэ...

- Пане Веньць... - моцна пачырванеўшы ад злосьцi, пачаў Кастусь.

- Пшэпрашам пана Костка, - перабiў яго Веньць, - але здаецца, што пан Костэк знае маё прозвiшча.

- О так, знаю, пане Пшэпулкевiч... Скажыце мне, чаго вы так скачаце? Здаецца, што вы зусiм iншы былi чалавек. Цi часам ня тое на вас падзеяла, што з усходу прыблiжаюцца так званыя вызвольнiкi?

- Але-ж i камэдыя! - сьмяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы нiжнюю лупiну, Веньць. - Ну i як жа вы так? Збудавалi тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Ха-ха-ха! Хэ-хэ... А дзе-ж ваша зброя?

У гэны момант Сымон выхапiў з-за пазухi й палажыў перад сабою на стале новенькi блiскучы 'вальтэр'. Купiў яго не так даўно ў нямецкага жаўнера ў Вiленскiм парку, разьмянiўшы на маркi залатую царскую пяцiрублёўку, якую мачаха, быццам талiсман, дала яму перад ад'ездам у Вiленскую гiмназiю.

- Ёсьць i зброя, пане Веньць! - сказаў ён паляку паволi i з прыцiскам на кожнае слова. - Цi, можа, вы дагаворыцеся да таго, каб яе выпрабаваць на вас?

Старэйшая дэвотка, што, прытулiўшыся да вушака дзьвярэй, выглядала з кухнi, убачыўшы пiсталет, з трывогай перахрысьцiлася. Веньцеў твар хутка й выразна пабляднеў.

- Што, панове, сабе зычыце? - акiнуўшы ўсiх позiркам i ня страцiўшы раўнавагi, спытаў ён хлапцоў.

- Жадаем тое, што наша. Калi ласка, давайце ўсю вопратку, што мы тут пакiнулi, - загадаў Кастусь. - I чым хутчэй, тым лепш. Мы думалi, што зайшлi да людзей, ажно выходзiць, што вы такiя самыя сабакi, як i шмат iншых. I чакалi толькi нагоды, каб выявiць сваю хвальшывую натуру. Цьфу!

Пры ўспамiне аб вопратцы Веньць яшчэ больш пабляднеў. Ён, здавалася, з запытаньнем i трывогай зiрнуў на малодшую сястру, тая, таксама перапалоханая, пазiрала моўчкi то на пiсталет на стале, то на хлапцоў, то на брата.

- Пане Веньць! - з выразным акцэнтам на тое 'Веньць' пагрозлiва прадаўжаў Кастусь. - Чакаем!

- Пане Костэк... - пачала нарэшце тонам просьбы маладзейшая Веньцiха, мы-б рады, зараз-бы аддалi, але яе, вашай вопраткi, тут няма.

- Як то няма? - падскочыў да яе Дзежка. - А дзе-ж яна?

- Мы аддалi на перахаваньне.

- Перахаваньне? А што гэта такое, гэтае перахаваньне? Хлусiш, старая! Ты сваю вопратку заўсёды трымаеш дома й не аддаеш на перахаваньне. А як-жа ты чужую магла аддаць?

- Брэша сука, - буркнуў, скоса паглядаючы на старую, Сымон, - прадала, напэўна.

- Толькi боты засталiся, - прызналася перапуджаная дэвотка.

- Боты? - паўтарыў Кастусь i, паглядзеўшы ўважна на ўсiх гаспадароў, хутка адчынiў дзьверы суседняга пакою, дзе калiсьцi жылi студэнты, i пачаў пароцца па кутках i шуфлядах. Па хвiлiне вярнуўся з парай сваiх блiскучых ботаў.

- Запраўды нiчога, акрамя гэтых, няма, - паведамiў, паказваючы на боты.

- Дзе-ж, вы думаеце, яны падзелi ўсю нашу вопратку?

- Слухай, можа, гэты памог-бы даведацца? - спытаў Дзежку, зрокам паказваючы на свой пiсталет, Сымон.

- Ат, кiньце вы, хлопцы. Лепш пакiнем мы гэту бяду ў супакоi ды хадзем, парадзiў сябром Вiктар.

- Можа, ты й праўду кажаш, што бяда. Гэта-ж падумаць, пражылi тут пару год i ня ведалi, што за сукiны сыны... - з фiнальным адценкам згадзiўся Кастусь. Цьфу! - плюнуў ён на падлогу ў бок гаспадароў ды хуткiм крокам ськiраваўся да дзьвярэй. - Няхай вам Бог належна адплацiць! - дабавiў з-за пляча, выходзячы.

Далейшае адбылося, як можна было прадбачыць. Зайшоўшы да школьнага сябра Занеўскага, што жыў непадалёк на другiм баку Кальварыйскай, тых блiскучых ботаў 'апылiць' не ўдалося, але Занеўскi прыабяцаў, што ў будучынi гэта абавязкова пастараецца зрабiць, i на довад гэтага тут-жа, доўга не чакаючы, пасьля кароткiх шэптаў зь Дзежкам, паставiў на самы цэнтр стала не такую ўжо зусiм сiвую пляшку самагонкi.

- Ну, унтэрмэншы, - з жартам i пацiраючы з задаваленьня рукi, гаварыў да сяброў Кастусь, - жлопайце й ведайце залатое сэрца Канстантына Iванавiча.

Доўга ня трэба было прасiць. Хлопцы абселi стол, на якiм для датрыманьня таварыства лiтроўцы хутка зьявiўся халадзец, квашаная капуста й чорны хлеб.

Перакусилi й замянiлiся колькiмi словамi. Занеўскi не пакiдаў Вiльнi. На прапанову Кастуся ехаць разам адказаў нявыразнай грымасай.

- Эт, братцы, едзьце ўжо вы. Я не такi гарачы патрыёт, як вы, неяк, можа, усё гэта лiха прамiне й не зачэпяць.

На гэткi аргумант хлопцы пацiснулi плячыма.

- Магу я цяпер прапанаваць, - прыпадняўся Сымон, - каб мы выпiлi ня толькi за вольнасьць нашай Бацькаўшчыны, але й за наш шчасьлiвы паварот, адкуль-бы нi прыйшлося там варочацца.

- Дык вы ня ведаеце, куды едзеце? - спытаў Занеўскi.

- Быццам у Горадню.

- Гэта вiламi пiсана.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×