уладай Беларусi й iншых заходнiх земляў Савецкага Саюзу, выдаў Чырвонай Армii й партызанам наступны загад:

'Нiводная лёкаматыва, нiводная чыгунка, нi кiляграм пшанiцы цi лiтр гаручага не мусяць быць пакiнутымi ворагу. Калгасьнiкi павiнны забраць з сабою ўсю хатнюю жывёлу. Партызанскiя злучэньнi, конныя й пяхотныя, павiнны быць сфармаваныя для ўзрыву мастоў i дарог, для знiшчэньня тэлефонных i тэлеграфных камунiкацыяў, для паленьня лясоў...'

Няцяжка адгадаць, што маскоўскi кат-душыцель хацеў зрабiць зь Беларусi суцэльную пустыню. Дарма, што спачатку, i то з прычыны маланкавага наступу гiтлераўскага вермахту, яму гэта не ўдалося. Пазьней загад у ладнай меры быў выкананы. Мала таго! Першапачатковая iнструкцыя, вiдаць, пазьней пашырылася i ў пляны татальнай вайны ўвайшла таксама дырэктыва масавага вынiшчэньня ўсяго жывога насельнiцтва й ягонага матар'яльнага iнвэнтару. Мусiць прыцiснуты да сьцяны крамлёўскi дыктатар лiчыў, што цывiльнае безбароннае жыхарства, у тым лiку старыя, жанчыны й дзецi ў акупаванай гiтлераўцамi Беларусi, былi ня менш важным прадметам для лiквiдацыi, чымся самыя, чыста мiлiтарнага значэньня, аб'екты. Людзi пад загадамi Крамля бесьперапынна й мэтадычна праводзiлi ў жыцьцё сталiнскi загад, а азьвярэлыя гiтлераўскiя фашысты, маючы наўвеце свае мэты, аб якiх прыгадвалася вышэй, памагалi сталiнцам рукамi сваiх i чужых, варожых беларускаму народу, элемэнтаў.

Душылася, крывавiлася, гарэла й папялiлася мiж двумя хiжакамi-тытанамi бедная й шматпакутная Беларусь. Што ўцалела ад Сцылы, тым намагалася пажывiцца Харыбда. I не было нiадкуль дапамогi, ратунку, анi спагады. Дзе што магло й як магло - арганiзавалася й ратавалася. У жахлiвых муках i цярпеньнях нарадзiлася ўсьведамленьне сутнасьцi iснаваньня: каб быць i жыць, каб знайсьцi ратунак, трэба было разьлiчваць толькi й выключна на свае собскiя сiлы.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

МЕНСК-АЛЬТКIРХ-МАРСЭЛЬ

НЕАДЧЫНЕНАЯ ШКОЛА

I

22 чэрвеня 1944-га году Менск сьвяткаваў гэтак званы Дзень Вызваленьня. Гэтак гiтлераўскiя акупанты называлi дзень збройнага нападу на маскоўска-бальшавiцкую турму народаў. Дзеля належнага ўшанаваньня трэцяй гадавiны афiцыяльна было загадана правесьцi ў гарадох акупаванае Беларусi парады вайсковых гарнiзонаў, як нямецкiх, так i беларускiх, галоўным чынам Беларускае Краёвае Абароны.

У Менску, з усходняга боку Галоўнай вулiцы, паблiзу маста на Сьвiслачы, пабудавана была вялiкая трыбуна. Над ёю беларускi бел-чырвона-белы сьцяг гойдаўся побач зь нямецкай свастыкай. Каля адзiнаццатай гадзiны ранiцы мянчане шчыльнай жывой сьцяной запоўнiлi ходнiкi, некаторыя-ж, каб лепш бачыць парад, ускараскалiся на шчарбатыя сьцены прывулiчных руiнаў. На трыбуне зьявiлiся высокiя дастойнiкi акупацыйнае ўлады й жменя беларусаў. Кульгавы фон Готбэрг стаяў у акружэньнi сваiх ад'ютантаў i афiцэраў менскага гарнiзону, побач зь левага боку ад немцаў камандуючы БКА маёр Кушаль гутарыў з шэфам штаба БКА капiтанам Мiкулам.

Зь левага боку ля трыбуны стаяла нямецкая вайсковая аркестра. Першым у парадзе йшоў адзьдзел Вэрмахту. Перад трыбунай рота затрымалася, й афiцэр, здаўшы Готбэргу рапарт, загадаў маршыраваць далей. Наступнай iшла Школа Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны, а за ёю iншыя адзьдзелы БКА. Школа, апранутая ў чорную вопратку, з Пагонямi на шапках, яўна вырозьнiвалася сярод усяго iншага войска. Той, хто прыглядаўся гэным двум сотням васемнаццацiгадовых юнакоў, мог-бы мець уражаньне, што нехта павыбiраў iх з цэлай Беларусi, дапасоўваючы да нейкай агульнай, прынятай i вызначанай меркi. Усё гэта бадзёрае, румянае, здаровае, упэўненае - рабiла на гледачоў надзвычайна добрае ўражаньне.

Бадзёры роўны крок i раўнамерны тахт выклiкалi доўгiя воплескi мянчан, што прыглядалiся з абодвых бакоў вулiцы. Камандзер школы капiтан Ласкутовiч, што вёў калёну, падыходзячы да трыбуны, скамандаваў 'зрок направа' i... 'стой!'. Адно гэнае 'стой' выйшла зусiм слабенькае, пачутае толькi пярэдняй часткай калёны. Калi фронт затрымаўся, як было загадана, як быццам адзiн чалавек, то заднiя, не пачуўшы каманды, ледзь змаглi ў час спынiцца як папала, каб ня ўзьбiцца пярэднiм на пяты. Выйшла, не гаворачы ўжо аб вусных камэнтарах, нешта падобнае да таго гуку, якi бывае, калi сыпецца зь меху бульба ў склеп. Па натоўпе прайшоў гоман незадаваленьня.

Капiтан Ласкутовiч, спасьцярогшыся ў час, што сам быў у тым вiнаваты, зачырванеўшыся, здаў пры трыбуне рапарт камандуючаму БКА, i чорная калёна юнакоў памаршыравала далей.

II

- Каб яго лiха, як яно нядобра выйшла! - жалiўся нехта, калi вярнулiся ў Паўночныя Казармы.

- I то-ж падумаць адно, гэтулькi часу маршыравалi, амаль цэлы месяц вучылiся, мазалi на нагах панацiралi, i цяпер во выйшла як на сьмех...

- Каб жа з нашай вiны!

- Тое-ж i балiць, што ня з нашай вiны, а зь ягонай..

- I то-ж, здаецца, такi здаровы мужчына, а ўжо не мог-бы ён моцна крыкнуць тое 'стой', каб усе пачулi, цi што?

У гэны вечар кадэты мелi змогу выслухаць каля сёмай гадзiны па менскiм радыё справаздачу аб урачыстасьцях, перадусiм аб парадзе. I вось там iзноў пачулi музыку нямецкае аркестры, што стаяў побач трыбуны, а пасьля-ж i тое 'стой', што было прычынай такой вялiкай няўдач, ды i пасьля ўжо як нехта сыпаў бульбу ў склеп..

Здавалася-б, ня было надта чым журыцца. Iнструктары з розных вайсковых школаў ведаюць больш кур'ёзныя выпадкi. Хто-ж будзе тады ў войску памыляцца, калi ня рэкрут? Але й было найбольш крыўдна, што няўдача выйшла ня зь вiны рэкрутаў, а зь вiны самога камандзера, дый то яшчэ пры самай першай нагодзе, калi, казаў той, толькi-толькi пасьпелi паказацца ў людзi. Затое i было крыўдна.

Калi кадэты са Школы Камандзераў БКА турбавалiся такой першай няўдачай, то гэта зусiм зразумела. Усе яны зьявiлiся ў школу ахвотнiкамi ў пачатку чэрвеня, значыцца, прыехалi вучыцца, а не бiбiкi, як кажуць, бiць. Гэта быў у бальшынi сялянскi элемэнт. Амаль нiхто зь iх раней ня трымаў зброi ў руках. Усе мелi сярэднюю асьвету й хоць пазьяжджалiся з усiх закуткаў Беларусi, - ад Вiльнi да Гомеля й ад Пiнска да Вiцебска - асноўнае, супольнае, што iх зьвязала, што прывяло ў Менск, было пачуцьцё народнае крыўды й нянавiсьцi да ворагаў, патрыятызм i ахвярнасьць. Гэтая моладзь зь сярэднiх школаў добра ведала, дзе ёсьць крынiцы няшчасьця народу й пастанавiла сваймi сiламi падбаць пра тое, каб iх зьлiквiдаваць. Да заняткаў у школе, няхай сабе й самых першых, элемэнтарных, адносiлiся кадэты надзвычай паважна й пiльна.

Гоманам перапоўнiлiся будынкi Паўночных Казармаў у Менску. Жыхары суседнiх вулiцаў ранiцою й папаўднi прыслухоўвалiся прыгожым мэлёдыям беларускiх вайсковых песьняў. Хаця мянчане звычайна прымалi гэтых юнакоў за палiцыю, бо-ж яны насiлi чорную вопратку, аднак хлопцы толькi ўсьмiхалiся, паказваючы з гордасьцю на Пагонi, што мелi на шапках. Мала якая iншая беларуская вайсковая фармацыя мела Пагонi. Яшчэ больш цешылiся, даведаўшыся, што ў хуткiм часе аздобяць свае каўняры Ярылавымi крыжамi на чырвоных палотнiшчах. Магла-б некаму дзiўнай здацца гэткая, ледзь ня дзiцячая любасьць i прывязанасьць да сваiх нацыянальных адзнакаў з боку маладых, недасьветчаных у ваенных справах ды ў жыцьцёвай практыцы зусiм зялёных юнакоў. Але-ж якiм, калi ня гэткiм спосабам, маглi яны выказаць свой гарачы патрыятызм, любоў да народу, якая ўзрастала, мацнела i ўкарэньвалася ў сэрцах iхных у меру росту гвалту над беларусамi з боку бальшавiкоў i гiтлераўцаў?

Пачалiся першыя заняткi й муштра. Беларуская каманда гучала на вялiкiм пляцы перад казармамi. Хаця юнакi ня былi прывыкшымi да вайсковага жыцьця й вечнага посьпеху, мала хто наракаў. Старалiся, бо ведалi, што ў будучынi здабытыя веды панясуць у пададзьдзелы, каб там падзялiцца iмi са сваймi родзiчамi. Вечарам, пасьля заняткаў, пад час прыгожае вясеньняе пагоды, выходзiлi на пляц i тут, у жартах, весялосьцi, з роднай песьняй праводзiлi вольныя хвiлiны.

Працаю й жыцьцём Школы кiраваў капiтан Ласкутовiч. Зь нямецкага боку за Школай наглядаў капiтан Шнайдар. У сталыя кадры ўвайшло колькi беларускiх афiцэраў i падафiцэраў ды нямецкiх iнструктараў.

Жаданы лiк рэкрутаў быў асягнуты. У незадоўгiм часе Школа мела быць адчынена афiцыйна. Зь нецярплiвасьцю чакалi кадэты таго дня, набiваючы цi шмат мазалёў на нагах пры падрыхтоўцы да афiцыйнай маршавай парады. Адылi мала хто прадбачыў цi навет варажыў, што адкрыцьцё нiколi не адбудзецца, што час iхнае кар'еры ў БКА надзвычайна кароткатрывалы. Мала хто бачыў, што бура вiсела ўжо над галавой, хаця кажны яе спадзяваўся.

III

Ужо ад даўжэйшага часу ў падаваных у прэсе камунiкатах Вярхоўнага Камандаваньня Вэрмахту аб сытуацыi на франтах пачалi зьяўляцца такiя часта паўтараныя, як нехта мог-бы сказаць, заваяваўшыя сабе там сталае права грамадзянства, азначаньнi, як: 'эвакуавана з мэтаю скарачэньня фронту', 'плянава адведзена на загадзя прадугледжаныя пазыцыi' або 'ворагу ўдалося ўварвацца пры цяжкiх стратах', ды шмат iншых падобных. Нiдзе не гаварылася аб сваiх перамогах, як калiсьцi, а толькi аб варожых стратах. Iнфармацыйнае Бюро Галоўнае Кватэры, дабiраючы

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×