- Хачу бяссмерця! Хачу бачыць вочы далёкага нашчадка, калi ён вымавiць маё iмя! Хачу ведаць гэта невядомае 'потым'...

I святло Абруча напружылася i заiскрылася.

21

'Яны зноў, - чытаем у Пасвячонага, - прывялi ў дзеянне свой абскуратар i знiклi, i, такiм чынам, я застаўся ўбаку. Трэба думаць, яны стамiлiся i пажадалi зрабiць перапынак i неабходныя манiпуляцыi для аднаўлення сiл, манiпуляцыi, сведкам якiх я не мушу быць.

Кожны раз, калi яны 'знiкалi', мяне здзiўляла не тое, што яны не рызыкуюць даверыць мне пэўных сваiх ведаў, але тое, што яны дасканала ведаюць, чаго мне ведаць нельга, а што - можна. Мне дазвалялася быць сведкам сапраўдных цудаў ноблы не баялiся iх паказваць, цвёрда верачы, што я не зразумею прынцыпу. I раптам - абскуратар! Значыцца, зараз адбудзецца нешта такое, што, можа, i я зразумею. Значыцца, яны хацелi засланiць ад мяне даступнае. Што?

Раскрываючы свае 'цуды', ноблы не баялiся i здзiвiць мяне, гэта значыць выклiкаць у мяне пачуццё звышнатуральнасцi, - яны былi перакананыя, што не выклiчуць; iнакш кажучы - проста ведалi, што я не зразумею, але не стану шукаць звышнатуральных прычын, што мы, зямляне, не палiчым незразумелае за звышнатуральнае i не будзем падаць нiц, як падалi перад зiхаценнем маланак i ўдарамi перуноў нашы далёкiя продкi. Так, добра яны ведаюць нас, гэтыя ноблы. I цяжка iм было памыляцца адносна мяне, iстоты, якая назiрае з транскамунiкатарам у руках - вядома, недасканалым з iх пункту гледжання, але ўсё ж здольным аўтаматычна перакладаць незнаёмую мову.

Такiм чынам, яны зрабiлiся нябачныя, а я пачаў чакаць iх з'яўлення i пакуль што раздумваў над убачаным i пачутым. Я думаў над гiпотэзай - 'ноблы прэтэндуюць на нашу Зямлю'. Магчыма, Н-6813 меншая за Зямлю i ноблаў, па ўсёй верагоднасцi, менш, чым нас. Аднак узровень ведаў i тэхнiчныя магчымасцi робяць iх намнога больш магутнымi. Iм у сябе цесна, i гэта сур'ёзная акалiчнасць. Адсюль наша задача: хутчэйшае i мацнейшае аб'яднанне на падставе лепшага, што ёсць у лепшых з нас. 'За рукi возьмемся, сябры', як сказаў паэт мiнулага веку.

Але ёсць i другая гiпотэза: 'ноблы шукаюць з намi кантакту, якi разумеюць адпаведна сваёй лагiчнай сiстэме'. I калi яны пакуль яшчэ не iдуць на непасрэдны дыялог, то таму толькi, што не маюць дакладных i поўных, на iх думку, ведаў пра нас. Адным словам, праяўляюць асцярожнасць.

Магчыма (i да гэтага я схiляюся ўсё больш), справа не ў адной асцярожнасцi, а i ў тым, што ноблы неаднолькавыя, гэта значыць - мысляць неаднолькава. Адны больш ваяўнiчыя, кажучы нашай мовай, i прагнуць атрымаць жыццёвую прастору сiлай, другiя ж, мяркуючы па ўсiм, настроены iнакш. Гэта значыць, памiж першымi i другiмi няма поўнай згоды, што, трэба думаць, таксама затрымлiвае ажыццяўленне iх планаў.

Такi вывад напрасiўся ў мае разважаннi, калi я думаў пра Настаўнiка юнакоў, якi пажыў ужо на Зямлi i якога немагчыма адрознiць ад чалавека. Яго погляд, паводзiны, яго словы... Няма сумнення, што ён належыць да другiх у маiм умоўным, прыблiзным iх падзеле.

Я ўвесь час адчуваю, што памiж iм i мною нiбы тэлепатычная сувязь. Ён заўсёды як быццам падказвае мне: вось тут трэба засяродзiць увагу, а тут аслабiць, зразумейце маю працу правiльна, гэта сур'ёзна. А я быццам падтакваю, прашу тут запаволiць, там паскорыць...

Урэшце, час: я адчуў невыразны сiгнал, зараз яны працягнуць...'

* * *

Божа мой, яны яму марочаць галаву, а ён iм падтаквае.

Цяжкавата тут, паслягэтага месца 'Запiсак', не западозрыць нашага Пасвячонага ў залiшняй даверлiвасцi i мяккасардэчнасцi. Але што зробiш: ён Пасвячоны.

22

Магутны Арол перажываў першыя днi бяссмерця. Цялесных змяненняў нiякiх не было, толькi ўсярэдзiне нiбы нешта спынiлася i зацвярдзела. Не адчувалася i прылiву сiл, на якi ён так разлiчваў. Затое з'явiлiся дасюль незнаёмыя, якiя нарасталi, быццам прыступы, адчуваннi пазачасавасцi i абыякавасцi да ўсяго. Ён ужо не харашыўся перад люстэркам, не сачыў за сваёй знешнасцю, а хадзiў з апушчаным хвастом i валочачы крылы; апярэнне яго звалялася i набыло той неканкрэтны колер, якi звычайна лiчыцца адзнакай або поўнай адлучанасцi ад надзённага, або - хваробы. Ён ужо амаль не выходзiў са спальнi, i спатрэбiлася зусiм мала часу, каб ён яшчэ адвык мыцца, праветрываць пакой i лiчыцца з тым, што ад яго кепска пахне. Цiхi Дзяцел збянтэжана адварочваў сваю доўгую дзюбу i даваў iнфармацыю, амаль не раскрываючы яе. Ён даносiў на Аракульку, але Магутны Арол адмахваўся:

- Не мароч мне, нарэшце, галавы.

I той таропка пакiдаў яго.

Спачатку Магутны Арол цешыў сябе думкай, што будзе жыць вечна, ВЕЧНА! Аднак неўзабаве ён так асвойтаўся, што пачуццё 'вечнасцi' зусiм прапала, i замест яго ўзнiклi пустата i холад, а ўсё, што адбываецца наўкола, здавалася мiражом або выдумкай. I яму было дзiўна, што нехта ўваходзiць, кажа 'Ваша Недаступнасць', прыносiць абед, i толькi потым аслаблая памяць падказвала iмя таго, хто ўваходзiў, - 'Сокал'.

А ўладаннi яго канчаткова заняпалi: амаль усё жывое вымерла, рэкi перасохлi, як быццам яны тут i не цяклi нiколi. Потым пайшлi яшчэ i пажары: у адным месцы загарэлася ад навальнiцы i так полымя пачало шугаць ва ўсе бакi, што не суняло яго нi дажджом, нi паводкай. Пасля гэтага зямля зрабiлася роўная, чыстая i цёмная. Дарэмна над папялiшчам рыскалi шулёнкi - нi адно стварэнне не трапляла на вочы, нi адзiн рух жыцця не ажыўляў пустынi. Толькi вецер паднiмаў слупы попелу i пылу, i яны, упiраючыся ў неба, ламаючыся i ўючыся, неслiся да мора. I шулёнкi прыляталi нi з чым, ачмураныя спякотай i жахам, i Старэйшы Сокал забiваў каго-небудзь з iх i нёс Яго Недаступнасцi на абед. З гэтай прычыны шулёнкi пачалi ў вялiкiм страху разлятацца: адны старалiся прабiцца за мора, другiя - праз пажарышча, але большая частка гiнула, бо прасторы былi шырокiя, а шулёнкi знясiленыя.

Тады Старэйшы Сокал замкнуў астатнiх, хто не ўцёк, у падземныя казематы, выводзiў па адным, забiваў i нёс пану; рэшткi ж царскай трапезы пажыраў сам. А шулёнкi, каб не памерцi з голаду, рылi ў казематах зямлю i харчавалiся карэннямi, гнiллю i мышамi, калi яны траплялiся. Яны зусiм адзiчэлi i, мабыць, неўзабаве пачалi б пажыраць адзiн аднаго, як пацукi, калi б Старэйшы Сокал не здагадаўся трымаць iх кожнага асобна.

Невядома, чым жывiўся Старажытны Крумкач; невядома таксама, як гiбела Зязюля, затое дакладна вядома, што Цiхаму Дзятлу жылося прывольна. У замку развялася процьма насякомых: яны тачылi ўсё, што паддавалася тачэнню, мноства iх поўзала, лётала, скакала па ўсiм замку, i Дзятлу заставалася iх спакойна глытаць.

Магутны Арол тым часам зрабiўся абыякавы да ўсяго. Ён гаманiў толькi са Старэйшым Сокалам i толькi пра самае звычайнае; часцей жа ён сядзеў i драмаў i нi пра што не думаў. Нi голад, нi прага яго не даймалi - бо нi галодная i нiякая смерць яму не пагражала: яна не можа пагражаць бессмяротнаму. Таму прынашэннi Старэйшага Сокала з'ядалiся лянiва, па звычцы, без нiякага задавальнення.

А ўвогуле ён не адчуваў нiякай няёмкасцi, яму было проста ўсё роўна. I так днi iшлi i iшлi, але нiчога не мянялася.

23

Аднойчы вечарам, калi Магутны Арол драмаў на сваёй няўтульнай пасцелi, за дзвярыма пачулiся галасы.

- Нельга! - чаканiў Старэйшы Сокал.

- Вельмi важна! - настойлiва казаў цiхi голас.

- Яго Недаступнасць адпачываюць!

- Прэч!

Тут Магутны Арол канчаткова прачнуўся i крыкнуў:

- Сокал! Пусцi Дзятла!

I не паспеў Цiхi Дзяцел пераступiць парог, як апынуўся ва ўчэпiстых кiпцюрах уладара. Магутны Арол i сам быў здзiўлены такому спрыту i прылiву гневу i энергii, але раздумваць не стаў.

- Дрэнь! - закрычаў ён лютым голасам. - Колькi, Дрэнь, ты будзеш трывожыць душу? Дакуль будзеш мучыць мяне?! - I з гэтымi словамi шпурнуў яго ў сцяну так, што ў таго перад вачыма павiсла вясёлка. Але здзiўленне i страх былi настолькi вялiкiя, што Дзяцел умомант апамятаўся i залепятаў:

- Крумкач, Ваша Недаступнасць... Запiскi... Сшытак...

Але пан гэтым разам не захацеў выслухаць свайго надзвычайнага слугу: ён зрабiў крок наперад i наступiў на Дзятла, i той расплюшчыўся. Вось так сумна скончылася жыццё Дзятла.

А Магутны Арол адшпурнуў яго цела i, яшчэ калоцячыся ад злосцi, праклекатаў:

- Выкiнь, Сокал, гэту Дрэнь. Я яго нават есцi не стану. - I Старэйшы Сокал з'еў Дзятла сам.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×