Толькi потым, калi ўляглося абурэнне, Магутны Арол успомнiў перадсмяротныя словы з'едзенага - успомнiў, задумаўся i зразумеў, што будзе бяссонная ноч.

Ён падбадзёрыўся, пачысцiўся, наколькi гэта было магчыма без пабочнай дапамогi, i стаў у царскую позу, як гэта бывала раней, калi размаўляў з падначаленымi.

- Сокал! - паклiкаў ён i, калi той з'явiўся, сказаў: - Ты быў мне заўсёды самым адданым слугой. Ты адзiн не здрадзiў мне ў маiх няшчасцях. Дык вось, Сокал, мы застаёмся ўдвух - гэту дурнiцу з нiшы пад увагу браць не будзем. Таму скажы: ты не пакiнеш мяне, што б нi здарылася?

- Я не iсную без волi i клопатаў майго пана, Ваша Недаступнасць! - адразу адказаў целаахоўнiк.

- Я люблю цябе, Сокал. А цяпер iдзi i прывядзi Крумкача.

I вось перад вачыма Яго Недаступнасцi Магутнага Арла стаяў брамнiк замка Старажытны Крумкач. Ён, здаецца, чакаў гэтага спаткання i таму быў спакойны.

Доўга моўчкi пазiраў на яго Магутны Арол, потым глыбока ўздыхнуў i сказаў такiя словы:

- Служыў ты мне, Крумкач, доўга, надта доўга, каб не падазраваць цябе ў бескарыслiвасцi. Ты перажыў многiх, хто быў важнейшы i больш знатны за цябе. Перажыў, а мог i не перажыць. Мог, але перажыў. А вось чаму, што на гэта скажаш?

- Разумею, Ваша Недаступнасць, - адказваў Крумкач. - Мне, праўду кажучы, i самому дзiўна, як гэта дасюль так абыходзiлiся са мной.

- Так, Крумкач, я заўсёды ведаў, што ты разумная птушка. Але вось скажы, будзь ласкавы, цi кепска табе жылося ў мяне?

- Ды не, Ваша Недаступнасць. Акрамя таго, што сцярвятнiкi Вашай Недаступнасцi два разы разбурылi маё гняздо i перабiлi крумкачанят ды аднойчы зламалi крыло маёй старой, ужо нябожчыцы, нiчога дрэннага не было.

- Можа, ты кепска еў або цвёрда спаў? Цi праца была не па сiле?

- Дзякуй богу, па сiле, Ваша Недаступнасць, не скарджуся. I еў-спаў няблага. Як вядома, мы народ непераборлiвы.

- Ну а можа, ты якую асабiстую крыўду таiў?

- Не, Ваша Недаступнасць, асабiстай крыўды не было.

- Дык якога ж ты, Крумкач, чорта пiшаш нейкiя там запiскi? Завёў сшытак, тоiшся, i я даведваюся пра гэта толькi цяпер!

Тут Старажытны Крумкач усмiхнуўся, паглядзеў проста ў гордыя вочы ўладара i прамовiў:

- Я гатоў. I хачу пазбавiць Вашу Недаступнасць ад лiшнiх пытанняў. Але гаварыць буду толькi з вока на вока.

- Сокал, выйдзi! - пачулася неадкладнае распараджэнне.

I потым Старажытны Крумкач сказаў сваё слова, якое мы прыводзiм дакладна, як расказваецца ў 'Запiсках' Пасвячонага.

'- Арол! Ты магутная i вольная птушка. I я табе служу, як служыў твайму папярэднiку, якога ты перамог у лютым баi. Але служыў я i папярэднiку твайго папярэднiка, i яшчэ раней, i нават тады, калi ты не быў не толькi Магутным Арлом, але i Грозным Мядзведзем, але i Змрочнай Пантэрай, але i Белай Рыбай, а быў звычайнай Маленькай Дафнiяй з пароды карычневых, што мiрна жылi каля старога пня сярод гнiлога балота. Крумкачы, як бачыш, доўга жывуць, таму шмат i ведаюць. Ты быў радавой дафнiяй i адрознiваўся ад астатнiх хiба што выдатным здароўем ды ўпартым норавам. Але цябе загубiла славалюбства. Яно напаiла ядам тваю гордасць, гордасць кiнула цябе ў вiр крыўды, крыўда выгадавала помсту, помста спарадзiла зайздрасць, а тая - прагу ўлады. Цi памятаеш ты, Арол, што табе, памiраючы, расказала Старая Дафнiя? Яна перасцерагала цябе. Але зернi мудрасцi ўпалi на бясплодную глебу - памылiлася старая. У тваiм уладаннi апынуўся Плацiнавы Абруч - ды цi разумееш ты, якая рэдкая доля табе выпала?! Бо твой Абруч - ключ да Праўды. А ты з яго зрабiў цацку. Ты пакiнуў сваiх сародзiчаў i здрадзiў iм. З помсты ты наслаў на iх Чорнага Жука, ад продка якога iх выратавала Старая Дафнiя, якая даверылася табе. I табе мала здалося аднаго, дык ты напусцiў i другога. I цяпер няма больш дафнiй каля старога пня, Ваша Недаступнасць, нiводнай не засталося. Чорныя Жукi зрабiлi сваю справу. Яны самi загiнулi: нечым было жывiцца i, раз'юшаныя i галодныя, яны накiнулiся адзiн на аднаго i забiлi самi сябе. Пачварныя iх шкiлеты ляжаць на дне сажалкi, на тым самым месцы, дзе ляжаў Плацiнавы Абруч. I зарастае мясцiна карычневых дафнiй розным пустазеллем. Цябе ж, Арол, прага ўлады пацягнула ўсё вышэй i вышэй i ўсё далей ад Праўды. Так, ты дасягнуў вялiкiх вышыняў, ты стаў магутны i славуты. Але скажы, цi быў ты хоць хвiлiну шчаслiвы? Цi быў па-сапраўднаму i свабодна шчаслiвы? О, як жа ты, дурань, не датумкаў, як не здагадаўся! Ты патрабаваў i патрабаваў, тваiм убогiм жаданням не было канца, а Плацiнавы Абруч даваў i даваў. Але ж тое, што давалася, не магло быць суцяшэннем. Абруч жа не дае суцяшэння. Ён адмаўляе ў iм - такая ўмова! I Старая ж Дафнiя, якая папрасiла вызвалiць сваiх, не была суцешана - яе ацуралiся i абвiнавацiлi ў палахлiвасцi i здрадзе, не ведаючы, што выратавальнiца - яна; жыццё яе скончылася ў галечы i невядомасцi. Абруч выканаў яе жаданне, але не суцешыў! А табою атрыманае суцешыла цябе? I ты нi разу не задумаўся - чаму? Ты нiчога не зразумеў, Арол... Суцяшае дабро. Але ты яго нiколi i нiкому не рабiў. Суцяшае дружба, суцяшае каханне. Але не было побач з табою нi дружбы, нi кахання... Не, ты нiчога не змог зразумець нi ў пачатку, бо быў дурной i ганарыстай Маленькай Дафнiяй, не разумееш ты i цяпер, бо - дурны, стары, бездапаможны Арол.

А скажы, што ты пакiнуў пасля сябе? Якую частку дабрынi можна вымераць? Якую справу назавуць тваiм iмем?.. Разбурэннi. Дык колькi ж каштуюць воля твая i велiч твая? У iмя чаго яны? У iмя чаго ты?..

Я ведаю - ты заб'еш мяне. Але чаго гэтым дасягнеш? З вечным жыццём ты прыняў вечную кару: кожны твой учынак, кожны крок, ад якога табе лягчэй сёння, заўтра зробiцца горкiм, вялiкiм цяжарам. I так будзе заўсёды. Такi шлях твой сам ты яго выбраў, назад не павернеш. Плацiнавы Абруч, як табе вядома, не забiрае назад бяссмерця, ён можа яго толькi даць.

Так, я запiсаў пра твае справы. Твой прахвост, Дзяцел, усё ж падгледзеў, шэльма, хоць i давялося яму пахiтраваць. А напiсаў - для навукi каму-небудзь. Хто ведае: можа, калi-небудзь хто знойдзе Плацiнавы Абруч i, ведаючы твой прыклад, моцна задумаецца, раней як дакрануцца да яго i выказаць жаданне. I вось памятай, Арол: хоць ты i мацнейшы за мяне, а запiсак маiх табе не бачыць. Ты нiколi не знойдзеш iх, калi нават перакапаеш усё сваё царства... А цяпер воля твая, Ваша Недаступнасць...'

Маўчанне, адзначае далей Пасвячоны, працягвалася доўга.

Нарэшце ўладар узняў змрочны позiрк, абвёў сваю спачывальню i, спынiўшыся на брамнiку, сказаў:

- Уважлiва слухаў я цябе, Крумкач... Шкада, не ведаў, што ты гэткi забаўны выдумшчык, а то паклапацiўся б раней... I за тое, што ты не пабаяўся расказаць такую гiсторыю праўдзiва i чэсна, вось табе мая воля: iдзi i жывi, нiхто цябе не кране. I мiрна пiшы далей, я не пярэчу.

Усмiхнуўся Старажытны Крумкач, пакланiўся i выйшаў.

Той жа ноччу царскi брамнiк раптоўна сканаў у сваёй каморцы.

24

Мiнуў час.

Старэйшы Сокал аслеп ад старасцi. Ён дзяжурыў ужо не за дзвярыма, а ў самой царскай спачывальнi. Як i раней, ён выконваў усе - ужо рэдкiя цяпер даручэннi свайго пана, карыстаючыся адным толькi сваiм нюхам, так што страта зроку хоць i недахоп, але ўжо не такi, каб дужа засмучацца. Ён адчуваў кожны рух уладара, кожнае жаданне Магутнага Арла адразу рабiлася i яго жаданнем, кожнае слова найвышэйшага было адзiным, што мела сэнс i значэнне. Магчыма, Старэйшы Сокал дагэтуль не памёр толькi таму, што на гэта не было загаду, а значыць, i права.

Шулёнкi скончылiся - Старэйшы Сокал выцягнуў з каземата апошняга.

- Iх больш няма, Ваша Недаступнасць. Магутны Арол паглядзеў на ўбогую кучачку пер'я i грэблiва адвярнуўся.

- Можаш з'есцi яго сам.

I целаахоўнiк адразу адказаў: 'Ёсць!'

I з таго часу для харчавання пачаў лавiць мышэй. Калi ўжо i мышы ўсе перавялiся, ён прапанаваў на абед сябе.

Магутны Арол пачаў яго супакойваць, загадаў не падаць духам i спадзявацца, што заўтра з мышамi пашанцуе. Але Старэйшы Сокал упершыню за шматгадовую службу запярэчыў пану:

- Ваша Недаступнасць павiнны абедаць... I калi я нiчога не знайшоў...

Бачачы, што спрачацца справа марная, Магутны Арол абяцаў падумаць, i ад'ютант у сваiм куточку каля дзвярэй змоўк, i нiшто больш не трывожыла яго душы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×