машыну бачыў?

- Бачыў... Гной на поле вазiць - не мая спецыяльнасць. Ты кахала б мяне, бруднага?

- Кахала б...

- Сядзь блiжэй, Лёдзя... Мая дзiкуначка. Я цябе ў горад павязу, пасмялееш...

- Ой, пусцi руку-у! Стыд...

Голас Лiды абарваўся. I разам з iм абарвалася штосьцi ў маiх грудзях, у сэрцы, якое зведала на сваiм вяку многа трывог i хваляванняў, ды не балела так, як у той вечар. Першай думкай было - бегчы. Бегчы туды i штурхнуць паганага Лiса ў халодныя струменi ракi, але... 'Хай гэта будзе ёй выпрабаваннем! Няўжо маё слова не запала дзяўчыне ў душу, не ўзрасло новым коласам?' - з халоднай разважлiвасцю раптам падумалася мне. Прыпаў да вады i слухаў. Маўчала рака. Толькi недалёка цiха булькала крынiчка i да хрыпаты надрываўся недзе драч...

Колькi прайшло таго напружанага, поўнага чакання часу, я не ведаў. Можа хвiлiна, а можа i дзесяць. Раптоўна, як пераможны клiч, нарэшце данёсся па вадзе спакойны голас Лiды:

- Не, даражэнькi... Не рваць табе кветак на калгасным лузе...

Мне лёгка ўздыхнулася.

З усмешкай выкiнуў на бераг вуды i, зняўшы з кручкоў двух паласатых акунёў, пусцiў iх назад у раку. Стаяў на беразе i ўсмiхаўся цудоўнаму вечару, што прынёс у сэрца радасць.

- Я паеду заўтра... Адрас ты ведаеш, - данёсся грубы Стасеў голас. Бывай...

I нi слова ў адказ.

Толькi не маўчала Бяроза-рака. Цi то проста здавалася, цi то дзе бiлiся ў тугi бераг шумлiвыя хвалi, але нешта вельмi падобнае на стрыманы плач доўга чулася мне...

- Гыля!.. Гыля, каб вас каршун пабраў...

Толькi пасля гэтых Лiдзiных слоў я здагадаўся, што яна плакала, ды радасць мая ад таго не зменшылася: жанчынам абавязкова трэба выплакаць сваё гора цi крыўду. Тады яны становяцца больш моцныя душою...

Лiда пагнала гусей дамоў раней, чым заўсёды. А назаўтра ўжо чуўся ля ракi другi голас. Вясёлыя, задорныя прыпеўкi рэхам адгукалiся ў бары. Толькi яны не бадзёрылi мяне. 'Што здарылася з Лiдай? Няўжо яна сапраўды паехала за Станiславам?' - непакоiлi цяжкiя думкi. I я вырашыў аб усiм дазнацца.

Закiнуў на дзень свае вуды i ранiцою наступнага дня пайшоў у кантору калгаса. Старшыня, мой аднагодак i сябар дзяцiнства Лявон Грыб, паведамiў няўцешную навiну: рэвiзiя ўстанавiла недахоп цэлай сотнi гусей... З Лiды ўтрымалi грошы i не дапусцiлi да працы.

Адразу прыгадалiся словы Станiслава, якiм раней я не надаў асаблiвай увагi: 'Ты пачакай заўчасна радавацца... Ходзяць чуткi, што тваё войска без баёў радзее'. Чаму ён гэтак гаварыў? Мусiць, ведаў, што радзее...

- Слухай, Лявон, - строга зiрнуў я на старшыню. - Тут штосьцi не так. З вывадамi пачакай: Лiда не вiнавата.

- Нехта ж ды вiнават, што прападалi гусi!

- Вось iменна - нехта. Яго трэба знайсцi i пакараць!

- А калi iх лiс пахапаў?

- Трэба пакараць лiса...

Старшыня засмяяўся:

- Злавiць i з жывога садраць шкуру - гэтак?

- Аддаць пад суд, - зусiм сур'ёзна адказаў я. - Маю на ўвазе Лiса Станiслава...

Тут жа расказаў Лявону аб сваiх меркаваннях: Станiслаў, 'хлопец з апошняга хутара', пацягаў гусей. Разлiк быў просты: i сабе прыбытак, i Лiдзе - бяда.

- Незразумела... Чаму гэта ён, кахаючы дзяўчыну, хацеў ёй бяды? - пацiснуў плячамi старшыня.

- Каб яна кiнула гусей, калгас i паехала з iм... Стась жа прыходзiў на бераг кожны раз п'яны. Значыць, меў i хаўруснiка, каму збываў калгаснае дабро!..

Падахвочаны маiмi доказамi, Грыб згадзiўся пайсцi на хутар.

- Колькi разоў збiраўся перавезцi тое гняздо ў сяло, ды ўсё нiяк не выпадала... Дабяруся-ткi, хоць позна! - гаварыў ён, шпарка шыбуючы па пыльнай дарозе i ўздымаючы з сiвога падарожнiка цэлыя хмары конiкаў i дробных казюлек.

Поле клiнам уразалася ў лес. Мы iшлi мiж высокага жыта, над якiм няспынна, як гiмн шчодрай зямлi, лiўся спеў жаўранкаў. Белыя хмурынкi, нiбы намаляваныя на блакiтным палатне неба, нерухома вiселi над зямлёй. Хутар сустрэў нас свежым подыхам лiсця i цiшынёю.

- Прыгожы куток! - у захапленнi ўсклiкнуў я, адчыняючы рыпучую фортку на двор, абгароджаны свежым жардзём.

Намнога маладзейшая за нас, сiвенькая i згорбленая, Гэлька адразу здагадалася, чаго мы прыйшлi. Нi слова не прамовiўшы, яна паказала рукою на невялiчкi стары хляўчук, што стаяў наводшыбе, у самым бярэзнiку.

Замест дзвярэй уваход быў застаўлены некалькiмi бярозавымi колiкамi. Мы раскiдалi iх i пад цiкаўным позiркам гаспадынi ўвайшлi ў хляўчук...

- Бачыш? - спытаў я ў Лявона, паказаўшы на вялiкага рудога сабаку. Ён спакойна стаяў пасярод хлеўчука, дол якога быў усланы гусiнымi галовамi, i ветлiва, нiбы старым сябрам, ляпаў па баках тоўстым, злiнялым хвастом.

Пасля Гэлька расказала, што Станiслаў амаль штодня прыносiў цэлыя мяхi забiтых гусей i вечарамi цягаў iх на могiлкi, дзе ў кляновым гаi стаяў асабняк 'святога айца' Нiкадзiма, мясцовага папа. Грошай яна не бачыла, але сын амаль нiколi не быў дома i прыходзiў заўсёды п'яны...

- Дык чаму ж вы маўчалi? - спытаў я.

- Ён гаварыў, што купляе на папоўскiя грошы ў сяле... I пагражаў, калi скажу каму, звярнуць шыю, - цiшэй дадала жанчына.

- У лесе жыў - воўкам вырас, - панурыўшыся, сказаў старшыня. - Збiрайся, Гэлька, у сяло! Перавязём твой хутар за дзень.

- Хоць сёння, старшынька! - загарэлiся вочы гаспадынi. - Абрыдла мне тут адной...

Услед за Станiславам у горад паляцела паперка з раённага аддзела мiлiцыi...

А на рацэ зноў чуўся голас Лiды, i мне часам здавалася, што ўсё перажытае за гэтыя днi было кароткiм, непрыемным сном.

Я па-ранейшаму вудзiў каля Сомавай завадзi акунёў i слухаў галасы на вадзе. Яны былi знаёмыя, жаданыя.

Радасцю поўнiлiся грудзi ад думак, што цяпер ужо мой адпачынак будзе сапраўдным, нiшто не парушыць яго. Ды жыццё наша ўсё i складаецца з трывог i хваляванняў. Iнакш i жыць было б нецiкава!

Аднойчы вечарам, як заўсёды, бадзёры i радасны, малады душою, вяртаючыся ў хатку бакеншчыка, я заўважыў у ценю вiшнi Стэфу.

Прызнацца, я вельмi баяўся спаткання са Стэфай i як толькi мог асцерагаўся выпадковай сустрэчы з ёю, хоць нiякай вiны перад гэтай жанчынай не адчуваў. Прыход яе мяне ўсхваляваў i насцярожыў...

Хударлявая, з бледна-шэрым тварам i рэдзенькiмi сiвымi валасамi, яна неяк сарамлiва ступiла некалькi крокаў насустрач i ўсмiхнулася. На нейкае iмгненне вочы яе загарэлiся жывым агеньчыкам i тут жа згаслi.

- Ну, здароў быў, Мiкола!..

- Вечар добры, Стэфа, - як мог лагодна прамовiў я i пацiснуў халодную жылiстую руку. - Як жывеш, хвалiся. Табе сёлета, здаецца, пяцьдзесят стукнула?

- Зайшоў бы калi, пацiкавiўся. Цi дарогу забыўся? - не адказваючы на пытанне, загаварыла яна.

- Баюся, што зноў сабаку спусцiце, шляхта недаткнентая! - жартаўлiва адказаў я, ведаючы, што ў нашым узросце нiякiх сардэчных ран ужо не кранеш.

Стэфа засмяялася i махнула рукою:

- Ах, няма ўжо нi шляхты, нi тых сабак... - i раптам спахмурнеўшы: - Цяпер во, чалавеча, людзi, як сабакi сталi... Жартачкi - сто гусей перадушыў, iдал.

Яна з усёй шчырасцю i мацярынскай любоўю гаварыла пра Лiду, якую я выратаваў ад 'iдала'.

- Ты вярнуў мне дачку, Мiкола... Я ж была згубiла яе.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×