цягаў тыя ланцугi на плячы як сам чорт, а сваю жонку часта тоўк галавою аб бэльку, каб паправiлася, так што яна доўга малiлася па начах, каб Госпад Бог яе выслухаў i каб прывалiў яго фурай з калодамi, таму й паэт Бонды мне казаў, што сапраўдная паэзiя павiнна ранiць, як бы вы забылiся лязо ў насоўцы i смаркалiся i парэзалi нос, таму акуратныя кнiжкi пiшуцца не дзеля таго, каб чытач лепш заснуў, але каб выскачыў з пасьцелi i так як стаiць, у адных споднiках, пабег да спадара пiсьменьнiка i надаваў яму па пысе, было так, што за Аўстрыi муж адказваў за душу свае жонкi непасрэдна перад Богам, i так прыкладам Тонiк Воплетал, той, што ўсадзiў нож Фэрдзюшку ў галаву, калi сварылiся, хто трапiць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне i тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню, у майго майстра быў добры характар, але затое ён любiў выпiць, калi меў за што, адну кварту гарэлкi перад абедам, другую пасьля абеду, i яшчэ адну нанач, сёньня людзi з глузду зьехалi б або зрабiлi б рэвалюцыю, калi б мусiлi працаваць да поўначы як за Аўстрыi, дык той мой майстар гаварыў увечары, а каб цябе халера, курва кручаная, ты чаго мне забараняеш? я ж табе не выгаворваю, калi ты смалiш пiпку з драгунам! i лясь бабу капылом, за Аўстрыi людзi мелi досыць часу на глупствы, мой тата стрэў такога разумнiка як i сам, Траўнiчка, i яны адразу купiлi сабе лiтар жытнёўкi ў Фiдлераў, у той час налiвалi гарэлку ў такi чацьвяртак, што выглядаў як шкло ад газоўкi, значыць, мой тата сядзеў з Траўнiчкам на могiлкавым муры, а як што былi начытаўшыся Гаўлiчка i 'Сьветагляду', мiжнароднае становiшча так iх засмучала, што не пайшлi на працу i вялi падрыўныя гутаркi пра сацыяльную несправядлiвасьць, а калi ўжо набралiся, засьпявалi песьню 'Калi я йшоў лясной сьцяжынай у гаёк', ксёндз выбег з касьцёла, з сурвэткай як кельнэр, i крычыць, а каб цябе трасца, Траўнiчак, што гэта за фокусы замiнаюць мне падчас багаслужбы? iдзi ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнiчкам сьпявалi далей, i тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб iменем закону яны разыйшлiся, дык пайшлi, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купiў сабе жавальнай табакi, але як ужо быў добра налiзаўшыся, мама ўзяла пута i адлупiла яго, бо калi хто хоча напiцца, дык павiнен мець рэсурсы, iнакш шал кiнецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабiў дзяўчатам дзецi на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур i падсьпеўваў, 'Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе...', а калi шал увайшоў у рытм, дык сьпяваў 'Усе чэрцi на свабодзе, усе чэрцi пад замком', людзi глядзелi на яго нейкi час, а потым адправiлi ў вар'ятню, ён наогул быў добрым чалавекам, засядаў з Бэхiнам у ратушы i быў начальнiкам Сокала, адно той брук яму даўся ў мазгi, а можа i ягоная дачушка, якая аднаму хлопцу дала найпрыгажэйшы доказ каханьня, якi не застаўся без наступстваў, так што яна стрэльнула сабе ў лоб з рэвальвэру, што вiсеў у iх на сьцяне, так што бачыце, панна, людзi i надалей несьвядомыя i схiльныя да трагедыi, заўсёды калi хто кажа праўду, выглядае як хлус, а як было насамрэч, адкрываецца заўсёды запозна, адна красуня, якая мела Пэцiнгей, вышла замуж за багатыра, бо якраз прачытала 'Уладальнiкаў гуты', але да яе хадзiў сьлесараў сын, а ейны муж вярнуўся нечакана i засьпеў iх у ваньне i так урэзаў таму сьлесараваму сыну, што той ажно аглух, таму Батыста ў сваiм творы аб палавой гiгiене перасьцерагае мужчын, каб занадта не аддавалiся сваёй жарсьцi, сама больш тры разы папалуднi, а каталiком чатыры разы папалуднi, каб потым ня мелi грэшных думак, бо iнакш можна прыйсьцi да сумных наступстваў, гэта ўваходзiць у кроў i да гэтага маюць нахiл султаны, якiя потым надрываюцца, калi-нiкалi нават папы i каралi ня мелi ў тым шчасьця, а потым ужо запозна, дзяржава стаiць дагары нагамi празь нейкую модную красуню, таму што розум заўсёды прыходзiць запозна, мама мяне перасьцерагала, вядома, да жанчын трэба падступацца з пачуццём, значыць, трэба хлусiць, што там вясельле, забава, увесь той гармiдар, гэта заўсёды пасьпеем, але на ўсё жыцьцё? адзiн мясьнiк мне сказаў, што ажанiцца гэта як усё жыцьцё несьцi каровiну скуру па тонкiм лёдзе, ёсьць выпадкi, калi жонка кажа да мужа, бацька, цябе варта было б добра чахнуць матычкай, а ён яе прабiрае, матуля, жлукта ты пузатая, як вазьму качаргу i як таргану цябе за пысу, дык вось, панна, iдэалы хiстаюцца, нават Гётэ гэтага не даказаў, а што ўжо казаць пра Моцарцiка, гэта люба, калi двое спатыкаюцца, спачатку хапаюцца за рукi, а потым за што толькi можна схапiцца, але гэтыя рэчы галоўным чынам узбуджаюць народы апранутыя, народы голыя менш распусныя, а прытым менш у iх кiшэнных крадзяжоў, ксёндз можа сабе мянцiць языком колькi хоча, Карл Чацьверты памяняў чатыры красунi, а калi б не памёр ад запаленьня лёгкiх, пэўна меў бы ахвоту i на пятую, такi зь яго быў спэцыялiст па жанчынах, трэба ведаць, калi ёсьць сапраўдная жарсьць, а калi толькi прыхамаць, як гэта апiсвае ў сваiм творы Батыста, што адна жанчына мела дваццаць два дзiцяцi, а iншая анiводнага, хоць бы й комiн ад бровару на яе звалiўся, такi мужчына мусiць мець не абы якi ворган, нават у соньнiку, панна, знойдзеце, што вялiкi ворган у снах бачыць значыць дастойнасьць, як той Шоўпал у нас, абое пiлi i цягалiся за чубы на лесьвiцы, але калi выйшлi на вулiцу, проста шляхта! а дома ён увесь час да яе, дыхнi, ад цябе нясе гарэлкай! а яна стае на каленi i божкаецца, я зьела толькi адну шакалядку з ромам, а ён ёй дае поўху, сёньня людзям жывецца куды лепш, але з гэтага боку ўсё засталося па-старому, раз ён дастае шалу, другi раз яна, за вакзалам жыў Каўра, якi ўначы краў, а днём шаўцаваў, а жонка ў яго была немка, i таму што яна красьцi ня ўмела нi трохi, ён узяў i павесiўся ад сораму на бэльцы, або той Хыцiл! яна, ягоная жонка, хадзiла па дамох i прадавала кашулi, а прытым крала, ну i раз яе прывялi жандары, дык яму таксама не засталося нiчога як толькi павесiцца ад сораму, той фарсун Корац, службовец у касе хворых, меў сына студэнта ў Оламоўцу, аднойчы прыходзiць доктар Карафiят на кантроль i кажа, спадар Корац, людзi скардзяцца, што не атрымлiваюць дапамогi па хваробе, што гэта за парадкi? тады Корац раскалоўся i прызнаўся, што тыя грошы пасылаў для сынка ў вышэйшай школе, а доктар сказаў, што яму да гэтага няма нiякай справы, дык Корац узяў касу i быццам ахвярнае ягня старой Аўстрыi выпiў лiтар рому за клуняй i падрэзаў сабе глотку, сёньня ўсё навыварат, дзецi вучацца задарма, а бацькi ледзь сабе глотак не пападрэзваюць, бо ў дзяцей больш грошай чымся ў iх, вось маеце, за Аўстрыi ў ялавiчным булёне не магло бракаваць шафрану, такой знакамiтай прыправы з Малой Азii, а мой стрыечны брат, вось гэта выпадак! быў з блiзьнят i ахрысьцiлi яго Вiнцакам, а таго другога блiзьнюка ахрысьцiлi Людвiчкам, а калi iм было па годзiку, мамуля купала iх у начоўках i на хвiлiнку адбегла да суседкi, калi вярнулася праз паўгадзiнкi, адно з дваiх утапiлася, а як што тыя двайняты былi падобныя, дык ня ведалi, каторы зь iх утапiўся, Людвiчак цi Вiнцак? кiнулi манэту, арол быў Людвiчак, а рэшка Вiнцак, выпала, што ўтапiўся Людвiчак, але мой стрыечны брат Вiнцак, калi вырас, пачаў сабе ламаць галаву, ён быў беспрацоўны, дык меў даволi часу, хто насамрэч утапiўся, цi абы на сьвеце не жыве Людвiчак, а ён, Вiнцак, цi не ўтапiўся? i пачаў пiць, потым хадзiў каля вады i шмат купаўся ў рэчцы, потым i ў лазьнi, хiба хацеў спраўдзiць, бо наканец утапiўся, каб упэўнiцца, цi не ўтапiўся тады ў начоўках, было яшчэ й тое, што за Аўстрыi людзi шукалi працы, а сёньня праца шукае людзей, так што яны ня маюць зашмат часу на глупствы, пацьвердзiў мне гэта i паэт Бонды, калi прывёз у гасподу двое сваiх дзяцей у возiку, ужо Сакрат, кажа Бонды, сьцьвердзiў, што курвельства ёсьць заняткам людзей бязь iншага занятку, Тонiк з кавярнi даў нам кiлбасы, каб мы патаўклi яму каменьне, дык таўчэм i таўчэм, а тут насоўваецца хмара, пацямнела як на пагiбель, загрымеў гром i блiснула маланка, мы мусiлi схавацца ў рове, а тут раптам зноў ясна, вяртаемся вечарам дахаты, а мама кажа, ведаеце, дзецi, што сталася? Карасак павесiўся якраз у тым лесе, дзе вы таўклi каменьне, таму што ягоная баба бегала за iншымi, я, панна, быў асьцярожны, там дзе я шаўцаваў, мелi дачку Мажэну, пуза як бубен, грудзi як у Марыi Тэрэзы, а азадак як сьвiронак або студня, кажуць мне раз, сёньня ў нас заначуеш, паслалi мне каля плiты, а над раньнем тая Мажэна мацнула мяне за твар i паклала мне на грудзях тыя свае цыцкi, а я кумiльгам адтуль, таму што ўжо тады быў далiкатны як саксонскi курфюрст, i рассадзiў сабе галаву аб плiту, адмочваю тую рану ў вядры, а цэлая сям'я выскачыла з пасьцелi i цешыцца, маўляў, будзем гуляць вясельле, але я ня даўся, сказаў як Гётэ, што я слабы ў грудзях i хутчэй схiльны да вершаў, дык яны таго зьлякалiся, Мажэна потым купiла мне гальштук i нiкеляваны пярсьцёнак, але я ўжо прачытаў твор спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, дык прыкiнуўся, што цiкаўлюся музыкай, а яе ўзяў нехта Етрудка, нажылi разам бяду i шасьцёра дзяцей, той Етрудка ўвесь час хадзiў набраны, хапала, каб толькi перад Мажэнай чыхнуў, а яна ўжо была пры надзеi, палова тых дзяцей звар'яцела, а другая палова, калi гэта даразумела, павесiлася, i як тут верыць соньнiку Анны Новакавай, нованароджанае дзiцятка пеставаць значыць радасьць! хiба адно стараста можа сабе нарабiць столькi дзяцей, але калi дзецi плачуць, дык нiякая гэта ня радасьць, старая Аўстрыя любавалася вайсковымi парадамi, але з другога боку, калi вы йшлi на шпацыр, дык штохвiлi зачаплялiся за выцягнутыя куксы жабракоў, i замест таго каб заглядацца на нейкую дзявочую цыцачку, я мусiў лiтавацца над тымi няшчаснымi, раз iду сам адзiн, а тут красуня, жыдоўка, нос крукам як чапяла, сядзiць на мяжы i выглядае першай суботняй зоркi, ня мела на сабе майтак, дык я адным вокам зiрк туды, куды любiў паглядзець Гётэ, пакуль пачне пiсаць вершык, загаварыў зь ёю i пачалi памiж намi ткацца даверлiвыя адносiны, яна мне распавяла, што ўмее езьдзiць на ровары бяз рук, на той час гэта была рэвалюцыя, а я ёй распавёў пра аднаго жандара, якi недзе вынайшаў пастанову аб грамадзкай гiгiене i паводле тае пастановы хадзiў асабiста мыць маладых цыганак да пятнаццацi гадоў, старыя цыганы павiнны былi грэць ваду i потым iсьцi
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×