кашулi вышыты надпiс: Застануся заўсёды маладой, адна красуня шапнула мне пры музыцы з грамафона на Жофiне, пойдзем разам на рандэву, толькi перш я адшаруюся i вазьму чыстую бялiзну, страшна тыя вядзьмаркi былi раўнiвыя i аднойчы хацелi падсыпаць атруты мне ў каву, са старым Жэпам мы ў той час развозiлi пiва валамi, але тыя валы ляглi на рэйкi перад вакзалам, абходчык ня мог апусьцiць шлягбаўму, а цягнiк мусiў стаяць, машынiсты пасаскоквалi з паравоза, а кандуктары накручвалi валом хвасты, але валы ляжалi далей, а цягнiк меў дзесяць хвiлiн спазьненьня, кiраўнiк цягнiка стаяў перад тою бядою i адно лiчыў хвiлiны на гадзiньнiку, а дзяжурны ляпаўкай на мухi даваў знакi валом, але валы далей жавалi, пакуль адзiн малочнiк не прыгадаў сабе, што найлепш ўвадначас тым валом упырснуць ваду ў вушы, ну й сапраўды, валы пазадзiралi хвасты i так гналiся й зразалi павароты, што мы пагублялi бочкi зь пiвам, а кiраўнiк нас аблаяў i так расстроiўся, што кажа, бярэце ровар i дуйце кумiльгам па эгiпецкiя, дык я ўзяў той ровар i павёў яго да тытунёвага кiёску, а калi прывёз пехатою тыя цыгарэты, кiраўнiк крычыць: дзе вы былi так доўга? а я кажу, што ня ўмею езьдзiць на ровары, а да бровару ўжо прыходзiла Здэнiчка, выстраеная як папа рымскi, i кажа, што хацела б са мною пагаварыць па душы, ну мы й пайшлi ў чалядню, а саладоўнiкi думалi, што Здэнiчка празь мяне ходзiць у адмененым стане, але я хацеў ёй паказаць толькi тую карцiну над ложкам, на якой нехта Атэла забiвае сваю каханую, аднак Здэнiчка ўжо закрывала вакно капай, дык кiраўнiк сказаў саладоўнiкам прынесьцi драбiну i асабiста палез заглядаць у чалядню на другiм паверсе, я бачыў ягоны твар над капай, за якiм на небе была хмара, абрамаваная залатым сьвятлом, а ўсярэдзiне чорная як сажа ў комiне, потым на тапчанiку я апавядаў Здэнiчцы, як Калужа i Галiж арыштоўвалi Лецыяна i як потым Лецыян стаяў на эшафоце i казаў кату, давай ужо, а то рукi ў цябе замёрзлi! а Здэнiчка мне сказала, што замужжа са мною мусiць быць раем, але я паволi вывеў яе з гэтай аблуды, кажучы, што для жанiцьбы я ня маю дастаткова разьвiтых злачынных схiльнасьцяў, i калi потым прыходзяць на сьвет дзецi, дык не абрацца ад бяды, нават сам кайзэр выскачыць уначы з пасьцелi, а такi кампазытар Шуман улез з гэтай прычыны ў студзёную ваду i гаварыў у фiльме да свае жонкi, людзi ёсьць марыянэткамi, гэта тое, што называецца натхненьнем, а калi твор ужо гатовы, дык можна пайсьцi на гарэлку i на шпацыр, Здэнiчка потым цiснула на мяне, угаворваючы мяне легчы, што хопiць i стокронавага банкнота, але я сказаў, што паводле твору спадара Батысты найлепш зносiцца зь дзявiцай, тое райскае адчуваньне ёсьць тады, калi двое аддаленыя ад сябе на адлегласьць буськi, нават мы, ваякi, ня ўлазiлi да дзевак праз вакно i ня гвалцiлi iх, як нас вучыў палкоўнiк Завада, пад якiм палi восем коней i трыццаць шэсьць маршавых батальёнаў, калi я распавядаў пра гэта адной паненцы, яна ўсё хiхiкала, ня дзiва, што па вайсковай лiнii мы правалiлiся на ўсiх франтох, бо мы былi армiяй дэгенэратаў, палкоўнiк Завада меў ваўкадавы i дзьве батарэi гарматаў, лес быў моцна абсаджаны i дрэвы выляталi ў паветра як запалкi, але палкоўнiк Завада глядзеў у мапы i пасылаў кулямёты на аслаблыя пазыцыi, у яго быў залаты каўнер, а на iм вялiзная зорка, мы ўвесь час мусiлi вучыцца, як атакаваць працiўнiка, палкоўнiк Завада браў мяне за падбародак i правяраў, цi я паголены, потым правяраў зброю i ўжо а трэцяй над ранам прыносiлi каву, а ў пяць iшлi зьмянiць жаўнераў на перадавой, першы пачынаў трубач, потым бубначы, афiцэры лёталi, Здэнiчка драпала па падлозе парасонам, перастаў iсьцi дождж, але кiраўнiк увесь час трымаў далонь над вачыма i глядзеў, што мы там вычвараем, але Здэнiчка мне сказала, каб я прыйшоў вечарам, тады яна пакажа мне крацястыя пярыны i новыя грамафонныя кружэлкi, 'Срэбную папараць' i характэрнае iнтэрмэца 'Млын у Чорным Лесе', потым пайшла дарожкай з бровару, а ў мужыкоў цякла сьлiна як у бэрнардынаў, калi яны праводзiлi позiркам тое дзiва прыроды, выпульхненае павабным мяскам, кiраўнiк глядзеў за ёю празь бiнокаль, а я тут жа закiнуў на плячо саладоўнiкаву лапату i пайшоў пералапацiць малады ячмень, думаючы пра Смэтану, якi ня быў нiякiм панам, а нявольнiкам, а калi ўрэшце памёр, дык у Ябкiнiцах у ягоныя ноты, якiх было два куфры, загортвалi каўбасы, вось што значыць упрыемнiць народу вольны час, як таго хацеў i Двожак, мясьнiцкi чаляднiк, але народу найбольш даспадобы нажлукцiцца i паслухаць 'Гумарэску', калi Гаўлiчка павялi жандары, дык ягоная жонка Юлiянка амаль што не звар'яцела, сэрца магло разарвацца ў яе ад жалю, а Гаўлiчак жа меў мазгавешку, каб яго трасца, тыя ягоныя эпiграмы з эпiстоламi, Бонды, паэт, прыехаў раз да майго пляменьнiка з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзiцянятаў, i яны выпiлi тры конаўкi пiва, а як што зачынялi, дык яны прынесьлi сабе пiва нанач у тазе i далей вялi акадэмiчны дыспут, ажно пазасыналi ад яго, пляменьнiк прачнуўся, думаючы, што працякае вадаправод, але калi запалiў сьвятло, дык убачыў, што гэта бедачына Бонды высiкваў тыя дзьве конаўкi пiва проста на дыван, а потым звалiўся i зноў заснуў, i толькi над раньнем прабудзiлi яго тыя ягоныя дзецi, а калi ён ачомаўся i агледзеўся навокал, стаў нi з таго нi зь сяго крычаць, а! цяпер разумею! i цешыўся i скакаў па тым абасцаным дыване, людцы, крычаў ён, iдуць з намi ня толькi тыя, якiя з намi ня йдуць, але йдуць з намi i тыя, якiя йдуць супроць нас, таму што немагчыма адцурацца ад эпохi! дык бачыце, панна, гэта якраз тое захапленьне паэтаў п'янствам i мэдытацыяй, а калi ўжо яно робiцца ня ў змогу, расчыняюцца нябёсы i думку за ручку выцягваюць на сьвятло, а я перамешваў лапатай разброджаны солад, спачатку мне трэба было перакапаць яго Volgemut'ам, Сакрат i Хрыстос не напiсалi нi радочка, а пагляньце, iхнае вучэньне i па сёньняшнi дзень не прапала, тым часам як iншыя, чым больш выдаюць кнiжак, тым хутчэй забываюцца, гэта называецца змовай гiсторыi, я аднойчы спаборнiчаў з мылаварам у скоках на галаву зь бiльярду i перамог, вядома, на маёй галаве былi акуратныя сiнякi з гузакамi, потым мы паказвалi 'Ўрачысты ўезд караля Фарука', усенькiя прыгажунi з бару ўдзельнiчалi ў тым паказе, хоць Оланак таму супрацiвiўся, той мярзотнiк, што гандляваў старой мэбляй i абразамi, аднойчы ён вёз абраз i пракалоў на iм вока Дзевы Марыi, дык потым узяў вока карпа, уставiў яго ў тую дзiрку, прыляпiў плястырам з другога боку i прадаў абраз мадзярам з двору, а яны павесiлi Дзеву каля печы i аднаго разу, калi малiлiся, выбягаюць з крыкам, што Дзева Марыя плача над iмi, а гэта ўсяго лопнула тое карпава вока, дык той мярзотнiк, Оланак, прывёў у 'Тунэль' асла, а красунi распранулi мяне i нацягнулi якуюсьцi камбiнацыю, на галаву мне насадзiлi турбан, а твар размалявалi алейнымi фарбамi i езьдзiлi са мною на тым асьле па корчмах, выкiнулi нас з тым 'Урачыстым уездам караля Фарука' якраз з 'Гранду', дык потым Оланак, той мярзотнiк, даў таму аслу панюхаць перцу i ён мяне скiнуў, але я й так быў герой, ехаў я потым у заалягiчны садок, меў на сабе прыгожы гарнiтур, што ўспадкаваў па адным такiм, у якога былi так крывыя ногi, што ён мусiў шыць сабе нагавiцы на меру, але акрамя таго ўсё iншае пасавала мне як улiтае, i калi я так стаяў перад клеткай зь iльвом, той раптам усхапiўся на ногi i пырсь! выплюхнуў на мяне з паўлiтра сцакаў, як брыльянцiн на валасы, i яшчэ яму хапiла акрапiць дзьвюх славачак, тыдзень я мусiў парфумавацца, бо такi ад таго йшоў дух, прыгажунi ў 'Сiты Бары' ўсё прынюхвалiся да мяне i стрыглi вушмi, а цi не хадзiў я куды да iншых? у той час не было тэлевiзара i людзi мусiлi ўсё рабiць самi, нават радыё, жылi ў страшнай цясноце, у бедакоў напрыклад пасьцель нiколi не халадала, часта бралi сукватарантаў для спаньня, адзiн быў дзьвернiкам у гатэлi i залазiў у цёплую пасьцель пасьля таго, якi йшоў працаваць удзень, аднойчы паклiкалi мяне трусаводы, каб я паказаў iм сьпеўнае мастацтва, дык падчас iхнай забавы я сьпяваў 'На беразе вазёрным лiецца песьня салаўя', але мне перашкодзiў Оланак, якi намовiў музыкаў, каб зайгралi нешта iншае, ну й пачалася спрэчка, я хацеў iх перасьпяваць сваiм 'На беразе вазёрным', а музыкi хацелi заглушыць мяне 'Радаснай маладосьцю', а трусаводы лаялiся i потым сталi ў мяне кiдаць лятарэйнымi выйгрышамi, а потым кiнулi i адбiўную, але я й так быў герой, перабiраю я аднойчы бульбу ў брата, куды я прыехаў на чатырнаццаць дзён, а кiраўнiк кажа, а чаму гэты саладоўнiк ляжыць аблогай? i тут жа даў мне лапату i я паказаў яму высокую клясу пiваварства, як мяне навучылi ў бэнэшаўскiм бровары саладоўнiкi Алiварыюс i Шарлiнгер, ажно кiраўнiка агламазьдзiла! а потым ён мне кажа пайсьцi разгрузiць вагон, умееце гэта? пытаецца кiраўнiк, а я ўжо скочыў, узяў лом i барарам! ударыў па засаўцы i вугольле вывалiлася i пасыпалася кiраўнiку пад ногi, а ён як вярэсьне ў вугольлi па калена, чалавеча, што вы робiце?! а я ўжо ўпраўляўся з лапатай i праз тры гадзiны быў гатовы, а прыгажуня з бугальтэрыi мне кажа, ну вы далi! а я кажу, панна, гэта дробязь для мяне, таму што я прайшоў школу Рымскага, мацака з Кокараў, якi ў бойцы перабiў нагою пратэз паненцы i чатыры жандары памерлi ад таго ў шпiталi, гэта называецца талентам, адразу скочыць ворагу да горла i разарваць яму глотку, або садануць астраўскiм ключом мiж вачэй, потым кiраўнiк кажа, што дасьць мне ўзнагароду, пойдзем зь iм папчалярыць, i ён ўзяў сабе сетку i рукавiцы, такiя пчолы, калi выройваюцца, задаюць чалавеку клопату, тыя пчолы робяць такiя апукi на дрэве i трэба iх абразаць, а на гэта ня хоча згадзiцца той, каму належаць тыя дрэвы, i так узьнiкаюць суседзкiя сваркi, кiраўнiк кажа, саладоўнiчку, хадземце, я навучу вас са спадаром Ганькам як пераносiць вульлi, i такiм чынам мы сталi пасьвячанымi ў пчалярства, але спадар Ганька спатыкнуўся i адзiн вулей перакулiўся, мы адразу далi драла, але ўсё марна, бо пчолы пачалi джалiць нас куды папала, спадар Ганька ўпаў на каленi i просiцца ў тых пчолаў, што ў яго жонка i дзецi, але тыя пчолы жыганулi яго i ў чэлес, ажно яму набрыняў як булава, я мог пайсьцi ў бар толькi на трэцi дзень, Бобiнка, калi мяне ўбачыла, адразу запусьцiла грамафон з кавалкам 'Ой вы могiлкi, могiлкi', потым завяла мяне наверх, а як што думала, што я яшчэ добра ня бачу,
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×