калi на другi дзень, выгнаўшы статкi на пашу, яны ўбачылi адно аднаго, то пацалавалiся, чаго нiколi раней не рабiлi, i абнялiся, абвiўшы адно аднаго рукамi; а на трэцiя лекi - раздзеўшыся легчы - было заадважна не толькi для дзяўчыны, але i для маладога казапаса.

I зноў прыйшла ноч без сну з думкамi пра тое, што зрабiлi, i з папрокамi за тое, што ўпусцiлi. 'Цалавалiся мы, а карысцi нiякай; абдымалiся мы, а, бадай што, не лепш. I вось легчы разам - адзiныя лекi ад кахання; паспрабуйма i iх; пэўна ў гэтым будзе нешта мацнейшае за пацалунак'.

10

Пры такiх думках, як гэта бывае, снiлiся iм i каханне, i пацалункi, i абдымкi; i што яны ўдзень не рабiлi, тое рабiлi ўночы: голыя ляжалi адно каля аднаго. I яшчэ больш натхнёныя падымалiся яны з надыходам дня i са свiстам гналi свае статкi, спяшаючыся да пацалункаў: i, убачыўшы адно аднаго, беглi, усмiхаючыся, насустрач. I, вядома, былi пацалункi, а тады i абдымкi, толькi з трэцiмi лекамi яны марудзiлi, нi Дафнiс не адважваўся сказаць, нi Хлоя не рашалася пачаць, але выпадак i гэта зрабiў.

11

Седзячы адно пры адным каля дубовага пня, ужываючы слодыч пацалункаў, яны прагна аддавалiся раскошы. Абвiвалi адно аднаго рукамi, мацней прыцiскаючыся вуснамi да вуснаў. I калi Дафнiс у такiм абдымку больш парывiста прыцягнуў да сябе сваю Хлою, яна падалася на бок, i ён схiляецца ўслед за ёю, не хочучы згубiць яе пацалунка. I пазнаўшы ў гэтым тое, што бачылi ў сне, яны доўгi час пакоiлiся доле, нiбы звязаныя. Але не ведаючы, што рабiць далей, i ўважаючы гэта за вяршыню раскошы кахання, дарэмна правёўшы большую частку дня ў абдымках, яна рассталiся i пагналi назад свае статкi, злуючыся на ноч. Можа, з часам яны i зрабiлi б што трэба, калi б вось якi рэзрух не ахапiў усе тыя мясцiны.

12

Маладыя багатыя метымненцы, якiя хацелi падчас збору вiнаграду павесялiцца за горадам, падрыхтавалi маленькi карабель, слуг пасадзiлi на вёслы i паплылi ўздоўж мiтыленскiх палёў, што падыходзiлi блiзка да мора. Бо гэтае ўзбярэжжа багатае на добрыя прыстанi, раскошна ўпрыгожанае будынкамi; скрозь купальнi, паркi, гаi: адно стварыла прырода, другое - людское ўмельства; усё цудоўнае для весялосцi. Плывучы ўздоўж берага i прыстаючы то тут, то там, яны весялiлiся, нiкому не чынячы нi найменшага лiха, то лавiлi з надморскай скалы на кручкi, прывязаныя тонкаю лескаю да доўгiх чароцiн, рыбу, што вадзiлася мiж камянёў; то з сабакамi i сеткамi лавiлi зайцоў, якiя ўцякалi ад гаманы ў вiнаграднiках. Выпраўлялiся яшчэ i на птушак, лавiлi ў сiло дзiкiх гусей, качак i дроф, так што апроч забавы яны мелi сеё-тое i на стол. Калi ж яшчэ ў чым была патрэба, бралi ў сялян, плоцячы iм большыя грошы, чым таго цана вымагала. Але трэба былi iм толькi хлеб, вiно ды начлег, бо яны ўважалi неасцярожным з прыходам восенi аставацца на ноч у адкрытым моры; таму, баючыся буры ўначы, яны выцягвалi карабель на бераг.

13

Аднаму селянiну трэба была вяроўка, каб падняць угору камень, якiм прыцiскаюць патаптаны вiнаград, бо старая вяроўка перацерлася, i ён употай прабраўся да мора, падышоў да карабля, якога нiхто не ахоўваў, адвязаў канат, панёс дадому i ўжыў на патрэбу. Назаўтра ранiцаю метымнейскiя дзецюкi пачалi шукаць канат, але нiхто ў крадзяжы не прызнаўся, i яны паплылi далей, палаяўшы трохi гаспадароў; адплыўшы на трыццаць стадый, яны прысталi ў тых мясцiнах, дзе жылi Дафнiс i Хлоя, бо раўнiна выдалася iм прыдатнаю да лову зайцоў. Вяроўкi ў iх цяпер не было, каб ужыць яе як прычальны канат; яны скруцiлi пярэвiтку з доўгiх зялёных лазiн i прывязалi ёю карму карабля да берага. Пасля гэтага, выпусцiўшы сабак высочваць дзiчыну, расставiлi на найбольш прыдатных сцежках сеткi. Сабакi, разбегшыся з моцным гаўканнем, напалохалi коз, i тыя, пакiнуўшы горныя схiлы, прабеглi ладна-такi да мора; не знайшоўшы на марскiм пяску нiчога пагрызцi, адважнейшыя з iх падышлi да карабля i згрызлi зялёную пярэвiтку, якою быў прывязаны карабель.

14

А на моры ўзнялося лёгкае хваляванне, з гор падзьмуў вецер. Хваля, адплываючы, вельмi хутка падхапiла адвязаны карабель i панесла ў адкрытае мора. Як толькi заўважылi гэта метымнейцы, адны з iх пабеглi да мора, другiя сабралi сабак; усе яны ўзнялi такi лямант, што, пачуўшы яго, збеглiся ўсе людзi з наваколля. Але гэта анi не дапамагло, бо вецер падзьмуў з усяе моцы i карабель хутка i нястрымна адносiла плынню. Метымнейцы, страцiўшы нямала дабра, шукалi, хто ж пасвiў коз; i, знайшоўшы Дафнiса, пачалi яго бiць i зрываць з яго адзетак. Адзiн з iх, узяўшы сабачы павадок, загнуў Дафнiсу рукi назад, каб яго звязаць. Але Дафнiс крычаў, як яго бiлi, i малiў сялян аб паратунку, клiчучы найперш Ламана i Дрыяса на дапамогу. I тыя, два дужыя дзяды з моцнымi ад сялянскай работы кулакамi, далi адпор i запатрабавалi справядлiва разабрацца ў тым, што адбылося.

15

А таму, што на гэтым настойвалi i iншыя, то за суддзю прызначаюць Фiлета, валапаса: ён быў найстарэйшы з усiх тут i славiўся сярод вяскоўцаў надзвычайнаю справядлiвасцю. Напачатку метымнейцы выклалi сваю скаргу, ясна i сцiсла, бо за суддзю ж у iх быў валапас: 'Мы прыехалi ў гэтыя мясцiны папаляваць на зайцоў. Прывязаўшы карабель зялёнаю лазою, мы пакiнулi яго на беразе, а самi пусцiлi сабак шукаць дзiчыну. Тым часам козы гэтага пастуха, прыйшоўшы да мора, зжыраюць лазу i адпускаюць карабель. Ты ж бачыў, як яго адносiла ў мора, i як ты думаеш, колькi на iм было дабра. Колькi адзення загiнула, а колькi сабачай аздобы, а колькi грошай! Калi б хто меў гэтулькi, мог бы купiць тутэйшыя палi. У абмен за гэта мы настойваем забраць яго паганага пастуха, якi сваiх коз пасе каля мора, нiбы марак'.

16

Так выклалi метымнейцы сваю скаргу.

Пасля кухталёў Дафнiс адчуваў сябе пагана, але як убачыў, што Хлоя тут, на ўсё забыўся i так сказаў: 'Я сваiх коз пасу добра. Нiколi яшчэ нiводзiн з вяскоўцаў не абвiнавацiў мяне, што мая каза ў яго садзе ласавалася або вiнаградны парастак паламала. А вось гэтыя - сапраўды паганыя лоўчыя, i сабакi iх кепска навучаныя: носячыся шалёна i злосна гаўкаючы, яны маiх коз з гор i пашаў да мора, як ваўкi, сагналi. А козы мае лазу ад'елi? Бо на пяску не было нi травы, нi сунiчнiку, нi чабору. А карабель знiшчылi вецер i мора. Гэта вiна буры, а не коз. А там былi ўборы, грошы? Хто, маючы розум, дасць веры, што карабель з такiм дабром быў прывязаны пярэвiткаю?'

17

Пры гэтым Дафнiс заплакаў i моцна расчулiў сялян, так што Фiлет, суддзя, пакляўся Панам i нiмфамi, што Дафнiс анi не вiнаваты, гэтак жа як i яго козы, а вiнаватыя мора i вецер, якiя, аднак, падлягаюць iншым суддзям. Але не пераканаў Фiлет метымнейцаў гэтымi словамi, i яны, раззлаваўшыся, пацягнулi Дафнiса, стараючыся яго звязаць.

Тут сяляне, узбунтаваўшыся, самi накiнулiся на iх, як шпакi цi галкi; i хутка адбiваюць Дафнiса, якi i сам ужо бiўся; яны лупяць палкамi метымнейцаў, i неўзабаве тыя кiдаюцца ўцякаць. Яны не адставалi ад iх, аж пакуль не прагналi са сваiх на чужыя землi.

18

Пакуль тыя гналi метымнейцаў, Хлоя цiхенька адводзiць Дафнiса да нiмфаў i асцярожна яму абмывае твар, што ўвесь быў залiты крывёю з расквашанага кухталём носа, i дае з'есцi з пастухоўскай торбы лусту хлеба i кавалак сыру. Тады - што найбольш павiнна было яго падмацаваць - яна абдорвае яго сваiх пяшчотных вуснаў падарункам - мядова- салодкiм пацалункам.

19

Вось з якой бяды выбавiўся тады Дафнiс. Але ўсё тым не скончылася, бо, калi метымнейцы з цяжкасцю дабралiся да сваiх - пешкi замест прыплысцi на караблi, параненыя замест веселуноў, - яны склiкалi грамадзян на сход i паклалi алiўную галiнку, молячы абароны i просячы адплаты; яны не сказалi нi слова праўды, каб з iх не смяялiся з-за таго, якое ганьбы зазналi яны ад пастухоў, а мiтыленцаў абвiнавацiлi, што тыя iх карабель забралi i iх дабро, як на полi бiтвы, абрабавалi.

Метымнейцы, убачыўшы раны, далi iм веры i палiчылi справядлiвым папомсцiцца за гэтых маладых людзей з сама знатных iх дамоў, i таму пастанавiлi, не аб'яўляючы вайны, напасцi на мiтыленцаў; i загадалi свайму ваяводзе выправiць дзесяць караблёў, каб спустошыць iх узбярэжжа; блiзка была зiма, i давяраць мору большы флот было ненадзейна.

20

Адразу ж на другi дзень ваявода з воiнамi, якiя заадно былi i веслярамi, выйшаў у адкрытае мора i напаў на прыбярэжныя палi мiтыленцаў. I нарабаваў шмат жывёлы, збожжа, вiна (бо якраз толькi што закончыўся збор вiнаграду); а да таго i нямала людзей, што там працавалi. Падплыў ён i ў мясцiны, дзе былi Хлоя i Дафнiс; хутка высадзiўшыся, цягаў здабычу, якая там толькi траплялася.

Дафнiс якраз не пасвiў коз, а ў лесе зразаў зялёныя галiнкi, каб узiмку кармiць казлянят; убачыўшы згары напад, ён схаваўся ў дупле сухога бука; Хлоя ж была каля статкаў; ратуючыся ад пагонi, яна, шукаючы прытулку, бяжыць да нiмфаў, молячы iмем багiняў пашкадаваць яе i тых, каго яна пасе. Але гэта было дарэмна; метымнейцы, удосталь паздзекаваўшыся са статуй, занялi статкi i пацягнулi яе, б'ючы, як казу цi авечку, лазiною.

21

Напоўнiўшы караблi нарабаванаю рознаю здабычаю, яны пастанавiлi далей не плыць, а вярнуцца дадому, баючыся зiмы i ворагаў. I вось паплылi яны, цяжка налягаючы на вёслы, бо не было ветру; Дафнiс жа, калi ўсё суцiшылася, спусцiўся ў далiну, дзе яны заўсёды пасвiлi, i нi коз не ўбачыў, нi на авечак не натрапiў, нi Хлоi не знайшоў, а толькi поўнае разбурэнне ды кiнутую сiрынгу, якою звычайна Хлоя цешылася; з моцным крыкам i жаласным енкам пачаў ён бегаць то да бука, дзе яны звычайна сядзелi, то да мора, спадзеючыся яе ўбачыць, то да нiмфаў, да якiх яна бегла, калi за ёю гналiся. Там ён кiнуўся на зямлю, вiнавацячы нiмфаў, што здрадзiлi ёй:

22

'У вас забралi Хлою, i вы маглi спакойна глядзець на гэта? Тую, якая вянкi вам пляла, першага малака ўзлiвала, якая вам сiрынгу ў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×