сьледам аж да самай больнiцы.

Потым яны скакалi з Мандрыкам хуткi танец, потым ён, пад незадаволеныя позiркi старшынi спорткамiтэту, запрашаў на танец афiцыянтку Машу, а ранiцою, абуджаны галасiстымi азярышчанскiмi пеўнямi, доўга ляжаў на старой рэдакцыйнай канапе, няўцямна пазiраючы на столь i выпусьцiўшы духi, - аж застагналi пад сьпiнай ржавыя спружыны, - падзячыў лёсу, якi дараваў яму сустрэчу з Данутай.

Памяць людзкая ўладкавана даволi дзiўна: зь яе выпетрываюцца падзеi мiнулага дня i ў той жа час захоўваецца тое, што надарылася даўняй парой.

Вось i Макар: выпiў лiтровую конаўку гарбаты, згадваючы - як ён патрапiў дадому, сышоў пры гэтым потам, абпалiў кiпнем вусны, ды так нiчога й не згадаў. Але затое цiхi верасьнёўскi дзень, калi ён прыехаў у Азярышча, запомнiўся ў самых дробных дэталях. Запомнiлiся пахi, зыкi, п'яныя песьнi Мiшкi Мандрыка, запомнiлiся, нарэшце, мацiцовае Дануччына сьцягно i падрапаная, сталiнскiх часiн, канапа, якую ўвесну вынесьлi на сьметнiк. Успамiны гэтыя прыходзiлi ня толькi гульлiвымi вечарамi, але й пахмельнымi ранкамi, калi ён брыў у рэдакцыю. Вось i зараз, пераходзячы галоўную азярышчанскую вулiцу, Макар згадаў, як Данута падцягвала панчоху, запаволiў крок i ледзь не патрапiў пад колы райкамаўскай 'Волгi'.

Заскуголiўшы гамульцамi, машына ўзьехала на бардзюр, люта ўзвыла, i перапуджаны Макар убачыў за вясёлкавай шыбай Калупайку, якi, цi то жартам, цi то ўсур'ёз пагразiў яму пальцам. Зь перапуду, а можа яшчэ зь якой прычыны, тлумная галава ўраз прасьвятлела, i ў ёй нарадзiлiся словы:

- Я ведзьма. Са мною лепш ня зьвязвацца.

Гэта памяць вярнула той ласкавы шэпт, якi прагучаў учора ўвечары, калi яны танцавалi з Данутай у камiннай залi.

Калупайкава легкавушка зноў заскавытала - цяпер ужо на рагу Савецкай i Чырвонаармейскай, павярнула ў бок райкама, i Макар, адрыгнуўшы ўчарашнiм шашлыком, прысьпешыў хаду.

А дзевятай гадзiне ў раённым камiтэце партыi павiнна была пачацца нарада актыву, i таму пляц нерад ленiнскiм помнiкам быў спрэс застаўлены аўтатранспартам. Стаялi тут ня толькi 'Волгi' ды старшынёўскiя 'козьлiкi', але й бартавыя 'газоны', тры 'iнвалiдкi' i нават машына для адпампоўваньня вады, вядомая ў народзе пад назваю 'гаўнавоз': гэта завiтала на нараду арганiзатар мясцовага радыё Газевiч, зяць якой працаваў iнжынэрам у вiцебскiм 'Водаканале'. Але дзiвiцца такой колькасьцi машын не даводзiлася, бо на сёньняшняй нарадзе Калупайка мусiў разьвiтацца з актывам i, да таго ж, чакаўся прыезд абласнога начальства.

Хаця гадзiньнiк паказваў палову дзесятай, ды й Калупайка быў на месцы, заходзiць у райкам нiхто не сьпяшаўся. Актыў стаяў ля ганку - гаманiў, смалiў цыгарэты i зрэдзьчасу зь лёгкiм спалохам у вачах пазiраў на дарогу.

- Першага чакаем... з вобласьцi, - патлумачыў прычыну прыганкавага стаяньня Сашка Мурленя, пацiснуўшы потную Макараву руку.

Макар уплiшчыўся ў натоўп, парукаўся з дырэктарам прамкамбiната Куксёнкам, з iнструктарам раённага таварыства 'Веды' Лукашонкам, яшчэ зь нейкiмi людзьмi i, выцягнуўшы з прапанаванага яму пачка цыгарэту, агледзеўся.

Мiшкавага 'ўазiку' на пляцы не было. Макар пакруцiў галавой, нахiлiўся да Мурленевай запальнiчкi, i гарбата, якая поўнiла страўнiк, моташна падступiла да горла. Давялося стаiць дых, прыцiснуць далонi да вуснаў, а калi бунтоўная вадкасьць уляглася, выцерцi лiпучы пот з лабешнiка.

- Ну дык хто там будзе замест Калупайкi? - кволым голасам запытаўся iнструктар таварыства 'Веды' Лукашонак.

Усе замоўклi, зiрнулi на Мурленю, i той, сабраўшы зморшчыны на пераносьсi, паведамiў:

- Са Шклоўскага раёна таварыш. Былы загадчык зьверафэрмы. Кажуць - зусiм не ўжывае.

Трывожная вестка гэтая павiсла ў паветры. Куксёнак зморана крэкнуў, у Лукашонка ў зубах задрыжэла цыгарка, а па Мурленевым твары прабегла навальнiчна-фiялетавае сьвятло: да райкама ехала мiлiцэйская машына зь мiгалкай, сьледам - блiскучая чорная 'Волга', а за ёю - на статутнай адлегласьцi - тузаўся на апошнiх кроплях бэнзiну запылены Мiшкавы 'ўазiк'.

- Спазьняесься, - выгукнуў Макар, калi сябрук вылез з машыны.

- З Даўгалёвым важдаўся. Усю вэранду мне абванiтаваў, - патлумачыў Мандрык, брыдка мацюкнуўся i, азiрнуўшыся, крыкнуў свайму кiроўцу: - Пазычыш бэнзiну i стой тут. Чуеш?

- Чую! - незадаволена адгукнуўся кiроўца. Кiроўца выкiнуў на асфальт пакарабачанае вядро, i Мiшка, перакрывiўшыся ад бразгату, прыклаў далонь да хваравiтай патылiцы.

Макар таксама пацёр патылiцу i як бы мiж iншым спытаў:

- Слухай, а хто мае штаны... на люстру павесiў?

- Я павесiў, - патлумачыў сябар. Мiшка ўставiў у рот цыгарэту, але тут жа зразумеў, што палiць няма калi, i ўпiхнуў цыгарэцiну ў нагрудную кiшэнь.

- Завёў цябе ў прыбiральню, а ты й апаратуру дастаць ня можаш. Засцаў усе штаны. Я iх i павесiў на прасушку.

Мiшкавы сiплы бас скаланаў перапонкi. Добра яшчэ, што людзi былi занятыя сваiмi размовамi, i Макар стоена перавёў дых..

Пакуль iшлi райкамаўскiм калiдорам, Мiшка апавядаў пра Даўгалёва, якi, дапiўшыся да божай моцы, абванiтаваў падлогу i турэцкi палас, але Макар ня слухаў сябра. Спынiўшыся пасярод калiдора, ён наставiў на сябра дапытлiвыя вочы:

- Я што... сапраўды танцаваў з Данутай?

Мандрык зiрнуў на бокi, узяў яго за штрыфелi пiнжака, ды тут жа адпусьцiў; даў дарогу загадчыцы райана Сьцефурак i злавесным голасам прамармытаў:

- Трымайся далей ад гэтай бабы. Раю табе як сябар.

З нагоды прыезду абласнога начальства ў залi паседжаньняў наваскавалi паркет, павесiлi новыя кандэлябры, стол заслалi зялёным сукном, а на задняй сьцяне, замест няўклюднага бээсэсэраўскага герба, прымацавалi барэльеф правадыра. Гiпсавая аграмадзiна ўражвала настолькi, што пад ёю нiхто не насьмельваўся садзiцца, i Макар, убачыўшы вольныя крэслы, усеўся пад правадыром. Ён дастаў нататнiк, пстрыкнуў асадкай, але рабiў усё гэта машынальна, з адключанай сьвядомасьцю. У сьвядомасьцi тым часам бясконцым паўторам гучалi апошнiя Мiшкавы словы. Мандрык, вядома ж, зайздросьцiў яму. Таму i вылез са сваiмi парадамi. Але каму яны патрэбныя, гэтыя парады?

Думкi варушылiся ў галаве, i Макар не заўважыў, як поруч прымасьцiўся Сашка Мурленя, не пачуў, як яго паклiкалi сесьцi блiжэй да прэзыдыюму, i апрытомнеў толькi тады, як з бакавых дзьвярэй выйшла абласное ды раённае начальства, i ўсе гамузам ударылi ў ладкi. Пляскалi спачатку седзячы, потым стоячы, нарэшце сунялiся i дружна зарыпелi рассохлымi крэсламi. Макар таксама памкнуўся сесьцi, але так i застыў на паўсагнутых: у залю, праз бакавыя 'сакратарскiя' дзьверы ўвайшла Данута.

Пад пiльнымi позiркамi прысутных загадчыца сэктару ўлiку прайшла па залi, i, напоўнiўшы прастору пахам польскай парфумы, села поруч з Макарам.

У тарцы стала, дзе сядзеў прэзыдыюм, заварушылiся, зашапталiся, усхвалявана керханулi: гэта Калупайка прачышчаў глотку перад выступленьнем.

- Хвалюецца, - прамармытаў, дыхнуўшы перагарам, Мурленя, потым прамарматаў яшчэ нешта, але Макар не пачуў.

Той хвiляй ён наогул страцiў здольнасьць штосьцi чуць, а рэдкiя фразы, якiя даляталi да сьвядомасьцi, успрымалiся як фрагмэнты нейкай дурноты.

Валасы Дануччыны струменiлi пахi, ад якiх кружылася галава; ён стрымлiваў дыханьне, мружыў вочы i скрозь вясёлкавыя веi зладзеявата паглядаў на аголеныя жаночыя каленi. Зрэшты, галава кружылася ня толькi ад чароўных пахаў, але i ад шалёных фантазiй. Макару мроiлася, што ён цалуе гэтыя каленi, лашчыць языком вельмi пяшчотна i вельмi павольна - Дануччыны сьцёгны. Данута пры гэтым цiха стагнала, а калi ён - у думках - прыпаў вуснамi да празрыстых нэйлёнавых трусiкаў, - менавiта такiмi ён iх уяўляў, - застагнала ўголас i зморана папрасiла вады. Макар схамянуўся i насамрэч пачуў жаласьлiвыя енкi. Але енчыла не Данута, а Пiдута, якой стала млосна ад задухi.

Праз пару хвiлiн, калi самлелую Галiну Спартакаўну вывелi з залi, Калупайка дзесятым разам адкерхаўся, пачаў знаёмiць прысутных з кантрольнымi лiчбамi, на якiя мусiў выйсьцi раён, а першы сакратар абкаму, дамагаючыся цiшынi, пастукаў асадкай па графiну, неадрыўна пазiраючы пры гэтым на Дануччыны каленi. Данута перахапiла рэдактарскi пагляд, закiнула нага на нагу i - о жах! - прыцiснулася цёплым клубам да

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×