ўбачыўшы валiзу, ускочыў з крэсла.

- Хамiцкi, Сазон Пятровiч, - адрэкамэндаваўся гаспадар габiнэту, працягнуўшы хударлявую руку. - Даўно вас чакаем. Ужо i ў абкам тэлефанавалi. Ад працы ж проста захлынаемся. Вось, пiшу, - вiнавата пацёр далонi Хамiцкi, справаздачу з партсходу на прамкамбiнаце. Цiкавы атрымаўся сход. Было некалькi прынцыповых выступленьняў.

'П'е, - падумаў Макар, увабраўшы носам цяжкое, прыпраўленае пiўнымi парамi i пахам мышынага гаўна паветра.

Сазон Пятровiч яшчэ добрых паўгадзiны апавядаў аб складанасьцях журналiсцкай працы, казаў пра тое, што яму, адказнаму сакратару, даводзiцца выконваць рэдактарскiя абавязкi - хадзiць на партсходы i нарады, пiсаць справаздачы ды розныя афiцыйныя матэрыялы, а калi, суняўшыся на хвiлю, спытаў, цi не схадзiць iм у мясцовы рэстаран паабедаць, Макар засьцерагальна кашлянуў i, пасунуўшы блiжэй да сьцяны валiзу, паведамiў:

- Я ў райкам. Хутка буду.

'Разьвiнцiўся без начальства... Сядзiць у габiнэце i пляшка пад сталом, -падумаў Макар грукнуўшы дзьвярыма. - Я гэтаму Хамiцкаму рогi пазьбiваю. Забудзе - у якiм баку гарэлачная крама'.

Апанаваны думкамi аб мацаваньнi працоўнай дысцыплiны, ён дабрыў да райкама - навюткай чатырохпавярховай будынiны - i, узьбiраючыся на высокi ганак, вырашыў на першым жа паседжаньнi бюро райкама ўзьняць пытаньне аб пераводзе рэдакцыi ў больш прыстойныя апартамэнты.

Паблукаўшы па пустых калiдорах, ён знайшоў, нарэшце, сэктар улiку, адчынiў дзьверы i нечакана аслупянеў, забыўшыся i на Хамiцкага, i на працоўную дысцыплiну, i на новыя апартамэнты. За перагародкай, якая падзяляла габiнэт на дзьве паловы, стаяла жанчына i, паставiўшы на крэсла зграбную нагу, падцягвала белую панчоху. Ён угледзеў мацiцовае, не прыхаванае капронам сьцягно, адчуў падатлiвасьць маладога жаночага цела, i душа ягоная, а разам зь ёю i нiжняя скiвiца суладна затрымцелi.

Iншая кабета ў такой сытуацыi схамянулася б, таропка абцягнула спаднiцу, а гэтая, убачыўшы наведнiка, задуменна палашчыла калена, уздыхнула i толькi тады падышла да перагародкi.

Дрогкай рукой ён перадаў дакумэнты, разоў дваццаць перапiсаў заяву з просьбаю паставiць яго на ўлiк, а выкулiўшыся з габiнэту, столькi ж разоў перачытаў па складах прозьвiшча загадчыцы на цьмянай шыльдзе.

- Да-ну-та Ста-нiс-ла-ваў-на Франц-ка-вяк.

Ну, а першае, што ён убачыў, вярнуўшыся ў габiнэт адказнага сакратара, былi пляшка гарэлкi i дзьве бляшанкi кiлек у тамаце.

- Абмыць жа трэба... - лiсьлiва прамовiў адказны сакратар, прыхоўваючы за сьпiнаю мiтусьлiвыя рукi.

Думкi блыталiся ў галаве; ён не адразу ўцямiў - што трэба абмываць, i толькi праз хвiлiну, суняўшы хваляваньне, загадна махнуў рукой:

- Пайшлi на прыроду!

Яны прыселi пад кустом бузiны, непадалёку ад рэдакцыi, i Хамiцкi, завiхаючыся з пляшкай, раз-пораз паглядаў праз шчылiны штыкетнiку на рэдакцыйны ганак. Разьлiваючы гарэлку, адказны сакратар нечакана наструнiўся i злавесна прашаптаў:

- Пiдута...

У прасьвецьцi мiж штыкецiн варушылася нечая пахiлая постаць.

Хамiцкi кульнуў шклянку, закiнуў у рот кiльку i, жуючы, распавёў страшную гiсторыю пра тое, як ягоны былы шэф ледзь ня збыў са сьвету трэцяга сакратара райкама. Хамiцкi рыхтык паўтарыў аповед Лёнькi Холада, за выключэньнем аднае дэталi: штаны Несьцяронак усё ж такi пасьпеў насунуць, але не пасьпеў зашпiлiць; яны зрэшты рэшт звалiлiся, i рэдактар, заблытаўшыся ў калашыньнi, павалiўся разам зь Пiдутаю пасярод больнiчнага двара.

- Ходзiць цяпер, вiжуе, ды дакладныя запiскi ў абкам пасылае, карга лупатая, - Хамiцкi налiў па другой i, ўзьняўшы шклянку, дадаў: - Тут нядаўна яшчэ адна халера зьявiлася - Касьян Пракопавiч Зёх.

Адказны сакратар глынуў гарэлiцы, а паколькi думаў аб непрыемным, дык папярхнуўся, закашляўся i скрозь кашаль растлумачыў:

- Адстаўнiк... мэмуары... эх-хы... эх-хы... пiша. Я ад яго... эх-хы... эх-хы... у шафе хаваюся.

Калi гарэлка была дапiтая, Хамiцкi падхапiўся, падцягнуў нагавiцы i, кiнуўшы кароткае: - Я зараз, - зьнiк за кустамi.

'Цудоўны хлопец!' - падумаў Макар пра свайго адказнага сакратара i яшчэ падумаў, што выбiваць новыя апартамэнты, вiдаць, ня варта, бо тут, сярод кустоў бузiны i глогу, яно зацiшней i заўсёды можна ўзяць чарку, не адыходзячы далёка ад рэдакцыi.

Хамiцкi вярнуўся хвiлiн праз дзесяць i, зразумела, не з пустымi рукамi. Яны кульнулi яшчэ па сотцы, укiнулi ў раты па цыгарэце, i Макар запытаўся пра тое, што даўно сьпела на канцы языка.

- А-а... Данута Станiславаўна... - прамармытаў Сазон у адказ, зацягнуўся пякучым дымам i распавёў пра трох Дануччыных мужоў, адзiн зь якiх засiлiўся, другi ўтапiўся ў Гатаўскiм возеры, а трэцi завэрбаваўся матарыстам на гандлёвы флёт, i з той пары яго ў Азярышчы нiхто ня бачыў.

- Тут шмат хто да яе ласы, ды яна баба гордая. Усiх адшывае. - Сазон спахмурнеў, а Макара такiя словы ня толькi натхнiлi, але й засмуцiлi. Данута, гэтая недаступная для мужчын кабета, дэманстравала свае ногi, а ён, недарэка, стаяў як слуп, ня здолеўшы сказаць камплiмэнта.

Неўзабаве i другая пляшка паляцела ў кусты, i па шамрэньнi лiсьця Макар заразумеў: насьпела ягоная чарга лезьцi ў кiшэню.

Разам з грашыма ён выцягнуў зашмальцаваны нататнiк, перагарнуў старонкi, п'янавата зiрнуў на сабутэльнiка.

- Ты, часам, Мандрыка Мiхаiла ня ведаеш?

- Мiшку?! Мандрыка?! - не сваiм голасам галёкнуў Хамiцкi i, нiчога больш ня кажучы, паведамiў, што бачыў Мiшкавы 'казёл' ля мясцовага рэстарана.

Азярышчанскi рэстаран 'Калiна красная' скаланаўся ад папулярных песень i сiплага баса кучаравага здаравiлы, якi сядзеў за крайнiм столiкам, бязладна падпяваючы рэстаранным музыкам. Лёнька Холад нiчога не казаў пра свайго брата, але Макар, убачыўшы здаравiлу, iнтуiтыўна прызнаў у iм таго самага Мандрыка. I не памылiўся, бо калi ўладальнiк сiплага баса загарлаў зусiм шалёным голасам, Хамiцкi шматзначна кiўнуў галавой.

Пасьля сталiцы азярышчанскi рэстаран выглядаў даволi ўбога. У залi панаваў прыцемак, афiцыянткi былi падабныя да пiянэрважатых - белы верх, чорны нiз, а музыкi лабалi мiма нот. Макар паглядаў на ўсё гэта з непрыхаванай гiронiяй, а таму й рушыў па залi хадою рэстараннага заўсёднiка - валюхаста i шаргатлiва.

- Вам прывiтаньне ад Лёнi Холада! - выгукнуў Макар, падышоўшы да столiка.

Здаравiла абарваў песьню, колькi часу сядзеў з адкрытым ротам, а потым, усхапiўшыся на ногi з iмпэтам Сазона Хамiцкага, адчайна загарлаў:

- Лёнька?! Холад?! Дзе ён?!

Прагнутая пастава, шалёны бляск вачэй i сьцiснуты ў кулаку вiдэлец выяўлялi рашучасьць зараз жа бегчы на пошукi брата, таму прыйшлося тлумачыць таварышу, што Лёнька Холад жывы, здаровы i ў дадзены момант знаходзiцца ў сталiцы, дзе вучыцца на трэцiм курсе Рэспублiканскай партшколы.

Здаравiла махнуў рукой, загадваючы субяседнiкам ссоўваць сталы, i шалёны iмпэт ягоны вылiўся ў магутны воклiч:

- Маша! Яшчэ тры бутэлькi!

Мiшка Мандрык гуляў у рэстаране ня проста так, а абмываў пераходны Чырвоны сьцяг, якiм надоечы ганаравалi ягоны калкас за посьпехi ў выкананьнi Харчовай праграмы. Разам зь iм за сталом сядзелi галоўны iнжынэр калгаса - сiвы й дарэшты п'яны чалавек, якi ўжо не даваў рады адрэкамэндавацца, кiраўнiк раённай канторы кiнапракату Даўгалёў - менавiта так, па прозьвiшчы, кiраўнiк i прадставiўся, а таксама старшыня спорткамiтэту Аляксандар Мурленя, далучанасьць якога да спорту выдавала трыкатажная масьцерка з самаробным знакам фiрмы 'Адзiдас' на грудзiне.

Мандрык ужо дрэнна валодаў языком, але, тым ня менш, пачаў апавядаць пра сваё дзяцiнства, пра стрыечнага брата Лёньку Холада, зь якiм яны выпiлi аднойчы адразу адзiнаццаць бутэлек гарэлкi, а пачуўшы ад Хамiцкага, што ў газэце цяпер будзе новы рэдактар, распавёў усё тую ж гiсторыю пра Несьцяронка. Як вынiкала з аповеду, штаноў Несьцяронак усё ж такi не губляў, бо iх падтрымлiваў нейкi падшыванец, якi бег

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×