Жанкi пастаялi крыху, пагаманiлi i, падхапiўшы мяднiцу з гарою пакроенага мяса, пайшлi ў бок турбазы.

- Ну чаму, чаму я такi? - прамармытаў Макар, ляпнуў па лобе, забiваючы камара, i толькi тады зразумеў, чаму сьмяялiся жанчыны. На лобе, як той лазенны лiст на пэўнай мясьцiне, красаваў лiсток трыпутнiку.

- Ну чаму?.. - прастагнаў ён другiм разам ды нечакана сьцепануўся ад шалёнага ляманту i плёхканьня вады за сьпiнаю. Гэта Мiшка Мандрык сiгануў з масткоў у празрыстую глыбiню ляснога возера.

Потым яны зноў сядзелi ў кабiнцы - пiў, праўда, толькi ён, Макар, - тапiў у гарэлцы сваю няўклюднасьць, - i калi на базу завiтаў Калупайка на шэрай 'Волзе', пад нагамi Макаравымi ўжо зыбалася зямля, а ўвушшу натужлiва гулi званы. Потым ён пiў за бяседным сталом, потым ля вогнiшча, закусваючы недапечанай баранiнай, потым яшчэ недзе, а таму й ня дзiва, што наступным ранкам пахмельная памяць зеўрала праваламi i адзiнае, што запомнiлася, дык гэта п'яная пыса дырэктара канторы кiнапракату Даўгалёва, зь якiм ён цалаваўся ўзасос i якому кляўся ў вечнай дружбе.

I яшчэ адна згадка не давала спакою: ён танчыў з Данутай. Згадка была цьмянай, амаль няўлоўнай, i калi Макар, дзьмухнуўшы на гарбату, заплюшчваў вочы, спрабуючы вярнуцца ў прыцемную залю, дзе ён кружыў з Данутай, уваччу кожнага разу паўставалi альбо вясёлкавыя шары, альбо барвовая пыса Васькi Даўгалёва. I толькi калi ён сёрбнуў гарбаты i на шырокiм лабешнiку ягоным заблiшчэлi пацеркi поту, нос адчуў раптам дзiўны, нi з чым не параўнальны пах Дануччыных валасоў. У прадчуваньнi шчымлiвых згадак Макар iзноў заплюшчыў вочы, але тут з носа ягонага сарвалася кропля поту, плюхнулася ў конаўку, i гук гэты канчаткова разагнаў салодкiя мроi. Макар мацюкнуўся, выцер твар кухонным ручнiком i, дапiўшы гарбату, пайшоў зьбiрацца на работу.

Галава пасьля п'янкi была як цэбар, сьвятло брынiла ўваччу, i дзесьцi на самым дне душы варочалася хваравiтае пачуцьцё - цi то вiны, цi то крыўды, цi то яшчэ нейкай халеры. Такiмi хвiлiнамi, - а надаралiся яны ледзь не шторанiцы, - Макар унiкаў сустрэч зь людзьмi, а таму, прачынiўшы дзьверы, прыслухаўся - цi ёсьць хто на лесьвiцы.

Долу бег, пераскокваючы праз тры прыступкi, i ўсё ж, вылятаючы з пад'езда, наляцеў на хахлушку зь 10 -й кватэры. На шыi ў суседкi вiсела нiзка зашчэпак, а да правага клуба была прыцiснута алюмiнiевая мяднiца.

- Добройi раныцi! Доброго вам здоров'iчка! прасьпявала хахлушка, i Макару пачулася ў тых словах злая гiронiя.

- Добрага... - буркнуў ён, не ўздымаючы вачэй, выйшаў на падворак, а заўважыўшы на вяроўцы хахлушкавы трусы з жоўтай мецiнай, скрывiўся i сплюнуў пад ногi салодкую сьлiну.

Мястэчка Азярышча - што б там нi казалi - ня самае страшнае месца ў сьвеце. Зялёнае, суцiшнае, аднапавярховае, з гусiнымi чародамi на ўскраiне i з цыкляпiчнай ленiнскай галавой у цэнтры, яно магло б улагодзiць якога- небудзь адстаўнiка ў дачны сэзон, але нiяк не Макара, якi дагэтуль пяць гадоў пражыў у сталiцы i душа якога прыкiпела да людзкой мiтусьнi, шкла, бэтону, начнога нэону, павiльёну 'Ясень', дзе давалi сьвежае пiва, ды iншай урбанiстыкi.

На апошнiм курсе ВПШ яму паабяцалi былi месца ў адной са сталiчных газэт, ён нават хадзiў у рэдакцыю i напiсаў пару артыкулаў пад рубрыкай 'Правафлянговыя', але ў апошнi момант месца тое занялi, а яму, уручыўшы дыплём, загадалi ехаць у гарпасёлак Азярышча й ачолiць там раённую газэту.

Зьяжджаць са сталiцы на край сьвету не хацелася. Тры днi Макар абмываў 'корачкi', на пытаньнi сяброў - куды яго пасылаюць - адказваў кароткiм мацюгом, а на чацьверты дзень, завiтаўшы ад ранку ў павiльён 'Ясень', паведамiў сабутэльнiку - Лёньку Холаду - пра сваё разьмеркаваньне.

Лёнька, вiцебскi малец, якi таксама вучыўся ў партшколе, адразу ж пасуравеў з твару, выпiў нагбом кухаль пiва i, паклаўшы на Макаравы плячук сваю пудовую руку, выдаў фразу, ад якой Макару стала моташна й гарачыя голкi кальнулi пахвiну: - Гiблае месца.

Сябрук спаражнiў без перадыху яшчэ адзiн кухаль i распавёў вусьцiшную гiсторыю пра рэдактара азярышчанскай газэты Несьцяронка.

Несьцяронак гэты, па словах сябра, пiў горкую да поўнага ачмурэньня: спаў пасярод вулiцы, з моста куляўся, а аднаго разу, схапiўшы калун, бегаў вакол хаты, намагаючыся забiць сваю жонку, з якой быў у разводзе. Паколькi журналiсты наогул народ пiтушчы, а рэдактар да таго ж меў заслугi перад радзiмаю - у вайну завiхаўся ў СМЕРШу, дык раённае начальства глядзела на ўсе гэтыя выбрыкi скрозь пальцы. I вось, калi да пэнсii Несьцяронку заставалася нейкiх паўгода, у Азярышчанскi райкам прыслалi Галiну Спартакаўну Пiдуту.

Згадаўшы пра Пiдуту, сябра пасуравеў яшчэ болей, здушыў у бляшанцы папяросу, хрыплым голасам запытаў:

- Ня чуў пра такую?

Макар страсянуў галавой, а Лёнька, пасьля паўзы, прамовiў:

- Яе ў нас усе ведаюць. Страшная баба. Прышыбееў у спаднiцы.

Сябра дапiў пiва, выцер рукавом пузырыстую пену з вуснаў.

- Як толькi ў якiм раёне хлопцы запiваюць, абкам туды Пiдуту шле, трэцiм сакратаром. Яна там i лютуе. У Азярышчы адразу ж два павiльёны зачынiла - на базары i ля аўтастанцыi. Дырэктару прамкамбiната за п'янку страгача ўляпiла, а потым за Несьцяронка ўзялася. Па пяць разоў на днi ў рэдакцыю заходзiла, з вобласьцi брыгаду сацыёлягаў выклiкала - дасьледаваць работу рэдактара. Карацей, увесь плех небараку пераела. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю - Несьцяронак якраз на гарышчы быў, у яго там у бутлях яблычнае вiно дасьпявала, - падышла да лазу i гукае: 'Таварыш рэдактар, што вы там робiце?' Ну, а Несьцяронак ужо глынуў з бутлi, душа рвалася на волю, ён i вырашыў... пажартаваць. Раней у рэдакцыйным будынку бязногi iвалiд жыў, пасьля яго на гарышчы два старых пратэзы засталiся. Ну i пажартаваў: зьняў штаны, упiхнуў у калашыньне пратэзы, загарлаў нема: 'Бывай, Радзiма!' - i апусьцiў штаны ў лаз. Нiбыта ён засiлiўся. Пiдута, як толькi штаны пабачыла, адразу самлела: iнсульт, заварот кiшак i штосьцi там па жаночай лiнii. Несьцяронак глянуў долу i, як быў у трусах, так i скацiўся па драбiнах. Пачаў штучнае дыханьне рабiць - рот у рот. Тут прыбiральшчыца прыбегла - загаласiла на ўсё Азярышча. Падумала, што рэдактар трэцяга сакратара гвалтуе. Карацей, схапiў Несьцяронак Галiну Спартакаўну за голыя лыткi, гукнуў свайго намесьнiка, i ўдвох паперлi самлелую бабу ў больнiцу.

Ну, ведама, людзi сабралiся - нават прадаўшчыцы з суседняй крамы прыбеглi. Убачылi Несьцяронка ў трусах i вырашылi, што трэцi сакратар пад iм самлела.

На наступны дзень розных камсiсiй панаяжджала, крымiнальную справу завялi, але неўзабаве ўсё ацiхла. Пiдута ў больнiцы паўгода качалася, потым у санаторыi адпачывала, але так дарэшты i не ачуняла. Цяпер у Азярышчы таварыствам аховы помнiкаў кiруе.

- А Несьцяронак? - дрогкiм голасам запытаў Макар.

- На поўнач зьехаў, да роднага брата. Брат ягоны ў Надыме працуе.

Хвiлiну сябры палiлi, засяроджана паглядаючы на пустыя кухлi, пасьля чаго Лёнька Холад iкнуў i бадзёра паведамiў:

- Не сумуй, у мяне ў тых мясьцiнах стрыечны брат жыве - ён мне пра ўсё гэта i распавёў. Мiшкам завуць. Прозьвiшча Мандрык. Калi што - дапаможа.

Уражаны аповедам, Макар запiсаў рэквiзыты Лёнькавага брата ў нататнiк i ўспомнiў пра iх толькi празь месяц, калi прыехаў у Азярышча.

Дзень той запомнiўся да драбностак.

На дварэ быў верасень, i першы жаўталiст, узьвiхураны цягнiком, цiха ападаў долу. Скочыўшы з вагоннай прыступкi, Макар схапiў адзiн лiсьцiк, сьцiснуў зубамi чаранок i пасьмiхнуўся нязыркаму сонцу, што прабiвалася скрозь вецьце высокiх бяроз. Ён паблукаў па прыстанцыйным базарчыку, на якiм пяцёра скурчаных бабуль прадавалi грыбы абабкi й недасьпелыя брусьнiцы, прайшоўся па галоўнай азярышчанскай вулiцы, пазначыўшы свае новыя, яшчэ не разношаныя туфлi попельна-шэрым пылам, пастаяў, як той вiцязь перад Галавою, ля помнiка правадыру i, спытаўшы п'янаватага дзядзьку, дзе месьцiцца рэдакцыя, падаўся ў той бок, куды кiўнуў, мацюкнуўшыся, азярышчук.

Рэдакцыйны будынак - прысадзiсты, урослы ў зямлю, - нiчым ня розьнiўся ад вясковай хаты, адно што пад вокнамi не буялi флёксы, а на пазадзьдзе адсутнiчаў хляўчук. Керхануўшы дзеля салiднасьцi, Макар увайшоў у вохкi прыцемак, пашукаў вачыма прастакутнiк лаза на столi i, не без хваляваньня, падышоў да абабiтых дэрмацiнам дзьвярэй.

У маленькiм, упрыгожаным выцьвiлымi плякатамi габiнэце, сядзеў сярэдняга веку мужчына ў швэдры i, мылячы вуснамi, штосьцi размашыста пiсаў на абрыўку паперы.

Мужчына, не перарываючы пiсанiны, скасiў пукатае вока, запытальна таргануў падбародзьдзем, а

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×