- Капа, нам усiм цяжка... - мармытаў начальнiк дэпо, неадрыўна пазiраючы ўгору - туды, дзе завiхалiся ўвiшныя вераб'i i дзе вiсеў бляшаны рупар гучнагаварыльнiка.

Трахiм аглядзеў краем вока натоўп i зьнерухомеў ад нечаканасьцi. Праваруч, у атачэньнi паравозьнiкаў, стаялi Мiкола з Гасютам. Абое былi на ладным падпiтку, абое смалiлi папяросы i задаволена пасьмiхалiся, падставiўшы золкаму ветру свае - Мiкола малочна-белыя, а Гасюта пракурана-пажоўклыя - зубы.

'Божухна, заберуць!'- мiльганула падспудная думка i ў гэты момант бляшаны рупар крактануў, вераб'i разам узьнялiся ў паветра i навакольле напоўнiў хрыпучы левiтанаўскi голас:

- Пайшоў з жыцьця прадаўжальнiк вялiкай справы Ленiна, друг i настаўнiк працоўных усяго сьвету... - Левiтан зрабiў паўзу, за сьпiнай - раней часу загуў ды асекся паравозны гудок i чыйсьцi знаёмы голас пакутлiва выдыхнуў: Фу, бляць, як цяжка...

Стары разьмежыў павекi. Уваччу паплыла, а потым замёрла на месцы квяцiстая фiранка.

- Ой, бляць, як цяжка! - застагнаў Данiк Крываблоцкi i Трахiм адхiнуў фiранку.

Гадзiньнiк на кухнi паказваў палову дзесятай.

- Памiраю... сэрца спыняецца... - чародным разам выдыхнуў Данiк i з вохканьнем скiнуў на падлогу нягнуткiя ногi.

Сэрца ў Крываблоцкага, вiдаць, i сапраўды спынялася, бо Данiк быў белым як палатно, а нiжняя скiвiца безупынку калацiлася.

'Каб не памёр, халера на яго', - падумаў стары i, апанаваны трывожнымi думкамi, палез пад тапчан, дзе яшчэ з пазалеташнiх Калядаў была прыхаваная пляшка 'чарнiла'.

... Данiк пiў 'Водар мяты' нагбом, з рыльца, а выпiўшы поўбутэлькi задаволена адрыгнуў i гукнуў праз плячук: - Гасюта!

- Сышоў... яшчэ зранку, - гукнуў дзед Трахiм i, сьцiшыўшы голас, дадаў: П'юць, пакуль на падлогу ня зваляцца.

III

Дзесьцi праз гадзiну, а мо й раней Данiк iзноў увалiўся ў хату.

- Дай... - неакрэсьлена выдыхнуў госьць, зь нецярплiвасьцю страсянуўшы рукамi.

- Чаго табе даць? - не зразумеў Трахiм.

- Ну гэты, як яго?.. - Краваблоцкi скрывiў гiмору, крутнуў пальцамi гэткiм рухам звычайна ўкручваюць лямпачкi - i з шумам увабраў паветра, згадваючы - як называецца тое, што яму трэба. - Ну гэты... во, - госьць тыцнуў пальцам у кут i дзед Трахiм уражана крутнуў галавою.

- Табурэт табе трэба, цi што?

- А во-во... табурэт, - прасьвятлеў з твару Крываблоцкi.

Данiк падхапiў табурэтку, зiрнуў на Мiколу, якi й дагэтуль ляжаў на канапе, пакутуючы з пахмельля, i выкулiўся з хаты.

- Зусiм мазгi прапiў, - уздыхнуў стары. Ня ведаючы - чым заняць рукi, Трахiм спачатку схапiўся за венiк, потым запiхнуў у торбу пустыя бутэлькi, нарэшце, адчынiў вакно i ўпусьцiў у пракураную хату сьвежае паветра.

На двары з ашалелай зацятасьцю цвыркалi вераб'i, на суседняй вулiцы гарлалi пеўнi, непадалёку ляскатаў трактар - няйначай, гасютавы, - i да ўсiх тых суладных зыкаў далучалася звонкае i разам з тым непрыемнае шаргаценьне. Гэта Данiк, узьбiўшыся на табурэт, раскеўзваў кельняй па камлызе нейкую шэрую глiну.

'I што з усяго гэтага будзе?'- падумаў Трахiм, вынес у сенцы торбу з бутэлькамi, а калi iзноў зiрнуў у вакно, дык убачыў нейкага дарэшты апухлага мальца, якi стаяў за Данiкавай сьпiнай i пацiраў даланёю пляшывую макаўку.

- Хто гэта цябе так? - запытаўся Крываблоцкi i стары пазнаў у апухлым мальцы свайго суседа Гасюту.

- Ваўчыца... хто ж яшчэ... - Гасюта ўздыхнуў, зацкавана паглядзеў на камлыгу: - Алебастрам мажаш, цi як?

- Алебастрам, - незадаволена выгукнуў Крываблоцкi, а замазаўшы чарговую дзiрку, прамармытаў: - Iдзi... пакiнулi там табе... на апахмелку.

Стары адышоў ад вакна, пазяхнуў наастачу i падаўся на тапчан.

- Калян! Ты там жывы? - грымнуў праз пару хвiлiн сiпаты гасютавы голас, але стары не пачуў тых слоў - Трахiм салодка спаў i квяцiстая фiранка ледзь прыкметна варушылася ў такт ягонаму дыханьню.

У суботу дзед Трахiм напалiў лазьню. Мыўся цэлых дзьве гадзiны, да змору схвастаў сябе дубовым венiкам i, вiдаць, схвастаў бы да сьмерцi, калi б у прымыльнiку не загрукацеў вёдрамi ўнук Мiкола.

- Увесь дух выпусьцiў, - крыкнуў унук, расчынiўшы дзьверы, шухнуў вады на камнi i тут жа, сеўшы на палок, стаў шараваць кавалкам пемзы свае перапэцканыя белай хварбай далонi.

... З лазьнi дзед выкулiўся на ватных нагах i, перш чым iсьцi да хаты, доўга зьбiраўся зь сiламi, трымаючыся за дзьвярны вушак. Сэрца парывiста тахкала, слых поўнiўся звонам, а ў нос лез нейкi незнаёмы пах, якi нагадваў водар чаромхi. Ён, гэты пах, хаця й ня быў ачомна-рэзкiм, але вярнуў да жыцьця. Трахiм удыхнуў праз нос п'янкога паветра i ў той жа мiг галава прасьвятлела, звон увушшу суцiх i зьнямелыя ногi налiлiся гарачай крывёю.

Пакуль iшоў гародам, увесь час маракаваў: чым гэта пахне? - i ўжо ля самай хаты, згадаўшы перапэцканыя Мiколавы рукi, задыхана прашаптаў: - Хварбай засьмярдзела.

Толькi што сэрца хваравiта замiрала i гатовае было спынiцца, а тут ёкнула i спужанай птушкай забiлася ў грудзiне. Стары ўбачыў СТАЛIНА!

У першае iмгненьне нават здалося, што правадыр жывы - стаiць, бялюсенькi, краем вока зазiраючы ў ягоны, Трахiмавы, агарод. Трахiм i так быў мокры пасьля лазьнi, а тут нават уваччу засьвярбела ад поту. Стары падхапiў дрыжачай рукой прыпол кашулi, хацеў выцерцi твар, ды пачуў раптам ломкi хлапечы голас:

- Дзядуля, а хто гэта такi?

Падшыванцы, як заўсёды, сядзелi на плоце i хрумкалi недасьпелыя яблыкi.

- Гэта, мальцы, Сталiн! - крэкнуў Трахiм, выцiраючы мокры лоб.

- А хто ён такi? - падаў голас усё той жа сьветлавалосы малец.

Трахiм уважлiва паглядзеў на падшыванца: цi не пасьмейваецца пракуда над старым чалавекам. Але вочы хлапечыя сьвяцiлiся непадкупнай цiкавасьцю i стары кашлянуў у далонь.

- Ну, гэта... - сказаўшы так, Трахiм задумаўся, засяроджана пачухаў кадык: - Ну, карацей, яго ўсе баялiся. Пры iм парадак быў - о-го-го! У нас у дэпо адзiн на працу спазьнiўся, дык два гады далi... з правам перапiскi.

- А вы, дзядуля, таксама Сталiна баялiся?

- Анягож... i я баяўся.

- А ён кiм быў? Тэрмiнатарам? - русявы падшыванец з такой асалодай куснуў яблык, што нават сок пацёк па падбародзьдзi.

- Цябе як завуць? - запытаўся Трахiм, неадрыўна казелячы вокам то на падшыванца, то на бацьку- Сталiна.

- Пецькам, - адказаў падшыванец i зь невядомай прычыны пакутлiва ўздыхнуў.

'I чым толькi ў iх галовы забiтыя?' - падумаў дзед Трахiм, патупаў да хаты i, пакуль дайшоў да крыльца, тры разы азiрнуўся, каб паглядзець на правадыра.

Увесь вечар ля бюсту тоўпiлiся людзi.

'Як жывы, як жывы...'- наўзахваткi шапталi старыя цёткi i ўнук Мiкола, слухаючы праз адчыненае вакно людзкую гаману, задаволена пацiраў рукi i раз-пораз гукаў:

- Чуеш, дзеду?! Здаю бюст за пяць тысяч баксаў! I нi цэнта меней...

- Эгэ-э... Мiколка... Каму ён патрэбны? - абзываўся з тапчана стары Трахiм, - у людзей грошаў на хлеб не хапае, а яны табе будуць нейкiя бюсты купляць.

- Гэта ў цябе не хапае, а ў 'крутых' грошаў як гразi... - Мiкола ўкiнуў у рот цыгарэцiну, пстрыкнуў запальнiчкай i нападворку хтосьцi зусiм па-дурному загарлаў:

Сталин наша слава боевая-а...

Сталин нашей юности полё-от...

Трахiм падхапiўся зь ляжанкi, на дзiва борзда падбег да вакна i незадаволена вылаяўся: на падворку, узяўшы пад руку Юстына Капiтонавiча Дуба былога ваенкома - стаяла i гарлала на ўсе застаўкi Аўгiньня Мiканораўна Кароткая - актывiстка раённага савету вэтэранаў вайны.

- Прынес нячысьцiк, - буркнуў Трахiм i, прычакаўшы, калi Аўгiньня прасьпявае апошнi радок: - Наш народ за Сталиным идио-от! - зачынiў вакно адразу на дзьве просвы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×