Аўгiньня Кароткая падчас вайны мыла штаны партызанскаму камандзiру, а цяпер, начапiўшы мэдальку, цягалася па горадзе i, сустрэўшы Трахiма, кожны раз апавядала - як яны адбiвалiся ад карнiкаў, як яе ледзь не забiла асколкам гранаты, а ўздыхнуўшы абавязкова прамаўляла: - Вам хоць добра было, вы ў тыле сядзелi.

- Пасядзела б ты, корга лупатая, у тыле... пад нямецкiмi бомбамi, суцiшна казаў усьлед актывiстцы Трахiм i доўга потым хадзiў не ў гуморы.

... Дзьве галавы - сiвая ваенкамаўская ды чарнявая Аўгiньнiна - праплылi мiма вокнаў i Трахiм, пятым разам згадаўшы нячысьцiка, патупаў да дзьвярэй.

Ён сустрэў гасьцей на ганку. Выставiў чэрава, абапёрся рукой на вушак i тым самым даў зразумець, што ў хату нiкога не запрашае.

- Ну, Трафiм Пятровiч, ня ведаю - як цябе i дзячыць! - прамовiў былы ваенком, цiснучы Трахiмаву руку. - Гэта, скажу табе, вялiкi патрыятычны ўчынак.

- Я нават прасьлязiлася, як Iосiфа Вiсарыёнавiча пабачыла, - уставiла слова Аўгiньня Кароткая, плаксiва шморгнула носам i палезла ў кiшэнь па насоўку.

- Сёньня ж патэлефаную ў цэка партыi i пашлю лiста Генадзю Андрэевiчу Зюганаву. Пра такую падзею павiнен ведаць увесь сьвет, - Юстын Капiтонавiч кашлянуў у жменю, крыху суцiшыў голас. - Вось толькi месца для помнiка няўдалае. Трэба яго ў цэнтар перанесьцi - туды, дзе стаяў...

- Каб дзятва нос адбiла? - весела крыкнуў з кухнi Мiкола.

Юстына Капiтонавiча такая заўвага прыкметна азадачыла. Ён ускудлацiў сiвыя валасы на патылiцы, з разважнасьцю ў голасе прамармытаў: - У Савеце паставiм. А там пабачым.

- Мы, як яго выцягвалi, дзесяць лiтраў саляркi спалiлi, дзьве бляшанкi нiтрафарбы скарысталi i скульптару за працу трыццаць даляраў заплацiлi. Так што задарма не аддадзiм, - крыкнуў Мiкола, i госьць, выцягнуўшы шыю, запытаўся: - Дык колькi вы хочаце?

- Дзьве скрынi гарэлкi! - гракнуў Мiкола.

Госьць пасьля такiх слоў нават хiтнуўся - задужа высокай паказалася цана. Цётка Аўгiньня падхапiла яго пад руку, павяла да весьнiц i на разьвiтаньне гукнула праз плячо:

- Мы ў Савеце падумаем.

- Падумайце... добра падумайце... - прасiпеў усьлед гасьцям Трахiм i з грукатам - аж парахня пасыпалася са столi - зачынiў дзьверы.

- Дык што ж ты... То пяць тысяч хацеў, то на дзьве скрынi пагадзiўся, прамовiў Трахiм, забiраючыся на тапчан.

- Ды пажартаваў я... - адказаў унук, стамлёна зяхнуўшы ў далонь, - у гэтых сталiнскiх пацукоў грошаў i на скрыню ня знойдзецца.

Мiкола пстрыкнуў выключальнiкам i потым доўга мармытаў у цемры, услых прыкiдваючы - колькi 'бабак' застанецца ў яго, колькi ў Гасюты, i колькi давядзецца 'кiнуць' дзеду.

IV

Наступнага дня, ад самай ранiцы, пачаў сеяць дакучлiвы дождж. Трахiм, запалiўшы ў печы, салодка пазяхнуў, зь цiхай радасьцю падумаў, што гасьцей такiм часам ня будзе i тут жа ўгледзеў, як у мокрым вакне мiльгануў пакамечаны капялюш. Яшчэ празь iмгненьне ў прысенку грымотна затупалi i на парозе паўстаў карэспандэнт раённай газэты Аркадзь Нiчыпарук. Карэспандэнт зьняў капялюш, страсянуў, зьбiваючы дажджавыя кроплi i мутнаватымi, яшчэ дарэшты не працьверазелымi вачыма агледзеў хату.

Аркашка Нiчыпарук даводзiўся Трахiму сваяком: быў жанаты на дзедавай пляменьнiцы, i хаця пасьля таго зьмянiў яшчэ двух жонак, крэўных сувязяў не перарываў - зрэдзьчасу забягаў у хату, куляў чарку, i раз на год - звычайна, на Вялiкдзень - прывозiў на рэдакцыйным 'масквiчы' мех крадзенага камбiкорму.

Кiўнуўшы сваяку, Аркашка зазiрнуў у сьвятлiцу, а ўбачыўшы брудныя Мiколавы пяткi, што тырчэлi з-пад коўдры, грымотна скамандаваў:

- Гвардыя, падйо-ом!

- Iнтэрвiю прыйшоў узяць, - патлумачыў Аркашка, выцягваючы з нутраной кiшэнi плашчу пляшку 'чарнiла' i зашмальцаваны блякнот.

Хвiлiн праз пяць, глынуўшы вiна, Нiчыпарук стаў распытваць Мiколу - зь якiх вiроў быў выцягнуты сталiнскi бюст - а дзед Трахiм, якому да млосьцi абрыдлi п'янкi, цiхенька высьлiзнуў з хаты. Стары сеў на ганку i стаў слухаць - як цiўкаюць з капяжу рэдкiя кроплi, як квокча ў хляву, наракаючы на дождж, стары певень i як на кухнi, наракаючы на зладзюгу-рэдактара, бубнiў Аркашка Нiчыпарук:

- Немагчыма стала працаваць - рэжа ўсё пад корань. Пры камунiстах i то лягчэй было...

Пазяхнуўшы, стары налёг сьпiнаю на дзьверы, заплюшчыў вочы i калi - праз поўгадзiны - сваяк выходзiў з хаты, кульнуўся таму пад ногi. Сваяк ад начаканасьцi падскочыў, выпусьцiў з роту папяросiну i, дапамагаючы Трахiму падняцца, прамармытаў:

- Ну, Пятровiч, у цябе i жарцiкi...

Потым карэспандэнт доўга шнарыў рукой па падлозе, шукаючы згубленую папяросiну, нарэшце знайшоў, прыпалiў ад падстаўленай Мiколам запальнiчкi:

- Карацей, даю два матар'ялы - адзiн у сваю газэту, другi ў 'Праўду'. У Маскве такiя рэчы любяць.

- I аб'яву... - нясьмела заўважыў Мiкола.

- За аб'яву не хвалюйся. Сёньня ж патэлефаную Хамiцкаму. Надрукуюць у лепшым камэрцыйным выданьнi. Як там напiсаць? 'Прадаецца бацька-Сталiн'?

Сваяк зь Мiколам яшчэ трохi гаманiлi - Мiкола ўсё бедаваў, што помнiк надта цяжкi i гэта можа адпудзiць пакупнiкоў, - дзед Трахiм той парой прыбраў на стале, сасмажыў яечню i з палёгкай уздыхнуў, калi пакамечаны капялюш таргатлiва паплыў мiма вокнаў. Ля весьнiц, аднак, капялюш крутнуўся вакол сваёй восi i Аркашка, увабраўшы голаў у плечы, пабег у адваротным накiрунку.

'Цi не ў прыбiральню пабег?' - падумалася Трахiму; у гэты момант да помнiка падкацiла шэрая 'волга' i зь яе нутра вылез, цяжка аддзiмаючыся, старшыня райвыканкаму Ганчарук i яшчэ нейкi, вайсковай выпраўкi чалавек, на носе якога вiселi сонечныя акуляры. Агледзеўшы помнiк, Ганчарук пачухаў патылiцу, сказаў штосьцi напарнiку, тыцнуўшы пры гэтым пальцам угору i сьпехам падаўся да машыны.

Наступныя два днi выдалiся спакойнымi: у хату нiхто не завiтваў, да весьнiц нiхто не пад'яжджаў, i ўзрадаваныя дзедавы куры iзноў пачалi поркацца ў зямлi на сваiм ўлюбёным месцы - пад помнiкам правадыру. Але на трэцi дзень да хаты пад'ехаў даўжэзны белы фургон, зь яго выскачылi маладыя хлопцы ў рознакаляровых кепурках; хлопцы тут жа пачалi раскручваць нейкiя шнуры i ўнук Мiкола, зiрнуўшы ў вакно, каротка патлумачыў:

- Тэлебачаньне.

I дзед i ўнук зьлёгку захвалявалiся - а раптам паклiчуць штосьцi сказаць у камэру. Але хваляваньне было дарэмным. У хату нiхто не заходзiў, а неўзабаве да весьнiц падрулiў 'казялок', у запыленай шыбе якога мiльгануў азызлы твар Юстына Капiтонавiча Дуба.

- А гэты чаго тут? - уразiўся дзед Трахiм.

- Эх, дзядуля... На тэлебачаньнi слова даюць толькi надзейным людзям, - з уздыхам прамовiў Мiкола. Унук адсунуў непадатныя просвы, разнасьцежыў вакно. Пазнаеш, дзед, вунь тую стрыжаную сучку? 'Панараму' вядзе.

Кабецiна, пра якую казаў Мiкола, падвяла былога ваянкома да помнiка, махнула нейкаму хлопцу i лагодным голасам прасьпявала:

- Вы, Юстын Капiтонавiч, толькi не хвалюйцеся. I глядзiце не на мяне, а ў аб'ектыў тэлекамэры.

Кабета iзноўку махнула рукой, састроiла лагодную ўсьмешку, натхнёна загаварыла ў мiкрафон на чысьцюткай беларускай мове:

- Гiсторыя не бывае добрай цi дрэннай. Гiсторыя такая, якая яна ёсьць - зь яе ўзьлётамi i перамогамi, пякучым болем i трагедыямi. I як бы нi сiлiлiся сёньняшнiя абвяргальнiкi, гiсторыя нашага народу заўсёды з намi, яна вяртаецца да нас i яскравы таму прыклад - вось гэты помнiк, якi стаiць за маёю сьпiнаю. Iмя Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна i дагэтуль выклiкае шмат спрэчак. Але спытаем - як ставяцца да гэтага iмя тыя, хто пралiваў кроў на франтах Вялiкай Айчыннай вайны, хто з iмем Сталiна на вуснах iшоў у сьмяротны бой...

- У якi бой!? - вырвалася з Трахiмавай грудзiны, - знайшлi ваяку... у сорак шостым румынаў вартаваў, а потым штаны ў ваенкамаце праседжваў, - Трахiм сказаў яшчэ пару слоў на адрас Дуба, а ўнук, з адчаем зiрнуўшы на сонца, чхнуў, ды так гучна, што кабецiна азiрнулася i ўжо на чыстай расейшчыне гукнула хлопцу з тэлекамэрай:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×